Гаспадарчы суд: ці заўсёды супадаюць законнасць і справядлівасць
У Магiлёўскiм абласным гаспадарчым судзе адбылася прамая лiнiя. Старшыня суда Вiктар Багуслаўскi разам са сваiмi спецыялiстамi прымаў пытаннi, звязаныя з эканамiчным правасуддзем. «Звязда» друкуе адказы на разнастайныя пытаннi, якiя паступiлi ў час «прамой лiнii» ад людзей i прадпрыемстваў.
— Як часта суб’екты гаспадарання Магiлёўскай вобласцi вымушаны звяртацца да судовай абароны сваiх законных правоў i iнтарэсаў? — Колькасць зваротаў у гаспадарчы суд пастаянна павялiчваецца. Так было i ў 2005 годзе. Асноўная катэгорыя спраў — iскi, якiя датычацца разлiкаў за прадукцыю, работы i паслугi. Сярод даўжнiкоў найбольш часта адказчыкамi ў судовых справах выступаюць арганiзацыi сiстэмы аблспажыўсаюза, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркi, будаўнiчыя арганiзацыi, прадпрыемствы сельскагаспадарчай галiны, бюджэтныя ўстановы. Агульная сума, якая была запатрабавана да спагнання, склала сёлета за 9 месяцаў 171 мiльярд рублёў. Усяго пастаноўлена да спагнання 116 мiльярдаў. Дзяржаўная пошлiна перавысiла 2 мiльярды. — Пытанне пра дзеянне нарматыўных актаў у часе ад Леановiча М.Р. У 2001—2003 гадах дзейнiчалi адны правiлы падаткаабкладання, у прыватнасцi тыя, што датычацца ПДВ у здзелках з Расiйскай Федэрацыяй, цяпер устаноўлены iншыя. Зараз iдзе праверка. Якога заканадаўства трэба прытрымлiвацца пры ацэнцы законнасцi гаспадарчых аперацый? — Суб’ект гаспадарання ў працы кiруецца дзеючым заканадаўствам. У звязе з гэтым пры ацэнцы законнасцi гаспадарчых аперацый прымяняецца заканадаўства, якое дзейнiчала ў момант iх ажыццяўлення. Норма артыкула 104 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, што закон не мае зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi ён робiць больш мяккай альбо ўвогуле скасоўвае адказнасць грамадзян, датычыцца i адказнасцi суб’екта гаспадарання за ўчыненае правапарушэнне. — Суб’екты гаспадарання часта скардзяцца на шматлiкiя праверкi, якiя праводзяць розныя органы кантролю. Таксама часта па вынiках праверак у якасцi пакарання за розныя парушэннi прымяняюцца санкцыi ў выглядзе штрафаў i канфiскацый. Абарону суб’екты гаспадарання шукаюць у судзе. Цi заўсёды органы, якiя кантралююць i правяраюць, прымаюць справядлiвыя рашэннi адносна пакарання? — Для адказу на гэтае пытанне трэба спачатку звярнуцца да статыстыкi. У першай палове 2005 года колькасць разгледжаных гаспадарчым судом Магiлёўскай вобласцi iскавых патрабаванняў суб’ектаў гаспадарання аб прызнаннi несапраўднымi актаў дзяржаўных i iншых, у тым лiку i кантралюючых, органаў склалi толькi 1,51 працэнта да агульнай колькасцi судовых працэсаў. Гэта толькi 56 спраў. Так што колькасць спраў, дзе аспрэчваюцца рашэннi органаў кантролю, — нязначная, хоць яна i павялiчылася ў параўнаннi з папярэднiм годам. Наконт вынiкаў разгляду: у 27 справах iскавыя патрабаваннi суб’ектаў гаспадарання задаволеныя, i рашэннi аб ужываннi эканамiчных i iншых санкцый, налiчэннi падаткаў, пенi прызнаныя несапраўднымi. Гэта сведчыць аб тым, што органы кантролю паводле вынiкаў праверак не заўсёды прымаюць законныя i абгрунтаваныя рашэннi. Суд у такiх выпадках разглядае, цi законна ўжываюцца эканамiчныя санкцыi i штрафы: высвятляе правамернасць ужывання нормы права, якая прадугледжвае санкцыi за парушэннi ў сферы эканамiчных адносiнаў, а таксама адпаведнасць прымененых санкцый фактычным парушэнням. Таксама трэба зазначыць, што органы, якiя прынялi рашэнне аб санкцыях, абавязаны даказаць у судзе факт парушэння заканадаўства. Суд iмкнецца вынесцi аб’ектыўнае i абгрунтаванае рашэнне па канкрэтнай спрэчцы i для гэтага прымае меры да ўсебаковага i поўнага даследавання акалiчнасцяў справы, якая звязана з правамернацю ўжывання эканамiчных санкцый. — Пытанне з ААТ «Гандлёвае аўтапрадпрыемства». Як рухаецца выканаўчая вытворчасць па спагнанню грашовых сродкаў з ААТ «Холдынг «Магiлёўаблхарчпрам»? — У судовага выканаўцы цяпер знаходзiцца 29 выканаўчых вытворчасцяў аб спагнаннi з «Холдынг «Магiлёўаблхарчпрам» грошай на агульную суму больш за 1 мiльярд 850 мiльёнаў рублёў. Для iх выканання накладзены арышт на грашовыя сродкi дэбiтораў, робiцца канфiскацыя выручкi, арыштоўваецца i перадаецца на рэалiзацыю прадукцыя, якая належыць «Магiлёўаблхарчпраму». Аднак выяўлена, што будынкi — склад, гаражы, крама — ужо апiсаны падатковай iнспекцыяй, i таму так павольна iдзе працэс выканання. Таксама ёсць выканаўчыя вытворчасцi, якiя аднесены заканадаўствам да першачарговага выканання, а таму кампенсацыя запазычанасцi на карысць ААТ «Гандлёвае аўтапрадпрыемства» будзе рабiцца толькi пасля поўнага задавальнення ўсiх першачарговых патрабаванняў. — Цi шмат цяпер спраў па спагнанню запазычанасцяў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў? — За 9 месяцаў разгледжаны 322 такiя справы. I трэба адзначыць, што большасць патрабаванняў з’яўляюцца бясспрэчнымi. Поўнасцю цi часткова патрабаваннi задаволены ў пераважнай большасцi iскаў, у некаторых выпадках судовая вытворчасць спынена ў сувязi з мiравым пагадненнем. Было заяўлена патрабаванняў больш чым на 13,5 мiльярда рублёў, а пастаноўлена да спагнання больш за 11,6 мiльярда. Але ўсё ж такi колькасць патрабаванняў, якiя прад’яўляюцца да сельскiх гаспадарак, крыху зменшылася. Дзяржава прымае меры па стабiлiзацыi, i ў першую чаргу тут уплываюць на сiтуацыю адтэрмiноўкi па лiквiдацыi запазычанасцi за энергарэсурсы i па плацяжах у бюджэт. — Пытанне наконт тэрмiна iскавай даўнасцi ад Чабатарэвiча А.I. У 2002 годзе пастаўлена прадукцыя. Паводле дагавора, аплацiць яе трэба было на працягу 60 сутак. Але тавар не аплачаны да гэтага часу. У 2004 годзе з атрымальнiкам прадукцыi мы падпiсалi акт зверкi разлiкаў, але аплата i тады не рабiлася. Цi маем мы права звярнуцца ў суд? — Патрабаванне аб абароне парушанага права прымаецца судом да разгляду незалежна ад заканчэння тэрмiну iскавай даўнасцi. I iскавая даўнасць прымяняецца судом толькi паводле заявы боку ў спрэчцы. А агульны тэрмiн iскавай даўнасцi — тры гады. Аднак гэты тэрмiн перарываецца i пачынаецца наноў, калi бок, якi не заплацiў, прызнае запазычанасць — напрыклад, плацiць частку грошай альбо падпiсвае акт зверкi разлiкаў. Ад гэтага моманту пачынаецца новы тэрмiн iскавай даўнасцi. — Якiя тэрмiны ўстанаўлiвае заканадаўства для разгляду спраў у гаспадарчым працэсе? — Суд iмкнецца ў магчыма кароткiя тэрмiны законна вырашыць спрэчкi, якiя ўзнiклi пры прадпрымальнiцкай альбо iншай эканамiчнай дзейнасцi. Аднак ёсць i межы тэрмiнаў, устаноўленыя Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Справа павiнна быць разгледжана гаспадарчым судом першай iнстанцыi ў тэрмiн не пазней чым адзiн месяц з дня прызначэння справы да судовага разбору, а з удзелам замежных асоб, якiя дзейнiчаюць за межамi Рэспублiкi Беларусь, — на працягу не больш чым 7 месяцаў. У выключных выпадках, з улiкам асаблiвай складанасцi справы, старшыня гаспадарчага суда мае права падоўжыць гэтыя тэрмiны да двух месяцаў i аднаго года адпаведна. — Наколькi суб’екты гаспадарання самi абачлiва ставяцца да здзелак паводле дагавораў, цi ўважлiва яны чытаюць iх умовы? — Большасць спрэчак узнiкае з-за невыканання цi неналежнага выканання абавязацельстваў па дагаворах. За 9 месяцаў 2005 года Магiлёўскiм абласным судом разгледжана больш за 3000 такiх спраў. Асноўная iх колькасць датычыцца разлiкаў, i адказчыкамi ў iх выступалi юрыдычныя асобы, у тым лiку i дзяржаўныя ўстановы, якiя працяглы час не плацiлi за сыравiну, матэрыялы, энергарэсурсы, гатовую прадукцыю з-за адсутнасцi грошай. Спрэчкi выклiканы больш неплацежаздольнасцю значнай колькасцi суб’ектаў гаспадарання, чым непрадуманым падыходам да заключэння гаспадарчых дагавораў. Разам з тым неабходна памятаць, што пры заключэннi дагавора абавязкова трэба зрабiць яго эканамiчную i прававую ацэнку. — З пытаннем па электроннай пошце звярнулася Таццяна. Яна атрымлiвае адукацыю юрыста, вучыцца на 4 курсе. Студэнтка пытаецца, цi можна ёй цяпер працаваць па профiлю (юрыстам, юрысконсультам, натарыусам i т.д.), i калi так, то куды можна звярнуцца наконт працаўладкавання? — У адпаведнасцi з Працоўным кодэксам Рэспублiкi Беларусь, пры прыёме на працу наймальнiк абавязаны запатрабаваць, а грамадзянiн павiнен прад’явiць дыплом альбо iншы дакумент аб адукацыi i прафесiйнай падрыхтоўцы, якi пацвярджае права на выкананне гэтай работы. Заканадаўча ў краiне не вызначаны такi ўзровень як «няпоўная вышэйшая адукацыя». Паводле Закона «Аб дзяржаўнай службе», пры паступленнi на дзяржаўную службу (гэта пасады пракурораў, натарыусаў, судовых выканаўцаў, спецыялiстаў судоў, упраўлення юстыцыi) прад’яўляюцца квалiфiкацыйныя патрабаваннi: адпаведная адукацыя, неабходны стаж i вопыт работы, за выключэннем выпадкаў, калi для заняцця дзяржаўнай пасады гэта не патрабуецца. У дзяржаўных органах створаны рэзервы кадраў. Туды ўключаюцца грамадзяне, якiя прынялi ўдзел у конкурсным адборы i атрымалi рэкамендацыi камiсii для залiчэння. Таму вы можаце звярнуцца ва ўпраўленне юстыцыi, гаспадарчы суд, пракуратуру для ўдзелу ў конкурсным адборы. А вось для працаўладкавання ў якасцi юрыста цi юрысконсульта трэба звяртацца ў аддзелы кадраў прадпрыемстваў, дзе ёсць вакансii на такiя пасады. — У адрозненне ад судоў агульнай юрысдыкцыi, якiя ёсць практычна ў кожным раёне Магiлёўскай вобласцi, гаспадарчы суд толькi адзiн — у абласным цэнтры. Наколькi гэта зручна для заяўнiка? — Структура судовай сiстэмы, якая складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублiкi Беларусь, гаспадарчых судоў абласцей i г.Мiнска, замацаваная законам. Справа ў тым, што каля паловы спрэчак разглядаецца судом з удзелам прадпрыемстваў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя дзейнiчаюць на тэрыторыi абласнога цэнтра, астатнiя — у горадзе Бабруйску i сельскiх раёнах. Для стварэння гаспадарчых судоў у сельскiх раёнаў цяпер няма дастатковых падстаў. Расходы на функцыянаванне такога суда значна перавысяць той эканамiчны эфект, якога можна чакаць. А праблемы даступнасцi эканамiчнага правасуддзя мы вырашаем з дапамогай выязных судовых пасяджэнняў у раёны, з якiх паступае значная колькасць спраў з удзелам, напрыклад, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. — Як у гаспадарчым судзе наладжана работа са зваротамi i заявамi грамадзян? — Усе звароты ад грамадзян i суб’ектаў гаспадарання, якiя паступаюць у суд, рэгiструюцца i разглядаюцца не больш чым месяц. Яны нiколi не накiроўваюцца на разгляд тым службовым асобам, дзеяннi якiх абскарджваюцца. Зразумела, што разглядаюцца звароты бясплатна. Гаспадарчы суд дае тлумачэннi па пытаннях, якiя носяць агульны прававы характар. А вось па тых пытаннях, якiя ў далейшым могуць стаць прадметам судовага разбору, суд кансультацый не дае, бо гэта можа прывесцi да парушэння прынцыпу роўнасцi бакоў у працэсе. — Цi здараюцца такiя справы, калi з юрыдычнага пункту гледжання рашэнне прынята правiльна, але па-чалавечы: бок, якi прайграў, можна толькi пашкадаваць? — Рашэнне павiнна быць законным i справядлiвым, але, на жаль, не заўсёды паняццi законнасцi i справядлiвасцi супадаюць. Нездарма адным з прынцыпаў рымскага права з’яўляецца наступны: «Закон суровы, але гэта закон!» У якасцi прыкладу можна прывесцi адну справу, якая была разгледжана гаспадарчым судом Магiлёўскай вобласцi. Таварыства з абмежаванай адказнасцю звярнулася ў суд з патрабаваннем спагнаць з унiтарнага прадпрыемства доўг — больш за 33 мiльёны рублёў за пастаўленыя нафтапрадукты. I суд задаволiў яго ў поўным аб’ёме. Але справа ў тым, што таварыства само завiнавацiлася прадпрыемству значна большую суму — 121 мiльён рублёў. Аднак ТАА знаходзiлася ў працэдуры банкруцтва i, паводле закона, у гэты час не дапускаўся залiк узаемных патрабаванняў даўжнiка i крэдытора. Таму рашэнне суда спагнаць з прадпрыемства доўг з’яўлялася несправедлiвым, таму што таварыства завiнавацiлася яму яшчэ большую суму, але разам з тым абсалютна законным. — Наколькi, на ваш погляд, дасканалае цяперашняе заканадаўства, якое рэгламентуе гаспадарча-прававыя адносiны? — Дасканаласцi няма межаў. I цяпер iдзе актыўны працэс удасканалення нараматыўнай базы ў сферы эканамiчных адносiнаў. На аснове практыкi ўносяцца змены i дапаўненнi ў цяперашняе заканадаўства. Аднак трэба адзначыць, што для разгляду судом любой эканамiчнай спрэчкi ёсць дастатковая нарматыўна-прававая база. Пасля «прамой лiнii» ў Магiлёўскiм гаспадарчым судзе вырашылi праводзiць у сельскiх раёнах вобласцi прыём прадстаўнiкоў юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Старшыня суда Вiктар Багуслаўскi лiчыць, што атрыманне квалiфiкаваных кансультацый па пытаннях, якiя цiкавяць людзей, з’яўляецца дзейсным спосабам папярэджання парушэнняў у сферы эканомiкi i будзе садзейнiчаць вырашэнню спрэчных праблем у гаспадарчых адносiнах. Падрыхтавала да друку Iлона IВАНОВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскiм абласным гаспадарчым судзе адбылася прамая лiнiя. Старшыня суда Вiктар Багуслаўскi разам са сваiмi спецыялiстамi прымаў пытаннi, звязаны |
|