Пагранiчная Крычаўшчына iмкнецца «за Маскву»
Iлона IВАНОВА.
Крычаў — буйнейшы горад беларуска-расiйскага прыгранiчча ў Магiлёўскай вобласцi. Восем прамысловых прадпрыемстваў, магутны чыгуначны вузел, свой мытны пост. Калi пераехаць праз раку Сож ды яшчэ кiламетры чатыры — i ты на расiйскай тэрыторыi.
Менавiта гэты горад найчасцей наведвалi супрацоўнiкi праваахоўных органаў, а таксама i журналiсты ў час дзеяння вядомага дэкрэта аб абароне спажывецкага рынку Беларусi. Але часы змянiлiся, i цяпер нiхто тут не цягае клункi з прадуктамi ў суседнюю краiну, таму што эканамiчная сiтуацыя цяпер новая i рабiць гэта мясцоваму насельнiцтву, якое заўсёды тонка адчувае кан’юнктуру прыгранiчча, проста нявыгадна. Iншая справа — прадпрыемствы Крычава. На фоне ўсеагульнай заклапочанасцi рынкамi збыту для сваёй прадукцыi мясцовым прамыслоўцам, як кажуць, грэх не выкарыстаць сваё выгаднае геаграфiчнае становiшча, блiзкасць да расiйскiх рэгiёнаў. Аднак, як паказалi сустрэчы з кiраўнiцтвам буйнейшых крычаўскiх прадпрыемстваў, на практыцы не так проста рэалiзаваць вiдавочныя магчымасцi. Крычаўскi цэмент больш патрэбны ў Польшчы Вытворчае аб’яднанне «Крычаўцэменташыфер» працуе, як кажа яго кiраўнiцтва, «па сiнусоiдзе: год лепш — год горш». Залежыць гэта ад аб’ёму работ будаўнiчага комплексу краiны. Апошнiм часам, нягледзячы на цяжкае фiнансавае становiшча, справы iдуць лепш. У параўнаннi з папярэднiмi паказчыкамi павялiчаны аб’ёмы вытворчасцi i, што самае галоўнае, па экспарту, якi ўзрос амаль у два разы i цяпер складае 16 працэнтаў ад аб’ёмаў вытворчасцi. Аднак крычаўскiя цэментнiкi не расiйскi рынак актыўна асвойваюць, а працуюць зусiм у iншым, заходнiм накiрунку. У Кракаве прадукцыя прадпрыемства атрымала часовы сертыфiкат якасцi па еўрапейскiх нормах, з новага года можна разлiчваць на пастаянны. У Польшчы актыўна iдзе будаўнiцтва, супрацоўнiцтва выгаднае, а таму гэта краiна займае пераважную частку экспарту. Адноўлены пастаўкi ў Лiтву, дзе для беларускага прадпрыемства пасля маруднай перапiскi i напружанай барацьбы за рынак знялi антыдэмпiнгавую пошлiну ў памеры 13 долараў ЗША на тону цэменту. Невялiкi экспарт у Латвiю, Украiну i Расiю. Хаця менавiта экспарт — прыярытэтны накiрунак выжывання i развiцця «Крычаўцэменташыфера», i, па планах, палова прадукцыi гэтага вытворчага аб’яднання павiнна прадавацца за мяжу. Прычыны гэтага зразумелыя: цяперашнiя патрэбнасцi беларускага будаўнiчага комплексу можа забяспечыць адзiн цэментны завод, у той час як Крычаўскi — толькi адзiн з трох, ды i то не самы сучасны. Пакуль не зменiцца да лепшага сiтуацыя на будаўнiчым рынку Беларусi, цэмент i шыфер трэба актыўна пастаўляць у iншыя краiны, дзе будаўнiцтва iдзе больш высокiмi тэмпамi. Напрыклад, норма расходавання цэменту ў Еўропе з разлiку на аднаго жыхара — 911 кiлаграмаў, у Кiтаi, якi iмклiва развiваецца, — дзесьцi каля 1,5 тысячы кг, а ў нас — толькi 132 кг (па падлiках 2000-га года). Менавiта таму ў Крычаве вельмi сур’ёзна адносяцца да любых прапаноў з-за мяжы — у стадыi перагавораў магчымы дамоўленасцi з немцамi, разглядаўся нават варыянт Паўночнай Афрыкi, ад якога прыйшлося адмовiцца з-за неверагодных выдаткаў на транспарцiроўку. Здавалася б, з Расiяй цэментнаму заводу, размешчанаму прама на мяжы з гэтай краiнай, гандляваць было б выгадней. Каб давезцi прадукцыю да Польшчы, трэба прагнаць яе па тэрыторыi Беларусi, перагрузiць у польскiя цыстэрны, таму што яны адрознiваюцца ад беларускiх, як, дарэчы, i чыгуначная каляiна, пасля груз трэба растаможыць... I ўсё ж, нягледзячы на вялiкiя клопаты з палякамi, супрацоўнiцтва з iмi больш выгаднае, чым з расiянамi. — Кошт тысячы кубоў газу для расiйскiх цэментнiкаў складае 16—18 долараў, а для нас — больш за 56, падобная карцiна i па электраэнергii, — тлумачыць намеснiк дырэктара ВА «Крычаўцэменташыфер» Алег Саўкiн. — У вынiку ўдзельная вага энерганосьбiтаў у сабекошце прадукцыi ў нас складае 60 працэнтаў, а ў нашых калег з Расii — 20—25. Так што далейшае супрацоўнiцтва з усходнiм суседам больш залежыць ад сiтуацыi з энерганосьбiтамi, ад рашэнняў на ўзроўнi ўрада. Цяпер крычаўскiя цэментнiкi пастаўляюць у суседнюю Смаленскую вобласць няшмат прадукцыi ў абмен на сыравiну — агарак калчаданны, неабходны для вытворчасцi. Былi яшчэ нязначныя пастаўкi ў Маскоўскую вобласць. I ў вынiку — 6 тысяч тон цэменту летась, а гэта ў 7 разоў менш, чым у Польшчу. Хаця да 1998 года крычаўскi цэмент быў вельмi папулярным таварам у расiян. На заводзе стаялi чэргi з транспарту i за суткi не паспявалi загрузiць усiх жадаючых набыць цэмент. Чарга знiкла пасля жнiвеньскага абвалу 1998 года. Пазней яна i не аднавiлася: эканамiчная сiтуацыя змянiлася, не на карысць крычаўскага цэменту сталi суадносiны беларускага i расiйскага рублёў. Крыху лепш iдуць справы з шыферам, якi вырабляе крычаўскае вытворчае аб’яднанне. Пятая частка вырабляемай прадукцыi iдзе на экспарт — у Расiю i ва Украiну. Амаль 10 тысяч умоўных плiтак шыферу (цяпер найбольш папулярны тавар — каляровы шыфер) пастаўлена ў Расiю, але не за грошы, а на ўмовах бартэрных здзелак. Таму што крычаўскаму прадпрыемству неабходна атрымлiваць з Расii азбест, радовiшчаў якога няма ў нашай краiне. Крычаўскiя «ўсходнiя» галёшы — бестселер на поўначы Расii Крычаўскi завод гумавых вырабаў вядомы ў нядаўнiм мiнулым усёй Магiлёўскай вобласцi як прадпрыемства непаспяховае. Частая змена кiраўнiцтва, затрымкi з выплатай заработнай платы, нават забастоўкi. На заводзе гумавых вырабаў працуе больш за тысячу чалавек, i амаль усе яны — жанчыны, якiм трэба кармiць дзяцей i якiя хуткiя на любыя акцыi пратэсту дзеля абароны iнтарэсаў сваiх сем’яў. Цяпер, кажуць, сiтуацыя змянiлася. Завод загружаны работай, рэнтабельнасць прыстойная, зарплату рабочыя атрымлiваюць своечасова, новае кiраўнiцтва актыўна працуе ў накiрунку пошуку рынкаў збыту прадукцыi, у тым лiку i ў суседняй Расii, i даволi паспяхова. Расiяне купляюць да 70 працэнтаў прадукцыi, вырабленай Крычаўскiм заводам гумавых вырабаў. Масква i Маскоўская вобласць, па словах намеснiка начальнiка аддзела збыту гумавага завода Юрыя Нерасценкi, бяруць у асноўным гумавыя боты i, у невялiкай колькасцi, кеды i паўкеды. Апошнiя, нягледзячы на спробы мясцовых мадэльераў зрабiць iх больш сучаснымi i больш моднымi, па-ранейшаму маюць «аўтэнтычна-савецкi» выгляд. Такiя кеды, якiя цяпер стаяць на палiцах фiрменнага магазiна завода гумавых вырабаў у Крычаве, мы ўсе насiлi ў школе пару дзесяткаў гадоў таму назад. Што, аднак, не змяншае iх спажывецкай вартасцi: тыя, у каго ўжо няма жадання дэманстраваць модныя тэндэнцыi, гавораць, што больш зручнага i практычнага абутку проста няма. Нават у расiйскай сталiцы i яе прыгарадах гэта разумеюць. Цяпер крычаўскiя вытворцы гумавых вырабаў актыўна «распрацоўваюць» паўднёвыя расiйскiя рэгiёны — пераважна Дагестан. Там неверагодна папулярныя востраносыя гумавыя галёшы, якiя абуваюць на нагу. Iх таму так i называюць — «усходнiя». Назва прыжылася гадоў пяць таму, калi завод супрацоўнiчаў з Чачнёй. Сцвярджаюць, што маладая ў тых краях абавязкова павiнна мець не менш за 10—15 пар такога «багатага пасагу», але толькi жыхары кожнага месца агаворваюць свае ўмовы: напрыклад, для дагестанцаў падкладка павiнна быць малiнавага колеру, вусцiлачка чырвоная, а заднiк — чорны. У адрозненне ад узбекаў, якiя падкладку патрабуюць толькi чырвонага колеру. Закупляецца гэта прадукцыя з большай прыдзiрлiвасцю, але ў вялiкай колькасцi. Бывае, што дагестанцы аплачваюць столькi тавару, што потым за адзiн раз не могуць яго вывезцi з Крычава. Для таго, каб забяспечыць усiх зацiкаўленых партнёраў жаданымi «ўсходнiмi» галошамi, новае кiраўнiцтва ўвяло на заводзе суботнiя змены i дадатковы канвеер па iх вытворчасцi ў начную змену. Работнiцы, вядома, нават «не пiшчаць», як яны самi гавораць, таму што адпаведна расце i iх зарплата: цяпер сярэднi заробак па заводу гумавых вырабаў складае больш за 90 долараў — амаль дасягнулi патрэбнага 100-доларавага агульнабеларускага арыенцiру. Маскоўскi рэгiён разлiчваецца з Крычавам i грашамi, i каўчукам, якi патрэбны заводу для вытворчасцi прадукцыi. Апошнiм часам завод выйшаў на рынак Украiны, ёсць напрацоўкi па Казахстану, але спецыялiсты па збыту лiчаць, што рынак Расii — самы перспектыўны для завода гумавых вырабаў. — Расiйскi рынак вельмi вялiкi i насычаны, — упэўнены Юрый Нерасценка. — Намi паўночная частка Расii яшчэ ўвогуле нераспрацаваная. Прыгранiчнае знаходжанне нам на руку: блiжэй да спажыўца — хутчэйшая дастаўка i прадукцыi, i сыравiны. Затое мытныя цяжкасцi, па словах супрацоўнiкаў аддзела збыту, як былi, так i застаюцца для беларускiх i расiйскiх партнёраў. У крычаўлян звычайна не ўзнiкае праблем на беларускiм баку гранiцы, затое на расiйскiм — цяжкасцi i шматгадзiнныя чаканнi ў чарзе на дагляд i афармленне дакументаў. Мiнiмум 3-4 гадзiны, а яшчэ паўгода таму — хвiлiн 10—15 ад сiлы. Прычын новых складанасцяў на заводзе гумавых вырабаў не ведаюць, але ў прыгранiччы прывыклi да нечаканых змяненняў на мытнi, а таму проста чакаюць, калi вырашацца праблемы. Крычаўскiя прадукты — слабы канкурэнт для расiйскiх Крычаўскiя прадпрыемствы, якiя вырабляюць прадукты харчавання, расiйскiя рынкi як прыярытэтныя не разглядаюць. Але ўсё ж у некаторай ступенi ад iх залежаць. Напрыклад, хлебазавод iмкнецца з усiх сiл канкурыраваць з прыгранiчным хлебным бiзнесам, якi апошнiм часам атрымаў вялiкае распаўсюджанне. Прадпрымальнiкi гандлююць танным i вельмi смачным расiйскiм хлебам i булкамi, i ў любой вёсцы тавар раскупляецца «на ўра». Цяпер хлебазавод актыўна займаецца тэхнiчным пераўзбраеннем i павялiчвае аб’ёмы вытворчасцi. Хаця гэтыя працэсы з-за недахвату фiнансавых сродкаў iдуць куды марудней, чым хацелася б кiраўнiцтву прадпрыемства. Крычаўскi масларобны завод гандлюе з расiянамi, аднак «па разнарадц ы». Гэта прадпрыемства не з’яўляецца фондатрымальнiкам сваёй прадукцыi i свабодна ёю не распараджаецца. На экспарт iдуць масла, казеiн i сухое малако. Такiм чынам дзяржава зарабляе валюту для сельскай гаспадаркi рэгiёна. Увесь казеiн iдзе на продаж у Расiю, i ў гэтым годзе туды адпраўлена больш як 75 тон. 30 тон сухога малака было адпраўлена ў Расiю i 10 тон — у Польшчу. Нягледзячы на разнарадкi, па словах дырэктара масларобнага завода Валянцiны Кротавай, ад такой знешнегандлёвай дзейнасцi прадпрыемству «ўсё роўна штосьцi перападзе» — выплачваецца зарплата работнiкам, набываецца палiва для кацельнi. Крычаўскi мясакамбiнат быў пабудаваны ў сярэдзiне 70-х «з прыцэлам» на Ленiнград i Маскву. У адрозненне ад сённяшнiх рэалiй, мяса ў тыя часы было «проста навалам». — Тады была праблема толькi адна: дзе ўзяць вагонныя секцыi, каб адгрузiць мяса, — успамiнае галоўны iнжынер мясакамбiната Нiна Катлярова. — Не паспявалi адправiць, як халадзiльнiк зноў быў загружаны «пад завязку». А цяпер асноўнае пытанне: дзе ўзяць мяса i грошы? Раней жывёлу не паспявалi перапрацоўваць, а цяпер завод не працуе нават напалову сваiх магутнасцяў. Таму экспарт мясапрадуктаў на Крычаўскiм мясакамбiнаце — пытанне неактуальнае. Трэба кармiць сваё насельнiцтва — Крычаў, Магiлёў, Мiнск. Акрамя таго, спецыялiсты лiчаць, што крычаўская каўбаса Расii цяпер непатрэбна: цэны зраўнялiся, якасць дзе-нiдзе яшчэ i прайграе. Дарэчы, гады тры таму паспрабавалi гандляваць на расiйскiм рынку i пельменямi, а цяпер сэнсу няма: крычаўскiя пельменi цяпер даражэйшыя, чым у суседняй краiне. Таму завод цяпер актыўна працуе над сваiм «каньком» — якасцю, якую ўжо адзначаюць спажыўцы Магiлёўшчыны, а таксама i над знешнiм выглядам. Народ хоча атрымаць якасны тавар у прыгожай упакоўцы, i ў гэтым — залог