Блакiтная крынiца
Iлона IВАНОВА
Нiколi, нават у самыя моцныя маразы, не замярзае Блакiтная крынiца на Слаўгарадчыне. У маразы ў ёй можна адаграваць замерзлыя рукi, а ўлетку яна падаецца ледзяной. Крынiчная вада не мяняе сваю тэмпературу незалежна ад пары года — яна i сёння мае 8 градусаў цяпла.
Блакiтная крынiца месцiцца непадалёк ад раённага цэнтра — усяго кiламетраў сем ад Слаўгарада, але дабрацца да яе ўсё ж нялёгка. Асаблiва ў час мiжсезоння, бо трэба пераехаць на iншы бераг ракi Сож. Калi лёд пачне раставаць, вясной да Блакiтнай крынiцы можна дабрацца толькi акольнымi шляхамi, праз суседнi Краснапольскi раён. Улетку на рацэ ставяць пантонны мост, а ўзiмку, калi добры лёд i стаяць моцныя маразы, як сёлета, Сож можна перасекчы i на аўтамабiлi. Так зрабiлi i мы. Вадзiцель пераехаў раку з адчыненай дзверкай — на ўсякi выпадак, а мы спакойна перайшлi Сож пешшу: зiмовае сонейка, снег пад нагамi скрыпiць, прыемны шпацыр. — Гэта унiкальная прыродная крынiца, — расказвае па дарозе намеснiк старшынi Слаўгарадскага райвыканкама гiсторык Мiкалай Мiроненка. — Яна ўпершыню была даследавана магiлёўскiм этнографам Еўдакiмам Раманавым напрыканцы ХIХ стагоддзя. У гонар гэтага чалавека, дарэчы, цяпер гiсторыкi i краязнаўцы Магiлёўскай вобласцi праводзяць Раманаўскiя чытаннi. Яшчэ тады ён зрабiў вывад: вада Блакiтнай крынiцы — унiкальнай чысцiнi i цудоўнага смаку. Каля Блакiтнай крынiцы раней была вёска Клiны. Якраз у гэтым месцы Сож робiць загiб, у вынiку чаго i атрымалася нешта накшталт вялiкага зямельнага клiна, — адсюль i назва вёскi. У Клiнах было двароў трыццаць i Блакiтная крынiца пасярод вёскi. Там нiколi не было калодзежаў цi калонак, усю ваду на спажыванне бралi з крынiцы. Але цяпер Клiноў няма: у вынiку Чарнобыльскай катастрофы менавiта гэтыя землi аказалiся заражанымi радыяцыяй больш за ўсё, таму людзей перасялiлi ў iншыя мясцiны, а вёску пахавалi. Аднак крынiцу радыяцыя не закранула: вада б’е з глыбiнi каля 200 метраў, i таму чыстая ад шкодных радыенуклiдаў. Яна праходзiць праз вялiзныя мелавыя слаi, i гэтым тлумачаць незвычайна яркi блакiтны колер тутэйшай вады. Праўда, цяпер вада ў Блакiтнай крынiцы мае хутчэй насычанае шэрае адценне. Магчыма, гэта ад таго, што з яе падымаецца пар. Нiбыта сырадой, гавораць людзi. Тэмпература паветра нiжэй нуля градусаў, а ў крынiцы — вышэй нуля, таму там цяпер зiмуе цэлая чарада дзiкiх качак, i людзi, якiя прыязджаюць сюды, пакiдаюць для птушак кавалкi хлеба. Блакiтная крынiца — гэта папулярнае месца адпачынку жыхароў Слаўгарадчыны. На полi, пасярод якога б’е крынiца, пастаўлены альтанкi i мангалы для шашлыкоў, каб людзi маглi культурна бавiць вольны час ля запаветнай крынiцы. Блакiтная крынiца — гэта помнiк прыроды рэспублiканскага значэння з 1985 года, i яна ахоўваецца дзяржавай. Тут усталявана адпаведная таблiчка i папярэджаннi: забараняецца знiшчаць раслiннасць, забруджваць крынiцу i засмечваць тэрыторыю вакол яе, пасвiць