21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Яе бацька — Iван Шамякiн...»

25.08.2009 21:32 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

30 студзеня народнаму пiсьменнiку Беларусi Iвану Шамякiну споўнiлася б 85 гадоў.




На працягу многiх дзесяцiгоддзяў Iван Пятровiч Шамякiн быў пастаянным аўтарам «Звязды», шчырым i верным сябрам газеты. Друкавалiся ўрыўкi з новых раманаў i аповесцяў, апавяданнi, у апошнiя гады — «Начныя ўспамiны». Праз «Звязду» Iван Шамякiн выказваўся пра надзённае, набалелае: стан роднай мовы, праблемы развiцця нацыянальнай лiтаратуры i культуры...

Напярэдаднi 85-годдзя «Звязды» Iван Шамякiн ад iмя чытачоў розных пакаленняў звярнуўся ў Мiнгарвыканкам з прапановай аб прысваеннi адной з вулiц горада Мiнска iмя газеты «Звязда». Прапанову народнага пiсьменнiка падтрымала шырокая грамадскасць... А ў чэрвенi 2005 года ў беларускай сталiцы з’явiўся праспект газеты «Звязда». Ужо, на жаль, пасля смерцi пiсьменнiка. Нiбыта Iван Шамякiн — з Нябёсаў — яшчэ раз блаславiў «Звязду»...

Мы добра ведаем, якiм быў Iван Пятровiч як пiсьменнiк, як грамадзянiн i чалавек. А якiм ён быў бацькам для сваiх чацвярых дзяцей? Цi была ў сям’i праблема «бацькоў i дзяцей»?..

На гэтыя i iншыя пытаннi карэспандэнт «Звязды» Таццяна ПАДАЛЯК папрасiла адказаць дачку пiсьменнiка Таццяну ШАМЯКIНУ — доктара фiлалагiчных навук, прафесара, загадчыка кафедры беларускай лiтаратуры i культуры Белдзяржунiверсiтэта.

— Як Iван Шамякiн выхоўваў сваiх дзяцей? Цi расказваў казкi? А можа, часцей — гiсторыi са свайго ваеннага мiнулага? Якiм ён быў бацькам?

— Пры ўсiм жаданнi бацькоў ставiцца да дзяцей аднолькава, гэта не заўсёды атрымлiвалася. Выхоўвалi нас — чатырох — па-рознаму, што было абумоўлена ў многiм аб’ектыўнымi прычынамi. Напрыклад, Алеся — маладзейшая за Лiну на дваццаць гадоў, за мяне — на дванаццаць, за Сашу — на дзесяць. Яна нарадзiлася тады, калi мы ўжо сфармiравалiся як асобы. Малодшую, безумоўна, усе песцiлi. Старэйшую Лiну надзвычай шкадавала мама, бо iм дзвюм прыйшлося шмат перажыць, напакутавацца падчас вайны. Лiна нарадзiлася 10 лiпеня 1941 года, калi бацька ўжо быў на фронце, а вярнуўся ў 1946 г. Ён не бачыў дачку ў маленстве, не ўдзельнiчаў у яе выхаваннi, i гэта адбiвалася на iх адносiнах. Натуральна, мацi iмкнулася кампенсаваць яго, магчыма, недастатковую ўвагу да Лiны. Затое мы з Сашам ужо раслi на бацькавых вачах. Калi нарадзiўся Саша, мяне даручылi менавiта бацьку, ён мною найбольш займаўся, i ў далейшым я заўсёды лiчылася любiмай дачкой. Але гэта зусiм не азначае, што я знаходзiлася ў прывiлеяваным становiшчы. Наадварот, жыла заўсёды ў прахадным пакоi, спала на раскладушцы, фактычна на адну мяне ўскладвалiся абавязкi па дому, па дапамозе мацi, а затым i тату (друкаванне). I я вельмi ўдзячная бацькам за гэта — прывучылi працаваць. Прывiлi тое, што аказалася самым галоўным у жыццi. Увогуле, мне здаецца, што метады нашага выхавання вызначалiся не стаўленнем бацькоў да кожнага, а нашымi ўласнымi душэўнымi якасцямi, якiя закладзены генетычна, дараваны Богам, прыродай, зоркамi. Пры гэтым бацькi, безумоўна, iмкнулiся быць аб’ектыўнымi i справядлiвымi — гэта iм удавалася з кожным годам усё цяжэй i вылiвалася ў нейкiя дзiўныя формы. I толькi ў самым канцы жыцця бацька ўжо мог адкрыта выказваць шкадаванне, што апошнiя дзесяцiгоддзi iх з мамай жыцця жыла з iмi не я...

