21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ААТ «Беларускiя шпалеры»: рабiць жыццё прыгожым

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дызайнеры ўсяго свету прызнаюць, што адным з асноўных элементаў любога iнтэр’еру з’яўляюцца шпалеры. Ад iх правiльнага падбору ў вялiкай ступенi залежыць, наколькi сучасным, модным i ўтульным будзе агульны выгляд вашага дома цi офiса. Якасныя шпалеры будуць радаваць вас доўга i нiколi не паставяць пад пагрозу здароўе блiзкiх, дарагiх вам людзей. Таму спецыялiсты раяць выбiраць прадукцыю вядомых марак, якiя ўжо не адзiн дзесятак гадоў спецыялiзуюцца на выпуску менавiта шпалераў. I робяць гэта, захоўваючы традыцыi, з душой.

Усiм гэтым патрабаванням у поўнай меры адпавядаюць шпалеры аднаго са старэйшых вытворцаў на прасторы былога СССР i Еўропы ААТ «Беларускiя шпалеры».

З гiсторыi прадпрыемства

ААТ «Беларускiя шпалеры» па праву можна назваць неад’емнай часткай гiсторыi i адным са старэйшых прадпрыемстваў беларускай сталiцы. Заснавана Мiнская шпалерная фабрыка была яшчэ ў далёкiм 1898 годзе купцом Абрамам-Самуiлам Гiршавым Эпштэйнам. Аб чым сведчыць праект уладкавання шпалернай фабрыкi «... у iснуючым каменным доме Янкеля Поляка, якi знаходзiцца ў другой частцы горада Мiнска па Ракаўскай вулiцы», прадстаўлены ў Мiнскае губернскае праўленне i зацверджаны будаўнiчым аддзяленнем.

У 1909 годзе фабрыка згарэла, i купец Эпштэйн атрымлiвае дазвол на будаўнiцтва новай шпалернай фабрыкi на пустцы побач з Ракаўскай вулiцай — на тым месцы, дзе прадпрыемства знаходзiцца па сённяшнi дзень.

22 кастрычнiка 1910 года — дата, якая лiчыцца днём стварэння Мiнскай шпалернай фабрыкi. У гэты дзень прадпрыемства ўводзiцца ў эксплуатацыю, а ўжо ў 1912 годзе выходзiць на поўную магутнасць. Аб тым, што якасць прадукцыi прадпрыемства была на належнай вышынi ўжо ў той далёкi час, сведчыць залаты медаль, атрыманы таварыствам «А. С. Эпштэйн i сын» на Нiжагародскiм кiрмашы ў 1912 годзе.

Увогуле, да 1914 года Мiнск стаў адным з цэнтраў шпалернай вытворчасцi Расii. На тэрыторыi горада размяшчалiся пяць буйных шпалерных фабрык i некалькi саматужных прадпрыемстваў з агульнай колькасцю працуючых каля 900 чалавек, з аб’ёмам вытворчасцi шпалер у межах 150.000 кускоў за суткi. Мiнскiя шпалеры пастаўлялiся як на беларускi рынак, так i ў губернi Цэнтральнай Расii.

З пачаткам Першай сусветнай вайны i абвяшчэннем усеагульнай мабiлiзацыi, а таксама па прычыне недахвату сыравiны i матэрыялаў мясцовыя фабрыкi i заводы скарацiлi вытворчасць, а некаторыя з iх спынiлi работу ўвогуле. У 1915 годзе закрылася i шпалерная фабрыка Эпштэйна. Адновiць работу прадпрыемства толькi ў 1923 годзе па рашэнню СНГ БССР. Да пачатку красавiка быў завершаны мантаж абсталявання, а ў лiпенi сутачны выпуск складаў каля 5000 натуральных кускоў шпалераў.

10 мая 1923 года ад рукi белагвардзейскага афiцэра загiнуў паўпрэд Савецкага Саюза ў Iталii Вацлаў Вацлававiч Вароўскi. Калектыў Мiнскай шпалернай фабрыкi звярнуўся ва ўрад рэспублiкi з просьбай прысвоiць фабрыцы iмя В. В. Вароўскага. Просьба была задаволена.