жывёлу, мыць аўтамабiлi, араць зямлю i ўжываць угнаеннi, а таксама раскладваць кастры ў неўстаноўленых месцах. Але парушальнiкi ўсё ж такi знаходзяцца. Летась на Блакiтнай крынiцы спалiлi часоўню, якую тут пабудавалi па iнiцыятыве праваслаўнай царквы дзесятак гадоў таму. Хулiганаў так i не знайшлi, а на месцы часоўнi цяпер невялiкая забетанаваная пляцоўка, на якой усталяваны крыжы, на iх — вянкi i рушнiкi. Паводле слоў Мiкалая Мiроненкi, улады мяркуюць аднавiць часоўню. Праваслаўная царква адносiць Блакiтную крынiцу да святынi. Вернiкi лiчаць, што вада ў ёй — святая, гаючая. Сюды прыязджаюць людзi, каб з яе дапамогай пазбавiцца хвароб ды няшчасцяў. Гаючыя ўласцiвасцi вады, вераць здаўна людзi, канцэнтруюцца ў дзень Святога Макавея, 14 жнiўня. Праваслаўныя святары тлумачаць, што ў гэты першы народны Спас ачышчаецца вада. I таму менавiта ў гэты дзень моляцца Богу ля крынiцы i асвячаюць ваду. Штогод святар са Слаўгарадскай царквы Раства Багародзiцы праводзiць на Блакiтнай крынiцы ўрачыстае богаслужэнне, падчас якога прыязджае шмат людзей. Летась, сцвярджаюць вiдавочцы, да крынiцы прыехалi некалькi соцень аўтамабiляў, былi людзi з Кiева i Вiннiцы, са Смаленскай i Бранскай абласцей, не гаворачы пра Гомельшчыну, Вiцебшчыну i Магiлёўшчыну. Утвараецца натоўп: усе хочуць убачыць службу, хросны ход вакол крынiцы, хрышчэнне дзяцей i акунаннi. Халодная вада не пужае прыхiльнiкаў крынiчных абрадаў. — Гавораць, што чалавек, якi пакупаецца ў крынiцы, набiраецца энергii, — тлумачыць Мiкалай Мiроненка. — I гэта сапраўды так: многiя гэта адчувалi, i я таксама. Ёсць такi стары звычай: тройчы перайсцi ручай. Тут неглыбока, мне ледзь да калена дастае. Спачатку сапраўды халодна, але па целу потым разлiваецца цеплыня, ахоплiваюць добрыя пачуццi. Такое адчуванне, што ўсё, што ёсць у арганiзме дрэннае i адмоўнае, знiкае ў Блакiтнай крынiцы. Пасля таго, як урачыстасцi на Макавея завяршаюцца, людзi масава набiраюць крынiчную ваду — у бiтоны, канiстры, вёдры i бачкi. Разыходзiцца шмат соцень лiтраў вады! Люстэрка крынiцы — прыкладна 10 на 10 метраў, няправiльнай геаметрычнай формы. Прама ў вадзе растуць альха, бярозы, лiпы, яны сiлкуюцца крынiчнай вадой. Вада з крынiцы цячэ далей па рацэ Галуба прыкладна два кiламетры, а потым упадае ў Сож. У крынiчнай вадзе няма нiчога жывога — тут не водзяцца нi рыбы, нi водныя насякомыя. Народ тлумачыць гэта ўтрыманнем ў вадзе срэбра, але хiмiчным аналiзам гэта не пацвярджаецца. Аднак у вадзе Блакiтнай крынiцы ёсць шмат розных мiнералаў. Яе мiнералiзацыя складае 197 мiлiграмаў на лiтр, у той час, як мiнеральная вада, якая прадаецца ў крамах, — да 10 мiлiграмаў. У савецкi час абрады на Блакiтнай крынiцы забаранялiся. Тады да рэлiгii i народных лекаў было вядомае стаўленне. Але людзi прыязджалi ўпотай i бралi ваду. Зараз усе ведаюць, што чыстая i мiнералiзаваная вада карысная для здароўя. I тыя, хто глыбока верыць у Бога, упэўнены, што хрышчоная