«Спiртавы спрут»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Як нас атручваюць Амаль за 4 гады злачынная арганiзацыя рэалiзавала насельнiцтву Беларусi, Лiтвы i Польшчы каля 7 мiльёнаў лiтраў сурагату.У Беларускiм ваенным судзе пачаўся беспрэцэдэнтны працэс над удзельнiкамi цэлай злачыннай арганiзацыi, якая займалася незаконнай вытворчасцю i рэалiзацыяй нехарчовых спiртазмяшчальных вадкасцяў. Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ў аддзеле iнфармацыi i грамадскiх сувязяў рэспублiканскай пракуратуры, гэтая крымiнальная справа не мае аналагаў. Супрацоўнiкi пракуратуры расследавалi махiнацыi спiртавых аферыстаў паўтара года. Злачынцы дзейнiчалi з велiзарным размахам i даволi працяглы час. З чэрвеня 2000-га па сакавiк 2004 года яны пад маркай харчовага спiрту збывалi этылавы сурагат за наяўныя грошы не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i ў Лiтве i Польшчы. Для гэтага пад прыкрыццём афiцыйна зарэгiстраваных прадпрыемстваў i прыватных асоб, якiя мелi спецыяльныя лiцэнзii на вытворчасць i рэалiзацыю спiрту, быў створаны своеасаблiвы «спiртавы спрут». Пад яго жорсткiм кантролем знаходзiлася ўся добра разгалiнаваная сетка: ад вытворцаў да пастаянных аптовых пакупнiкоў сурагату. Усяго, па звестках пракуратуры, амаль за чатыры гады свайго iснавання «спiртавая» злачынная арганiзацыя рэалiзавала каля 7 мiльёнаў лiтраў этылавага сурагату, атрымаўшы прыбытак на суму 19 мiльярдаў рублёў. Актыўна дапамагалi «спiртавой мафii» i некаторыя супрацоўнiкi праваахоўных органаў. Менавiта вартавыя правапарадку стварылi даволi эфектыўную сiстэму мераў бяспекi i канспiрацыi ў злачыннай арганiзацыi. Аднак дзялкоў ценявога бiзнэсу ўсё ж вывелi на чыстую ваду. Зараз на лаве падсудных знаходзяцца 46 удзельнiкаў «спiртавой» арганiзацыi. Набор артыкулаў Крымiнальнага кодэкса, у парушэннi якiх падазраюцца падсудныя, вельмi разнастайны. Хтосьцi абвiнавачваецца ў стварэннi злачыннай арганiзацыi i ўдзеле ў ёй, некаторыя ў злоўжываннi ўладай i службовым становiшчам, камусьцi iнкрымiнуецца незаконная прадпрымальнiцкая дзейнасць. Вядома ж, расставiць кропкi над «i» ў гэтай крымiнальнай справе суд. Працэс, па ўсяму вiдаць, будзе даволi складаным i працяглым. Пазiцыю дзяржаўнага абвiнавачання падтрымлiваюць у судзе адразу 2 пракуроры. Адных толькi сведкаў заяўлена больш за 200.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль за 4 гады злачынная арганiзацыя рэалiзавала насельнiцтву Беларусi, Лiтвы i Польшчы каля 7 мiльёнаў лiтраў сурагату |
|