Казкi бацькi мне, безумоўна, расказвалi i чыталi. I ў такiм аб’ёме, што прывучылi да iх на ўсё жыццё, далi iмпульс не толькi мне — займаюся ж мiфалогiяй, але нават i маiм дзецям: абедзьве вывучаюць фальклор, адна — Маша — ужо абаранiла кандыдацкую дысертацыю, другая — Славяна — пiша дысертацыю менавiта па народных казках, выпусцiла дзве манаграфii. Бацька купляў лiтаральна ўсе дзiцячыя кнiгi, што выходзiлi, заўсёды i з Масквы прывозiў усе лепшыя выданнi. Думаю, тата сам у дзяцiнстве быў фантазёрам i iмкнуўся перадаць сваю адметную рысу нашчадкам. А вось пра вайну ён спецыяльна нам не распавядаў. Але мы чулi некаторыя гiсторыi, якiя ён расказваў сваiм сябрам — сюжэты iх заўсёды ўсплывалi як бы самi сабою, паводле асацыяцый. Дарэчы, бацька быў добрым расказчыкам. Некаторых людзей слухаеш — здаецца, i прыгожымi словамi гавораць, i пра цiкавыя жыццёвыя выпадкi, а пазяхаць хочацца. Бацька ж заўсёды гаварыў лаканiчна, ясна, проста — нiколi ад яго расповедаў не ўзнiкала нудоты.

Успамiнаючы сёння сваё маленства, я дзiўлюся, наколькi высокiм узроўнем культуры вызначалiся бацькi, якiя самi выраслi ў вёсцы. Я добра ўсё памятаю з таго года — 1954 — калi мы пасялiлiся ў доме № 36 па вулiцы Карла Маркса — «пiсьменнiцкiм доме». Кватэра па тым часе шыкоўная — чатыры пакоi, хоць i невялiкiя (сёння там жыве Iван Навуменка, i што характэрна, не жадае перасяляцца ў больш камфартабельнае жыллё, i не дзiва: у той кватэры добрая аўра). Мы заўсёды снедалi, абедалi ўсе разам — у сталовай за круглым сталом. Кожны меў свой прыбор, кубачак; суп налiвалi выключна з супнiцы; пры гасцях вiно, iншыя напоi нiколi не ставiлi на стол у бутэльках, а заўсёды налiвалi ў крышталёвыя графiнчыкi i г.д. Такiх бытавых дробязяў можна ўспомнiць шмат. Здаецца, не параўнаць узровень камфорту тады i сёння, ясна, што ў крамах у 50-я гады прадавалi няшмат тавараў, а вось жыццё было нейкай iншай якасцi. I не таму, што бацькi iмкнулiся хутчэй далучыцца да элiты, адчуць сябе арыстакратамi (якраз гэта iм нi ў якiм разе не было характэрна), а таму, што так было прынята ў iх сем’ях — сялянскiх сем’ях (!) — у лепшыя часы. Калi да бацькоў — пасля дзесяцiгоддзяў нястач — зноў прыйшоў дабрабыт, яны вярнулi сямейныя традыцыi. Але ўжо ў 70-я гады ў iх уласнай — нашай — сям’i традыцыі тыя паступова затухаюць: жыццё робiцца нейкае мiтуслiвае. А пазней мы раз’ехалiся па розных кватэрах (з бацькамi засталася Алеся). Сустракалiся, праўда, часта на розныя святы, вельмi iх любiлi. Бацькi радавалiся, гледзячы на нас, на ўнукаў... Але так было да смерцi Сашы ў 1991 г. Гэта — мяжа...

