«Фэст» выбраў новы голас Беларусi
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
ЧУЛI? Нашу краiну на конкурсе маладых выканаўцаў на фестывалi мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску-2006» прадставiць Марына Васiлеўская. Прэстыжную пуцёку дзяўчына атрымала за перамогу ў Нацыянальным тэлевiзiйным фестывалi-конкурсе маладых выканаўцаў «Фэст». Фiналам творчага спаборнiцтва стаў гала-канцэрт з удзелам канкурсантаў i майстроў беларускай сцэны, якi прайшоў 24 студзеня ў Палацы Рэспублiкi.На дзень раней у эфiры Першага нацыянальнага тэлеканала было паказана выступленне 15 фiналiстаў «Фэста», пасля якога прайшло глядацкае галасаванне. Па яго вынiках вызначылася пяцёрка лiдараў, куды трапiлi Марына Васiлеўская (прадстаўляла Мiнск), Святлана Спас (Гродна), Анiка (Мiнск), Iгар Пашэчка (Брэст) i Дзмiтрый Данiленка (Гомель). Усiх пяцярых фiналiстаў, паводле ўмоў «Фэста», у якасцi прызоў чакае ўдзел у мiжнародных песенных конкурсах. А вось уладальнiка галоўнай узнагароды прафесiйнае журы, як абвясцiў яго старшыня, кампазiтар Леанiд Захлеўны, вырашыла назваць толькi на гала-канцэрце, пасля паўторнага праслухоўвання лепшай пяцёркi канкурсантаў. Марыне Васiлеўскай першае месца аддалi як члены журы, так i гледачы (2046 галасоў). Усяго пары крокаў не хапiла да п’едэстала абаяльнаму пагранiчнiку з Брэста Iгару Пашэчку... Падарункi, тым не менш, атрымалi ўсе пяцёра спевакоў: iм у вечнае карыстанне пакiнулi адмысловыя сцэнiчныя ўборы, а таксама дазволiлi выкарыстоўваць фанаграмы, зробленыя ў час конкурсу Белтэлерадыёкампанiяй. Што вядома пра пераможцу? Па-першае, хоць Марына i прадстаўляла на конкурсе Мiнск, родам яна з Магiлёва. Па-другое, у свае 24 гады дзяўчына аб’ездзiла з гастролямi цi не ўсе куткi Беларусi. Мае вышэйшую адукацыю — у дыпломе унiверсiтэта культуры пазначана «Артыст. Выкладчык». Нягледзячы на гэта, Марына працягвае вучыцца — i ў мамы, i ў свайго конкурснага куратара спявачкi Вольгi Вронскай, i ў прафесiяналаў, з якiмi працуе. А працуе маладая выканаўца з мэтрамi: кампазiтарам i спеваком Iзмаiлам Капланавым, легендарным джазавым музыкантам Аркадзем Эскiным. Да таго ж Марына Васiлеўская — салiстка Белдзяржфiлармонii, Нацыянальнага аркестра iмя Жыновiча. — У Марыны байцоўскi характар, — адзначыла пасля канцэрта куратар мiнскiх канкурсантаў Вольга Вронская. — Хоць мы працуем разам усяго два тыднi, я заўважыла ў ёй вялiкi патэнцыял, i пры правiльным падыходзе, пры рабоце з прафесiяналамi, яна мае вялiкiя шанцы на «Славянскiм базары». Бо яна яркая, мае вельмi прыгожы тэмбр голасу. Зараз у асноўным спевакi аднаактаўныя, i, калi слухаеш па радыё аднолькавыя танюткiя галаскi, нiкога не пазнаеш... А Марына — iндывiдуальнасць. Размовы аб тым, цi будзем мы працягваць працаваць разам, яшчэ не было, але калi яна папросiць, я з задавальненнем згаджуся. З астатнiх канкурсантаў, паводле слоў Вольгi Вронскай, варта прасачыць за творчым лёсам ужо згаданага Iгара Пашэчкi i Галiны Масюк з Брэста, Маргарыты Латавай з Бабруйска i магiляўчанiна Алега Панамарова. «Ну, i мая тройца — Марына Васiлеўская, Анiка, Яўген Ермалковiч — безумоўна i адназначна моцныя выканаўцы», — сцвярджае Вольга. Пераможца «Фэста», прымаючы вiншаваннi мiнiстра культуры Уладзiмiра Мацвейчука, членаў журы, iншых удзельнiкаў конкурсу, знайшла хвiлiнку i для прэсы. Марына прызналася, што не думала аб тым, пераможа яна цi не: «Я шмат працую, можна сказаць, кожную хвiлiну жыву сваёй творчасцю, музыкай. Усю сябе аддаю прафесiйнай падрыхтоўцы. Таму лiчу, што цяперашняя мая перамога не выпадковая. Проста я нi на хвiлiну не расслабляюся, бо кожны дзень для мяне — напружаная праца, якая прыносiць велiзарнае задавальненне!». Наша газета ведае Марыну Васiлеўскую не першы дзень — дзяўчына ўдзельнічала ў прэзентацыі Звязды на сёлетняй выставе «СМІ ў Беларусі» і, да слова, сабрала вакол нашага стэнда вялікую колькасць гледачоў. Таму мы з радасцю далучаемся да шчырых вiншаванняў з вялiкай (i, спадзяёмся, не апошняй) перамогай. I чакаем яе выхаду на сцэну «Славянскага базару ў Вiцебску». ...Што яшчэ можна дадаць пра «Фэст»? Першае: тэлевiзiйны фiнал выразна паказаў, што ў нас не хапае добрага мужчынскага рэпертуару (хлопцы «выязджалi» выключна на спадчыне «Песняроў»). А значыць — вам карты ў рукi, спадары паэты. Другое: у Беларусi столькi таленавiтай моладзi, што творчых конкурсаў для яе трэба больш, добрых i розных. Трэцяе: шоу павiнна працягвацца, i «Фэст-2» абавязкова будзе — гэта пацвердзiла кiраўнiцтва Белтэлерадыёкампанii.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашу краiну на конкурсе маладых выканаўцаў на фестывалi мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску-2006» прадставiць Марына Васiлеўская |
|