21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Са школьнай парты за турэмныя краты?..

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мікола ДЗЯБЁЛА

Экспрэс-аналiз

Сёлета больш як 1830 вучняў удзельнiчалi ва ўчыненнi злачынстваў

Дзецi часам жорстка помсцяць нашаму грамадству за адсутнасць належнай увагi да сябе. «Цяжкiя» падлеткi нярэдка ўчыняюць цяжкiя злачынствы, не саступаючы ў лютасцi закаранелым бандытам.

Аб тым, як дзяцiнства трапляе ў палон злачыннасцi, распавядае оперупаўнаважаны па асаблiва важных справах упраўлення крымiнальнага вышуку МУС Беларусi Георгiй КАНАНОВIЧ.

— Георгiй Мiхайлавiч, якiя злачынствы найчасцей учыняюць нашы непаўналетнiя суграмадзяне?

— Самае распаўсюджанае сярод падлеткаў парушэнне закона — крадзяжы. За 5 месяцаў гэтага года iх зафiксавана 2300, што на 11 больш, чым за аналагiчны леташнi перыяд. Увогуле, больш за 70 працэнтаў усiх парушэнняў закона з боку непаўналетнiх маюць карыслiвую накiраванасць. Напрыклад, апошнiм часам вельмi часта падлеткi палююць на мабiльныя тэлефоны. Просяць у кагосьцi пазычыць «мабiльнiк», каб пазванiць, а потым знiкаюць з апаратам на вачах у гаспадара цi гаспадынi. Некаторыя, найбольш нахабныя, проста вырываюць тэлефоны з рук i ўцякаюць. Таму ўладальнiкам тэлефонаў трэба быць вельмi пiльнымi.

Але найбольшую занепакоенасць у нас выклiкаюць цяжкiя злачынствы. Напрыклад, за 5 месяцаў гэтага года непаўналетнiмi здзейснена 15 забойстваў, нанесена 30 цяжкiх цялесных пашкоджанняў, учынена 89 разбояў. Калi параўноўваць з мiнулагодняй статыстыкай, то крымiнагенная сiтуацыя ў падлеткавым асяроддзi крыху палепшылася: летась за аналагiчны перыяд было учынена 24 забойствы i 38 цяжкiх цялесных пашкоджаннняў.

Тым не менш падстаў для аптымiзму, на маю думку, пакуль няма. Бо яшчэ гадоў 10 таму назад нават адно забойства, учыненае непаўналетнiм, лiчылася надзвычайным здарэннем.

Непакоiць таксама i той факт, што ўзрасла колькасць школьнiкаў i навучэнцаў ПТВ, якiя пераступаюць закон. Сёлета злачынства ўчынiлi больш як 1830 вучняў школ i 796 навучэнцаў ПТВ. Для параўнання: за 5 месяцаў мiнулага года сярод парушальнiкаў закона было 1550 школьнiкаў i 465 «пэтэвэшнiкаў». Нярэдка непаўналетнiя ствараюць цэлыя злачынныя групы. Напрыклад, у гэтым годзе 1503 падлеткi ўчынiлi злачынствы ў складзе груп. Яшчэ 609 непаўлетнiх прымалi ўдзел у розных групавых крымiнальных справах разам з дарослымi.

— Цi азначае гэта, што беларуская арганiзаваная злачыннасць такiм чынам рыхтуе сабе папаўненне?

— Не. Залiшне драматызаваць сiтуацыю не варта. Прынамсi, мы не выявiлi фактаў мэтанакiраванай падрыхтоўкi арганiзаванымi злачыннымi групамi «маладога папаўнення». Хоць не выключана, што прафесiянальныя крымiнальнiкi маюць нейкiя стасункi з непаўналетнiмi злачынцамi. Найчасцей дзяцей у злачыннае балота ўцягваюць знаёмыя, якiя прайшлi «турэмныя унiверсiтэты». Хтосьцi з гэтых «дабрадзеяў» для падлеткаў з’яўляецца своеасаблiвым кумiрам, якому не толькi падпарадкоўваюцца, але i з якога ва ўсiм бяруць прыклад.

— Апроч памянёных «кумiраў», хто цi што яшчэ штурхае дзяцей на парушэнне закона?

— Бываюць выпадкi, калi дзяцей падбухторваюць парушаць закон самi бацькi, якiм патрэбны грошы на спiртныя напоi.

Да таго ж некаторыя падлеткi прагнуць лёгкага i прыгожага жыцця, цi проста iмкнуцца не выглядаць «белай варонай» сярод аднагодкаў.

— Што вы маеце на ўвазе?

— А хоць бы тую ж моду на мабiльныя тэлефоны. Зараз iх маюць многiя падлеткi. Вядома ж, i астатнiм таксама хочацца такую «цацку». Але ж не ўсе бацькi могуць купiць свайму мець дзiцяцi «мабiльнiк». Вось i вырашаюць некаторыя падлеткi гэтую праблему «радыкальным спосабам»: крадуць, адбiраюць сотавыя тэлефоны ў iншых.

Ёсць яшчэ адзiн, на мой погляд, немалаважны матыў — прага самавыяўлення падлеткаў. У такiм узросце многiя дзецi, нагледзеўшыся баявiкоў, галоўным лiчаць культ сiлы i iмкнуцца заваяваць лiдарства ў сваiм асяроддзi з дапамогай кулакоў.

— А якiмi матывамi кiруюцца найчасцей дзецi-забойцы?

— У асноўнымi падлеткi, як i дарослыя, учыняюць забойствы ў нецвярозым стане на так званай «бытавой глебе». Напрыклад, у Мiнску вучанiца сёмага класа сёлета забiла нажом 44-гадовую жанчыну ў час сумеснага распiцця спiртнога.

— Раней у некаторых гарадах падлеткi з розных вулiц цi мiкрараёнаў вялi бойкi «сценка на сценку». Зараз такiя выпадкi здараюцца?

— Масавых беспарадкаў такога кшталту цяпер няма. Але ў некаторых гарадах ёсць маладзёжныя групоўкi, якiя варагуюць памiж сабой. Праўда, мiлiцыя трымае iх пад кантролем i да адкрытых канфлiктаў справа пакуль не даходзiла.

Усяго ж у гэтым годзе падлеткамi ўчынена 495 хулiганстваў, што на 25 больш, чым за 5 месяцаў года мiнулага.

— Цi шмат клопату прыносяць вам фанаты, скiнхеды i сатанiсты, якiя таксама вярбуюць у свае шэрагi непаўналетнiх?

— Сапраўды, памянёныя вамi маладзёжныя групоўкi i дэструктыўныя секты ў некаторых рэгiёнах нашай краiны ёсць. Яны таксама пад кантролем. Напрыклад, мы ведаем, што ў Лiдзе iснуе групка скiнхедаў. Але яна невялiкая i неагрэсiўная. Для яе членаў важна насiць атрыбутыку i апранацца ў адмысловае аддзенне. Дарэчы, гэтая «мода» да нас даходзiць звычайна менавiта з Расii.

Футбольныя фанаты таксама пакуль паводзяць сябе мiрна.

Куды большую занепакоенасць выклiкаюць падлеткi, якiя трапляюць пад уплыў дэструктыўных сектаў. У Мазыры летась дзве непаўналетнiя ўчынiлi рытуальнае забойства 21-гадовай дзяўчыны. Секты сатанiстаў, па нашых звестках, ёсць у Жодзiне, Баранавiчах, Брэсце.

— Георгiй Мiхайлавiч, на вашу думку, непаўналетнiя парушальнiкi закона — гэта злачынцы цi ахвяры злачыннасцi?

— Злачынцамi не нараджаюцца, iмi становяцца. Я ў гэтым перакананы. Як правiла, парушаюць закон дзецi з сем’яў, дзе бацькi злоўжываюць алкаголем. Праўда, ёсць выпадкi, калi злачынствы ўчыняюць i дзецi з даволi забяспечаных сем’яў. Тут ужо iншая сiтуацыя: прабелы ў выхаваннi цi нейкi псiхалагiчны зрыў. Напрыклад, забойствы ўчыняюцца падлеткамi найчасцей не ў карыслiвых мэтах, а ў вынiку эмацыянальных узрушэнняў, нярэдка «падагрэтых» спiртным.

Вядома ж, нельга абмiнуць увагай праблему бездухоўнасцi, прапаганда культу насiлля з экранаў тэлевiзараў. Ды i некаторыя настаўнiкi не заўсёды належным чынам выконваюць свае абавязкi, ухiляючыся ад працэсу выхавання школьнiкаў.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета больш як 1830 вучняў удзельнiчалi ва ўчыненнi злачынстваў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика