У выбарчых камiсiях 61 партыец
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
У склад тэрытарыяльных выбарчых камiсiй увайшоў 61 прадстаўнiк палiтычных партый. Праўда, iх колькасць iстотна рознiцца як у залежнасцi ад самой партыйнай прыналежнасцi, так iх ад узроўню камiсii. Аб гэтым паведамiў учора на прэс-канферэнцыi сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалай Лазавiк.
Усяго было сфармiравана 1673 камiсii, у тым лiку 1440 — сельскiх, 78 — пасялковых, 11 — гарадскiх гарадоў раённага падпарадкавання, 29 — гарадскiх гарадоў абласнога падпарадкавання, 117 — раённых, 6 — абласных i мiнская гарадская. Акрамя гэтага ў Мiнску да 16 снежня будзе сфармiравана 9 тэрытарыяльных акруговых камiсiй. Ва ўсе камiсii ўвайшло 13.448 чалавек, па 9—13 у кожную. Большасць членаў камiсiй ужо каторыя выбары запар — жанчыны — 72,6 працэнта ад агульнай колькасцi. 56,46 працэнта членаў выбарчых камiсiй ужо мелi вопыт падобнай працы. 11 працэнтаў — моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. Вылучаць сваiх прадстаўнiкоў у склад камiсiй мелi магчымасць палiтычныя партыi i грамадскiя аб’яднаннi, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпiсаў. Пры гэтым назiралася наступная сiтуацыя: чым вышэй быў узровень камiсiй, тым больш было заявак ад палiтычных партый i грамадскiх аб’яднанняў. У прыватнасцi, у Мiнскай гарадской выбарчай камiсii iх прадстаўнiкоў 76,9 працэнта. У пасялковых i сельскiх камiсiях, наадварот, пераважную большасць складаюць вылучэнцы працоўных калектываў. Тут справа залежыла далёка не ад прадузятасцi асоб, што фармiравалi камiсii: большасць палiтычных партый маюць даволi слабыя структуры на месцах, а таму i не змаглi правесцi цалкам здавальняючую кампанiю па вылучэнню сваiх прадстаўнiкоў у камiсii нiзкага ўзроўню. Дарэчы, паводле слоў М. Лазавiка, Мiнская гарадская камiсiя выдзяляецца нават на фоне iншых. У яе складзе 10 прадстаўнiкоў палiтычных партый i грамадскiх аб’яднанняў (ад ЛДПБ, КПБ, Асацыяцыi мнагадзетных бацькоў, арганiзацыi ветэранаў вайны ў Афганiстане «Памяць», Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду мiру, Беларускага прафсаюза работнiкаў аховы здароўя, Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi, БНФ «Адраджэнне», Беларускага аб’яднання ветэранаў), па аднаму ад грамадзян шляхам збору подпiсаў, гарвыканкама i гарсавета дэпутатаў. Па абласцях прадстаўнiкi палiтычных партый i грамадскiх аб’яднанняў прадстаўлены наступным чынам: Вiцебская, Гродзенская, Гомельская вобласцi — па 46,2 працэнта, Брэсцкая — 30,8 працэнта, Мiнская — 23,1 працэнта i Магiлёўская — 15,4 працэнта. Пры гэтым М. Лазавiк лiчыць, што такiм чынам была рэалiзавана ў поўнай меры ўстаноўка Цэнтрвыбаркама аб максiмальным прадстаўнiцтве насельнiцтва Беларусi ў выбарчых камiсiях. Парушэнняў i скаргаў пакуль, паводле яго ж слоў, не было. У той жа час самi партыi i арганiзацыi не змаглi пазбегнуць памылак пры вылучэннi сваiх прадстаўнiкоў у камiсii. У прыватнасцi, у склад мiнскай гарадской камiсii быў вылучаны ад Беларускага аб’яднання «Яблоко» А. Фядута, аднак вылучала яго не гарадская арганiзацыя аб’яднання, а рэспублiканская. Аднак ужо падчас прэс-канферэнцыi прагучалi скаргi аб амаль поўнай адсутнасцi прадстаўнiцтва ў камiсiях членаў апазiцыйных арганiзацый. М. Лазавiк запэўнiў, што справа тут у першую чаргу ў колькасцi вылучаных у склад камiсiй людзей. Для прыкладу, у Гомельскай i Брэсцкай абласцях на 13 месцаў было вылучана па 39 чалавек. I яшчэ аб партыйным прадстаўнiцтве. Найбольш у выбарчых камiсiях будзе камунiстаў: 21 чалавек ад КПБ i 19 ад ПКБ. 11 сваiх прадстаўнiкоў будзе мець ЛДПБ, 5 — БСДП «Народная грамада», 2 — Аграрная партыя, па 1 — АГП, Патрыятычная партыя i СДП народнай згоды.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У склад тэрытарыяльных выбарчых камiсiй увайшоў 61 прадстаўнiк палiтычных партый
|
|