Вось што пiсала «Звязда» ў нумары за 26.04. 1925 года пра поспехi прадпрыемства:

«Два гады з дня пуску ў ход Беларускай Дзяржаўнай шпалернай фабрыкi iмя Вароўскага: на фабрыцы працавала 34 чалавекі, вырабатка 7 тысяч кускоў шпалераў, зараз працуе 80 чалавек, вырабатка за дзень дасягае 21 тысячы кускоў. Зарплата ў 1923 годзе ў сярэднiм — 1 руб. 40 кап. Цяпер рабочыя зарабляюць у сярэднiм 2 рублi за дзень».

У далейшым працоўны калектыў фабрыкi пастаянна перавыконваў гадавыя планы, уключыўся ў стаханаўскi рух, штогадова павялiчваў аб’ёмы вытворчасцi. У пачатку 1941 года фабрыку спынiлi на рамонт i рэканструкцыю, а 22 чэрвеня пачалася вайна.

Падчас акупацыi Мiнская шпалерная фабрыка была спалена. Уводзiлi яе ў будоўлю ўжо ў красавiку 1946 года.

За наступныя гады работы Мiнскай шпалернай фабрыкi ў яе актыве з’явiлася шмат працоўных дасягненняў, усемагчымых адзнак i ўзнагарод, было асвоена мноства новых вiдаў прадукцыi, высокая якасць якой атрымала народнае прызнанне. Так, толькi па вынiках агляду-конкурсу «Шпалеры-78» працаўнiкам Мiнскай шпалернай фабрыкi прысуджана 12 медалёў ВДНГ СССР.

Прынцыпова новы перыяд развiцця фабрыкi пачаўся з поўнага тэхнiчнага пераўзбраення вытворчасцi ў 90-я гады ХХ стагоддзя. Разам з развалам былога СССР былi парушаны i многiя вытворчыя i гандлёвыя сувязi прадпрыемства. На айчынны рынак хлынула плынь шпалераў з-за межаў краiны, вырабленых спосабам глыбокага i флексаграфiчнага друку. Попыт на шпалеры высокага друку Мiнскай фабрыкi рэзка зменшыўся. Паўстала пытанне выжывання прадпрыемства: якiм шляхам iсцi i якую прадукцыю выпускаць?

Загадам Дзяржаўнага камiтэта па кiраванню дзяржаўнай маёмасцю i прыватызацыi ад 29 снежня 1993 года дзяржаўнае прадпрыемства «Мiнская шпалерная фабрыка» пераўтвараецца ў адкрытае акцыянернае таварыства «Беларускiя шпалеры». У працоўнага калектыву разам з насельнiцтвам горада — 61,3 працэнта акцый, i 38,7 працэнта — у дзяржавы.

У ААТ «Беларускiя шпалеры» быў вызначаны магiстральны шлях развiцця прадпрыемства: у максiмальна сцiслыя тэрмiны ажыццявiць поўнае тэхнiчнае пераўзбраенне шпалернай вытворчасцi, наладзiць выпуск высакаякасных шпалераў, канкурэнтаздольных на беларускiм i замежных рынках, прычым па значна больш нiзкаму кошту, чым тыя, што пастаўлялiся ў Беларусь з-за мяжы.

Складанейшыя задачы, дзякуючы самаадданай працы кiраўнiцтва фабрыкi, усяго калектыву, былi вырашаны.

Традыцыi i сучаснасць

— Сёння ААТ «Беларускiя шпалеры» выпускае практычна ўсе вiды шпалераў, за выключэннем вiнiлавых, — расказвае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Iгар БАЛВАНЕНКА. — Асвоены выпуск шпалераў глыбокага друку, у тым лiку водаўстойлiвых, глыбокага друку рэльефных профiльных ўспененых (пенашпалеры), шпалераў глыбокага друку на двухслойнай клеенай аснове рэльефных цiснёных «Дуплекс», у тым лiку i з асiметрычным цiсненнем, шпалераў флексадруку рэльефных цiснёных з рапортам, столевых шпалераў i шпалераў пад афарбоўку. Шпалеры ўсiх вiдаў могуць выпускацца з выкарыстаннем металiзаваных пiгментаў i фарбы-глiтар «золата» i «срэбра».

