СтэвiяРубрыку вядзе Ірына Самулевіч, тэл. 287-18-74 Наша чытачка з 30-гадовым стажам Галiна Мiкалаеўна Сiнькевiч з Мiнска просiць расказаць пра такую раслiну, як стэвiя, i пра тое, як яе можна вырасцiць. Выконваем вашу просьбу, паважаная Галiна Мiкалаеўна.У далёкiя часы, калi людзi яшчэ не ведалi цукру, а Амерыка не была адкрыта Калумбам, iндзейцы племенi гуаранi выкарыстоўвалi цудоўную траву. Дастаткова было дадаць у кубак некалькi лiстоў гэтай травы — i напой станавiўся вельмi салодкiм. Навуковая назва гэтай раслiны — стэвiя рэбаўдзiяна. Радзiма стэвii — Паўднёвая Амерыка. Iндзейцы старанна захоўвалi сакрэт салодкай раслiны, i таму толькi ў 1887 г., дзякуючы паўднёва-амерыканскаму натуралiсту Антонiо Бертонi, стэвiя стала вядома i ўсяму астатняму свету. Яе лiсце ў 10—15 разоў саладзейшае, чым цукар. Так адбываецца таму, што раслiна назапашвае i змяшчае складанае рэчыва — стэвiязiд. Зараз стэвiязiд — гэта самы салодкi прыродны прадукт. У чыстым выглядзе ён саладзейшы за цукар у 300 разоў, але ў адрозненне ад цукру змяшчае вельмi мала калорый, не павышае ўзровень глюкозы ў крывi i валодае лёгкiм антыбактэрыяльным дзеяннем. Менавiта таму стэвiязiд лiчыцца iдэаль-ным заменнiкам цукру як для здаровых людзей, так i для тых, якiя пакутуюць ад дыябету, атлусцення, сардэчна-сасудзiстых расстройстваў i iншых парушэнняў абмену рэчываў. Стэвiя — гэта шматгадовая раслiна сямейства астравых. У прыродзе дасягае вышынi 60—80 см. Уяўляе сабой вельмi галiнасты куст. Лiсце простае; кветкi белыя, дробныя; каранёвая сiстэма добра развiтая. Стэвiя — паўднёвая раслiна. Таму чым больш цяпла i святла яна атрымае, тым будзе саладзейшая. Аптымальныя ўмовы для росту стэвii — сонечнае, без скразнякоў месца з тэмпературай паветра 22—28°С. Стэвiя можа расцi на розных глебах, але лепш за ўсё расце на лёгкiх (пясчаных цi супясчаных), рыхлых, са слабакiслай рэакцыяй. У прыродзе стэвiя размнажаецца насеннем, аддзяленнем разетак лiсця цi ўкараненнем чаранкоў. У нашых умовах яна не зiмуе, таму вырошчваць яе можна як пакаёвую раслiну або як раслiну адкрытага грунту расадным спосабам. Сяўбу насення праводзяць у канцы сакавiка—пачатку красавiка. Зямельную сумесь рыхтуюць без дабаўлення торфу з дзвюх частак пяску i адной часткi перагною. Дробнае насенне высяваюць, не закрываючы, у добра ўвiльготнены субстрат, накрываюць шклом цi плёнкай i ставяць у цёплае месца. Калi пераважная большасць насення дасць расткi, шкло здымаюць, а расаду змяшчаюць у самае светлае i цёплае месца. Тэмпература не павiнна апускацца нiжэй за 15°С! Пасля з’яўлення некалькiх сапраўдных лiстоў сеянцы асцярожна, разам з камяком зямлi, перасаджваюць у асобныя ёмiстасцi, заглыбляюць па першыя лiсткi. Сумесь для перасадкi такая ж, як i раней. Расаду рэгулярна палiваюць i раз у тыдзень падкормлiваюць растворам комплекснага ўгнаення. Высадка расады ў адкрыты грунт робiцца тады, калi мiне пагроза веснавых