Стратэгія поспеху«Iнвестыцыi ў сельгасвытворчасць — перспектыўныя ўкладаннi», — апраўдана лiчаць у вытворчым аб’яднаннi «Беларуськалiй» Значная дзяржаўная падтрымка, якая аказваецца аграпрамысловаму комплексу, прыносiць пазiтыўныя вынiкi. Летась на 15—16 працэнтаў павялiчылася вытворчасць малака i мяса. Сярэднi надой ад каровы за мiнулы год узрос дзесьцi на 600 лiтраў. Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, агульны прыбытак аграпрамысловых прадпрыемстваў летась склаў 673 мiльярды рублёў, а рэнтабельнасць перавысiла 15 працэнтаў. У вынiку палепшыўся дабрабыт вяскоўцаў — сярэдняя зарплата работнiкаў сельскай гаспадаркi ў мiнулым годзе склала 143 долары. Гэта, канешне, не такiя ўжо i вялiкiя грошы, аднак у параўнаннi з недалёкiм мiнулым прагрэс адчувальны. Самыя значныя тэмпы развiцця аграпрамысловага комплексу захоўвае Мiнская вобласць. За апошнiя пяць гадоў вытворчасць збожжа на Мiншчыне павялiчылася на 34 працэнты, гароднiны — на 32, iльновалакна — на 31, рапсу — на 88, малака — на 42, мяса — на 10, цукровых буракоў — у 2,1 раза. За мiнулы год у цэнтральным рэгiёне сярэднi надой малака ад каровы склаў 4082 лiтры, а валавая вытворчасць «белага золата» — звыш 1,1 мiльёна тон. Гэта на 188 тысяч тон (на 20 працэнтаў) больш, чым было атрымана пазалетась. Сёлета станоўчая дынамiка развiцця аграпрамысловага комплексу на Мiншчыне захоўваецца. ШЛЯХ НАПЕРАД Апошнiм часам значна зменшылася колькасць стратных гаспадарак. Гэтаму паспрыялi змяненнi эканамiчнага механiзма АПК. Як адзначаюць у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання, за няпоўныя два гады было рэфармавана больш чым 400 «аўтсайдараў». За гэты час новымi гаспадарамi ў развiццё стратных гаспадарак выдаткавана звыш 360 мiльярдаў рублёў. Такiя значныя iнвестыцыi дазволiлi адчувальна павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi аграпрамысловай прадукцыi i, адпаведна, палепшыць дабрабыт вяскоўцаў. Сапраўдны «флагман» рэфармавання АПК — Мiнская вобласць. Тут гэтая справа разгортваецца надзвычай актыўна. Большая частка агульнай колькасцi гаспадарак, якiя былi выведзены з заняпаду, знаходзяцца менавiта на Мiншчыне. Што, канешне, не можа не радаваць, паколькi цэнтральны рэгiён нездарма лiчыцца стратэгiчным. Аб чым яскрава сведчаць вынiкi працы гаспадарак Мiнскай вобласцi: за студзень—лiстапад мiнулага года яны забяспечылi чвэрць рэспублiканскага аб’ёму валавой прадукцыi аграпрамысловага комплексу. Па малаку гэтая лiчба складае 26,9 працэнта, збожжу — 25,8, мясу жывёлы i птушкi — 24,3 працэнта. Аграпрамысловыя прадпрыемствы цэнтральнага рэгiёна з’яўляюцца асноўнымi пастаўшчыкамi харчавання для патрэб беларускай сталiцы. За 11 месяцаў мiнулага года ў Мiнск паступiла 50,5 тысячы тон мяса (амаль палова агульнага аб’ёму спажывання) i 317 тысяч тон малака (61,6 працэнта). Такiм чынам, ад належных эканамiчных i вытворчых паказчыкаў гаспадарак Мiнскай вобласцi шмат залежыць. Шэраг сельгаспрадпрыемстваў Мiншчыны яшчэ некалькi гадоў таму знаходзiлiся ў цяжкiм становiшчы, лiтаральна балансавалi на мяжы выжывання. Неабходна было тэрмiнова змянiць сiтуацыю. Рэфармаванне гаспадарак-«аўтсайдараў» лiтаральна прадыктавана часам. Паводле слоў начальнiка аддзела па навуковаму забеспячэнню, укараненню новых формаў гаспадарання i рэфармаванню ўласнасцi Камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнскага аблвыканкама Мiкалая Манько, асноўная мэта пераўтварэнняў — пошук новых крынiц фiнансавання сельскагаспадарчай вытворчасцi. Iнакш кажучы, каб вывесцi аграпрамысловы комплекс на якасна новы ўзровень развiцця, неабходны значныя iнвестыцыi, якiя б пэўным чынам «дапоўнiлi» дзяржаўную дапамогу. Усяго ў цэнтральным рэгiёне было рэфармавана 140 аграпрамысловых прадпрыемстваў: 51 — шляхам продажу, астатнiя 89 далучаны да iншых арганiзацый. Як паведамiў Мiкалай Манько, iнвестыцыi ў развiццё былых «аўтсайдараў» склалi 305 мiльярдаў рублёў. Значныя ўкладаннi, што i казаць. Дзякуючы iм аб’ём сельскагаспадарчай вытворчасцi ў рэфармаваных гаспадарках у параўнаннi з 2003 годам ў сярэднiм павялiчыўся больш чым у 1,8 раза. А заробкi ўзраслi на 42 працэнты. Вiдавочна, што рэфармаванне прынесла пазiтыўныя вынiкi. Паводле слоў Мiкалая Манько, у кожным з раёнаў Мiнскай вобласцi ёсць пэўныя адметнасцi пераўтварэння стратных гаспадарак. У кожным канкрэтным выпадку адрознiваюцца i аб’ёмы ўкладанняў — у залежнасцi ад фiнансавых магчымасцяў iнвестара. Аднолькавым застаецца адно: пераважная большасць рэфармаваных гаспадарак зрабiлi значны крок наперад. Адзiн з самых яскравых прыкладаў — «рэанiмацыя» былога саўгаса «Прагрэс», што ў Салiгорскiм раёне. Гэтая гаспадарка мае сваю амаль трыццацiгадовую гiсторыю. У 1965-м была прынята спецыяльная пастанова аб развiццi беларускага Палесся. У адпаведнасцi з ёй на ўзбярэжжы ракi Морач было вырашана мелiяраваць 9,3 тысячы гектараў забалочаных палеткаў. У 1978 годзе менавiта тут стварылi саўгас «Прагрэс». У сельскагаспадарчы абарот было перададзена 5,3 тысячы гектараў палеткаў, якiя «аснашчаны» ўсiмi неабходнымi мелiярацыйнымi сеткамi. Пабудавалi вытворчыя аб’екты, узвялi жылы пасёлак (450 кватэр у адна- i шматпавярховых дамах). Саўгас актыўна развiваўся i стаў даволi моцнай, устойлiвай гаспадаркай. Але пасля справы «не заладзiлiся»: пасля змены напрыканцы 1980-х гадоў кiраўнiка гаспадаркi ўсё пакрысе пачало прыходзiць у заняпад. I «Прагрэс» ужо зусiм не апраўдваў сваю назву. Прыйшоў час, калi паўстала пытанне аб мэтазгоднасцi iснавання гаспадаркi. Перспектыў, здаецца, зусiм не праглядвалася. Аднак, на шчасце, сiтуацыя змянiлася да лепшага — 3 верасня 2004 года адбыўся арганiзацыйны сход, на якiм было вырашана пытанне аб далучэннi гаспадаркi да вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй». У гаспадаркi ў поўным сэнсе гэтага слова пачалося новае жыццё. Быў створаны сельскагаспадарчы цэх «Вялiчкавiчы» — структурнае падраздзяленне вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй». Змены за няпоўныя паўтара года тут адбылiся значныя. Каб убачыць усё на свае вочы, мы i накiравалiся ў СГЦ «Вялiчкавiчы». «МАЛОЧНЫЯ» ГРОШЫ У сельскагаспадарчым цэху «Вялiчкавiчы» зараз працуюць 293 чалавекi. Гэта практычна столькi ж, колькi было да далучэння. Праўда, калектыў памяняўся: асобных работнiкаў з-за iх схiльнасцi да «зялёнага змiя» прыйшлося звольнiць, аднак адразу ж вакансii запоўнiлiся патрэбнымi спецыялiстамi. Тлумачыцца ўсё проста — у «Вялiчкавiчах» стала прэстыжна працаваць i сюды пацягнулiся людзi. Сярэдняя зарплата ў параўнаннi з 2004 годам летась узрасла больш чым удвая i склала каля 460 тысяч рублёў. Зразумела, што ўсё залежыць ад вытворчых паказчыкаў. Напрыклад, лепшая даярка сельскагаспадарчага цэха «Вялiчкавiчы» Тамара Шорычава (за мiнулы год яна ў сярэднiм ад каровы надаiла 6,2 тысячы лiтраў) у месяц атрымлiвае каля 1 мiльёна рублёў. «Змены адбылiся значныя, — лiчыць Тамара Яўгенаўна. — Яшчэ некалькi гадоў таму здаралася, што i па 30 тысяч рублёў у месяц атрымлiвалi i па паўгода затрымкi з выплатамi былi, а зараз самi ж бачыце, як жыццё палепшала. Толькi працуй — i заробiш. А я са сваiмi абавязкамi добра спраўляюся, таму i такiя грошы атрымлiваю». Як паведамiла галоўны заатэхнiк сельгасцэха «Вялiчкавiчы» Лiдзiя Ермаковiч, апошнiм часам значна палепшылася якасць малака — уся сыравiна, якая здаецца на Салiгорскi сыркамбiнат, iдзе выключна вышэйшым гатункам. Летась было закуплена самае сучаснае халадзiльнае абсталяванне. — У блiжэйшай перспектыве ў «Вялiчкавiчах» плануецца пабудаваць цэх па перапрацоўцы малочнай прадукцыi, — гаворыць намеснiк генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй» Валерый Васiльевiч Гапановiч. — Зараз актыўна прапрацоўваем гэтае пытанне з Iнстытутам жывёлагадоўлi Акадэмii навук Беларусi. Мы заключылi з iмi дагавор i павiнны ў вынiку атрымаць навуковую распрацоўку мерапрыемстваў па будаўнiцтву цэха па перапрацоўцы малака. Гэта неабходна для таго, каб найбольш эфектыўна арганiзаваць работу i атрымлiваць максiмальны эканамiчны эфект. Даўно даказана, што замкнёны цыкл вытворчасцi — найбольш выгадны варыянт. У аб’яднаннi ёсць цэх па перапрацоўцы мяса, трэба зрабiць адпаведны ўчастак i па перапрацоўцы малака. А ў перспектыве магчыма зрабiць з «Вялiчкавiч» аграфiрму — шматпрофiльнае сельскагаспадарчае прадпрыемства. У «Беларуськалiя» вялiкая сетка грамадскага харчавання i сацыяльных устаноў. Iх неабходна забяспечваць харчаваннем. Дык чаму ж не рабiць гэта ўласнымi сiламi? Для гэтага зараз створаны ўсе ўмовы. Машынна-трактарны парк сельскагаспадарчага цэха «Вялiчкавiчы» пасля далучэння да вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй» абноўлены на 75—80 працэнтаў: закуплены новыя камбайны, трактары, машыны, аўтобусы. Унесена неабходная колькасць мiнеральных угнаенняў. Што, зразумела, прынясе адчувальную аддачу. Актыўна будуецца жыллё. 5 домікаў пачалi ўзводзiць яшчэ ў 2004 годзе, да далучэння. Яны будавалiся па тыпавых праектах, таму гэтае жыллё прыйшлося даводзiць да ладу: у кватэрах зрабiлi неабходныя камунiкацыi, правялi цеплавую рэабiлiтацыю. А летась узведзены яшчэ пяць домікаў. У прынцыпе, пабудавалi цэлы квартал — праклалi патрэбныя iнжынерныя сеткi, зрабiлi добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыi. Агульныя выдаткi склалi 1,7 мiльярда рублёў. Паводле падлiкаў, кошт дома атрымаўся дзесьцi 100 тысяч долараў. Грошы, канешне, немалыя, затое жыллё пабудавалi вельмi добрае. Да адных шчаслiвых навасёлаў мы i завiталi. Аляксандр Вялiчка паўтара года працуе ў гаспадарцы трактарыстам. Катэдж атрымаў некалькi тыдняў таму. Жонка Каця зараз у дэкрэтным водпуску — даглядае васьмiмесячнага Мiкiтку. Кажа, што малы ўжо асвоiўся ва ўласнай хаце i адчувае тут сябе сапраўдным гаспадаром... — Кiраўнiк дзяржавы выбраў вельмi правiльны, прадуманы шлях рэфармавання аграпрамысловага комплексу, — упэўнены Андрэй Башура. — Гэта выпрабавана часам. Адраджэнню вёскi неабходна ўсяляк спрыяць. Мы павiнны дапамагчы аграпрамысловым прадпрыемствам выйсцi са страт, наладзiць эфектыўную вытворчасць, пабудаваць камфартабельнае жыллё. Iнвестыцыi «Беларуськалiя» ў сельскагаспадарчы цэх «Вялiчкавiчы» склалi больш чым 20 мiльярдаў рублёў. I я цвёрда ўпэўнены ў тым, што гэта апраўданыя ўкладаннi, нам удасца навесцi парадак i вывесцi гаспадарку на самыя перадавыя пазiцыi (што па шэрагу параметраў ужо ўдалося зрабiць).
На момант далучэння да вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй» гаспадарка мела вялiзныя даўгi — каля 4,5 мiльярда рублёў. Вытворчая база знаходзiлася ў самым непрывабным стане. За апошнiя паўтара года былi рэканструяваны 4 памяшканнi адкормачнага комплексу (усе металiчныя канструкцыi былi заменены на новыя, адноўлены дах, усе вокны). Неабходныя работы былi праведзены i на малочным комплексе, i на iншых вытворчых участках. Сёлета ў сельскагаспадарчым цэху «Вялiчкавiчы» запланавана адрамантаваць i рэканструяваць больш чым тры дзесяткi аб’ектаў. Так што вытворчая база аднаўляецца хуткiмi тэмпамi. — Калi прынялi гаспадарку, то адразу вызначылi для сябе фронт работ, — узгадвае генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй» Андрэй Мiкалаевiч БАШУРА. — Выканаць неабходна было многае, паколькi вытворчымi, гаспадарчымi пытаннямi тут апошнiм часам сур’ёзна нiхто не займаўся. Варта хоць бы ўзгадаць той факт, што з жывёлагадоўчых памяшканняў гной прыйшлося на працягу цэлага года вывозiць, столькi яго тут «назапасiлi». На палеткi вывезлi 42 тысячы тон арганiкi. Вось вам двайны эфект: i памяшканнi ачысцiлi, i ўгнаеннi эфектыўныя ў глебу ўнеслi. Да любой справы трэба па-гаспадарску падыходзiць, тады i вынiкi добрыя будуць. А калi абы-як усё рабiць, дык дзе ж тады эфект будзе? Вельмi важная рэч — дакладная арганiзацыя справы, кожны работнiк павiнен ведаць свае абавязкi i належным чынам iх выконваць. Таму пачалi з навядзення дысцыплiны. Людзi адразу зразумелi: трэба добра працаваць i зарабляць грошы. Iншага не дадзена. Такiя патрабаваннi абгрунтаваныя, паколькi сельскагаспадарчая вытворчасць патрабуе надзвычай сур’ёзнага, прафесiйнага падыходу, жорсткага выканання тэхналогii. Асаблiвасцю сельскагаспадарчага цэха «Вялiчкавiчы» з’яўляецца тое, што палеткi гаспадаркi — мелiяраваныя землi. Гэта даволi моцна ўскладняе правядзенне работ — з рэгулярнасцю праз 3-4 гады ў маi—чэрвенi тут здараюцца даволi моцныя замаразкi. Усяго агульная плошча сельскагаспадарчых палеткаў СГЦ «Вялiчкавiчы» зараз складае 4,2 тысячы гектараў. Улiчваючы спецыфiку тутэйшай глебы, самы вiдавочны варыянт — займацца жывёлагадоўляй. На што, дарэчы, i была зроблена стаўка. У 2004 годзе ў гаспадарцы налiчвалася 4089 галоў буйной рагатай жывёлы, а зараз — 5260. Прырост за такi непрацяглы час даволi значны. — Мы займаемся планаваннем сельскагаспадарчых культур, — адзначае начальнiк сельскагаспадарчага цэха «Вялiчкавiчы» Васiль Нiкiфаравiч Бондар, — тое, што патрэбна, i вырошчваем. Нам жа перш-наперш неабходна забяспечыць трывалую кармавую базу. Што, дарэчы, i робiм. Сена на зiмоўку назапасiлi 3,8 тысячы тон, яно вельмi якаснае, паколькi надвор’е падчас касьбы было спрыяльнае. Сенажу нарыхтавалi 10,5 тысячы тон, сiласу — больш чым 20 тысяч тон. Саломы пры кармленнi мы не выкарыстоўваем. Назапасiлi i больш чым 4 тысячы тон канцэнтраваных кармоў уласнай вытворчасцi (чаго раней не было). У мiнулым годзе сельскагаспадарчы цэх «Вялiчкавiчы» вытворчага аб’яднання «Беларуськалiй» за дасягненне высокiх паказчыкаў падчас рэспублiканскага спаборнiцтва па ўборцы збожжавых i нарыхтоўцы кармоў (гаспадарка заняла трэцяе месца ў Беларусi па нарыхтоўцы травянiстых кармоў) быў узнагароджаны ганаровым дыпломам Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання i грашовай прэмiяй у памеры 10 мiльёнаў рублёў. Дарэчы, кармы ў гаспадарцы выкарыстоўваюць толькi ў прыгатаваным выглядзе. Тэхналогiя выконваецца на належным узроўнi, таму i вынiкi добрыя. Летась сярэднi надой малака ад каровы ў СГЦ «Вялiчкавiчы» склаў 4001 лiтр. Прырост у параўнаннi з 2004 годам склаў 1230 лiтраў. Аб’ём валавой вытворчасцi малака летась павялiчыўся на 47 працэнтаў, а прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы — на 60. Значны прырост адбываецца i сёлета: сярэднi дзённы надой малака ад каровы зараз складае звыш 10 лiтраў, што амаль на 3 лiтры больш, чым у такi ж перыяд летась. Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ, Яўген ПЯСЕЦКI (фота). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Iнвестыцыi ў сельгасвытворчасць — перспектыўныя ўкладаннi», — апраўдана лiчаць у вытворчым аб’яднаннi «Беларуськалiй» |
|