Аздараўленчы сезон адкладваецца для дзятвы ў сувязi з халодным надвор’ем?
Надзея НIКАЛАЕВА
У новым летнiм канiкулярным сезоне колькасць стацыянарных аздараўленчых лагераў, гатовых прыняць дзяцей, зменшыцца яшчэ на 16 адзiнак.
Паводле слоў загадчыцы аддзялення гiгiены дзяцей i падлеткаў Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Алы Малахавай, пачынаючы з 90-х гадоў беларуская дзятва пазбавiлася 55 стацыянарных лагераў, матэрыяльная база якiх прыйшла ў непрыгодны стан i не магла быць выкарыстана для адпачынку i аздараўлення школьнiкаў. Цяпер да iх далучылiся яшчэ 16, у тым лiку тры лагеры, якiя належалi сталiчным прадпрыемствам: «Чайка» (Мiнскага электрамеханiчнага завода), «Сонечны круг» (Мiнскага завода аўтаматычных лiнiй) i «Сонейка» (Будтрэста № 7). Магчыма, якi-небудзь з былых пiянерскiх лагераў i вернецца пасля капiтальнага рамонту ў строй (такiя прыклады, на шчасце, таксама мелi месца), але сёлета пад аздараўленне дзяцей будзе задзейнiчаны толькi 261 стацыянарны аздараўленчы лагер. Прычым у 14 з iх адкрыццё першай змены пакуль што знаходзiцца пад пытаннем — калi яны не лiквiдуюць недахопы, на якiя iм указала санэпiдслужба, то могуць таксама не адчынiцца для прыёму дзяцей, цi iх адкрыццё будзе перанесена на больш познi час або на другую лагерную змену. Мiж iншым, апошнiя паведамленнi беларускiх сiноптыкаў, якiя папярэджваюць аб iстотным пахаладаннi ў першыя днi чэрвеня, таксама аптымiзму не дадаюць: справа ў тым, што наяўнасцю ўласных ацяпляльных сiстэм могуць пахвалiцца толькi 60 працэнтаў аздараўленчых лагераў. Па санiтарных нормах у памяшканнях, дзе знаходзяцца дзецi, тэмпература не можа апускацца нiжэй за 18 градусаў, а вiльготнасць павiнна быць у межах 30—60 працэнтаў. Калi на працягу пяцi дзён сярэднясутачная тэмпература паветра складзе ў краiне менш за 15 градусаў, то заезд першай змены, магчыма, прыйдзецца перанесцi. — Па нашых назiраннях, апошнiя тры гады сярэднясутачная тэмпература была ў Беларусi ў межах 14—15 градусаў, а гэта, пагадзiцеся, мала падобна на летнiя ўмовы надвор’я. Менавiта па гэтай прычыне мы настойваем на тым, каб у лагерах была прадугледжана магчымасць ацяплення памяшканняў, — патлумачыла карэспандэнту «Звязды» Ала Малахава. — Да таго ж абавязковай умовай з’яўляецца забеспячэнне душавых i ўмывальнiкаў (як для рук, так i для ног) гарачай вадой (хоць бы з дапамогай электраводанагравальнiкаў). Усё ж такi не ўсе беларускiя дзяцi могуць пахвалiцца добрым здароўем, а ў аздараўленчыя лагеры яны накiроўваюцца менавiта за здароўем. Дарэчы, пачынаючы з гэтага года медыкi збiраюцца ацэньваць аздараўленчы эфект ад знаходжання дзiцяцi ў стацыянарным аздараўленчым лагеры. Для прыкладу, будзе рабiцца ацэнка стану дыхальнай, сардэчна-сасудзiстай сiстэм, мышачнай сiлы дзiцяцi напярэдаднi i пасля завяршэння адпачынку. Калi дзiця актыўна займалася фiзкультурай i спортам, то фiзiчныя заняткi абавязкова адаб’юцца на параметрах яго фiзiчнага развiцця. А магчыма, дзiця яшчэ i крышачку падрасце? Цi стане больш важыць? Без увагi медыкаў не застанецца нiводны набраны ў час адпачынку сантыметр i грам. Зусiм як у папулярнай савецкай кiнастужцы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У новым летнiм канiкулярным сезоне колькасць стацыянарных аздараўленчых лагераў, гатовых прыняць дзяцей, зменшыцца яшчэ на 16 адзiнак
|
|