замаразкаў, а дзённая тэмпература падымецца да 15—20°С. У асноўным гэта канец мая—пачатак чэрвеня. Высадку пажадана праводзiць увечары цi ў пахмурнае надвор’е, па адной раслiне ў лунку глыбiнёй 6—8 см, з адлегласцю памiж раслiнамi 25—30 см. Пры такой пасадцы раслiны будуць падтрымлiваць i абараняць адна адну ад пашкоджанняў дажджом i ветрам. Адразу пасля пасадкi палiць цёплай вадой i акучыць сухой зямлёй на 1/3 вышынi раслiны. Догляд заключаецца ў частых праполках, перыядычным неглыбокiм рыхленнi, частых i шчодрых палiвах. Засуху, нават невялiкую, стэвiя пераносiць дрэнна, аднак i застой вады ёй таксама шкодны. Падкормкi робяць праз кожныя 10—15 дзён. Ураджай пачынаюць збiраць у пачатку цвiцення. Менавiта ў гэты перыяд у лiсцi стэвii назапашваецца максiмальная колькасць стэвiязiду. Цвiценне наступае праз 16—18 тыдняў пасля сяўбы. Цiкава, што працягласць светлавога дня ўплывае на рост i развiццё раслiны. Кароткiя днi садзейнiчаюць хуткаму цвiценню i ўтварэнню насення. Больш доўгiя днi садзейнiчаюць утварэнню новых галiнак i лiсця i, адпаведна, павышаюць колькасць стэвiязiду ў лiсцi. Уборка стэвii вельмi простая. Сцябло раслiны зразаюць на вышынi 5-6 см над зямлёй i сушаць у светлым памяшканнi, якое праветрываецца, звязаўшы пучкамi цi разлажыўшы на некалькiх слаях паперы. У першы сезон стэвiя расце вельмi марудна, таму яе мэтазгодна вырошчваць як шматгадовую раслiну з выкопваннем карэнiшча на зiму i захоўваннем у спецыяльных умовах. Карэнiшчы разам з камяком зямлi выкопваюць i змяшчаюць у драўляныя скрынi, на дно якiх насыпаны слой зямлi 3—5 см. Карэнiшча кладуць у скрынi i засыпаюць вiльготнай зямлёй так, каб над паверхняй заставалiся толькi «пянёчкi» зрэзаных сцёблаў. Захоўваць пры тэмпературы не вышэй за +8°С (iнакш пупышкi крануцца ў рост) i не нiжэй за +4°С (пупышкi вымерзнуць). Вiльготнасць паветра 80—85 працэнтаў. Прыдатнае месца для захоўвання карэнiшча стэвii, калi няма склепа, — нiжняя палiца халадзiльнiка цi зашклёны i ўцеплены балкон. У наступны сезон тэмпы росту раслiны значна павялiчацца. Самы просты спосаб нарыхтоўкi стэвii — гэта сушка i экстрагаванне. ЭКСТРАКТ СТЭВII. Ён у 200—300 разоў саладзейшы, чым цукар. 0,25 ч. лыжкi экстракту можа замянiць 1 кубак (шклянку) цукру. Для прыгатавання экстракту лiсце залiць чыстым харчовым спiртам (можна выкарыстаць гарэлку) i пакiнуць на суткi. Вадкасць адфiльтраваць. Колькасць алкаголю можна зменшыць, для чаго экстракт павольна награваць на слабым агнi (не кiпяцiць!). Падобным чынам можна зрабiць i водны экстракт стэвii, але ён будзе менш эфектыўным. Вадкi экстракт, як водны, так i спiртавы, можна выпарыць i зрабiць сiроп. У залежнасцi ад канцэнтрацыi яго дадаюць замест цукру ў многiя стравы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша чытачка з 30-гадовым стажам Галiна Мiкалаеўна Сiнькевiч з Мiнска просiць расказаць пра такую раслiну, як стэвiя, i пра тое, як яе можна вырасцiць |
|