поспеху. Затое ў пачатку мiнулага года Крычаўскi мясакамбiнат вельмi выгадна прадаў у расiйскую сталiцу не прадукцыю, а мяса — 125 тон. У гэтай здзелкi аказалася вельмi добрая рэнтабельнасць — 35 працэнтаў, i мясакамбiнат атрымаў амаль 50 мiльёнаў рублёў чыстага прыбытку. Гэта была адзiная ў гэтым годзе магчымасць выхаду на расiйскi рынак: у другiм квартале заданне па пастаўках прадпрыемства выканала, а мяса яшчэ засталося, i доўга яго захоўваць, вядома, нявыгадна. Выручаныя ад здзелкi грошы пайшлi на папаўненне абаротных сродкаў. Кiраўнiцтва Крычаўскага мясакамбiната лiчыць, што больш актыўны гандаль з Расiяй стрымлiваюць iснуючыя рамкi: так, iнiцыятыва павiнна зыходзiць ад самога прадпрыемства, але дазвол на продаж мяса трэба кожны раз прасiць у Магiлёўскага аблвыканкама. Больш актыўна, чым з Расiяй, развiваюцца ў мясакамбiната гандлёва-абменныя аперацыi з Польшчай. Рубец, з якога робяць знакамiтыя польскiя нацыянальныя «флякi», увесь адпраўляецца ў заходнiм накiрунку ў абмен на шпiк. Уплывовы зямляк крычаўлян дапамагае сваёй «малой радзiме» Сумежныя расiйскiя рэгiёны не ўяўляюць для прыгранiчнай Крычаўшчыны асаблiвай цiкавасцi з-за беднасцi, iх слабага развiцця i пакупнiцкага попыту. Так лiчыць старшыня Крычаўскага райвыканкама Iван Пракопаў. На яго думку, мясцовым прадпрыемствам трэба актыўна асвойваць Азiю i рэгiёны, якiя размешчаны «за Масквой», далей на ўсход. I з улiкам гэтага Расiя, безумоўна, з’яўляецца стратэгiчным партнёрам Крычаўшчыны. Гэта датычыцца не толькi рынкаў збыту, але i рынкаў сыравiны: i цэментны завод, i завод гумавых вырабаў працуюць пераважна на расiйскай сыравiне. Аднак у Крычаўскiм раёне ёсць яшчэ i моцныя сувязi з Валгаградскай вобласцю. Моцныя — таму што заснаваныя на зямляцтве. Ураджэнец Крычаўшчыны Мiхаiл Старавойтаў з’яўляецца генеральным дырэктарам буйнога ААТ «Волжскi аргсiнтэз». Гэты чалавек, якi займае трывалыя пазiцыi ў элiце расiйскага бiзнесу, узначальвае таксама i Таварыства дружбы з Беларуссю. У кастрычнiку Мiхаiл Старавойтаў спансiраваў паездку ў горад Валгаград i ўдзел у мiжнародным фестывалi-конкурсе дзiцячай i юнацкай творчасцi «Музычная вясёлка» ансамбля дзiцячай музычнай школы № 1 горада Крычава «Вашчылкi». Акрамя таго, Мiхаiл Старавойтаў зрабiў свой асабiсты ўклад у рамонт у раённым цэнтры сярэдняй школы i палiклiнiкi. Уклад даволi важкi — 20 тысяч долараў. Адной з перспектыў развiцця Крычаўскага раёна яго кiраўнiцтва бачыць у дасягнутай дамоўленасцi пры садзейнiчаннi свайго ўплывовага земляка Мiхаiла Старавойтава не толькi па супрацоўнiцтву з Валгаградскай вобласцю, але i ў наданнi статусу гарадоў-пабрацiмаў расiйскаму гораду Волжскаму i беларускаму гораду Крычаву.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крычаў — буйнейшы горад беларуска-расiйскага прыгранiчча ў Магiлёўскай вобласцi. Восем прамысловых прадпрыемстваў, магутны чыгуначны вузел, свой мытны
|
|