вада з крынiцы мае вялiкую моц. — У акрузе на сотнi кiламетраў няма падобнай крынiцы, якая б прыцягвала сваёй прыгажосцю, таямнiчасцю i гаючай вадой, — гаворыць Мiкалай Мiроненка. — З незапамятных часоў i па сёння людзi схiляюцца перад гэтай святыняй, тут шукаюць крынiцу дабрынi i душэўнага супакаення. Iснуе паэтычнае паданне аб утварэннi Блакiтнай крынiцы. Яно вядома ўсiм у акрузе, распавядаюць яго з варыяцыямi. Але сэнс наступны: за далёкiм часам, калi Слаўгарад яшчэ называўся Прапошаскам, жыла прыгожая дзяўчына Кацярына. Закахалася яна ў Сцяпана, а да яе моцна заляцаўся яшчэ i Iван. I аднойчы сабрала яна iх на высокiм правым беразе Сажа i паабяцала стаць жонкай таго, хто далей кiне вялiзныя валуны. Паляцелi валуны за раку, упалi на полi i высветлiлася, што мацнейшым аказаўся Iван, а не каханы Сцяпан. Тады стала на валун Кацярына i сказала: калi не магу пайсцi замуж за каханага, стану вадой i буду служыць людзям. Яна ўдарылася аб камень i з яго пачала лiцца вада — такая ж блакiтная, якiя былi вочы ў прыгажунi. Людзi здаўна верылi ў тое, што Блакiтная крынiца — гэта незвычайнае месца, i таму пра яе з’яўлялiся новыя паданнi. Напрыклад, пра леснiка Шарамета. Паводле легенды, аднойчы ранiцай ён убачыў ля крынiцы русалку, стаў цiхенька наблiжацца да яе, каб злавiць, але хруснула галiнка пад нагой, i русалка азiрнулася. Яна паглядзела на Шарамета i сказала, што ў яго сям’i будзе патоп. Потым упала ў ваду i растварылася. Праз паўгода ў таго леснiка дачка патанула ў рацэ. Мiкалай Мiроненка лiчыць, што гэтыя паданнi адносяцца да пачатку ХVIII стагоддзя. Ён чуў, што старажылы з гэтых мясцiн нiбыта распавядалi, што калiсьцi каля крынiцы сапраўды стаялi тры валуны, i нiбыта на адным з iх былi адбiткi ступняў Кацярыны. Праўда гэта цi не — высветлiць немагчыма, таму што, паводле расказаў старых, валуны гэтыя, калi расчышчалi i аралi поле, скiнулi ў балота. Цяпер тут толькi адзiн валун, i то яго прыцягнулi спецыяльна, для ўпрыгажэння Блакiтнай крынiцы i ў памяць аб паданнi. Блакiтная крынiца ўключана ў турыстычны маршрут Слаўгарадскага раёна разам з яшчэ двума помнiкамi: старой зялёнай пiхтай у вёсцы Улукi i царквой у вёсцы Лясная, пабудаванай у гонар перамогi рускiх над шведамi амаль 300 гадоў таму. — Блакiтная крынiца стала месцам паломнiцтва людзей, — гаворыць Мiкалай Мiроненка. — Людзi сюды прыязджаюць адпачываць, зносiцца з прыродай i меркаваць аб жыццi. Я са сваёй сям’ёй люблю бываць тут летнiм вечарам, калi вакол цiшыня, толькi птушкi спяваюць i неверагодна прыгожы заход сонца. Пасядзiм, абатромся вадзiцай. I нешта ёсць такое ў гэтых мясцiнах, што супакойвае i дадае ўпэўненасцi, што ўсё добра i ты патрэбен гэтаму свету. Блакiтная крынiца — цудоўны куток зямлi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нiколi, нават у самыя моцныя маразы, не замярзае Блакiтная крынiца на Слаўгарадчыне. У маразы ў ёй можна адаграваць замерзлыя рукi, а ўлетку яна падае |
|