POST factum
КОТ ВЯРНУЎСЯ ДАМОЎ ПРАЗ ШЭСЦЬ ГАДОЎ
Жыхарка Вялiкабрытанii святкуе гэтымi днямi шчаслiвае вяртанне свайго любiмага ката, якi знiк з дому ажно шэсць гадоў назад. Уз’яднаннем з катом гаспадыня абавязана высокiм тэхналогiям, а менавiта чыпу з данымi, якi быў абачлiва ўжыўлены пад скуру жывёлiны. Апошнi раз Эма Фiлiпс з графства Эсэкс бачыла свайго пушыстага любiмца Колiна ў 1999 годзе. Пасля таго, як кот бясследна знiк з дому, жанчына спрабавала яго адшукаць, але беспаспяхова. Час лечыць раны, i Эма ўжо даўно звыклася са стратай Колiна. Але жыццё часам падносiць самыя нечаканыя сюрпрызы. Праз шэсць гадоў Эме патэлефанавалi i паведамiлi, што яе кот знайшоўся. Як высветлiлася, усе гэтыя шэсць гадоў Колiн бадзяжнiчаў па вулiцах i падвалах. Пакуль у адзiн цудоўны дзень яму не ўсмiхнулася ўдача ў выглядзе адной чуллiвай жанчыны, якая падабрала ката i аднесла яго ў прытулак для жывёл. На шчасце чатырохногага, супрацоўнiкi гадавальнiка выявiлi ў яго мiкрачып. Атрыманыя даныя i дазволiлi знайсцi гаспадыню. Уладальнiца былога беспрытульнiка адразу ж прыехала i пазнала свайго любiмца па асаблiвых прыметах — невялiкай ранцы на вусе i чорных кропках на пысцы. ЖАНЧЫНАМ БОЛЬШ ПАДАБАЮЦЦА МУЖЧЫНЫ, ЯКIЯ ЎМЕЮЦЬ ТАНЦАВАЦЬ У даследаваннi, апублiкаваным днямi ў часопiсе Nature, амерыканскiя вучоныя прыйшлi да высновы, што людзi падсвядома выбiраюць сабе партнёра, якi лепш танцуе. Прычым жанчыны значна часцей за мужчын рэагуюць на гарманiчныя рухi цела асоб процiлеглага полу. Група вучоных з унiверсiтэта Нью-Джэрсi правяла даследаванне, у якiм аналiзавалася, наколькi ацэнка танца таго цi iншага чалавека суадносiцца з сiметрычнасцю цела танцуючага. Раней бiёлагi, якiя вывучалi эвалюцыю, устанавiлi, што сiметрыя твару i цела — важны паказчык якасцi генаў. Уладальнiкi сiметрычнага цела радзей хварэюць, вызначаюцца павышанай рэпрадуктыўнай здольнасцю i з’яўляюцца больш прывабнымi для процiлеглага полу. Прафесар Браун, якi кiраваў даследаваннем, запiсаў на вiдэа танец 180 мужчын i замераў сiметрычнасць цела кожнага з iх. Пасля гэтага запiс быў паказаны жанчынам. У пераважнай большасцi выпадкаў тыя давалi найвышэйшую ацэнку танцам мужчын з самымi сiметрычнымi целамi. Гэтыя факты пацвярджаюць меркаванне аб тым, што танец для жывых iстот з’яўляецца спосабам паказаць якасць сваiх генаў, выказанае яшчэ Чарльзам Дарвiным. Цiкава, што ў адваротным выпадку, калi мужчынам былi паказаны танцуючыя жанчыны, суадносiны памiж якасцю танцаў i сiметрыяй цела прасочвалася значна радзей. На падставе гэтага назiрання вучоныя выказалi меркаванне аб тым, што жанчыны больш прыдзiрлiва падыходзяць да выбару партнёра, чым мужчыны. НЕЗВЫЧАЙНА ШЧОДРЫ БАНКАМАТ Памылка аператараў банкамата выклiкала сапраўдны ажыятаж сярод жыхароў французскага горада Карвiна (недалёка ад Лiля). Банкамат стаў выдаваць 50-еўравыя купюры замест банкнот у 20 еўра. Мясцовыя жыхары, якiя палiчылi памылку падарункам нябёс, тут жа выстраiлiся ў чаргу да апарата. Як перадае ВВС словы аднаго з жыхароў Карвiна, «у горадзе панавала эйфарыя». Праўда, праз дзве гадзiны банк, якому належаў банкамат, выявiў памылку. Доступ да банкамата перакрыла палiцыя. Паводле слоў прадстаўнiка банка, прычынай збою стала памылка iнкасатараў, якiя абслугоўвалi апарат. Яны паклалi 50-еўравыя купюры ў аддзяленне, прызначанае для 20-еўравых. У банку ўпэўнены, што змогуць адсачыць усiх, хто знiмаў грошы ў час збою банкамата дзякуючы нумарам iх пластыкавых картак, якiя захавалiся. САМЫЯ КУР’ЁЗНЫЯ НАВIНЫ АДЫХОДЗЯЧАГА ГОДА Побач з трагедыямi, войнамi i прыроднымi катастрофамi ў адыходзячым 2005 годзе, як, дарэчы, i ў папярэднiя гады, не было недахвату ў смешных, трагiкамiчных, а часам i шчыра дурацкiх выпадках. Французскае агенцтва AFP традыцыйна публiкуе свой спiс кур’ёзаў-2005. — Сёлета тысячы фанатаў славутага лiтаратурнага героя мага Гары Потэра лiтаральна асаджалi яго магiлу паблiзу Тэль-Авiва. Пры гэтым iм было ўсё роўна, што на могiлках на самай справе пахаваны брытанскi салдат, рэальнае iмя якога — Гары Потэр. — У Германii нейкi вынаходнiк запатэнтаваў мабiльны тэлефон для зносiнаў з нябожчыкамi. Сваё «вынаходнiцтва» ён назваў «тэлефон-анёл» i ўжо прадаў некалькi экзэмпляраў устройства па цане 1,5 тысячы еўра за штуку. — Нямы «пiянiст-вiртуоз», якi бадзяўся без мэты на адным з пляжаў Вялiкабрытанii i якому некалькi месяцаў суперажываў увесь свет, на самай справе аказаўся геем-аферыстам. Да таго ж ён наогул не ўмеў iграць на пiянiна. — У адной з турэцкiх турмаў мужчына i жанчына, якiя ўтрымлiвалiся ў сумежных камерах, змаглi прарабiць адтулiну ў сцяне, праз якую яны займалiся сэксам. Пры гэтым жанчына нават змагла зацяжарыць. У вынiку абое атрымалi дадаткова па 4 месяцы турмы за псаванне дзяржаўнай маёмасцi. — У адыходзячым годзе харвацкi прэзiдэнт Сцiпэ Месiч быў пастаўлены ў няёмкае становiшча, калi высветлiлася, што карцiна, перададзеная яму ў дар, была ўкрадзена з адной з мясцовых выставак. — У заходне-афрыканскай краiне Малi рабаўнiк банка, адпраўляючыся на справу, надзеў амулеты, якiя, на яго думку, павiнны былi зрабiць яго нябачным. У вынiку, атрымаўшы некалькi раненняў, няўдалы рабаўнiк апынуўся за кратамi. — Нейкая японка, якая наняла праз Iнтэрнэт кiлера, каб застрэлiць цяжарную каханку свайго мужа, заявiла на наёмнага забойцу ў палiцыю, калi той не выканаў заказ. — У Iзраiлi нейкi багаты грамадзянiн пасля сваркi з жонкай з-за грошай дастаў з сейфа 750 тысяч долараў i спалiў iх на лужку перад домам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхарка Вялiкабрытанii святкуе гэтымi днямi шчаслiвае вяртанне свайго любiмага ката, якi знiк з дому ажно шэсць гадоў назад
|
|