21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калi завiтае каханне

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

ПРОСТАЯ МОВА

Што бачу...

Нечае невялiчкае (маладое, вiдаць?) сэрца не ўмясцiла пачуццяў: на асфальце, пад вокнамi, бы крывёй, вывела: «Таня, я люблю цябе!».

Фарба высахнуць не паспела. Па ёй праехаў адзiн аўтамабiль, потым другi, трэцi. I... размазалi тое прызнанне! Па ўсёй пешаходна-праезнай частцы.

Скажаце: не бяда, словы ж — не пачуццё...

А ...пра яго — хiба так не скажаце?!

Толькi слоўца дай!

Я ведаю нават чаму, бачу, ледзь не шторанне, — з вышынi паверхаў.

Вось па iм, такiм «крывавым» i большым за сэрца «люблю!», выстуквае абцасамi трыццацiгадовая прыгажуня-суседка, вось (i над iм жа!) горда нясе свой жывот мужчына з таксай, вось двое студэнтаў i побач — бабуля з венiкам, вось, да службовай машыны, знаёмы фiрмач, сантэхнiк...

...Бо няма ў нас iншых жыццёвых сцежак! Толькi вось гэтая — праз каханне.

Розуму? Не трэба.

Кiнатэатр «упрыгожылi». Чым? Нават расказаць няёмка (спачатку было. — Аўт.). Маладзiчку (амаль без спаднiчкi) «на чатыры кропкi» паставiлi. А потым — намалявалi: так бы мовiць, выгляд ззаду... Знiзу прыпiсалi каманднае: «Займi пазiцыю»... I ўсё гэта — прыбiлi на сцяну. Атрымалася ...афiша да фiльма «Сакратарка».

Цi ўсё ж такi абраза? У адрас сакратарак? Жанчын... Ды i мужчын, якiх вось так спрабуюць заманiць у кiно?

Хацела падумаць над гэтым, паразважаць, нешта напiсаць па гарачых слядах... А не выпадала — трэба было (тэрмiнова) «вызванiць» аднаго з начальнiкаў.

Сакратарка яго — як мiльён падарыла — выдала, што дужа заняты, «званiце пазней». Пазней — яна ж параiла званiць пасля абеду. Пасля абеду (вiдаць, не пазнаўшы? — Аўт.) сказала, што яго на месцы няма, не было (?) i сёння не будзе, бо ў камандзiроўцы.

...Элементарнае (даруйце. — Аўт.) — дык «заняты», цi... дзе? — завяло мяне ў тую прыёмную, i гаспадынька яе (чытай: сакратарка) — маладая, галаногая — сустрэла такой чароўнай усмешкай... За якую мужчыны звычайна даруюць усё. Нават адсутнасць розуму.

Працаваць, каб жыць? Цi жыць... каб працаваць?

Косцiк гогалем ходзiць: «халяўную» работу знайшоў. I плацяць па-боску, i заняты з 9 гадзiн ранiцы да 15 дня. Потым прыходзiць дамоў, палуднуе, дрэмле, глядзiць тэлевiзар, чытае... Карацей — жыве. У кайф.

...Той, хто працуе ад цямна да цямна, разумее яго неяк не так.

На святое...

У Марыны госць. З тых самых Злучаных Штатаў. Яна яго з самалёта забрала, на машыне дамоў прывезла. Ля пад’езда высадзiла. А ён далей крок ступiць не можа: аслупянеў, вочы вылупiў, пытаецца: «Што гэта?». I на лаўку паказвае.

А ты — расказвай...

I было б хоць што?!

Ну, здавалi iх дом гадоў дзесяць таму. Будаўнiкi яшчэ дрэўцаў насадзiлi, лавак наставiлi. Ну, уцэментавалi iх, каб нiхто не скраў. Ну, выдралi iхнюю — з «карэннем» — недзе праз год, а звезцi не паспелi (цi не «здужалi»)... Вось яна i ляжыць. У бэзе, ля ўваходу, на баку. I нiхто за яе не чапляецца (нi нагой, нi вокам), бо прывыклi.

У госця ж, у Штатах, дзесяткi дамоў. Ён, так бы мовiць, жыве з iх — утрымлiвае, у арэнду здае. Гаворыць, што людзям (гэта — святое!) там павiнна быць зручна i хораша.

А, мiж iншым, шкада, што гаворыць ён гэта Марыне, Марына — мне i начальнiку ЖЭСа, я — вам. Слоў, каб лаўку паставiць, мала: каманда патрэбна, аўтакран, ну i, зразумела, грошы.

Якiх (на «святое»!) не можа не быць у домаўладальнiка-амерыканца.

I проста няма ў нашага.

Ёсць пытанне...

Не бывае лiха без дабра. А дабро без лiха?

Аўтобус дзвюх кабетак звёў — шумныя, гаманкiя.

— Вяселле ў дачкi! — хвалiцца адна. — Жанiх? Ды нiчога. Вясковы. Шафёрам працуе, не п’е... Вось толькi дробненькi надта. Прыйдзе, у калiдоры разуецца, — туфлi 38-га памеру.

— Цьфу! — «плюецца» ў адказ другая. — Знайшла пра што гаварыць! На мяне паглядзi...

— Што тут глядзець? Твой жа высокi, прыгожы?

— А радасцi? Толькi што ноччу прачнуцца i паглядзець... А дзень як жыць? А дзецi? Дочкi ж па iм пайшлi — «баскетбалiсткi», 43-i памер красовак у 15 гадоў. Iм — за каго будзе замуж iсцi?

У пошуках...

Мiнск. Выстаўка СМI... Нагода ж, каб паказаць сябе, пагрымець, паглядзець на iншых. А вось пачуць — было немагчыма, бо музыка, спевы, гвалт.

I сярод яго, як здань, — аглушаная, разгубленая кабетка (гадоў сарака). «Можа, ведае хто, — пытала ў людзей, — дзе тут часопiсы? Дзе «Маладосць»?»

Нехта ў адказ пацiскаў плячыма, нехта некуды пасылаў. I жанчына пакорлiва iшла — прама, направа, налева... Зноў з’яўлялася ля павiльёна «Звязды», зноў знiкала, каб моўчкi... нарэзаць чарговы круг.

...А ў горадзе шумеў май. Хiтры, п’яняльна ласкавы, ён моўчкi цалаваў шыi, цiха расшпiляў гузiкi, распранаў. Каб сагрэць прывыкшыя да сцюжаў сэрцы, каб нагадаць нейкую адзiную вясну, каб пасеяць надзею, што маладосць — тут.

Дзе? Услых — нiхто не пытаў.

Але ўсе, хто страцiў, здаецца, шукалi.

Калi не думаць...

Вечарам, перад сном, цiхiм вясновым дажджом памылася вёска.

Тут, у гэтай хацiнцы, бабулька лiпiць. А гэна — даўно ўжо пустая. Бяздзетная сямейка жыла. Сiрату к сабе ўзялi. Выгадавалi, вышэйшую адукацыю далi. Унукаў у людзi вывелi...

А вось тут — удава гаравала. Мужык яе першым камунiстам быў. Немцы расстралялi. На вачах у цяжарнай жонкi. Хлопчык той нежывым нарадзiўся. А старэйшых двух адна падымала.

За раўчуком тры хаткi — тры бабцi жывуць.

А вось гэтай сялiбцы «пашанцавала». Купiлi яе. Праўда, каб той гаспадар устаў i пабачыў, хто i што сталася — з домам, з раскошным садам — мусiць, яшчэ раз памёр бы.

I гэта хата жывая. Колькi ж дзяцей тут? Восем? Цi сем? I пяцёра з iх — з ЗПР (затрымкай псiхiчнага развiцця). У iнтэрнатах жывуць. Дамоў — толькi на канiкулы.

«Крыжы» на вокнах i тут. А прыгожая ж сямейка жыла, мудрая жанчына. Па мужыкоў, як у карты загуляюцца, iншыя з качэргамi йшлi (i з iмi ж вярталiся), яна — у гаршках-спарышах вячэру несла. Хлеў iх зусiм развалiўся, i вымерз сад.

...Я вам шчыра кажу: вечарам, пасля дажджу, прайсцiся па вёсцы — рэдкая асалода!

Калi... не ведаць, што тут было раней. I не думаць, што будзе потым.

Усе мы родам ... з Кiтая?

Ранiчка, тралейбус цiха вязе на работу. Да пары... За скрыжаваннем «на хвасце» ў яго «вiсне» яшчэ адзiн: газуе, спрабуе абагнаць, зноў адстае i зноў даганяе. Доўжыцца так прыпынкаў з пяць — пакуль вадзiцель першага (мiж iншым, жанчына) не высоўвае ў акно галаву i не абкладвае калегу адборнейшым матам.

