Унiверсiтэт на захадзе краiны: першыя крокi
Брэсцкi дзяржаўны унiверсiтэт iмя А. С. Пушкiна адзначае сваё 60-годдзе
Унiверсiтэт — старэйшая навучальная ўстанова Брэсцкай вобласцi для падрыхтоўкi кадраў з вышэйшай адукацыяй. Ён заснаваны як настаўнiцкi iнстытут у 1945 годзе. У 1950 годзе ВНУ пераўтворана ў дзяржаўны педагагiчны iнстытут iмя А. С. Пушкiна, а ў 1995 годзе атрымала статус дзяржаўнага унiверсiтэта. Прысваенне новага статусу значна павысiла прэстыж установы, абумовiла якасныя змяненнi ў вучэбнай, выхаваўчай i навуковай рабоце. Сёння БрДУ — буйная вышэйшая навучальная ўстанова, цэнтр навуковых даследаванняў i культурнага жыцця Паўднёва-Заходняга Палесся. Унiверсiтэт размяшчаецца ў трох вучэбных карпусах. Мае бiблiятэку, вучэбны бiялагiчны музей, музей гiсторыi фiзкультуры i спорту Брэсцкай вобласцi, археолага-этнаграфiчную i мiнералагiчную экспазiцыi, навукова-асветнiцкi цэнтр iмя Уладзiмiра Калеснiка. Ёсць спартыўны комплекс з басейнам i трыма спартыўнымi заламi, дзве загарадныя базы для правядзення палявых практык i фiзкультурна-аздараўленчых збораў. У Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэце 12 факультэтаў: матэматычны, фiзiчны, бiялагiчны, геаграфiчны, псiхолага-педагагiчны, фiлалагiчны, гiстарычны, юрыдычны, факультэты замежных моў, фiзiчнай культуры, дашкольнай адукацыi, даўнiверсiтэцкай падрыхтоўкi. Навучальны працэс забяспечваюць 56 кафедраў, з iх 11 агульнаўнiверсiтэцкiх. У апошнiя гады адкрыты новыя аддзелы: выхаваўчай работы з сацыяльна-педагагiчнай i псiхалагiчнай службай, рэдакцыйна-выдавецкi, планава-эканамiчны, камерцыйны, мiжнародных сувязяў, тэхнiчных сродкаў i iнфармацыйных сiстэм. У 2003 годзе створаны Цэнтр развiцця iнфармацыйных тэхналогiй. На 38 спецыяльнасцях дзённай формы навучання i 15 спецыяльнасцях завочнай навучаецца больш як дзевяць тысяч студэнтаў, на факультэце даўнiверсiтэцкай падрыхтоўкi — больш за тысячу слухачоў. У складзе прафесарска-выкладчыцкага калектыву працуюць 650 спецыялiстаў вышэйшай школы, сярод iх 18 дактароў i 241 кандыдат навук, 26 прафесараў, 193 дацэнты. З лiстапада 2002 года унiверсiтэт узначальвае доктар гiстарычных навук, прафесар Мечыслаў Эдвардавiч Часноўскi. З прарэктарам па вучэбнай рабоце, прафесарам кафедры беларускага мовазнаўства Станiславам Рыгоравiчам Рачэўскiм наш карэспандэнт гутарыць пра гiсторыю i сённяшнi дзень унiверсiтэта. — Пра што думаецца ў юбiлейныя днi не толькi прарэктару, але i былому студэнту, асiстэнту, выкладчыку Брэсцкага унiверсiтэта, чалавеку, усё жыццё якога было звязана з гэтай установай? — Я паступiў на вучобу тады яшчэ ў педагагiчны iнстытут у 1968 годзе. I цяперашняе 60-годдзе унiверсiтэта ўспрымаю як юбiлей роднага бацькi. Мне пашчасцiла адразу трапiць пад крыло Уладзiмiра Андрэевiча Калеснiка. З яго лёгкай рукi i вялiкага сэрца мы з першага курса акуналiся ў свет лiтаратуры, увачавiдкi маглi бачыць тых, пра каго толькi чыталi ў падручнiках: Янку Брыля, Уладзiмiра Караткевiча, Вольгу Iпатаву, Аляксея Карпюка. Мы сустракалiся з балгарскiмi, расiйскiмi, iншымi лiтаратарамi. Гэта адразу заглыбляла ў сапраўдную лiтаратуру, выклiкала цягу да таго, каб роднаму слову прысвяцiць прафесiйнае жыццё. Мяне вучыла Галiна Мiкалаеўна Малажай, якая стала, можна сказаць, унiверсiтэцкай мацi, бо яна мяне вывела на сённяшнюю прафесарскую дарогу. Мяне вучыла i Вера Якаўлеўна Зарэцкая, якая таксама многа спрыяла таму, каб сталася так у маiм жыццi, як сталася. Фактычна на кожным факультэце былi тыя асобы, а многiх з iх можна, бадай што, назваць асветнiкамi краю, якiя гадавалi навуковую, творчую, адукацыйную iнтэлiгенцыю. I ў гэтым спраўдзiлi сваю вялiкую па сутнасцi мiсiю. Можа, атрымалася вельмi асабiстае для юбiлейнага iнтэрв’ю, але, спадзяюся, чытачы прабачаць гэты невялiкi лiрычны ўступ. Я далёка не адзiны, хто можа лiчыць сябе сынам свайго унiверсiтэта. За дзесяць гадоў мы прывыклi называць сваю ўстанову унiверсiтэтам. Тады, у 1995 годзе, пасля дзяржаўнай атэстацыi i рэарганiзацыi, у нас было разуменне, што мы ступiлi на пачатак шляху да сапраўднага унiверсiтэта. Па сутнасцi i сёння, на 11-м годзе iснавання ўстановы ў новым статусе, мы ўсведамляем, што перагорнуты толькi першыя старонкi гiсторыi вялiкага класiчнага унiверсiтэта. Тым не менш можна гаварыць пра цвёрды курс на класiчны унiверсiтэт. Хачу крышачку больш падрабязна спынiцца на тым, у чым гэта цвёрдасць поступу праяўляецца. Першае, што важна для любога класiчнага унiверсiтэта — шматпрофiльнасць. Мы можам даць магчымасць насельнiцтву любых узроставых катэгорый выбраць тое, што наканавана кожнаму па яго здольнасцях i адукацыйных магчымасцях. На сённяшнi дзень мы маем у сваёй наменклатуры каля 60 спецыяльнасцяў рознага профiлю. Пагадзiцеся, гэта iстотна. Вельмi важна, што мы ўжо дасягнулi неабходнай для класiчнага унiверсiтэта шматузроўневасцi. З намi працуюць юнакi i дзяўчаты пачынаючы з 10 класа. Гэта так званы ўзровень даўнiверсiтэцкай падрыхтоўкi. Асноўная наша задача — падрыхтоўка спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй. Мы маем таксама ўсе магчымасцi i пэўны вопыт падрыхтоўкi магiстраў. У нас павышаюць квалiфiкацыю кiруючыя работнiкi i спецыялiсты, прадугледжана такая паслуга, як атрыманне другой вышэйшай адукацыi. Ёсць свая аспiрантура. Некаторыя яе выпускнiкi ўжо абаранiлi кандыдацкiя работы. Вядучым спецыялiстам, якi выбралi самы высокi ўзровень прафесiйнага развiцця, мы даём магчымасць вучыцца ў дактарантуры. Адным словам, унiверсiтэт прадастаўляе цэлы шэраг навуковых, асветнiцкiх, культурных паслуг насельнiцтву свайго i суседнiх рэгiёнаў. — Брэсцкiя навукова-педагагiчныя школы вядомы ва ўсёй краiне. Мусiць, ёсць сэнс сказаць пра iх колькi слоў асобна... — Пэўны почырк у сям’i унiверсiтэтаў краiны выяўляецца тады, калi ёсць свае навукова-педагагiчныя школы. Школа пачынаецца з лiдара, моцнага, знанага ў краiне навукоўца, вакол якога групуюцца прафесiйна зацiкаўленыя асобы. Калегi, паплечнiкi такога лiдара або займаюцца навуковымi даследаваннямi, або забяспечваюць вучэбна-метадычным матэрыялам школу розных узроўняў: пачатковую, сярэднюю, сярэднюю-спецыяльную, вышэйшую. Такая школа, як правiла, мае значную выдавецкую прадукцыю, мае сваю аспiрантуру. Навукова-педагагiчныя школы звычайна i мацуюць акадэмiчную унiверсiтэцкую традыцыю, вакол iх утвараецца сапраўдны унiверсiтэцкi фон, калi можна так сказаць — моцная унiверсiтэцкая энергетыка. Фiлалагiчных школ у нас ужо некалькi. Лагiчны працяг школы Уладзiмiра Андрэевiча Калеснiка — першага прафесара нашага унiверсiтэта — гэта, вядома, школа Веры Якаўлеўны Зарэцкай. Шмат гадоў навукова-выкладчыцкiя сiлы групавалiся вакол Галiны Мiкалаеўны Малажай. Таму правамерна гаварыць i пра яе школу. Зараз на фiлфак прыйшоў доктар навук, прафесар Мiкалай Iванавiч Мiшчанчук. I ў яго ёсць ужо свая плеяда вучняў — кандыдатаў навук, i свая калектыўная навукова-адукацыйная прадукцыя. Безумоўна, трэба назваць педагагiчную школу Марыi Пятроўны Осiпавай. Сёння да гэтай школы далучылася доктар педагагiчных навук, прафесар Ганна Мiкалаеўна Сендзер. Дастаткова моцная школа батанiкi i экалогii, доўгi час яе ўзначальваў Вiктар Мiхайлавiч Яромiн. Атрымала прызнанне фiзiчная школа прафесараў Антона Фёдаравiча Равiнскага i Уладзiмiра Анясцеевiча Плецюхова. Навуковая думка жыве, пульсуе, развiваецца i сваё ўвасабленне атрымлiвае ў навуковых працах. Многiя гады рэдакцыйны партфель лiтаральна распухаў ад заявак на выданне зборнiкаў навуковых прац, кнiг для пачатковай, сярэдняй, вышэйшай школы, i з’явiлася неабходнасць адкрыць сваё выдавецтва. Для любога унiверсiтэта гэта крайне важна. Сёння наша выдавецтва мае права выдаваць лiтаратуру на еўрапейскiх мовах. Штогод унiверсiтэт выдае каля 800 рэдакцыйна-выдавецкiх аркушаў. — Ведаю, што ва унiверсiтэце ёсць план, так бы мовiць, кардынальных мерапрыемстваў, якiя накiраваны на дасягненне статусу вядучай навучальнай установы рэгiёна. Гэты дакумент, вiдаць, можна назваць праграмай развiцця унiверсiтэта... — Так. I калi гаварыць пра развiццё унiверсiтэта, варта падкрэслiць, што мы маем на ўвазе не толькi развiццё ў галiне прафесiйнай падрыхтоўкi. Важна, каб паралельна i ўзаемаўплыўна iшло развiццё такiх сфер, як навука, як культура, уключаючы фiзiчную культуру i спорт, умацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы, нашы мiжнародныя сувязi. Сёння навуковыя даследаваннi вядуцца амаль па 40 фундаментальных i прыкладных тэмах, выконваюцца гасдагаворныя тэмы, навуковы пошук ажыццяўляецца па праграмах Фонду фундаментальных даследаванняў, па дзяржпраграмах Камiтэта па навуцы i тэхналогiях, па мiжнародных праграмах. На факультэтах дзейнiчаюць больш за 100 навукова-даследчых груп i гурткоў студэнтаў. Мы супрацоўнiчаем з шэрагам вышэйшых навучальных устаноў замежжа. Перыядычна разам з калегамi з Луцка мы арганiзуем сумесныя так званыя абозы — палявыя археолага-гiстарычныя практыкi студэнтаў. Штогод некалькi сваiх лепшых студэнтаў факультэта замежных моў пасылаем у Германiю, Швейцарыю для семестравага навучання. З замежнымі калегамi абменьваемся навуковай iнфармацыяй. З не меншым задавальненнем можна гаварыць i пра тое, што ва унiверсiтэце нарэшце створаны аддзел арганiзацыi аховы здароўя i арганiзацыi харчавання студэнтаў, дзейнiчаюць шматлiкiя аздараўленчыя i спартыўныя секцыi. Дваццацiгадовы юбiлей адзначыў турысцкi клуб «Бярэсце». Многiя нашы мастацкiя калектывы набылi прызнанне ў краiне. Народны камерны хор у 2000 годзе стаў уладальнiкам Гран-пры на Першым Усебеларускiм фестывалi харавога мастацтва работнiкаў адукацыi, мае званне народнага калектыў «Тэатральная студыя». — З вопытам майстроў выкладчыцкай справы можна пазнаёмiцца на юбiлейнай выставе «Тэхнапанарама», а вось намаляваць калектыўны партрэт студэнта унiверсiтэта, ну хоць бы некалькiмi штрыхамi, вы зараз можаце? — Наша пакаленне, вiдаць, можа пазайздросцiць цяперашняму, бо яны iдуць у жыццё без былых нашых комплексаў, яны хутчэй упiсваюцца ў жыццё. Яны лiтаральна на ляту хапаюць усё, што звязана з камунiкацыямi, iнфармацыйнай культурай, але iм часам бракуе заглыбленасцi ў чалавека, якая вызначала наша пакаленне. Са станоўчых рысаў сучаснага студэнцтва я б яшчэ адзначыў гатоўнасць да супрацоўнiцтва ў навучаннi, асаблiва калi з боку выкладчыка яно суправаджаецца эфектыўнымi адукацыйнымi i педагагiчнымi тэхналогiямi. Матэрыял падрыхтавалi Алена ДАЎЖАНОК, Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брэсцкi дзяржаўны унiверсiтэт iмя А. С. Пушкiна адзначае сваё 60-годдзе |
|