— Якi твор свайго бацькi вы прачыталi першым? Што сказалi яму — пахвалiлi? Пакрытыкавалi? Альбо... проста прамаўчалi?

Увогуле, цi былi выпадкi, калi вы спрачалiся наконт яго творчасцi — або ўсё заўсёды безагаворачна прымалi?

— Бацька сам прачытаў мне свае апавяданнi са зборнiка «У Маскву». Гэта раннiя — канца 40-х — пачатку 50-х гадоў — надзвычай слабыя дзiцячыя апавяданнi: I.Шамякiн пазней не ўключаў iх нi ў адзiн збор твораў. Дыдактычныя, наiўныя, мне, малой, яны тады, натуральна, такiмi не здавалiся, а, наадварот, глыбока ўразiлi. А самастойна я прачытала «Крынiцы» — недзе ў канцы 50-х гадоў, i надоўга твор стаў маёй любiмай бацькавай кнiгай. Цяжка было пасля вызвалiцца ад першага дзiцячага ўражання.

Мы з татам, безумоўна, абмяркоўвалi яго кнiгi. Гэта непазбежна — я ж была доўгi час — да канца 80-х гадоў — яго перакладчыкам, пераклала на рускую мову шмат якiя раманы, аповесцi, склала пра яго альбом для сярэдняй школы, пiсала пра творчасць артыкулы. Мы нiколi не спрачалiся — гэта не ўласцiва нi яму, нi мне. Даволi нясмела я выказвала свае парады. Не скажу, што ён усе прымаў, але што-нiшто ўлiчваў. Часта раiўся са мной наконт загалоўкаў, зрэдку — наконт iмёнаў i прозвiшчаў персанажаў. Але нiколi — наконт сюжэтных перыпетый. Толькi што ў часопiсе «Роднае слова» выйшаў мой артыкул «Выяўленчае мастацтва ў жыццi i творчасцi I. Шамякiна». Там я пiшу пра тое, што выклiкала найбольшую маю нязгоду ў творах бацькi.

— Вы, дзяўчынкаю, дзялiлiся з бацькам сваiмi сардэчнымi сакрэтамi? Раiлiся, што рабiць, — калi прыйшло каханне?...

— Я нiколi не дзялiлася з бацькамi сваiмi сардэчнымi сакрэтамi. Мiж тым пачала сябраваць з хлопцам яшчэ ў школе. Мой тата ведаў яго тату, жылi мы адзiн ад аднаго недалёка — на адной вулiцы, пэўны час вучылiся ў адной школе, таму мае бацькi, ва ўсякiм разе знешне, былi спакойныя i вельмi памяркоўныя. Дарэчы, за сваё першае каханне — Вячаслава — я i замуж выйшла (на трэцiм курсе). Пра сямейныя справы таксама нiколi бацькам не расказвала. Калi б былi сваркi, то магчыма, прыйшлося б, але iх не было. Ужо ў 90-я гады ў бацькоў з’явiлася незадавальненне маiм мужам, якi пазбавiўся работы (шмат хто такое перажыў), i мне прыйшлося цягнуць усю сям’ю. У маiх хваробах, беднасцi, недахопе часу бацькi пачалi вiнавацiць, хоць i не прама, у вочы, Славу. Але ў кожнай сям’i свая праўда...

— Таццяна Iванаўна, вам удалося дасягнуць таго, да чаго iмкнуцца бадай што ўсе дзецi знакамiтых бацькоў: пра вас гавораць не «яна — дачка I. Шамякiна», а «яе бацька — I. Шамякiн»... Цiкава, бацька раiў вам, фiлолагу, якую тэму ўзяць для навуковых пошукаў, што i як даследаваць?

— Усе свае першыя артыкулы i рэцэнзii я давала чытаць бацьку. Чытаў ён iх вельмi ўважлiва. Безумоўна, даваў шматлiкiя парады. У мае навуковыя iнтарэсы нiколi не ўмешваўся. Але ўплываў ускосна. Якiм чынам? Напрыклад, мне ярка запомнiўся вечар, калi бацька, дастаўшы са стэлажа бардовы томiк, пасадзiў мяне, шасцi- цi сямiгадовую, у крэсла ў сваiм кабiнеце i пачаў услых чытаць «Новую зямлю» Якуба Коласа. Я была зачараваная мелодыкай коласаўскiх слоў. Тэмай маiх курсавых работ, дыпломнай работы, а намнога пазней — i доктарскай дысертацыi — стала творчасць Я. Коласа. Але тут мела значэнне, вiдаць, i тое, што кiраўнiк маiх студэнцкiх работ — I.Я. Навуменка — таксама быў захоплены творчасцю класiка. А вось тэма кандыдацкай дысертацыi — «Стылявыя напрамкi сучаснай беларускай прозы» — выспела дзякуючы сумесным намаганням майго кiраўнiка Iвана Навуменкi, таты Iвана Шамякiна i яго сябра Андрэя Макаёнка. Яны i на абароне маёй — у 1975 годзе — усе былi. А першым апанентам выступаў таксама пiсьменнiк i навуковец Алесь Адамовiч. Апошнiя гадоў дваццаць перад пачаткам новай працы я не раiлася з бацькам нiколi, а толькi прыносiла на яго ацэнку вынiкi — артыкулы, кнiгi, вучэбныя дапаможнiкi.

Дарэчы, бацькi доўгi час не хацелi, каб я пiсала доктарскую дысертацыю — маўляў, здароўе не дазваляе. Аднойчы Iван Якаўлевiч Навуменка нават моцна пакрыўдзiўся за мяне на Шамякiна — свайго даўняга сябра. Калi ж я абаранiлася, бацька быў, безумоўна, вельмi задаволены i ганарыўся мною.

— Цi лёгка — па жыццi, па працы, па навуковай дзейнасцi — быць дачкой Iвана Шамякiна?

— I лёгка, i цяжка. Як мяне выхоўвалi, гэта нават складана сёння ўявiць — наўрад цi чытачы «Звязды» павераць. Мне ўнушалi быць незаўважнай, нiколi не лезцi наперад, не карыстацца становiшчам дачкi знакамiтага пiсьменнiка. Увогуле ж, галоўнае значэнне ў выхаваннi заўсёды мае прыклад бацькоў: мая мацi была выключна сцiплым чалавекам, яна да канца жыцця захавала лепшыя рысы сялянскай жанчыны.

Мне нiколi не ўнушалi абавязковасцi быць першай у вучобе, але, стаўшы студэнткай, я гэта вырашыла для сябе сама. Таму што я — Шамякiна, сорамна ганьбiць прозвiшча. Я заўсёды ведала, што за мной сочаць, i iмкнулася не даваць нiякiх падстаў для незадавальнення мною. Прыходзiлася працаваць намнога больш, чым iншыя. Але ж, з другога боку, пры тым, што бацька нiколi за мяне не хадзiў, не прасiў (ён увогуле за сваiх не любiў прасiць), абсалютна не рэкламаваў маю творчасць, я заўсёды адчувала яго шырокую спiну. Гэта тое шчасце ў жыццi, якое даецца, безумоўна, далёка не кожнаму. Яшчэ i таму я павiнна працаваць больш за iншых — шчасце ж не дорыцца так проста, дарма — яго патрэбна адпрацоўваць...

На здымку: Iван ШАМЯКIН з дачкой Таццянай, 1971 год.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 студзеня народнаму пiсьменнiку Беларусi Iвану Шамякiну споўнiлася б 85 гадоў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика