«Зялёненькi вiнаград Удаўся дзеўкам на пагляд»...
«Зялёненькi вiнаград Удаўся дзеўкам на пагляд»...
(з беларускага фальклору) Што нi кажыце, а беларусы народ практычны — любяць, каб усё было сваё: i сала, i бульба, i... вiнаград, хоць вiнаградарскай краiнай Беларусь не назавеш. I тым не менш, расце колькасць жадаючых мець на сваiх агародах гэтую сонцалюбiвую раслiну. Мець — яшчэ паўсправы, а вось, каб вiнаградная лаза расла на радасць гаспадару ды яшчэ давала ўраджай, патрэбны сякi-такi вопыт. Магчыма, для гэтай справы стварылi свой клуб аматары-вiнаградары рэспублiкi. Прынамсi, зарэгiстравана 300 членаў клуба, а на кожнае пасяджэнне клуба, якое праходзiць раз у месяц, у любое надвор’е прыязджаюць з розных раёнаў рэспублiкi да ста чалавек. У некаторых гарадах адкрыты фiлiялы. Старшынёй абраны вядомы не толькi ў нашай рэспублiцы вiнаградар, доктар сельскагаспадарчых навук Рамуальд ЛОЙКА, аўтар 14 кнiг i больш як 300 навуковых работ, прысвечаных ролi i значэнню садавiны ў харчаваннi i здароўi чалавека. Сёння ён госць нашай рубрыкi. — Рамуальд Эдуардавiч, можа, беларусам вырошчваць лепш за ўсё бульбу, а да вiнаграду патрэбны ж асаблiвы падыход? — I бульбу таксама, — хiтравата ўсмiхнуўся спадар Лойка. — Як сведчыць гiсторыя, вiнаград у Беларусi паявiўся намнога раней, чым бульба. Першае дакладнае ўпамiнанне адносiцца да 1005 года. Захавалася распараджэнне Кiеўскага князя Уладзiмiра «...об образовании Туровской епархии и передачи бортий и винограды...». Як вядома, з распаўсюджваннем хрысцiянства першымi вiнаградарамi былi манахi (у час правядзення некаторых службаў у царкве выкарыстоўвалася чырвонае вiно). Калi наладзiлiся гандлёвыя сувязi памiж Усходам i Еўропай, не было патрэбы рабiць вiно з кiслых ягад, можна было прывезцi гатовае салодкае вiно. Наступны ўсплёск вiнаградарства звязаны з развiццём садова-паркавага будаўнiцтва ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Спачатку вяльможы, а затым i шляхта пры палацах i маёнтках разводзiлi садкi, аранжарэi, дзе высаджваўся вiнаград. Гэтая справа лiчылася прэстыжнай. Так адбывалася перыядычна: развiццё—заняпад. Да пачатку ХХ ст. сартоў па-сапраўднаму раннiх, якiя маглi б у нас выспяваць, не было. Спачатку яны паявiлiся ў Францыi, потым у Венгрыi. Але гэта ўжо далёкая гiсторыя. Зараз мы маем не менш як 80 сартоў вiнаграду, якiя выспяваюць ва ўсiх раёнах Беларусi. Вiнаград — адна з найбольш важных па харчовых уласцiвасцях раслiн у свеце. Менавiта гэтым тлумачыцца яго вялiкая распаўсюджанасць. Яго рэкамендуецца ўжываць у першую чаргу ў свежым выглядзе, хоць не сакрэт, што самае смачнае i карыснае — вiнаграднае вiно. Даказана, што ад вiнаграднага вiна не развiваецца алкагольная залежнасць. Апошнiм часам усё больш i больш паяўляецца публiкацый аб карысцi чырвонага вiнаграднага вiна: пры рэгулярным яго ўжываннi не развiваецца хвароба Альцгеймера, менш анкалагiчных i сардэчных захворванняў, умацоўваецца iмунная сiстэма. Як паказвае вопыт, вiнаград расце ў нас практычна ва ўсiх раёнах рэспублiкi — у паўночных, i тым больш — у паўднёвых. Рамуальд Эдуардавiч сказаў, што ён прыхiльнiк усё ж аматарскiх пасадак. У слоўнiку Крапiвы побач са словам «аматар» ёсць слова «любiцель» (той, хто займаецца якой-небудзь справай не на прафесiйным узроўнi). — Тут мне больш падабаецца слова «любiцель», — кажа спадар Лойка. — Гэта хутчэй ад слова «любiць». Вырошчвае вiнаград той, хто любiць гэтую раслiну. А наконт непрафесiйнасцi можна i паспрачацца. Дзякуючы вiнаграду я пазнаёмiўся з многiмi цiкавымi людзьмi, рознымi па ўзросту, па прафесii — ад рабочага да мiнiстра, прафесарамi i адстаўнымi генераламi. I столькi яны ведаюць пра вiнаград! На пасяджэннi клуба вiнаградараў прыходзяць знаўцы вiнаграднай справы i тыя, хто толькi пачынае ёю займацца, а таксама тыя, хто аб гэтым яшчэ марыць. Як i ў якiм месцы на ўчастку лепш размясцiць вiнаград, як яго даглядаць у першы i другi год, як абразаць, укрываць цi не ўкрываць на зiму — вось прыкладна такiя пытаннi разглядаюцца на пасяджэннях клуба. Да вiнаградараў прымкнулi садаводы-аматары, якiя вырошчваюць буякi, парэчкi, а таксама кветаводы. Сёлета вiнаградары рэспублiкi праводзяць сваю чарговую выставу. Пройдзе яна 11—13 верасня ў Мiнску, у Доме ветэрана. Як сказаў спадар Лойка, на выставу запрашаюцца ўсе жадаючыя з экспанатамi i без iх. Так што i вы, паважаныя чытачы, можаце заглянуць на выставу, пакаштаваць любы сорт, якi вам прыглянецца i, магчыма, набыць для сябе нейкi вопыт, а можа, i пасадачны матэрыял. А мы ў далейшых сваiх выпусках з дапамогай вопытных вiнаградараў раскажам пра некаторыя асаблiвасцi вырошчвання, догляду вiнаграду, пра перспектыўныя сарты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што нi кажыце, а беларусы народ практычны — любяць, каб усё было сваё: i сала, i бульба, i... вiнаград, хоць вiнаградарскай краiнай Беларусь не назаве
|
|