Нягледзячы на тое, што тэхналогiя выпуску шпалераў за тыя 95 гадоў, што наша фабрыка iх выпускае, кардынальна змянiлася, усё ж гэта застаюцца папяровыя шпалеры, якiя па цане i якасцi даступныя кожнаму пакупнiку.

У параўнаннi, скажам, з 90-мi гадамi змянiлася i структура вытворчасцi ў бок пенашпалераў. Сёння яны складаюць больш за 60 працэнтаў нашай прадукцыi.

Увогуле асвоены выпуск больш як 120 малюнкаў шпалераў з шырокай колеравай гамай (4—6 каларыстык на малюнак) i розным характарам дызайну — для жылых памяшканняў, офiсаў, памяшканняў iншага прызначэння.

Сёння вытворчасць шпалераў ажыццяўляецца на абсталяваннi вытворчасцi Германii, Вялiкабрытанii, мадэрнiзаваным з улiкам сучасных тэхналогiй i матэрыялаў. Гэта дзве лiнii глыбокага друку «Фiшар-Крэке», пяць лiнiй па вытворчасцi пенашпалераў «Пламаг», тры цiснiльна-склеечныя лiнii, пяць лiнiй флексадруку з цiсненнем у рэгiстр. Назапашванне i мадэрнiзацыя абсталявання адбывалiся паступова па меры неабходнасцi.

Пры вытворчасцi шпалераў выкарыстоўваецца папера вытворчасцi Беларусi, Расiйскай Федэрацыi, фарбы i пiгменты для друку вытворчасцi РБ, РФ, Лiтвы, Германii i Бельгii. Усе пастаўкi ў абавязковым парадку суправаджаюцца сертыфiкатамi якасцi на прадукцыю i пасведчаннямi гiгiенiчнай рэгiстрацыi.

На прадпрыемстве працуе высокаквалiфiкаваны персанал. Больш як 74 працэнты кiруючага саставу, спецыялiстаў i служачых ААТ маюць вышэйшую адукацыю. Штогод прафесiйную падрыхтоўку праходзяць каля 100 чалавек.

Для паспяховай рэалiзацыi прадукцыi i вывучэння пакупнiцкага попыту створаны i паспяхова працуе фiрменны гандлёвы дом «Беларускiя шпалеры» ў Мiнску. Ва ўсiх буйных гарадах Беларусi створаны фiрменныя секцыi па продажы шпалераў.

Даволi паспяхова працуе наш «Дызайн-цэнтр», аснашчаны па апошняму слову тэхнiкi. Усе нашы мастакi, а iх чатыры, дасканала валодаюць не толькi алоўкам, але i сучаснымi спецыялiзаванымi камп’ютарнымi праграмамi. Поўнасцю аўтаматызаваная i лiнiя падбору фарбаў. На цяперашнiм этапе, каб вырабiць сучасную якасную прадукцыю, без адпаведных ведаў i «разумнай» тэхнiкi не абысцiся.

Супрацоўнiчаем i з асацыяцыяй «Рособои», якая вось ужо другi год запар праводзiць семiнары для вытворцаў шпалераў, дзе прысутнiчаюць i нашы прадстаўнiкi. Двойчы ў год бяром удзел у выставах «Хозторг», дзе з дапамогай сваiх стэндаў таксама вывучаем iнтарэсы пакупнiкоў i попыт.

Штомесяц на прадпрыемстве праводзяцца мастацкiя саветы з удзелам прадстаўнiкоў гандлёвых арганiзацый, нашых буйных дылераў з суседнiх краiн, на якiх разглядаюцца ўзоры шпалераў, не абавязкова нашых, якiя сёння карыстаюцца павышаным попытам.

— Якiя шпалеры сёння ў модзе? Што можна сказаць пра сусветныя тэндэнцыi ў галiне?

— Каб не адставаць ад моды ў галiне шпалераў, штогод дэлегацыя нашага прадпрыемства, у склад якой уваходзяць мастакi, каларысты, маркетолагi, тэхнолагi, наведвае спецыялiзаваную выстаўку «Нeimtextil» (Германiя). Гэта буйнейшая мiжнародная выстаўка, на якой прадстаўлена ўсё, што звязана з тэкстылем, iнтэр’ерам: дываны, гардзiны, абрусы i г. д. Адзiн з павiльёнаў прысвечаны шпалерам.

Мяркуючы па тым, што мы прадаём каля 60 працэнтаў пенашпалераў, менавiта яны i з’яўляюцца сёння найбольш запатрабаванымi. Згодна з даследаваннем той жа асацыяцыi «Рособои», вiнiл дастаткова папулярным застаецца ў большасцi краiн Заходняй Еўропы.

Што датычыцца дызайну, то тут нашым спажыўцам блiжэй еўрапейскiя ўзоры. Азiяцкiя i амерыканскiя дызайны на нашым рынку прадстаўлены вельмi слаба, i ў першую чаргу з-за незапатрабаванасцi.

— Апошнiм часам спажыўцы даволi вялiкую цiкавасць праяўляюць да шпалераў, якiя можна мыць, i да шпалераў «пад афарбоўку».

— Гэта не зусiм правiльнае вызначэнне. Большасць нашых шпалераў маюць маркiроўку «С» — устойлiвыя да сухога сцірання. Iснуюць яшчэ маркi «В-0», «В-1», «В-2» i «М». «В-0», якiя мы выпускаем, — гэта водаўстойлiвыя пры наклейваннi. Ёсць водаўстойлiвыя пры эксплуатацыi. Для iх вытворчасцi выкарыстоўваецца латэкснае пакрыццё папяровых шпалераў. Яны выдатна падыходзяць для кухнi.

Што датычыцца шпалераў «пад афарбоўку», то мы выпускаем папяровыя шпалеры, якiя можна фарбаваць акрылавай фарбай. Днямi наша прадпрыемства выпусцiла пробную партыю шпалераў «пад афарбоўку» на флiзелiнавай аснове. Гэта не папера. Матэрыял больш устойлiвы. Спажыўцоў у iм прываблiвае тое, што iх прасцей клеiць: клей наносiцца толькi на сцяну. Зараз узгадняецца кошт новай прадукцыi. Зразумела адно: ён будзе значна нiжэйшы, чым кошт замежных аналагаў.

Сярод нашых новых распрацовак можна назваць тэкстыльныя шпалеры.

За дынамiку вытворчасцi i абнаўленне асартыменту, значнае павелiчэнне аб’ёмаў рэалiзацыi, эфектыўнасць i высокую якасць прадукцыi ААТ «Беларускiя шпалеры» ўдастоена шматлiкiх мiжнародных узнагарод. Сярод iх «Гран-пры» (Парыж, 1998 г.), дыпломы Расiйскай асацыяцыi вытворцаў шпалераў «За лепшае выкарыстанне дэкаратыўных тэхналогiй», «За лепшы камплект дуплексных шпалераў», «За шпалеры з выкарыстаннем акрылавай афарбоўкi», «За цiкавае каларыстычнае рашэнне», «За актуальнасць i канкурэнтаздольнасць прадстаўленай прадукцыi на рэгiянальным рынку»; Дыплом нацыянальнай выстаўкi Рэспублiкi Беларусь у г. Казанi, а таксама Дыплом нацыянальнай выстаўкi «Беларусь-2005» «За пераканаўчую дэманстрацыю камерцыйных магчымасцяў, маркетынгавую палiтыку па прасоўванню шырокага асартыменту навiнак i перспектыўных тэхналогiй...».

У 2001 i 2004 гадах ААТ узнагароджана Ганаровай граматай Дзяржстандарта РБ «За ўклад у развiццё прамысловасцi, выпуск прадукцыi высокай якасцi». У 2004 годзе прадпрыемства становiцца лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублiкi Беларусь», у 2002 i 2005 гадах — лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублiкi Беларусь на рынку Расiйскай Федэрацыi».

Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што прадукцыя ААТ «Беларускiя шпалеры» заняла сваю цэнавую нiшу на рынку i карыстаецца ўстойлiвым попытам у спажыўцоў. Якасць мiнскiх шпалераў пацвярджаецца адпаведным сертыфiкатам. А нядаўна прадпрыемствам сертыфiкавана сiстэма кiравання навакольным асяроддзем на адпаведнасць патрабаванням СТБ IСО 14001.

Якасць, прызнаная ў свеце

Як расказаў начальнiк аддзела рэалiзацыi Вiктар ЧАЙКА, вялiкiм попытам прадукцыя ААТ «Беларускiя шпалеры» карыстаецца за межамi нашай краiны. Ахвотна мiнскiя шпалеры закупляюць Балгарыя, Польшча, рэспублiкi Прыбалтыкi, Украiна, дзе прадукцыя прадпрыемства прадстаўлена ва ўсiх буйных гарадах: Харкаве, Днепрапятроўску, Луганску i iнш. У Расiйскай Федэрацыi, якая з’яўляецца самым буйным iмпарцёрам мiнскiх шпалераў, прадукцыя ААТ прадстаўлена ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, сярэдняй паласе Расii, Паволжы, Паўднёвай, Уральскай, Сiбiрскай федэральных акругах, Калiнiнградскай вобласцi. Там усюды маюцца дылеры «Беларускiх шпалераў». Толькi дзякуючы дылерам у Сiбiрскай федэральнай акрузе мiнскiя шпалеры прадаюцца ў Краснаярску, на Далёкiм Усходзе, у Забайкаллi. Таксама прадукцыя ААТ прадстаўлена ў 16 буйных гарадах Казахстана.

«У будучыню глядзiм упэўнена»

Як нi парадаксальна, але найбольш красамоўна аб становiшчы спраў на любым прадпрыемстве гавораць сухiя лiчбы.

ААТ «Беларускiя шпалеры» паспяхова выконвае мэтавыя паказчыкi прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця, даведзеныя канцэрнам «Беллеспаперапрам». Так, за 9 месяцаў гэтага года тэмпы росту таварнай прадукцыi ў суадносных цэнах склалi 113,1 працэнта пры заданнi 107 працэнтаў. Узровень рэнтабельнасцi рэалiзаванай прадукцыi склаў 8,2 працэнта.

Найбольш прывабна выглядаюць экспартныя паказчыкi. Так, тэмпы росту экспарту тавараў склалi 122,8 працэнта (заданне — 113 працэнтаў), а тэмпы росту валютных паступленняў — 173 працэнты пры заданнi 107 працэнтаў. Увогуле ж паказчык велiчынi станоўчага сальда склаў 183,3 працэнта пры заданнi 130 працэнтаў.

Пэўную ўпэўненасць у заўтрашнiм днi ўнушае i выкананне вытворчай праграмы, прадукцыйнасць працы, якая ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года склала 113,8 працэнта.

Да 2659 мiльёнаў рублёў супраць 2561 павялiчыўся прыбытак ад рэалiзацыi (103,8 працэнта). Балансавы прыбытак павялiчыўся да 117,9 працэнта. Плацяжы ў бюджэт за 10 месяцаў 2005 года склалi 9312,3 мiльёна рублёў.

З клопатам аб людзях

— Калектыўны дагавор ААТ «Беларускiя шпалеры» ў свой час прайшоў экспертызу ў прафсаюзе «Лясной дрэваапрацоўчай i папяровавытворчай прамысловасцi» i прызнаны адным з лепшых у галiне, — расказаў намеснiк генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Георгiй ЧУХОНСКI.

Пры фабрыцы працуе сталовая на 40 пасадачных месцаў 3-й нацэначнай катэгорыi, паслугi якой карыстаюцца высокiм попытам не толькi ў работнiкаў прадпрыемства, але i ў служачых суседнiх арганiзацый. Адметна, што работнiкi ААТ у сталовай могуць харчавацца... у крэдыт. Дарэчы, як i набываць прадукты ў краме пры прадпрыемстве. Выбраныя сумы будуць вылiчаны з зарплаты.

Не скардзiцца на недастатковую ўвагу i лячэбна-аздараўленчы комплекс прадпрыемства. У яго склад уваходзяць тэрапеўтычны, працэдурны, стаматалагiчны i масажны кабiнеты. Вопытныя спецыялiсты заўсёды гатовы аказаць высокаквалiфiкаваную дапамогу работнiкам фабрыкi.

Не забываюцца на ААТ i пра здаровы лад жыцця. Нядаўна створана спартыўная зала, якую аснасцiлi сучаснымi трэнажорамi.

— Вялiкiя льготы на прадпрыемстве маюць адзiнокiя мацi. Штомесяц iм выплачваецца матэрыяльная дапамога — тры базавыя велiчынi, — адзначыў Георгiй Васiльевiч.

Усiм работнiкам, хто адпрацаваў больш як год, аказваецца матэрыяльная дапамога да адпачынку ў залежнасцi ад стажу работы. Не праблема на прадпрыемстве ўзяць i пуцёўку ў санаторый цi прафiлакторый.

Не забываюцца на фабрыцы i пра ветэранаў. Работнiкi, якiя даўно працуюць на прадпрыемстве, да 50-гадовага i наступных юбiлеяў узнагароджваюцца Ганаровымi граматамi i даволi важкiмi грашовымi прэмiямi. Пенсiянерам два разы на год аказваецца дапамога.

Ёсць яшчэ i навагоднiя падарункi дзецям, прэмii да 8 сакавiка i 23 лютага, да прафесiйнага свята...

***

Нягледзячы на стабiльную работу прадпрыемства, высокую якасць i запатрабаванасць яго прадукцыi, пастаяннае пашырэнне рынкаў збыту, пэўныя трывожныя ноткi час ад часу гучалi ў гутарках з работнiкамi ААТ «Беларускiя шпалеры». Як высветлiлася, выклiканы яны чуткамi пра магчымы вынас фабрыкi за межы горада. Мякка кажучы, не лепшы стымул у працы... Што ж адбываецца?

— Усе прэтэнзii па ўплыву нашай вытворчасцi на экалогiю, якiя нехта можа нам сёння прад’явiць, не маюць пад сабой падстаў, — адзначыў iнжынер-эколаг Барыс Мiкалаевiч НАГОРНЫ. — Справа ў тым, што ААТ «Беларускiя шпалеры» сёння мае самыя высокiя паказчыкi экалагiчнага стану: па катэгорыi небяспекi — чацвёрты, па санiтарнай класiфiкацыi — пяты. Многiя вытворчасцi, размешчаныя па суседству ў цэнтры горада, пра такое могуць толькi марыць. Да таго ж наша прадпрыемства сертыфiкавала сiстэму кiравання навакольным асяроддзем на адпаведнасць патрабаванням СТБ IСО 14001. На сённяшнi дзень гэтым могуць пахвалiцца адзiнкi не толькi ў сталiцы, але i ўвогуле ў краiне.

Не вытрымлiвае крытыкi i так званы гiстарычны падыход. Маўляў, не месца прамысловаму прадпрыемству ў гiстарычным цэнтры горада. Але дазвольце запытаць: калi фабрыка, заснаваная яшчэ ў XIX стагоддзi, не гiстарычная каштоўнасць, то што ж з’яўляецца гiсторыяй горада? Дарэчы, у цяперашнi час у ААТ «Беларускiя шпалеры» ажыццяўляецца падрыхтоўка матэрыялаў для перадачы iх у Мiнiстэрства культуры з прапановай па наданню шпалер-друкавальнай вытворчасцi статусу каштоўнасцi з наступным уключэннем яе ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь...

Матэрыялы падрыхтавалі Віктар ПАЗНЯКОЎ, Сяргей ПРОТАС, Яўген ПЯСЕЦКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дызайнеры ўсяго свету прызнаюць, што адным з асноўных элементаў любога iнтэр’еру з’яўляюцца шпалеры. Ад iх правiльнага падбору ў вялiкай ступенi залеж
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика