Жыццё, даўжэйшае за век
Ларыса ЦIМОШЫК
Сцежку да хаты зацярушыла. Стаiць хата, пазiрае, блiшчыць вокнамi, нiбыта выглядае свайго гаспадара. Даўно стаiць, больш за 60 гадоў. Але ж яшчэ моцная, яшчэ ўтульная i цёплая, памятае шчасце i святы, якiя жылi пад яе дахам. Памятае i чакае, калi гаспадар вернецца. Ён пра гэта ж марыць: пройдуць святы, а тады i на вясну паверне... Ён вернецца дадому. Толькi трэцюю зiму Варфаламей Лаўрэнцьевiч Крэнь жыве ў горадзе. Дочкi Соня i Аня забiраюць у Мiнск. Зiмой не наездзiшся да бацькi ў родную вёску Краснаволле, што на Лагойшчыне. I аднаго яго зiмой у хаце не пакiнеш — УСЁ-ТАКI 105 ГАДОЎ. Цяпер гэты чалавек уступае ў свой 106 год. Кожны Новы год дабаўляе ў яго асабiстую скарбонку пачуццяў i думак пра гэты свет i жыццё ў iм, дзе ўсяго было, а засталiся толькi ўспамiны — прыемныя, шчаслiвыя, якiя, можа, i трымаюць на гэтай зямлi...
МАЛОДШАМУ сыну ў сям’i заставалася ўсё — так было заведзена. I дом, i зямелька. А Варфаламей не быў малодшым. Сям’я была вялiкая, але мела невялiчкi надзел. Бацька Лаўрэнцiй, паездзiўшы па Амерыцы, вярнуўся дадому з думкамi, што нiчога не прыходзiць дарма. Багацця вялiкага не прывёз — толькi два гады за акiянам працаваў. Зразумеў, што ўсё можна нажыць самому на сваёй зямлi. Былi б толькi рукi. Гэтаму i навучыў пяцярых сыноў i дзвюх дачок. Варфаламей бацькаву навуку засвоiў. Вырас, стаў працаваць «на запашцы» ў пана. Прыглядаўся да жыцця. У «нямецкую» кампанiю ў вёсцы Стрый, дзе ён нарадзiўся, стаяла руская армiя. Глядзелi хлопцы на салдацiкаў i ўявiць не маглi, што гэта першае i зусiм не апошняе войска, якое яны бачаць. Адзiнае, пра што тады думаў падлетак Варфаламей, што лепш не са зброяй, а з iнструментам хадзiць. Працаўнiк з яго вырас добры, ды i хлопец прыкметны. Бедна жылi. Частку панскай зямлi тады арандавалi. Варфаламей араў. Але знаходзiў час i да дзевак прыглядацца. Дзе вёска— там i дзяўчына... Нявесту доўга сабе выбiраў. А яна была побач. Частку зямлi ў таго ж пана апрацоўвала iншая сям’я, дзе падрастала дачушка. Ён быў ужо вiдным хлапцом, а Вольга — яшчэ нязграбным падлеткам. Але сцiплая i працавiтая. Падумаў: ну чаго хадзiць i час марнаваць, калi на месцы дзяўчына ёсць? Паўтара года чакаў, калi нявеста падрасце. Вольга была спакойная, прыветлiвая да людзей. Выбiраў не тое каб самую прыгожую, а тую, з якой напэўна можна быць шчаслiвым. — Нiчога ёй не абяцаў. Цесць быў не бедны, з Амерыкi прыехаўшы, — гаворыць Варфаламей Лаўрэнцьевiч. — Больш за нашага бацьку там папрацаваў. Яна заўсёды просценька хадзiла, а як ён прыехаў, дык адразу стала хораша апранацца i расцвiла. Ён лёгка мне яе аддаў. А яна i сама паляцела. Як ажанiлiся, усе на iх глядзелi — харошая пара. Спакойна жылi, не сварылiся, як некаторыя. Усё было ў iх да ладу, у асноўным дзякуючы татавай цярплiвасцi, кажуць дзецi. Так усё жыццё бацькi цярплiва i клапацiлiся пра пяцярых дзяцей. — Самы раз, нi многа, нi мала, — кажа дзед Варфаламей. — Столькi, сколькi мы маглi пракармiць. Былi сем’i, у якiх па 12 дзяцей, былi такiя, дзе траву елi. Я такога не дапускаў. Варфаламей Лаўрэнцьевiч быў зайздросным майстрам. I на ферме папрацаваў, i цяслярыў, i печы клаў. Уся мэбля ў хаце была заўсёды зроблена яго ўласнымi рукамi, ад крэслецаў да ложкаў. — Мы былi крэпкай сям’ёй. Тата быў добры працаўнiк, заказы браў, выдатны цясляр з яго атрымаўся. Колы зробiць — i на кiрмаш... — успамiнае дачка Соф’я. На жыта прадаваў, на хлеб. Грошай тады не было, а хлебам разлiчвалiся — вечная валюта. Але важней за ўсё для яго была праца на зямлi, калi адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром. — Аднаасобна жыць панаравiлася. Як яшчэ калгасаў не было, — падкрэслiвае Варфаламей Крэнь. Але гэта здарылася: неспакой прыйшоў i да iх у вёску. Бывала так, што ранiцай палякi — увечары бальшавiкi. А калi Беларусь падзялiлi, заходняя мяжа была за пяць кiламетраў. У суседняй вёсцы, дзе цётачка жыла, ужо было замежжа. Ды толькi хадзiць туды было нельга, нават да родных не пускалi. Некалькi разоў на дзень пускалi каня з бараною, якi пакiдаў тоўстую палоску зямлi, якую нельга было перайсцi, каб не пакiнуць слядоў. Да ракi яшчэ хадзiлi, як сенакос быў. Купацца можна было. Але як пачалiся калгасы, дык i касiць 30 метраў да ракi не дазвалялася. Праўда, знаходзiлiся лiхiя галовы... Воўна за мяжой была ў цане. На касцюмы, на боты можна было яе абмяняць, кантрабандысты так i прамышлялi. Варфаламей Лаўрэнцьевiч не вельмi спадзяваўся на падобныя авантуры — сям’ю можна было падставiць. А тут яшчэ Савецкая ўлада дала магчымасць узяць зямлю. Дык i жыць жа можна было са сваёй зямелькi ды працы. Не, прыдумалi калгасы... АДРАЗУ ўсё стала дакладна акрэсленым, i людзi падзялiлiся на сваiх i несваiх. Звалi i яго ў камунiсты. Адзiн начальнiк неяк спытаў у Варфаламея Лаўрэнцьевiча: «А чаго не ўступаеш у партыю?» — «Каб лягчэй пражыць», — быў адказ. Пасмяялiся. Якi цуд уратаваў ад таго, каб гэты смех не ператварыўся ў слёзы?.. У 1932 годзе прыехалi i шмат мужчын з вёскi пабралi, схапiлi i яго брата. Павезлi ў Барысаў разам з iншымi, хто больш рэзка выказваўся супраць калгасаў. Нiхто з iх нiколi дадому не вярнуўся. Ужо ў 90-я гады братаў сын падняў дакументы, якiя адкрывалi таямнiцу знiкнення людзей. Адказ на пытанне быў жорсткi: «Расстраляны...» — Я нi з кiм не спрачаўся i не вадзiўся. Сабе даражэй, — усмiхаецца дзядуля Варфаламей. Але тады, калi чалавек чаго пазбягаў, яно само яго даганяла. — У 35-м годзе не было куды падзецца, трэба было iсцi ў калгас, iнакш абкладвалi аброкам. А там толькi працуй, нiхто не глядзеў: свята не свята, нядзеля цi Вялiкдзень... Крэнi, прывыкшыя хадзiць у царкву, доўга не маглi прыстасавацца да новых парадкаў. Варфаламей Лаўрэнцьевiч, бывала, i да сповядзi рыхтаваўся як след, на прычасце хадзiў. У маладосцi ўсё жыццё вакол царквы кiпела. Апраналiся ў лепшае, за 5 кiламетраў хадзiлi ў Крайск, дзе была вялiкая царква. З дзяцiнства вадзiлi дзяцей. З малымi было складаней. Як даведвалiся ў школе, дык пакаранне было непазбежнае: аднойчы Соня ўсе 5 урокаў прастаяла ля дошкi. А праз дзень дырэктар школы прыехаў да бацькi замаўляць новыя рамы для вокнаў, апраўдваўся: «Разумееш, я павiнен быў прыняць меры...». Соня слухала i галасiла на печы. А вышэй толькi Бог, ён дае сiлы вытрываць ўсё... Адна справа была працаваць у калгасе, няхай сабе i загадчыкам фермы, якiм Варфаламей Лаўрэнцьевiч быў 6 гадоў. Другая — працаваць на сваёй гаспадарцы. Крэнi па тых мерках жылi заможна: адрэзалi iм 50 сотак зямлi, якую самi сваёй сям’ёй i апрацоўвалi, дзякуй богу, былi дзве каровы, пяцёра свiней, яшчэ i авечкi. Сваю гаспадарку сям’я ратавала нават тады, калi ратавалася сама. Варфаламей Крэнь не паспеў пайсцi ў армiю, калi пачалася вайна. Рушыў да Плешчанiц на прызыўны пункт, а там ужо былi немцы. Такiя, як ён, вялi сваю, цiхую i непрымiрымую, вайну. У сваёй жа вёсцы, дома ён... партызанiў. Лясныя браты знаходзiлi прытулак у яго вялiкай прасторнай хаце. Гаспадар рабiў iм прыклады для вiнтовак, колы для падвод, гнуў дугiя хамуты, майстраваў збрую для коней. Гаспадыня пякла для атрада хлеб. Нягледзячы на тое, што трэба было кармiць сваiх пяцярых маленькiх дзяцей. — Я памятаю, як мы 2 месяцы сядзелi ў балоце, — успамiнае Соф’я Варфаламееўна. — Мне было гадоў шэсць, але я як цяпер бачу: мама дае ўсiм нам за плечы па торбе з сухарамi, i мы адзiн за адным доўга-доўга некуды iдзём. У лес да партызанаў яны вывелi нават кароў-кармiцелек. А калi вярнулiся, iх утульная хата была спаленая — карнiкi помсцiлi сем’ям, дзе былi партызаны цi тыя, хто iм спачуваў i дапамагаў. Нейкi час тулiлiся ў хляве, якi цудам ацалеў, потым родныя пусцiлi пад свой дах. Вызваленне Мiнска для ўсiх было радасцю. Але вялiкая Радзiма вырашыла, што такiм героям, як Крэнь радавацца рана: маўляў, мала яшчэ яны зрабiлi для Перамогi. Варфаламея Крэня накiравалi ў Краснаярск, у працоўную армiю. Ён працаваў на заводзе, дзе рабiлi вайсковую тэхнiку. Можа там, далёка, так бы i загiнуў, знiк, як многiя. Выжыць дапамаглi свае ж рукi: ён змайстраваў жорнавы i яму насiлi малоць зерне. Жменька мукi заставалася для сябе. На тых харчах мала хто выжываў. Варфаламей захварэў. Прычына для камiсавання была больш чым сур’ёзная — менiнгiт. Ён думаў аб тым, што не мае права згiнуць у далёкiм краi. Дзесьцi ў родных месцах яго дзеткi не маюць даху над галавой. Думаў пра новую хату замест спаленай, пра самы смачны хлеб, якi пячэ яго жонка, адчуваў яго пах i ехаў, ехаў, ехаў... Тут на хваробы часу асаблiва не было. Купiлi яловы зруб, агоралi хату. Ледзь не ўся вёска дапамагала. Так было — у аднаго клопаты, значыць — ва ўсiх. Хатка атрымалася надта ладная: адзiнаццаць на сем метраў, на дзве палавiны. Верандачкi прыляпiлi, печку зрабiлi. Прыбiральню паставiлi «на свабоднай волi». Радавацца жыццю дый годзе. Старэйшы сын Павел станавiўся добрым памочнiкам. Ад бацькi пераняў працавiтасць. Яшчэ падрасталi чатыры дачкi, якiя ўжо хацелi быць прыгожымi. I бацька стараўся, нават болей, чым звычайна могуць таты. Ён сам шыў дзяўчынкам новыя сукенкi! «Мамка ткала — выдатныя пакрывалы сама вырабляла, абрусы, — гаворыць дзед Варфаламей. — Тканiну рабiла. А то паедзеш, купiш якога паркалю, ды сукенкi дочкам шыеш, машынка ў мяне i цяпер стаiць... Каб усё новае ў iх было. Усе ж выходзяць апранутыя, прыгожыя на святы — на Каляды, на Вялiкдзень.» — Тата нiколi нi на кога з нас не прыкрыкнуў, не бiў, якраз мама была больш строгай, а ён усiх дзяцей жалеў, — гаворыць Соф’я Варфаламееўна. — Нiколi не шкадаваў, што ў яго толькi адзiн сын. Хутчэй гэта наш брат перажываў, нават сёстрам сваiм падабраў употай хлапчукоўскiя iмёны i называў нас так: Соня-Сымон, Аня-Антон, Лiна-Лявон. Толькi самай старэйшай сястры не знайшлося ў яго iмя. Галiна. Бацькоўскi боль. Прыжыла толькi 29 гадоў. А магла жыць доўга. У яе быў парок сэрца, калi выйшла замуж, урачы не дазвалялi нараджаць. Яна нарадзiла — i памерла. Пакiнула крахатулечку Валянцiну. Невядома, як бы перажылi бацькi смерць маладой прыгожай дачкi, каб не гэтае немаўля, якое аказалася ў iх на руках. Але i так бывалi моманты, калi мацi пакiдала на некага дзяўчынку, а яе самую потым знаходзiлi на могiлках. Валянцiну расцiлi як сваё шостае дзiця. Яна вырасла i вывучылася на медсястру, цяпер калi што — самая «хуткая дапамога» дзеду, кансультант па ўсiх хваробах i леках. Унук Саша, якi з дзяцiнства быў прывязаны да дзедавай вясковай хаты, i цяпер апякае старога, якi за ўсё сваё доўгае жыццё зарабiў на пенсiю ў 140 тысяч. Усё-такi Варфаламей Крэнь — багаты чалавек: Бог даў яму 11 унукаў, 15 праўнукаў, ёсць пакуль што толькi адзiн прапраўнук. Усе сёння клапоцяцца пра дзедава здароўе. МАЛАДЗЕЙШЫ ён хварэў часцей, ад галаўнога болю пакутаваў, ад высокага цiску. Гарэлкi не пiў нiколi. У яго была свая асалода i радасць — пчолкi. За iмi дзед Варфаламей з задавальненнем ходзiць i зараз. Пчолкi цягнуць яго кожную вясну ў родную вёску. Летась дык як малады па лесвiцы высока забiраўся, даставаў пчалiны рой. Пад яго кiраўнiцтвам дзецi i ўнукi рамкi абскрабаюць, збiраюць мёд i пропалiс, з якога робяць фiрмовую настойку. Цяпер усё даецца доўгажыхару цяжэй. Пасля пнеўманii, якую перажыў у мiнулую зiму. Але выкараскаўся. Урач не надта настойлiвы быў у лячэннi: дзеду 105 гадоў, а тут маладыя пакутуюць. Родныя паставiлi пытанне рубам: «А хто можа ведаць, колькi каму адпушчана?» Жонка 4 гады як пайшла ў лепшы свет, 97 гадоў пражыла. Апошнiя 5 гадоў ужо амаль ляжала. Разам з дочкамi ён яе даглядаў. Менавiта свайго мужа Вольга паклiкала пасля некалькiх дзён забыцця. Толькi ён чуў, як слабым голасам яна вымавiла: «Я цябе надта жалею...». Гэта былi яе апошнiя словы. Цi пачула яна тое, што адказаў ён? Ад мамы засталiся вялiкiя куфэркi, дзе яна хавала свае сукенкi. Разбiраючы яе рэчы, дочкi знайшлi шмат засохлых пучкоў розных травак, беражлiва перавязаных вяровачкамi. Мамiны лекi. Яна ведала толк у траўках. Варфаламей добра засвоiў, што трава цэнтурыя — iдзе ад болю ў грудзях. Напэўна яе траўка, сабраная з любоўю, не раз яму дапамагала. Вольга iмкнулася гаiць яго раны нават пасля смерцi. Цi пачула яна, як ён сказаў, што заўсёды яе жалеў? Цi зразумела, што ён хацеў сказаць насамрэч гэткiм простым, стрыманым словам? Сказаў за ўвесь век, пражыты разам... — Даўней жылi па многа гадоў, — гаворыць Варфаламей Лаўрэнцьевiч. — Усё сваё елi, не з магазiна. А ў магазiне адна хiмiя. Нават свой хлеб елi, мама смачны хлеб пякла. Хлеба наясiся — лепей як сала. Як блiжэй да прыроды — тады i жывеш. Варфаламей Лаўрэнцьевiч нават цяпер, адчуўшы выгоды гарадскiх кватэр, лiчыць, што ў вёсцы жыць лепей. Выйшаў на вулiцу — кветкi навокал прыгожыя. Суседзi павыходзяць з хат — мужчыны, жанчыны — ужо размова атрымлiваецца. А то сядзеш песнi паспяваеш, хораша на душы. Цяпер на вёсцы нiхто так не ходзiць i не збiраецца. Убачыў у акно — чалавек iдзе — i на ўвесь дзень радасць атрымаў. Некалькi гаспадароў на ўсю вёску, i тыя дзеду Варфаламею, лiчы, як дзецi: 70—80 гадоў. Iншыя ўжо размовы. I ўсё роўна, як пацяплее, ён вернецца ў родную хату. Можа не за размовамi i эмоцыямi, як раней, а за ўспамiнамi. Цёплыя, харошыя ўспамiны — i ёсць свята, якое трэба заслужыць жыццём. — Гэткай парою, узiмку, якраз кудзелю прадуць, — уздыхае Варфаламей Лаўрэнцьевiч. — Бывала, сядзiць яна ад поўначы аж да рання. Не было i святла, дык за лучынаю. Зробiм вопратку святочную малым — i пабеглi калядаваць па вёсцы, а то i ў суседнiя. Накiдаюць iм зерня якога, багацця вялiкага нi ў кога не было. Накалядуюць — аддадуць тым, у каго няма чаго есцi. Няхай будзе ў людзей свята...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сцежку да хаты зацярушыла. Стаiць хата, пазiрае, блiшчыць вокнамi, нiбыта выглядае свайго гаспадара. Даўно стаiць, больш за 60 гадоў |
|