Андрэй Казакевіч: Нельга казаць, што Беларусь ідзе сваім шляхам
18.09.2013
—
Новости Общества
|
Гутарка з яго дырэктарам доктарам паліталагічных навук Андрэем Казакевічам пра месца Беларусі ў сучаснай Еўропе. 11-13 кастрычніка 2013 года ў Каўнасе пройдзе Трэці Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Туды з’едуцца каля 300 спецыялістаў з розных краін свету, якія займаюцца даследаваннем Беларусі і рэгіёну Цэнтральнай, Усходняй і Паўночнай Еўропы. Адным з арганізатараў форума выступае інстытут «Палітычная сфера». Гутарку з яго дырэктарам доктарам паліталагічных навук Андрэем Казакевічам прадстаўляем у межах «Еўрапейскага дыялогу пра мадэрнізацыю з Беларуссю». – Асноўная ідэя форуму – раз на год збіраць даследчыкаў Беларусі ў розных галінах (грамадства, культура, палітыка, мова, гісторыя), каб прэзентаваць вынікі сваіх даследаванняў, праектаў, абмяняцца ідэямі. – Ці есць падставы казаць пра ўнікальны беларускі шлях развіцця? Або «беларускі шлях» – гэта міф афіцыйнай прапаганды? – Яго ідэя сфармуляваная нават не беларускай ідэалагічнай вертыкаллю. У канцы 1990 – напачатку 2000 гадоў незалежная інтэлектуальная супольнасць перыядычна задавалася пытаннем: чаму Беларусь гэтак моцна адрозніваецца ад Украіны, балтыйскіх краін; на той час – вельмі моцна адрознівалася ад Расіі, якая інтэгравалася ў сусветную супольнасць. Калі мы кажам пра «асаблівы шлях», трэба разумець: гэта не проста стэрэатыпы ці міфы, якія сфармулявалі беларускія ўлады; гэта жаданне разабрацца ў тым, чаму Беларусь адрозніваецца ад іншых краін. Іншае пытанне, з якім знакам – плюсам і мінусам? Тут кансенсусу няма і, напэўна, ніколі не будзе. Думаю, нельга казаць, нібыта Беларусь ідзе «сваім шляхам»: што яна вельмі моцна адрозніваецца ад усіх, што практыкуе зусім іншую сацыяльную, эканамічную, палітычную мадэль. Натуральна, большасць з гэтых элементаў можна знайсці і ў іншых краінах. Хаця набор і асобныя праявы, канечне, для Беларусі ўнікальныя. Пытанне аднак не ў тым, наколькі гэтая мадэль унікальная ці не – пытанне ў тым, наколькі яна адэкватная існаму моманту, наколькі адэкватна можа гарантаваць і эканамічнае развіццё, і нармальную самарэалізацыю людзей, і ў рэшце рэшт можа гарантаваць нейкую ўстойлівасць ды стабільнасць. Прапаганда заўсёды казала, што «мы самыя стабільныя», аднак калі аналізаваць 20 год незалежнасці, то Беларусь не з’яўляецца такой ні з эканамічнага, ні з палітычнага пункту гледжання. Гэта краіна, якая мае пастаянныя праблемы, а будучыня пастаўлена пад сумнеў. Як тады можна казаць пра нейкую стабільнасць? – Раз загаварылі, то наколькі беларуская сістэма адэкватная існуючаму моманту? – Нельга апеляваць штампамі і схемамі, але мне падаецца – не адэкватная. Яна паказала эканамічную неэфектыўнасць; захаваць набыткі савецкага часу – гэтага замала, трэба, каб у самой сістэме былі стымулы, унутраны рухавік для развіцця, удасканалення. Пабудаваная сістэма гэтаму не спрыяе. Фактычна мы маем сітуацыю, калі значная частка беларускай эканомікі жыве за кошт датацый, за кошт продажу нафтапрадуктаў, калію. Відавочна, такая сістэма не з’яўляецца ні ўстойлівай, ні эфектыўнай. Дазволіць сабе раскошу такім чынам раскідвацца рэсурсамі, датаваць значную частку эканомікі, насельніцтва, – відавочны тупік. Беларусь да гэтага часу застаецца вельмі ізаляванай, яна не можа нармальна камунікаваць з заходнімі краінамі, з Еўропай (а палова яе мяжы – з Еўрапейскім Саюзам), што яшчэ раз даказвае яе неэфектыўнасць. Каб яна была эфектыўнай, то змагла б прыдумаць адпаведныя механізмы і ўпісацца ў міжнародны кантэкст, мець неканфліктныя стасункі з усімі краінамі. Дзеля нармальнай інтэграцыі ў сусветную супольнасць трэба проста выконваць правілы, якіх не так і шмат, трымаць сябе ў пэўных рамках: напрыклад, імкнуцца да таго, каб не парушаць правоў чалавека, праводзіць дэмакратычныя выбары і гэтак далей. Аднак беларуская сістэма так не працуе. – Ці можа Беларусь мадэрнізаваць сваю сістэму без выканання стандартнага набору «заходніх рэформаў»? – Мне падаецца, што не. Прынамсі, канчаткова вырашыць праблемы знешнепалітычнай ізаляцыі і эканамічнай эфектыўнасці без выкарыстання «заходняга набору», хаця б часткова, Беларусь не зможа. Эканамічная эфектыўнасць патрабуе мабільнасці сацыяльнай, мабільнасці палітычнай. Часта нашу краіну параўноўваюць з Сінгапурам – эканамічна эфектыўнай, але аўтарытарнай краінай. Але Сінгапур вельмі адрозніваецца ад Беларусі поўнай празрыстасцю сістэмы, Сінгапур інтэграваны ў сусветную эканоміку настолькі, што Беларусі і не снілася. Дзеля павышэння эканамічнай эфектыўнасці неабходна праводзіць пэўныя палітычныя змены, трэба, каб мясцовыя супольнасці ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, трэба вынайсці механізмы, якія б дазволілі рэкрутаваць новых людзей у палітыку. Беларуская ж мадэль спрыяе з’яўленню невялікай алігархіі, і на гэтым усе. Яна можа вельмі эфектыўна выключаць з палітыкі пэўныя сацыяльныя групы – ад апазіцыі да людзей, якія проста ёй не падабаюцца, але не ўключаць. Вырашыць праблему знешняй ізаляцыі без увядзення элементарных дэмакратычных стандартаў немагчыма. Бо ў гэтых адносінах ЗША разам з Еўропай займаюць дастаткова прынцыповую пазіцыю, і каб палепшыць з імі стасункі, пэўную частку стандартаў давядзецца прыняць. – Ці ёсць альтэрнатыва? – Беларускія ўлады бачаць альтэрнатыву ў субсідыях з боку Расіі. Гэта дазволіць пэўным чынам стабілізаваць сітуацыю, але ніяк не вырашыць ні праблему ізаляцыі (наадварот, можа толькі ўзмацніць, і Беларусь будзе ператворыцца ў расійскі пратэктарат), ні эканамічнай эфектыўнасці. На датацыях ніколі не паўстаюць сур’ёзныя рэформы, знікаюць стымулы для самаўдасканалення. – Канфлікт «Уралкалія» з «Беларуськаліем» паказвае, што не ўсе так проста з расійскай альтэрнатывай... – Так. За датацыі давядзецца аддаць пэўную частку ўлады і пэўную частку ўласнасці – без названых складнікаў гэтай альтэрнатывы не стане. Калі Расія і будзе ўскосна ці наўпрост даваць грошы беларускаму рэжыму, то запатрабуе пэўную і канкрэтную плату па формуле «частка ўлады і частка ўласнасці». – Досвед якіх краін пры рэфармаванні беларускай мадэлі нам найбольш падыходзіць? – Арыентавацца на канкрэтныя краіны, напэўна, няма сэнсу, бо кожная ідзе сваім шляхам, мае свой гістарычны досвед, сваю палітычную сістэму – скапіраваць гэта немагчыма. Калі мы кажам, напрыклад, пра Паўночную Еўропу – тым больш: там дзяржавы існуюць стагоддзямі. Самая «маладая», Нарвегія, – крыху больш за стагоддзе, але мае свае гістарычныя традыцыі, там даўно сфармавалася нацыя, перад ёй даўно не стаіць пытанне суверэнітэту, яна самастойна сябе ўтрымлівае. Дый вельмі моцныя культурныя адрозненні ад Беларусі – усё-такі гэта пратэстанцкія краіны. Хутчэй, трэба арыентавацца на досвед не краін увогуле, але – на досвед рэфармавання асобных галін вытворчасці, ці сектараў: вышэйшай адукацыі, сельскай гаспадаркі, мясцовых супольнасцяў, развіцця медыярынка. Гэта тыя сферы, у якіх прыклады паўночных краін могуць быць цікавымі для Беларусі. Але ў любым выпадку да пераймання чужога досведу трэба падыходзіць творча. Cямён Куткавец, Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка з яго дырэктарам доктарам паліталагічных навук Андрэем Казакевічам пра месца Беларусі ў сучаснай Еўропе. |
|