«ЦУМ Мiнск» сустракае вас падарункамiВЯСЁЛАЕ НАВАГОДНЯЕ КАРАЛЕЎСТВА Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з намеснiкам дырэктара універмага Юрыем КОТАВЫМ — Для пачатку давайце скажам, Юрый Пятровiч, што ваша гандлёвае прадпрыемства — адно з буйнейшых, калi не самае буйное ў Беларусi... — Так, гандлёвыя плошчы ЦУМа складаюць 10 тысяч квадратных метраў. Штодзённа абслугоўваем 30—40 тысяч пакупнiкоў. У нас самы вялiкi сярод прадпрыемстваў гандлю рэспублiкi штомесячны тавараабарот i, вiдаць, самы насычаны асартымент. Падрыхтоўку да святаў Ражства i Новага года мы заўсёды пачынаем загадзя — заказваем i завозiм проста велiзарныя аб’ёмы тавараў каляднага i навагодняга асартыменту, упрыгожваем гандлёвыя залы, калектыўнымi намаганнямi стараемся стварыць атмасферу святочнасцi на ўсiх пяцi паверхах, бо ад яе ў многiм залежыць эфектыўнасць нашай работы i ўражанне ад ЦУМа ў наведвальнiкаў. Сам перадсвяточны гандаль ужо iдзе поўным ходам. Практычна з 1 лiстапада пачалi шырокi продаж ёлачных цацак i ўпрыгажэнняў, iншых навагоднiх аксесуараў, а таксама штучных ёлак. I наогул рэалiзацыю ўсяго надзвычай шырокага набору навагоднiх тавараў: гэта i падарункавы асартымент, i моднае адзенне i абутак для дарослых i дзяцей, упрыгажэннi, цацкi i гэтак далей. — Якiм чынам можна скласцi ўяўленне аб аб’ёмах перадсвяточнага гандлю? — Каб найбольш поўна забяспечыць пакупнiцкi попыт, сёлета мы завезлi разнастайных тавараў навагодняга i падарункавага асартыменту амаль на пяць мiльярдаў рублёў. Што сёння карыстаецца найбольшым попытам? Скажам перш за ўсё пра ёлкi. Iх мы прапануем 38 вiдаў — розных памераў, па рознай цане, пачынаючы ад 8 тысяч i да 480 тысяч рублёў. Па такой цане прадаюцца, канешне, вельмi высокiя, трохметровыя штучныя дрэўцы. А ёсць «расточкам» i па 20 сантыметраў — каму што падабаецца. I прадаём больш за 360 вiдаў упрыгажэнняў для «лясных прыгажунь» — i для тых, што сапраўды прыедуць з беларускага бору, i для нашых, з магазiна. Маем больш за сто вiдаў рознага роду навагоднiх сувенiраў. Мiшура, электрагiрлянда ёлачная — больш за 25 вiдаў па цане ад 800 рублёў да 15 тысяч. Наборы шароў, хлапушкi, свечкi бенгальскiя, серпанцiн, канфецi — калi ласка. Стварылi нават дадатковую брыгаду i арганiзавалi новыя рабочыя месцы на першым паверсе гандлёвай залы для продажу менавiта гэтай прадукцыi — такi на яе iснуе попыт. Дастаткова шырокай папулярнасцю карыстаюцца маскарадныя касцюмы для дзяцей. Сёння больш як 30 вiдаў такiх касцюмаў — толькi са штучнага футра вытворчасцi Жлобiнскай фабрыкi «Белфа», яе хацелася б адзначыць асаблiва. Вельмi прыгожыя, нават шыкоўныя маскарадныя касцюмы. Акрамя таго хлопчыкам i дзяўчынкам прапануюцца прыгожыя сукенкi i касцюмчыкi для навагоднiх ранiшнiкаў. Таксама нашы, беларускiя. — Не выпадкова ў вас на ўсiх паверхах лозунгi: «Купляйце беларускае»... — Мы звяртаем асаблiвую ўвагу пакупнiкоў на падарункавую прадукцыю айчынных таваравытворцаў. Скажам, у ЦУМе ў поўным аб’ёме прысутнiчае ў продажы ўсё, што выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беларускiя мастацкiя промыслы». I ў нас заключана больш за 700 дагавораў увогуле з беларускiмi таваравытворцамi на пастаўку прадукцыi, удзельная вага айчынных тавараў у агульным аб’ёме рэалiзацыi займае зараз 70 працэнтаў. Каб прыцягнуць увагу пакупнiкоў да нашых, беларускiх тавараў, праводзiм рознага роду рэкламныя акцыi, падкрэслiваем гэта мастацкiм афармленнем вiтрын. Чаму робiм такi акцэнт на беларускiх таварах? Яны — высокай якасцi, у шырокiм асартыменце. Я павiнен сказаць, што ў гэтым годзе наша прамысловасць набiрала абароты, асаблiва швейнiкi, трыкатажнiкi, iншыя калектывы лёгкай прамысловасцi — менавiта ў вытворчасцi тавараў шырокага ўжытку, для масавага пакупнiка. Прамыслоўцы такую нашу пазiцыю ацанiлi, аб чым сведчыць i вось гэты ганаровы дыплом ад кiраўнiцтва канцэрна «Беллегпрам» за плённае супрацоўнiцтва, якi я трымаю на бачным месцы. — Але давайце прадоўжым наша «падарожжа» па перадсвяточных прылаўках цэнтральнага унiвермага. — Як мне здаецца, абсалютна заканамерным попытам перад Новым годам карыстаюцца ювелiрныя вырабы i ўпрыгажэннi. Цалкам забяспечыць пакупнiцкi попыт дапамагае калектыў Гомельскага завода «Крышталь». У гэтым годзе там падрыхтавалi новую калекцыю, у якой прадстаўлены вырабы са звычайнага i белага золата, са штучнымi камянямi i нават з брыльянтамi. Так што маем што прапанаваць, прычым пакупнiкам з розным дастаткам. Скажам, залатыя пярсцёнкi прадаём ад 47 тысяч за грам. Калекцыя вельмi вялiкая, выбар надзвычай шырокi. Традыцыйна вялiкi попыт перад Новым годам на тавары дзiцячага асартыменту — гэта цацкi, рознага роду канструктары, трансформеры, механiчныя цацкi i г.д. Тут нам дапамагаюць задаволiць пакупнiка нашы пастаянныя пастаўшчыкi — айчынныя прадпрыемствы «Радуга», «Свiтанак», сумеснае прадпрыемства «Мальвiна» i iншыя. Мiнскi гадзiннiкавы завод «Луч» таксама падрыхтаваў сваю новую калекцыю. Мы лiчым, што ўся iх прадукцыя — гэта падарункавы асартымент. Адных толькi насценных гадзiннiкаў да Новага года яны падрыхтавалi да 40 найменняў. Гэта абсалютна новыя вырабы, яны павiнны будуць замянiць пастаўкi аналагiчнага тавару з Расii. Пастаралiся нашы вытворцы парфумерна-касметычнай прадукцыi «Дзiлiс Маркет» — паставiлi новыя вiды адэкалонаў i духоў да свята. Вядомае наша прадпрыемства «Белкасмекс» прапануе новую серыю «Архiдэя» i серыю «Дамашнi касметолаг». Новую лiнiю касметычных сродкаў выпусцiла СП «Белiта», называецца «Дыяментавая нiць». I iншыя прадпрыемствы робяць усё, каб падарыць пакупнiкам цудоўныя навагоднiя святы. — А калi гаварыць аб прадукцыi швейных, тэкстыльных, абутковых прадпрыемстваў? — То варта адзначыць, што нашы прадпрыемствы — такiя як «Цэнтр моды», «Дзiёма», «ЭльНiколь», «Нэлва» i iншыя прапануюць сёння больш за 100 мадэляў жаночых касцюмаў, у тым лiку да навагодняга вечара. Не менш чым 40 абсалютна новых мадэляў туфляў, мадэльнага абутку да навагодняга балю. Напрыклад, прыгожыя жаночыя туфлi ад такiх пастаўшчыкоў, як «ЛегГранд», «Белвест», туфлi мужчынскiя таксама ад «ЛегГранда», ад «Марко» i «Белвеста» — недзе каля 30 арыгiнальных мадэляў. Абнаўленне асартыменту па большасцi груп тавараў у цэлым складае 60 працэнтаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца новыя матэрыялы — трыкатажныя i карункавыя палотны ў спалучэннi з натуральнай скурай, велюр яркiх колераў — блакiтны, чырвоны i г.д. — Паўжартам, паўсур’ёзна, але дазвольце напомнiць, што новы, 2006 год па кiтайскаму календару — год Сабакi... — Мы звяртаем на гэта ўвагу i стараемся, каб была шырока прадстаўлена сувенiрная прадукцыя «па тэме». Своечасова размясцiлi заказы на беларускiх прадпрыемствах, якiя займаюцца выпускам сувенiрнай прадукцыi, i зараз сувенiры прадстаўлены на любы густ. У прыватнасцi, посуд Мiнскага i Добрушскага фарфоравых заводаў з мастацкiм тэматычным роспiсам, iх жа статуэткi, фiгуркi сiмвала года — сабакi, а таксама Снегавiкоў, Дзядоў Марозаў, Снягурак i гэтак далей. Будзеце збiрацца ў госцi, то не давядзецца iсцi з пустымi рукамi — за гэта можна не хвалявацца. Як i за тое, дзе прыгожа ўпакаваць i аформiць набыты каштоўны падарунак цi проста сувенiр — усё гэта можна зрабiць прама ў нас, на першым i другiм паверхах. — Звычайна ў вас насычаная праграма святочных мерапрыемстваў. Ва ўсякiм разе, так было раней. — I зараз у нас будуць праводзiцца традыцыйныя выстаўкi-продажы, паказы мадэляў, пашыраныя распродажы, канферэнцыi пакупнiкоў. На снежань запланавалi больш за 20 навагоднiх паказаў мадэляў з дэманстрацыяй вырабаў беларускiх таваравытворцаў. Будуць у гэтым месяцы дэманстрацыi i мадэляў «Цэнтра моды», i дзiцячага прыгожага абутку, жаночага трыкатажу, жаночых сумак i аксесуараў да навагодняга вечара — запрашаем у нашу дэманстрацыйную залу. Аб днях правядзення гэтых мерапрыемстваў можна даведацца ва унiвермагаў. — Дазвольце, Юрый Пятровiч, пацiкавiцца: а даўганогiх прыгажунь-мадэляў для паказу адзення i абутку вы запрашаеце з Дома мод? — Не ўгадалi. Усе паказы i дэманстрацыi моднага адзення праводзiм сваiмi сiламi, для чаго арганiзавалi ў сябе групу дэманстратараў мадэляў. 26 нашых прыгажунь-прадаўшчыц з секцый займаюцца па спецыяльнай праграме, па якой вядзецца падрыхтоўка прафесiянальных мадэляў. Так што тавар яны змогуць паказаць дастойна. Плануем зрабiць да святаў планавую ўцэнку тавараў, як гэта прынята. Ужо знiзiлi цэны на некаторыя спартыўныя тавары, у прыватнасцi на спартыўны абутак — цана на яго знiжана ў сярэднiм на 20 працэнтаў. Такi вось сумесны падарунак пакупнiку — ад нас i вытворцаў. Знiжаны цэны на асобныя вiды верхняга трыкатажу з маркай пiнскага «Палесся». I яшчэ. Напярэдаднi навагодняга свята наведвальнiкаў ЦУМа на працягу чатырох вечароў — 23, 26, 28 i 29 снежня перад уваходам ва унiвермаг будуць весялiць прафесiянальныя акцёры — наладжваецца тэатралiзаваная забаўляльная святочная праграма. Тут пройдуць розыгрышы прызоў, конкурсы, танцавальныя паўзы. Спадзяёмся, што ўсё гэта дапаможа стварыць адпаведны настрой. На прыўзняты настрой будзе «працаваць» i святочнае афармленне самога унiвермага, усiх яго аддзелаў i секцый. Усiм падабаецца механiчны велiкан Дзед Мароз, якi спявае i прытанцоўвае на першым паверсе. Дзецi i моладзь вельмi любяць з iм фатаграфавацца. А яшчэ ў нас Дзяды Марозы, у тым лiку i жывыя, рэкламуюць тавар i выконваюць ролю гiдаў, iнфарматараў. Каб нiхто не заблудзiўся ў гэтым вясёлым навагоднiм карагодзе. Для большай зручнасцi пакупнiкоў мы перагледзелi рэжым работы ў перадсвяточныя i святочныя днi — ён друкуецца сёння ў «Звяздзе». У нас ёсць два «аўтаномныя» аддзелы, па сутнасцi — магазiны, размешчаныя ў горадзе, — аддзел № 5 «Камароўскi» па вулiцы Веры Харужай, i № 6 «Тавары для жанчын» па вулiцы Куйбышава. У гэтых нашых структурных падраздзяленнях пакупнiкi змогуць набыць усё тое, што ёсць i ў ЦУМе. — Акрамя рэалiзацыi тавараў вы практыкуеце аказанне паслуг пакупнiкам? — Нi многа нi мала 64 вiды дадатковых паслуг, палову з якiх аказваем бясплатна. Ёсць дзiцячы пакой, у якiм бацькi могуць спакойна пакiнуць на гадзiну-другую сваiх малышоў i адправiцца ў гандлёвыя залы за пакупкамi. З малымi будуць працаваць прафесiянальныя нянi, там дастаткова цацак, i дзецям у гасцях у нас падабаецца. Сярод паслуг ёсць больш дакладная падгонка швейных вырабаў па фiгуры — па жаданню пакупнiка. Калi патрэбна, нашы работнiкi выклiкаюць таксi, каб чалавеку было зручней дабрацца з таварам дадому. А напярэдаднi свята дастаўка буйнагабарытных тавараў ажыццяўляецца ўвогуле бясплатна, нашым транспартам. Вы купляеце халадзiльнiк, тэлевiзар, вялiкi дыван або пральную машыну, i вам iх даставяць прама да пад’езда. У нас ёсць рамонт абутку, хiмчыстка, гравiроўка, рамонт гадзiннiкаў, продаж талонаў на гарадскi транспарт, тэлефонных картак i гэтак далей. Працуем па папярэднiх заказах. Практычна заўсёды заяўкi пакупнiкоў выконваем аператыўна. Калi вы заўважылi, то гандлюем i харчовымi таварамi. Iх ўдзельная вага — каля 8 працэнтаў у агульным аб’ёме таварнай масы, тым не менш удзяляем iм належную ўвагу. Лiчу, што ў нас шырокi выбар прадуктаў, у тым лiку да свята. Сёлета iх асартымент як нiколi шырокi. Больш за 30 вiдаў набораў цукерак для падарункаў. Традыцыйным для святочнага стала шампанскiм запаслiся ў дастатковай колькасцi, каб гандляваць бесперабойна. Акрамя гэтага ў святочным рэжыме працуюць нашы кафэ i бары, якiя размешчаны на 2-м i 5-м паверхах. Зараз там распрацоўваюцца новыя стравы, новыя кактэйлi. — Напярэдаднi святаў Ражства i Новага года асаблiвую ўвагу ўдзяляем культуры гандлю, культуры абслугоўвання, — палiчыў неабходным падкрэслiць наш суразмоўца. — Шчыра жадаем, каб у гандлёвых залах панавала атмасфера ўзаемнай павагi, добразычлiвасцi i каб нашы пакупнiкi надоўга захавалi цудоўны настрой пасля наведвання ЦУМа. На гэта нацэльваем i калектыў, бо многае ў стварэннi канструктыўнай, добразычлiвай атмасферы залежыць ад прадаўца. Пакупнiк ацэнiць, калi прадавец не толькi з густам апрануты, у яго прыгожы манiкюр i прыгожая прычоска, але ён ведае i свой асартымент, якi прапаноўвае. I чалавек ахвотней набудзе тое, за чым прыйшоў. Ён жа iшоў за пакупкай, правiльна? Вось i трэба, каб гэтая маленькая падзея адбылася. — Жыццё ёсць жыццё, i iншы раз бывае так, што жаданне купiць ёсць, а свабодных сродкаў няма. — Мы i тут iдзём насустрач жыхарам сталiцы. Наладзiлi продаж тавараў у крэдыт, для чаго заключылi дагаворы з чатырма банкамi па абслугоўванню пакупнiкоў. Дарэчы, яны могуць разлiчвацца не толькi наяўнымi грашыма. Павялiчваем колькасць тэрмiналаў для абслугоўвання па пластыкавых картках «Беларусбанка» i «Прыорбанка». — За кошт чаго маеце магчымасць забяспечваць пакупнiцкi попыт у такiм шырокiм асартыменце? — Гэтаму спрыяюць нашы прамыя кантакты з беларускiмi таваравытворцамi. Я ўжо называў лiчбу: у нас больш за 700 прамых дагавораў з беларускiмi прадпрыемствамi на пастаўку тавараў, а ўсяго мы атрымлiваем тавары ад удвая большай колькасцi вытворцаў — iх амаль паўтары тысячы. Штомесячна завозiм тавараў прыкладна на 8 мiльярдаў рублёў. Так што таварная маса вельмi вялiкая. А асартымент налiчвае каля 30 тысяч найменняў. Для прыкладу: сёння толькi ў секцыi мужчынскага абутку ў нас больш як 250 мадэляў, у жаночай — да 400 мадэляў. У секцыi спартыўных тавараў ёсць усё, што патрэбна для заняткаў зiмовымi вiдамi спорту: канькi, лыжы, спартыўныя касцюмы i гэтак далей. Не варта забываць, што ўсе секцыi i аддзелы вядуць шырокi гандаль таварамi сезоннага прызначэння. — Тым не менш якасць тавараў, што паступаюць на рэалiзацыю, вы правяраеце? — Дзейнiчае даволi эфектыўная сiстэма праверкi якасцi. У апошнiя гады якасныя параметры беларускiх тавараў значна палепшылiся, браку стала менш, i гэтая станоўчая тэндэнцыя радуе. Кажу з веданнем справы, бо мы сапраўды правяраем увесь тавар, якi паступае на рэалiзацыю. Займаюцца гэтым тавараведы, работнiкi секцый, грамадскiя бракёры, каб не чырванець потым перад пакупнiком за чужыя памылкi. Вытворцы прыслухоўваюцца да нашых заўваг i прапаноў, а мы ў сваю чаргу «рэтранслiруем» пажаданнi спажыўцоў. Так што ёсць надзея, што ў хуткiм часе наогул забудзем, што такое няякасны тавар. Вiншуючы нашых дзелавых партнёраў — работнiкаў рэальнага сектара з Новым годам, мы iм шчыра гэтага жадаем. — Статыстыка сцвярджае, што кожны трэцi наведвальнiк ЦУМа пакiдае яго з пакупкай... — У выхадныя днi паказчык «атаварваемасцi», калi можна так сказаць, дасягае i 60 працэнтаў. Пагадзiцеся, што абодва паказчыкi вельмi высокiя. А мы ставiм перад сабой мэту палепшыць iх. Адкрываем новыя секцыi: «Тавары для рыбалоўства i палявання» i нават «Усё для лазнi», дзе ёсць i сланцы, i халаты, i венiкi, i парфума. Але асноўным сваiм рэзервам лiчым «чалавечы фактар». У нас вопытны, дружны калектыў. Трапiць на работу ў ЦУМ не так проста, вядзецца сур’ёзны адбор, прымаем толькi са спецыяльнай адукацыяй. Бяром да сябе на работу выпускнiкоў спецыялiзаваных гандлёвых навучальных устаноў, з якiмi заключаны дагаворы на падрыхтоўку кадраў, i працуем з iмi далей. Работа па фармiраваннi калектыву патрабуе пастаяннай увагi. Важна ў гэтым сэнсе, што кiраўнiцкi апарат стабiльны, шмат гадоў працуем разам. Каманда пад кiраўнiцтвам Вальдэмара Часлававiча Юшкевiча, якi кiруе прадпрыемствам 18 гадоў, даўно склалася, i гэта дапамагае ў рабоце. Дарэчы, дырэктар — заслужаны работнiк гандлю i сферы абслугоўвання, зусiм нядаўна па вынiках работы ўзнагароджаны ордэнам Пашаны. Спадзяёмся, што менавiта дружная калектыўная работа дапаможа нам ажыццявiць самыя смелыя планы. З гэтай надзеяй i ўступаем у новы, 2006 год. Ад iмя маiх калег вiншую ўсiх чытачоў «Звязды», нашых патэнцыяльных гасцей, з Ражством i Новым годам i жадаю шчасця, здароўя i працвiтання. Матэрыял падрыхтавалі Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ і Уладзімір БЯРЭЗІН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з намеснiкам дырэктара універмага Юрыем КОТАВЫМ
|
|