Зямля Беларусi багатая на таленты
Сяргей РАСОЛЬКА
i гэта варта таго, каб мець уласную нацыянальную Кнiгу рэкордаў
З Аляксандрам Калiнiным — афiцыйным прадстаўнiком i сааўтарам Кнiгi рэкордаў Расii, краiн СНД i Балтыi «Диво» ў Рэспублiцы Беларусь i неафiцыйным прадстаўнiком Кнiгi рэкордаў Гiнеса (афiцыйныя паўнамоцтвы на яго памылкова «ўскладаюць» калегi па цэху, насамрэч афiцыйныя прадстаўнiкi Кнiгi рэкордаў Гiнеса могуць быць толькi ў тых краiнах, дзе яна друкуецца, а для расiйскага чытача ў тым лiку Кнiга выдаецца ў Iспанii) — мы не сустракалiся дакладна два гады. Таму на просьбу аб iнтэрв’ю Аляксандр Фядотавiч пагадзiўся адразу: «Будзе вам эксклюзiў». Падставай для такiх слоў стала чарговае выданне Кнiгi рэкордаў Гiнеса за 2006 год, якое толькi пабачыла свет i з якiм наш суразмоўца сам ледзь паспеў азнаёмiцца. Зразумела, зацiкавiць нас гэта падзея магла найперш у выпадку з’яўлення на старонках сусветна вядомай кнiгi рэкордаў прозвiшчаў i здзяйсненняў беларусаў. I чаканне, як кажуць, было ўзнагароджана. Зрэшты, гаварылi мы з Аляксандрам Фядотавiчам не толькi аб Кнiзе рэкордаў Гiнеса... Суайчыннiкi пераўзыходзяць сваiх канкурэнтаў Напачатку хацелася б заўважыць вось што. З’яўленне на старонках Кнiгi рэкордаў Гiнеса прозвiшчаў беларусаў — факт, вiдавочна, прыемны не толькi для самiх рэкардсменаў i кола iх блiзкiх i сяброў. Урэшце i такiм чынам можна лiшнi раз нагадаць усяму свету пра Беларусь. Чаму б не? Але ставiцца выключна сур’ёзна да гэтага не варта. Як мы пiсалi ўжо раней, па шэрагу прычын рэкорды прадстаўнiкоў славянскiх народаў (прычым не ў нейкiх чэмпiянатах па пляўках) часам не могуць трапiць у Кнiгу рэкордаў Гiнеса нават пасля выканання ўсiх неабходных працэдур па рэгiстрацыi здзяйснення ў пэўнай галiне. Адна з такiх галоўных прычын — згаданае выданне разлiчана i ўвогуле, i найперш на англамоўны свет i, адпаведна, на iх сусветныя рэкорды. — У апошнiм выданнi «амерыканiзацыя» стала яшчэ больш значнай, — гаворыць Аляксандр Фядотавiч. — У iм зроблены акцэнт на новыя раздзелы, у якiх бясспрэчна лiдзiруюць пакуль амерыканцы — лiчбавая музыка, камп’ютарныя гульнi, экстрэмальны спорт. Апошнi, скажам, у iх зараз вельмi папулярны. Iншая справа — спартыўныя дасягненнi. I ў папярэднiм, i ў гэтым выданнi Кнiгi рэкордаў Гiнеса ў раздзеле «Канькабежны спорт» можна ўбачыць рэкорд тытулаў чэмпiянату свету ў спрынце, якi належыць Iгару Жалязоўскаму (СССР/Беларусь — так пазначана ў Кнiзе), 6-кратнаму чэмпiёну свету (1985—1986, 1989 i 1991—1993 гг.). — Сярод новых прозвiшчаў — Ганна Бацюшка, якая на Алiмпiядзе ў Афiнах 18 жнiўня 2004 года ўстанавiла сусветны рэкорд у рыўку штангi вагой 115 кiлаграмаў, — расказвае Аляксандр Фядотавiч. — Нярэдка спартсменаў i дагэтуль могуць пазначаць пад «маркай» СССР, таму трэба будзе яшчэ раз уважлiва выверыць усе спiсы спартсменаў, а раптам яшчэ «знойдуцца» прозвiшчы вядомых беларусаў. Праўда, некаторыя iмёны адшукаць усё роўна не атрымаецца. Скажам, раней у Кнiгу доўгi час не мог трапiць наш вядомы Вячаслаў Харанэка, якi ўстанавiў шэраг дасягненняў з пiўной бочачкай-кегам. А ўсё таму, што наш атлет пабiў рэкорд iрландца, унесены ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса. Ганьба, асаблiва для выдання з «пiўной назвай»?! Таму цяпер выдаўцы пайшлi яшчэ далей — увогуле ўбралi намiнацыю з падняццем пiўных бочачак. Толькi для жанчын нешта падобнае