— Злыя, якiя ўсе злыя! — шэпча побач маладое дзяўчо. — I чаму?

Хiба адкажаш? Хоць, здаецца, i ведаеш.

...Некалi, гадоў 20 назад, мы зайздросцiлi iм — ну самай бялюткай зайздрасцю. Трохпакаёўка ж! У цэнтры! Дзяржаўная... Дзве лоджыi, кухня, кладоўка... Толькi жывi!

Гэта сямейка жыла. I радавалася.

Жыве i цяпер: «маленькi Кiтай» у той самай кватэры. Бо апроч бацькоў туляцца там сын з нявесткай, дачка з алкаголiкам-мужам i трое вясёлых унукаў. У туалет ранiцой — па чарзе, у кухню — таксама. Па графiку мыццё i ванна, у спрэчках — тэлевiзар.

...Так што, ранкам цi ўвечары сустракаючы некага злога, не судзiце яго. Мо, з «Кiтая» чалавек, мо, у чарзе настаяўся?

Цёмны... лёс

Маша адпакутавала — памерла. У няпоўныя пяцьдзесят. Хоць гора хапiла б на сто. У 20 замуж пайшла. За пiтушчага, да свекрывi. Дом будавала. Лiчы, сама... Дзяцей гадавала. На рабоце прынцыповай была, нелюбiмай — начальствам. Звальнялi яе, праз суд аднаўлялi... Колькi нерваў выматалi...

Праўда, хаваць памаглi (i грашыма, i транспартам). За жалобным сталом прамовы казалi. I хораша так, складна, ну як па-пiсанаму. Пра мужнасць яе, пра сумленнасць, пра адданасць справе, пра тое, што мала цяпер такiх вось людзей. Сыходзяць... Без пары. Лёс, маўляў, такi, абставiны, Бог забiрае лепшых.

...I нiхто не спытаўся тады: а з чыёй, даруйце, «падачы»?

Якое яно — шчасце?

Ён кахаў яе. Кахаў — як нiхто... Нiкога... I нiколi. Толькi паклiч — не азiрнуўся б: сышоў бы з дому, кiнуў бы сям’ю, кар’еру, горад... Ды што там... З радасцю памёр бы!

Яна — не клiкала. Яна i наогул ...яго не бачыла: так, «дзень добры, бывай».

«Час патрэбен, — казаў ён сабе, — яна прыгледзiцца i ўбачыць. Яна ацэнiць. I зразумее, якi ён... I як кахае!».

Дзiвак, шторанне званiў... I не пазнаваў свой голас.

Кветкi купляў. I баяўся аддаць.

Жыў... на вакзале! Не, дома праблем не было (у сабе ж iх насiў). Проста ў натоўпе, сярод мiтуснi i клункаў ён яшчэ мог дыхаць. Дыхаць без яе. У iншых месцах — не хапала паветра.

Ён чакаў яе. Чакаў — мiласцi, чакаў — лiтасцi. Як манны нябеснай — кароткага: «Так... Прыязджай».

А яна — не клiкала! Ветла ўсмiхалася спярша, i пачуццi яго паважала. Потым — цiха, як хвораму, — казала, каб не мучыў сябе i яе, каб не спадзяваўся: розныя яны — з двух пакаленняў, як з двух планет...

А ён — вар’яцеў. Вар’яцеў i не верыў.

...«З вакзала» яго забрала дачка. Сказала, што... кахае (?!) i... чакае малое. Пакуль дапяў, што ж на самай справе адбылося, пакуль згарусцiў, не помнячы сябе, нейкае вяселле, пакуль абстаўляў маладым жыллё i насiўся з кволай унучкай, з сiлы выбiўся сам. А лячыцца — прывычкi не было, думаў — пройдзе.

Не прайшло. На пенсii цяпер. Па iнвалiднасцi.

Як жыве? Ды «па-старыкоўску»: сярод сваiх, цiха i сцiпла. Унучку гадуе.

I кожны раз, прыцiскаючы да грудзей яе светлую галоўку, думае: «Божухна, якое шчасце, што яго тады... не паклiкалi!».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пера-зiма-валi (з усмешкай i па складах — гэта ад радасцi. — Аўт.)! I ... ад сумненняў: шторанне (пакуль) цягне да акна. Каб паглядзець, што там, каб
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика