«Паставы-гарадок» жыве i змагаецца
Першы раз творчая брыгада «Звязды» пабывала на малочным заводзе ў Паставах летам 2004-га i падзялiлася сваiмi ўражаннямi ў матэрыяле, надрукаваным у канцы лiпеня. Тады па-добраму здзiвiла, што на невялiкiм перыферыйным прадпрыемстве парадак на вытворчасцi i яе эфектыўнасць, дысцыплiна працы знаходзяцца на такiм узроўнi, якi прысутнiчае далёка не на кожным сталiчным заводзе-гiганце. I што прадукцыя цудоўна разыходзiцца не толькi ў навакольных гарадах i раёнах, але i ў наравiстай сталiцы. Мiнулым разам мы пазнаёмiлiся тут з людзьмi, якiя мысляць па-дзяржаўнаму (прабачце за газетны штамп, але ён дарэчы). Вельмi хацелася даведацца, як iдуць у iх справы, што новага ў стваральнiкаў брэнда, якi ўпэўнена адваёўвае жыццёвую прастору — «Паставы-гарадок».
Першае, што кiнулася ў вочы зараз — дабавiлася дыпломаў i грамат на сценах дырэктарскага кабiнета. Цяпер гэтая «галерэя славы» ледзь не самая дамiнуючая дэталь iнтэр’ера. Успомнiлася фраза Iвана Юльянавiча ЮХНО з таго, мiнулага раза: «За апошнiя тры гады маем 18 дыпломаў». Сёння iх амаль пад тры дзесяткi. На самым вiдным месцы — крыштальны кубак i дыплом пераможцы конкурсу на прэмiю Савета Мiнiстраў РБ за якасць прадукцыi, уручаныя перад Новым годам. Побач яшчэ дзве надзвычай дарагiя для завадчан заваёвы апошнiх месяцаў — сертыфiкат адпаведнасцi сiстэмы менеджменту якасцi прадпрыемства мiжнароднай сiстэме стандартаў ISO 9001 i дакумент аб тым, што на прадпрыемстве ўкаранёна сiстэма ХАССП — пошуку i «нейтралiзацыi» так званых «крытычных кропак» вытворчасцi. За iмi — дыпломы за ўдалы ўдзел у выставах «Продэкспа-2005», «Беларуская вясна-2005»... Просiм Iвана Юльянавiча пракаментаваць прыемныя навiны. — Вынiкi работы за мiнулы год наогул не могуць не радаваць. Мы выканалi ўсе прагнозныя паказчыкi. Назаву толькi адзiн: аб’ём вытворчасцi прадукцыi ўзрос у супаставiмых цэнах да ўзроўню 2004 года на 20,5 працэнта. Гэта, як вы разумееце, калектыўны здабытак. Як i ISO, ХАССП. Адзiн кiраўнiк з намеснiкам нiчога не зрабiлi б, — не ўпускае магчымасць сказаць добрае слова ў адрас калектыву дырэктар. Iван Юльянавiч цiкавы субяседнiк, шчыры. Аб вынiках, якiх дабiлiся перш за ўсё прадумана арганiзаванай працай, расказвае — i прыкметна хвалюецца. I разумееш, што далося ўсё гэта няпроста. — Патрэбнасць у абедзвюх сiстэмах — i ISO, i ХАССП была рэальнай, гэта, калi хочаце, выклiк часу, на якi мы павiнны былi адказваць. Зрабiлi гэта па ўласнай iнiцыятыве, нiхто не прымушаў. Хаця б для таго, каб прыйшлi надзвычай граматныя спецыялiсты са службы стандартызацыi i сертыфiкацыi, паглядзелi свежым вокам i падказалi, што яшчэ можна «падцягнуць». Выканалi сапраўды велiзарны аб’ём работы, але прывялi вытворчасць, i перш за ўсё тэхналогiю, дапаможныя аперацыi ў строгi парадак, вытворчыя i бытавыя памяшканнi — у адпаведнасць строгiм санiтарным нормам. А ўнутраныя стандарты — у адпаведнасць сусветным. Адмiнiстрацыi i iнжынерна-тэхнiчным работнiкам давялося адчувальна ахвяраваць асабiстым часам, знайсцi i iнвеставаць пэўныя сродкi ў адладжванне вытворчага механiзма. Пайшлi на гэта таму, што за апошнiя гады ўпэўнiлiся: ва ўмовах канкурэнцыi «iдзе» тая прадукцыя, якая выгадна адрознiваецца ад iншай сваiмi