пакiнулi. — Затое ў iх з’явiлася намiнацыя па скораснаму пераносу 50-кiлаграмовага меха з вугалем. Цi спаборнiцтвы па падняццю цаглiнаў. Думаю, Вячаслаў Харанэка, калi захоча, мае ўсе шанцы стаць рэкардсменам у гэтых намiнацыях, — працягвае Аляксандр Калiнiн. Нешта падобнае здарылася i пасля таго, як у Лондан была накiравана заяўка на ўнясенне ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса iмя нашай зямлячкi-доўгажыхаркi Ганны Барысевiч з Чэрвеньскага раёна, 1888 года нараджэння. Праўда, адначасова i расiяне накiравалi некалькi заявак на ўключэнне ў Кнiгу доўгажыхароў 1878, 1881 i 1887 гадоў нараджэння. З Iндыi паведамiлi пра 130-гадовых жыхароў (гэта пры тамтэйшай непiсьменнасцi ў тыя часы)... Карацей, у апошнiм выданнi няма i раздзела пра доўгажыхароў. Ёсць толькi намiнацыя «Самая вялiкая зафiксаваная працягласць жыцця». Гэты рэкорд на сённяшнi дзень належыць францужанцы Жанне Луiзе Кальман (1875—1997 гг.), якая пражыла 122 гады i 164 днi. Што ёсць у беларусаў, але няма ў iншых? Зрэшты, трэба аддаць належнае выдаўцам Кнiгi: яны iмкнуцца, каб выданне не заставалася статычным. Таму адны раздзелы знiкаюць на пэўны час (каб потым зноў вярнуцца), другiя — з’яўляюцца. Напрыклад, у апошнiм выданнi Кнiгi рэкордаў Гiнеса не згадваецца яе ж чатырохкратны рэкардсмен магiляўчанiн Аляксандр Бендзiкаў. Хоць яго дасягненнi — пiрамiда з 410 040 пiўных коркаў цi пастаўленая на рабро манеты пiрамiда з яшчэ 880 манет — дагэтуль не пабiтыя. Магчыма, яго прозвiшча, прозвiшча Ганны Барысевiч з’явяцца на старонках наступнага выдання Кнiгi рэкордаў Гiнеса. Да таго ж... — Выдаўцы старанна правяраюць усе заяўкi. У сярэднiм на гэта — ад яе падачы да з’яўлення iмя рэкардсмена на старонках Кнiгi — iдзе каля двух гадоў, — тлумачыць Аляксандр Калiнiн. — Я памятаю, як некалькi гадоў таму падавалася заяўка на Андрэя Бiндасава, якi 6 мая 2003 года паспяхова перадаў азбукай Морзе тэкст з 216 знакаў за 1 хвiлiну. I вось ён у лiку рэкардсменаў у намiнацыi «Самая хуткасная перадача тэксту азбукай Морзе»! Яшчэ адно новае iмя ў Кнiзе — Алеся Гулевiч. 26 красавiка 2004 года ў цырку Бiг Эпл бостанскага выставачнага цэнтра (штат Масачусетс у ЗША) яна змагла ўтрымаць 99 хула-хупаў. Згодна з правiламi, яна тройчы пракруцiла стандартныя абручы, якiя знаходзiлiся памiж плячыма i клубамi. — У Бостане вельмi шмат ураджэнцаў Мiнска, якiя працуюць там праграмiстамi, там даволi вялiкая дыяспара нашых суайчыннiкаў, — тлумачыць Аляксандр Фядотавiч. А як герой нашай колiшняй публiкацыi Аляксей Мяшкоў? Малады чалавек з Барысава можа памнажаць у галаве 11-значныя лічбы, у чым мы асабiста пераканалiся, пратэсцiраваўшы яго з дапамогай спецыялiстаў восенню 2003 года. Паводле слоў суразмоўцы, у Кнiгу рэкордаў Гiнеса Аляксей наўрад цi трапiць. Па-першае, там сабраны сусветныя рэкорды, г.зн. у свеце ёсць людзi, якiя могуць выконваць падобным чынам яшчэ больш складаныя матэматычныя аперацыi. Па-другое, ёсць праблема з уласна вызначэннем — што ёсць рэкорд у гэтай малавядомай галiне, а што ёсць цыркавы трук. Калi ўзяць гiстарычны аспект, можна прыгадаць, напрыклад, знакамiтага Вольфа Месiнга, якi дэманстраваў таксама фенаменальныя здольнасцi разумовых вылiчэнняў. — А вось у наступнае выданне расiйскай Кнiгi рэкордаў «Диво» Аляксей Мяшкоў абавязкова трапiць. Ды i для Беларусi ён — адметная з’ява. На жаль, не мае шанцаў трапiць у Кнiгу рэкордаў Гiнеса навiнка БелАЗа — самазвал грузападымальнасцю 320 тон. Аляксандр Калiнiн прачытаў, што ў амерыканцаў ёсць «машынка» грузападымальнасцю 363 тоны. Затое на ўключэнне ў выданне падрыхтавана заяўка адносна Гродзенскай ратушы, дакладней, устаноўленага ў ёй унiкальнага гадзiннiка з даўняй гiсторыяй. Шанцы ёсць, лiчыць Аляксандр Фядотавiч. Увогуле яму даводзiцца разглядаць прыкладна па адной заяўцы на рэкорд у месяц, якая прэтэндуе на ўключэнне ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса. Далёка не ўсе яны падыходзяць нават для разгляду. Хоць выдаўцы Кнiгi ў апошнiм выданнi ўпершыню прапанавалi нават платную «экспрэс-паслугу». Гэта калi некаму карцiць трапiць у лiк рэкардсменаў i ён упэўнены ва унiкальнасцi свайго дасягнення, — калi ласка, аплачвай камандзiроўку з Лондана прадстаўнiка выдання, яго пражыванне, харчаванне (гэта некалькi тысяч долараў), i ён будзе фiксаваць ваш рэкорд. Праўда, без гарантыi станоўчага вынiку, г.зн. пападання ў афiцыйную «абойму» рэкардсменаў. — Таму раiм усiм жадаючым звяртацца да нас, — смяецца суразмоўца. — Мы таксама не можам нiчога гарантаваць, аднак даць кансультацыю, дапамагчы зафiксаваць належным чынам нейкае дасягненне, аформiць заяўку дапаможам, прычым бясплатна. Многiя дагэтуль памылкова лiчаць, што за ўстанаўленне нейкага рэкорда плацяць грошы. Гэта не тое, мушу ўсiх расчараваць. Сваёй Кнiзе рэкордаў — быць! Яно, канешне, зразумела: вырашчаны ў хатнiх умовах велiзарны лiмон на сусветны рэкорд наўрад цi «пацягне» i па факту з’явы, i па вазе ў прыватнасцi. А для Беларусi? Так мы пераходзiм да тэмы, ужо раней агучанай у нашай ранейшай публiкацыi, — стварэння нацыянальнай Кнiгi рэкордаў. Калi мы зможам яе пабачыць? — Думаю, што ўжо даволi хутка, — пагаджаецца крыху прыадкрыць тайну Аляксандр Калiнiн. — Работа вядзецца вельмi паспяхова, сабраны матэрыял сiстэматызуецца. На сённяшнi дзень ён ужо класiфiкаваны прыкладна па 500 намiнацыях. А ўсяго, мяркую, у будучай Кнiзе рэкордаў Беларусi рознага кшталту дасягненнi нашых суайчыннiкаў, а таксама прыродныя з’явы, творы рук чалавека i г.д. будуць прадстаўлены ў больш чым 1000 намiнацый. Думаю, чытачам будуць асаблiва цiкавыя раздзелы, у якiх будзе расказана, дзе, калi i пры якiх умовах беларусы былi першымi ў свеце сярод iншых у тых цi iншых галiнах. Калi гэта справа нарэшце зрушыцца з месца, думаю, мы без праблем будзем фiксаваць усе тыя цiкавыя рэкорды i дасягненнi, на якiя толькi здатныя нашы суайчыннiкi. Галоўнае, каб яны былi бясшкоднымi для здароўя выканаўцаў i людзей, якiя iх акружаюць, выглядалi эстэтычна, не абражалi нiчыю годнасць i пачуццi, адрознiвалiся навiзной. Прыклад? Калi ласка. Васiль Хацкевiч з Расii (ёсць нешта ў прозвiшчы беларускае, праўда?) пачуў, што нейкi амерыканец праехаў на трактары каля 5 тысяч кiламетраў. Дык вось расiянiн знайшоў спонсараў у асобе трактаразаводцаў i з iх дапамогай з 12 чэрвеня па 5 лiпеня 2004 года катаўся на трактары. Ён выехаў з Наварасiйска, праехаў 5512 кiламетраў i вярнуўся назад. Васiль Хацкевiч трапiў у апошняе выданне Кнiгi рэкордаў Гiнеса, яго падарожжа асвятлялася многiмi тэлеканаламi Расii. Я, канешне ж, не заклiкаю жыхароў краiны тут жа ўскокваць у «Беларус», аднак у пэўным сэнсе прыклад варты разгляду. Цi не так?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
i гэта варта таго, каб мець уласную нацыянальную Кнiгу рэкордаў |
|