БЕЛЭКСIМГАРАНТ — падрыхтаваны партнёр для ўдзелу ў экспартных праектах у блiзкiм i далёкiм замежжы
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з кiраўнiком службы андэрайтынга Белэксiмгаранта Аляксеем СКРАГАЙ.
— Як вядома, у адпаведнасцi з Нацыянальнай праграмай развiцця экспарту на 2000—2005 гады менавiта Белэксiмгарант вызначаны лiдарам па стварэнню нацыянальнай сiстэмы страхавання экспартных крэдытаў з падтрымкай дзяржавы. Гэта праца будзе прадоўжана i ў адпаведнасцi з Нацыянальнай праграмай развiцця экспарту на 2006—2010 гады. Раскажыце, калi ласка, якiя функцыi заклiкана выконваць гэтая сiстэма. — У вузкiм сэнсе, па ўмовах страхавання экспартных крэдытаў страхавая кампанiя гарантуе экспарцёру сучасную аплату за пастаўленыя з адтэрмiноўкай плацяжу тавары. Сучасная эканамiчная i нават палiтычная нестабiльнасць у свеце ставiць пад сумненне магчымасць выканання сваiх абавязацельстваў бакамi, якiя заключылi знешнегандлёвы кантракт — з-за наяўнасцi палiтычных i эканамiчных рызык. Штогод толькi ў краiнах Заходняй Еўропы становяцца банкрутамi каля 20 000 фiрмаў. Сем з дзесяцi буйнейшых банкруцтваў у гiсторыi ЗША адбылiся на працягу апошнiх двух гадоў. Найбольш буйным банкрутам стала кампанiя WorldCom (iнфармацыйныя тэхналогii i тэлекамунiкацыi) з актывамi ў $107 млрд, якая адмовiлася выконваць свае абавязацельствы перад крэдыторамi ў лiпенi 2002 года. У першую дзесятку буйнейшых банкрутаў уваходзяць таксама Enron з актывамi, што ацэньваюцца ў $63,4 млрд, Texaco ($35,9 млрд, красавiк 1987 года), United Airlines ($22,7 млрд, снежань 2002 года), Parmalat (18 млрд еўра, студзень 2004 года). Палiтычная i сацыяльная напружанасць прадвызначылi iснаванне побач з эканамiчнымi i палiтычных рызык. Такiх, як увядзенне эмбарга на iмпарт i экспарт, аб’яўленая цi неаб’яўленая войны, грамадзянскiя хваляваннi, нават рэвалюцыi, тэрарыстычныя акты, а таксама ўвядзенне новых заканадаўчых актаў, якiя маюць дыскрымiнацыйны характар, затрымка трансферта з-за недахопу канверсаванай валюты ў краiне месцазнаходжання контрагента Страхавальнiка, аб’яўленне мараторыя на абслугоўванне знешняга доўгу, экспрапрыяцыя ўласнасцi i г. д. Наяўнасць i наступленне ўсiх гэтых i iншых рызык не залежыць ад жаданняў цi дзеянняў экспарцёра. Мiж тым за наступствы, што вылiваюцца ў прамыя страты, цалкам адказвае апошнi. Усё гэта патрабуе распрацоўкi iнструментаў, якiя знiжалi б адпаведныя рызыкi. Адным з iх i з’яўляецца страхаванне экспартных крэдытаў з падтрымкай дзяржавы. — Давайце патлумачым шырокаму чытачу: а для чаго патрэбна i ў чым заключаецца дзяржаўная падтрымка? — У сiстэме страхавання экспартных крэдытаў, якая дзейнiчае ў замежных краiнах, дзяржава адыгрывае важную ролю. Як правiла, гэтая роля заключаецца ў тым, што ў бюджэце краiны (!) прадугледжваюцца сродкi для гарантавання аперацый па страхаванню экспартных крэдытаў — на выпадак недахопу ў страхавых кампанiй уласных рэзерваў. У канечным вынiку такiм чынам вырашаецца задача стымулявання паступлення ў краiну валютных сродкаў. Пры гэтым улiчым, што такiм вiдам страхавання ў кожнай краiне займаюцца спецыялiзаваныя страхаўшчыкi, яны з’яўляюцца даччынымi кампанiямi ўрадаў дадзеных краiн (экспартныя крэдытныя агенцтвы). Сярод вядучых агенцтваў па страхаванню экспартных кантрактаў патрэбна назваць COFACE (Францыя), KUKE (Польшча), EGAP (Чэхiя), SEC (Славенiя). Усе яны аб’яднаны ў Мiжнародны саюз страхаўшчыкоў крэдытаў i iнвестыцый — «Бернскi саюз». Гэты прынцып прыменены i ў Рэспублiцы Беларусь. З 2002 года ў Законе «Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь» прадугледжваецца выдзяленне сродкаў для гарантавання аперацый па страхаванню экспартных крэдытаў, якое ажыццяўляе Белэксiмгарант. — Вы ўзгадалi Мiжнародны саюз страхаўшчыкоў крэдытаў i iнвестыцый. Як наладжаны ўдзел Белэксiмгаранта ў рабоце гэтага саюза? — З 1999 года Белэксiмгарант развiвае супрацоўнiцтва з экспартна-крэдытнымi агенцтвамi — членамi Бернскага саюза, прымаючы актыўны ўдзел у пасяджэннях Пражскага клуба. — Гэта структурнае падраздзяленне Бернскага саюза для экспартна-крэдытных агенцтваў Цэнтральнай i Усходняй Еўропы. А з 2002 года Белэксiмгарант з’яўляецца членам Пражскага клуба. У маi 2003 года чарговае пасяджэнне Пражскага клуба Бернскага саюза праводзiлася ў Мiнску на базе Белэксiмгаранта. На пасяджэннi прысутнiчалi пасланцы 27 арганiзацый з 25 краiн свету, у тым лiку прадстаўнiкi Сусветнага Банка, EGAР (Чэхiя), KUKE (Польшча), EGFI (Iран), ERG (Швейцарыя) i шэрага iншых мiжнародных фiнансавых iнстытутаў. — Пасяджэннi сапраўды дастаткова прадстаўнiчыя. А якiя пытаннi i праблемы абмяркоўваюцца на такiх пасяджэннях, што карыснага для сябе можа пачарпнуць на iх наша рэспублiка? — У першую чаргу сумесная работа дазваляе вывучыць мiжнародны вопыт страхавання экспартных крэдытаў, адсочваць тэндэнцыi развiцця гэтага накiрунку страхавання ў розных краiнах. Практычна ўсе краiны з развiтой рыначнай эканомiкай, а ў апошнi час i з пераходнай эканомiкай, арыентуюцца на развiццё экспартных галiн. Адной з асноўных формаў падтрымкi экспартных галiн i з’яўляецца страхаванне экспартных крэдытаў, якое праводзiцца з падтрымкай дзяржавы. Як сведчыць вопыт членаў Бернскага саюза, для арганiзацыi сiстэмы страхавання экспартных крэдытаў з падтрымкай дзяржавы ў кожнай краiне спатрэбiлiся амаль аднолькавыя меры. У першую чаргу, адбывалася распрацоўка спецыялiзаванай заканадаўчай (нарматыўна-прававой) базы. Па-другое, сiстэма страхавання экспартных крэдытаў з падтрымкай дзяржавы прымянялася сумесна з iншымi грашова-крэдытнымi iнструментамi палiтыкi стымулявання экспарту — такiмi, як крэдытаванне экспартных аперацый і кампенсацыя працэнтных ставак. У айчыннай практыцы страхавання экспартных крэдытаў iснуе яшчэ шэраг нявырашаных праблем, i ў сувязi з гэтым замежны вопыт, якi мы чэрпаем з дзейнасцi Бернскага саюза, з’яўляецца унiкальным i надзвычай карысным. — Прабачце, я вас перапыню. Якiя ўсё ж нявырашаныя праблемы функцыянавання сiстэмы страхавання экспартных крэдытаў можна было б адзначыць? — Зараз у рэспублiцы закладзены некаторыя прававыя асновы функцыянавання сiстэмы страхавання экспартных кантрактаў з падтрымкай дзяржавы, i яны забяспечваюць пэўнае развiццё гэтых аперацый. Аднак прававая база, што iснуе, у адрозненне ад сiстэм, якiя функцыянуюць за мяжой, рэгламентуе толькi асобныя аспекты — вызначаны спецыялiзаваны iнстытут (Белэксiмгарант), прадэкларавана неабходнасць удзелу дзяржавы, рэгламентавана страхаванне толькi кароткатэрмiновых экспартных кантрактаў ад камерцыйных рызык. Пры гэтым не знайшлi адлюстравання многiя iстотныя пытаннi. Напрыклад, парадак выкарыстання неабходных сродкаў з бюджэту, механiзмы забеспячэння ўстойлiвасцi функцыянавання сiстэмы i недапушчэння катастрафiчных страт, забеспячэнне абароны сярэдне- i доўгатэрмiновых камерцыйных крэдытаў ад палiтычных рызык, экспартных, банкаўскiх i iншых вiдаў крэдытаў ад камерцыйных i палiтычных рызык. Сур’ёзным недахопам, якi стрымлiвае развiццё аперацый па страхаванню экспартных кантрактаў, з’яўляецца тое, што страхавыя ўзносы выплачваюцца за кошт прыбыткаў прадпрыемстваў, памеры якiх, як правiла, абмежаваныя. — I колькi ж экспартных крэдытаў было застрахавана за гэты час? Якiя айчынныя прадпрыемствы-экспарцёры звярнулiся за дапамогай да Белэксiмгаранта? — За мiнулы год Белэксiмгарантам заключана больш за 100 дагавораў страхавання экспартных крэдытаў. Прадпрыемствы-экспарцёры атрымалi абарону ад камерцыйнай рызыкi на агульную страхавую суму звыш 4,4 млн долараў ЗША. У лiку страхавальнiкаў у асноўным прамысловыя i нафтахiмiчныя прадпрыемствы, якiя застрахавалi свае экспартныя кантракты ў ЗША, Польшчу, Германiю, Фiнляндыю, Iзраiль, Венгрыю, Расiю, Казахстан, Малдову, Латвiю, Эстонiю i iншыя краiны. — Як бачым, Белэксiмгарантам застрахаваны экспартныя кантракты айчынных экспарцёраў i ў краiны СНД, у тым лiку ў Расiю. Гэта сведчыць, што дадзены механiзм эфектыўны не толькi для кантрактаў у далёкае замежжа, але i пры пастаўках нашым блiжэйшым суседзям? — Безумоўна. Па вынiках 2004 года Расiя з’яўляецца лiдарам сярод гандлёвых партнёраў Рэспублiкi Беларусь па аб’ёмах экспарту. Каля 47 працэнтаў беларускага экспарту было накiравана ў Расiю. Белэксiмгарант не можа не ўлiчваць гэты факт, i мы адкрытыя для «падстрахоўкi» экспартных кантрактаў у Расiйскую Федэрацыю. — Якiя, на ваш погляд, Аляксей Уладзiмiравiч, асноўныя накiрункi далейшага развiцця страхавання экспартных крэдытаў у рэспублiцы? — Зараз Мiнфiн, МЗС, Мiн-эканомiкi, Белэксiмгарант сумесна з зацiкаўленымi бакамi вывучаюць замежны вопыт i распрацоўваюць прававую базу, якая заклiкана стварыць умовы не толькi для функцыянавання сiстэмы страхавання экспартных крэдытаў, але i для яе развiцця з улiкам патрэб экспарцёраў. Лiчым, што сiстэма дазволiць, па-першае, абаранiць айчынных экспарцёраў ад камерцыйнай i палiтычнай рызыкi i стымуляваць экспарт. Па-другое, тым самым будуць створаны для айчынных прадпрыемстваў належныя ўмовы экспартнага гандлю. Прынамсі, не горшыя, чым маюць замежныя канкурэнты. Па-трэцяе, прадпрыемствы рэспублiкi не павiнны быць убаку ад сусветных працэсаў кааперацыi i спецыялiзацыi. Сур’ёзная роля сусветнага рынку тавараў i паслуг i месца на iм для кожнай краiны ў сучаснай эканомiцы вызначаюцца мiжнародным раздзяленнем працы, якое пастаянна паглыбляецца. У сувязi з гэтым сiстэма страхавання экспартных крэдытаў павiнна забяспечваць надзейнасць айчынных прадпрыемстваў у вачах дзелавога свету i садзейнiчаць заняццю iмi раўнапраўнага становiшча ў якасцi «падрыхтаванага партнёра» для ўдзелу ў экспартных праектах для трэцiх краiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з кiраўнiком службы андэрайтынга Белэксiмгаранта Аляксеем СКРАГАЙ
|
|