якаснымi, смакавымi паказчыкамi. Просiм дырэктара расказаць пра iншыя навiны. Бо пакуль iшлi на сустрэчу, заўважылi i новы фiрменны магазiн каля прахадной, i будаўнiкоў, што працавалi на тэрыторыi, на ўзвядзеннi кацельнi. — Закончылi рэканструкцыю сырцэха, i зараз маем магчымасць выпускаць цвёрдыя сыры. За 2005 год адпрацавалi з дапамогай галiновага iнстытута тэхналогiю iх вытворчасцi. Зараз «шлiфуем», «даводзiм» якасныя параметры. Пра тое, што мы iдзём у правiльным напрамку — у сэнсе тэхналогii, сведчыць такi факт: наш «Галандскi» на рэспублiканскiм конкурсе сыроў заняў другое месца. Выпусцiлi першыя партыi «Расiйскага» i «Манастырскага», i па водгуках гандлю яны разышлiся цудоўна. Так што ў гэтым годзе яны таксама папоўняць асартыментны пералiк прадукцыi, у нас для гэтага ўсё гатова. Было б малако. — З мiнулага разу мы памятаем надзвычай пiкантны смак вашага сырнага рулета, якi так i называецца. — Я магу дадаць, што рулет сырны «Пiкантны» разам з сырам «Ранiца» i маслам салодкасметанковым сталi па вынiках мiнулага года пераможцамi конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублiкi Беларусь на рынку Расiйскай Федэрацыi». Зараз «сямейка» сырных рулетаў папоўнiлася, пачалi выпускаць «Рыўеру». Тут крышку iншыя раслiнныя напаўняльнiкi, i ён таксама вельмi лёгка «пайшоў» да пакупнiка. Рулет «Рыўера», а таксама нашы сыры i прадукты тварожныя «Аматарскiя» зусiм нядаўна прынеслi перамогу ў конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублiкi Беларусь». Набылi першы вопыт i пачынаем выпускаць вэнджаныя сыры. Спецыяльна ўстанавiлi вяндлярню. Можа, на гэтым вiдзе прадукцыi адчувальна не ўздымем уласную эканомiку, але затое спажыўцы атрымаюць яшчэ адзiн далiкатэсны прадукт. — Цi азначае гэта, што вы робiце ў вытворчасцi акцэнт на выпуску сыроў? — Не, сёння мы не ставiм перад сабой такую мэту. Паўтаруся: пакуль дабiваемся стабiльнай якасцi сыроў. Каб наша, пастаўская, марка была пазнаваемай i ў гэтай пазiцыi. Акцэнт ранейшы — на выпуску натуральнамалочнай прадукцыi, нарошчваем яе выпуск. Што дыктуе попыт на ўнутраным рынку. Вось структура вытворчасцi за снежань: сыры — 13 працэнтаў ад агульнай колькасцi выпушчанай прадукцыi, масла жывёльнае — 22 працэнты, казеiн — 27 працэнтаў. I натуральнамалочная прадукцыя — 31 працэнт. У лiстападзе было прыкладна тое ж самае. Натуральнамалочная прадукцыя карыстаецца попытам як у нас у раёне, у тым лiку сярод сельскага насельнiцтва, так i за межамi Пастаўшчыны. I малако «Смачнае»; i смятана «Традыцыйная» з сапраўды традыцыйным сялянскiм густым смакам, не сапсаваным нiякiмi дабаўкамi, i не менш густой кансiстэнцыяй, калi «лыжка стаiць»; i дэсерт ёгуртавы «Iзюмiнка»; вяршкi, ражанка, прадукты тварожныя «Аматарскiя» i г.д. На сваiм транспарце (а ў нас на вываз працуе 12 абсталяваных уласных аўтамашын) возiм у Вiцебск, Полацк, Наваполацк, Мiнск, Маладзечна... Невыпадкова летась мы нарасцiлi яе выпуск амаль на 40 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Засмучае толькi, што зноў пайшлi забароны на гандаль у «чужых зонах». З дапамогай «тэлефоннага права» кiраўнiкi некаторых раёнаў спрабуюць адмянiць нармальную здаровую канкурэнцыю. У якiм становiшчы апынуўся спажывец, iх не хвалюе. У недалёкай перспектыве плануем рэканструяваць цэх, у якiм выпускаецца натуральнамалочная прадукцыя — паставiм новае, больш сучаснае абсталяванне, што дазволiць асвоiць новыя вiды прадукцыi. На гэтыя мэты патрацiм 3,5 мiльярда рублёў. — Для параўнальна невялiкага прадпрыемства — вельмi сур’ёзныя грошы. Адкуль такiя сродкi, Iван Юльянавiч? — Мы штогод iнвестуем у развiццё вытворчасцi, у новае абсталяванне 1,2—1,3 мiльярда рублёў. Гэта перш за ўсё заробленыя намi сродкi, а таксама крэдыты банкаў (iх патрэбна вяртаць, так што — таксама заробленыя), i пэўная дапамога аказваецца бюджэтам. Калi хочаш уцалець, то развiвайся, закон такi. Вы заўважылi, дырэктар сказаў: калi будзе малако... Прадпрыемства надзвычай залежыць ад сезоннасцi ў вытворчасцi сыравiны. Летам яе «густа», зiмой амаль «пуста». Дырэктар прывёў тыповы прыклад, калi гаспадарка сыравiннай зоны летам пастаўляе 4,5 тоны малака ў дзень, а зараз сцiплыя 600 кiлаграмаў. Суадносiны — адзiн да сямi. Ёсць, канечне, i прыклады гаспадарак з каэфiцыентам сезоннасцi адзiн да трох або адзiн да двух, што яшчэ лепш. Гэта значыць, зiмой толькi ў два разы менш. Але ж не ў пяць i не ў дзесяць. Горш, што такiх станоўчых прыкладаў — раз, два, i аблiчыўся. Жыццё рубам паставiла неабходнасць барацьбы з сезоннасцю ў вытворчасцi малака. Час забяспечыць, нарэшце, збалансаванае кармленне дойнага статку, вярнуць страчаныя пазiцыi ў селекцыйнай рабоце, разумна рэгуляваць тэрмiны ацёлаў. Праграма для зоатэхнiчных службаў раёнаў i гаспадарак вядомая. Iншая справа, калi яны ўсур’ёз возьмуцца за яе ажыццяўленне? Бо якраз сезоннасць — той самы айсберг, аб якi можа разбiцца эканомiка не толькi самiх гаспадарак, але i айчынных перапрацоўчых прадпрыемстваў. У пераадоленне яе ўжо сёння патрэбна ўкладваць сур’ёзныя сродкi, лiчаць завадчане. Малаказавод узяў на сябе шмат клопатаў мясцовых гаспадарак, адчувальна iх падтрымлiвае. Толькi ў апошнi час выдаў 385 мiльёнаў у якасцi перадаплаты за будучую прадукцыю. Набывае для iх халадзiльнае абсталяванне (не супраць, здаецца, набываць i даiльнае, калi хоць бы большасць даўгоў будзе своечасова пагашана), запчасткi да яго, фiльтрамыйныя матэрыялы i iнш. Амаль што асноўным клопатам завадчан стала нават зарплата вяскоўцаў. I гэта пры адсутнасцi гарантый, што ўкладзеныя сродкi своечасова вернуцца «ў малакавозах». Дарэчы, абсалютна не зразумела, чаму перапрацоўшчыкам навязваюць чужыя праблемы — тую ж зарплату для калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Хутчэй за ўсё гэта робiцца па прынцыпу «хто цягне, таго i нагружаюць». Канешне, кiраўнiцтву АПК так зручней: звалiлi з хворай галавы на здаровую, i не трэба дзень i ноч турбавацца аб эфектыўнай рабоце гаспадарак, аб развiццi iх матэрыяльнай базы, фiнансавай стабiльнасцi, каб у вынiку тыя самi маглi аб сабе паклапацiцца. Завадчане хацелi б бачыць такую арганiзацыю працы ў гаспадарках сваёй зоны, калi ўзровень заработнай платы напрамую пастаўлены ў залежнасць ад дасягнутых вынiкаў. I калi ветэрынарныя i заатэхнiчныя службы прадметна займаюцца якасцю малака. Менавiта якасць сельскагаспадарчай прадукцыi павiнна стаць задачай наступнай пяцiгодкi, без чаго пра якасць жыцця можна i не марыць. Гаварыць аб гэтай праблеме патрэбна на ўвесь голас на 3-м Усебеларускiм народным сходзе, падкрэслiвалi нашы суразмоўцы на заводзе. На агульную iх думку, ад грузу старых «замашак» патрэбна адмовiцца некаторым органам дзяржаўнага кiравання, якiя «дастаюць» вытворцаў абсалютна не матываванымi дадатковымi заданнямi. «Дайце 70 мiльёнаў прырост». А дзе ўзяць, калi быць не можа. I навошта? Каму, якому рэгiёну канкрэтна патрэбна дадатковая прадукцыя, хто канкрэтна паклапоцiцца пра яе рэалiзацыю, калi рынак насычаны, i трэба «стаць на вушы», каб рэалiзаваць нават узгодненыя з тэрыторыямi, у першую чаргу, з гандлем, аб’ёмы? Патрабаваннi кшталту «давайце больш, давайце звыш таго» штурхаюць сельскагаспадарчыя i перапрацоўчыя прадпрыемствы на элементарныя прыпiскi, супраць якiх зусiм нядаўна катэгарычна выказаўся кiраўнiк краiны. Прэзiдэнт ставiць перад аграпрамысловым комплексам складаныя, і ў той жа час рэальныя задачы, але пакуль яны па доўгаму ланцужку iнстанцый даходзяць да канкрэтнага завода, то часам пераводзяцца ў iншую плоскасць, i каманда паступае ў трансфармаваным выглядзе. Стратэгiя «наверсе» вызначаецца правiльна, а тактыка на месцах — «храмае». Так, i ў часы рыначнай эканомiкi дапамога i нават далiкатнае, разумнае кiраўнiцтва з боку дзяржавы былi б не лiшнiмi. Скажам, у такой няпростай справе, як экспарт. Сёння доля экспарту на заводзе — 42 працэнты ад усёй выпушчанай прадукцыi. I вялiкая доля экспартнай часткi прадукцыi — стратная. У апошнi час перапрацоўшчыкам быццам бяруцца дапамагчы, ствараюцца так званыя таварныя бiржы. Але чамусьцi гэтыя структуры возьмуць на сябе клопат аб рэалiзацыi якраз той часткi прадукцыi, якая i без дапамогi цудоўна разыходзiцца. У нашым выпадку гэта тэхнiчны казеiн, якi запатрабаваны на польскiм, лiтоўскiм, расiйскiм i iншых рынках, i сухое абястлушчанае малако, з продажам якога таксама няма праблем. А заводу зноў застанецца клопат пра збыт масла (мы ўжо пiсалi, што ў сiлу многiх прычын гэта — стратная пазiцыя) i некаторых iншых праблемных, хоць i неабходных прадуктаў харчавання. Забраць ад заводаў тое, з чаго яны маюць прыбытак, i такiм чынам «дапамагчы» — гэта, выбачайце, не дзяржаўны падыход. Няхай бы дзяржава ўзяла на сябе клопат аб пошуку новых, нават далёкiх рынкаў для продажу малочных прадуктаў. Або паклапацiлася аб стварэннi так званых «рэзервовых заводаў», якiя паспяхова дзейнiчаюць за мяжой, i прымаюць летам «лiшкi» малака, каб выпусцiць i рэалiзаваць сухое малако i масла не па дэмпiнгавых, а па нармальных цэнах. Або прытрымлiваюць у дзяржаўным запасе да таго часу, пакуль рэалiзацыя стане выгаднай вытворцам i не створыць пагрозы банкруцтваў перапрацоўчых прадпрыемстваў. Вось якой дапамогi — канкрэтнай, а не фармальнай, эфектыўнай, а не параджаючай шэраг праблем, чакаюць ад дзяржаўных структур таваравытворцы. I яны правiльна ставяць пытанне: тэма ўзаемадзеяння рэальнага сектара эканомiкi з органамi дзяржаўнага кiравання таксама магла б быць вынесена на абмеркаванне 3-га Усебеларускага сходу. Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ, Вераніка АРЛОЎСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы раз творчая брыгада «Звязды» пабывала на малочным заводзе ў Паставах летам 2004-га i падзялiлася сваiмi ўражаннямi ў матэрыяле, надрукаваным у к |
|