Цэнтрвыбаркам зарэгiстраваў чатырох кандыдатаў у прэзiдэнты
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора ў Палацы Рэспублiкi Цэнтральная камiсiя па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў зарэгiстравала кандыдатаў у прэзiдэнты. 19 сакавiка насельнiцтва Беларусi зможа прагаласаваць за аднаго з чатырох прэтэндэнтаў — Сяргея Гайдукевiча, Аляксандра Казулiна, Аляксандра Лукашэнку i Аляксандра Мiлiнкевiча.
Перад уручэннем пасведчанняў кандыдатаў у прэзiдэнты Цэнтрвыбаркам падвёў вынiкi праверкi сапраўднасцi подпiсаў выбаршчыкаў, якiя прадастаўлялi iнiцыятыўныя групы прэтэндэнтаў. Нагадаем, што кожная абласная i Мiнская гарадская тэрытарыяльныя камiсii правяралi сапраўднасць 15 працэнтаў подпiсаў, якiя ставiлiся ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзiдэнта. У прыватнасцi, у Брэсцкай вобласцi сапраўднымi былi прызнаны 9714 подпiсаў з 10 529 у падтрымку С. Гайдукевiча, 21 054 з 21 697 — у падтрымку А. Казулiна, 249 368 з 249 519 — за А. Лукашэнку, 23 492 з 23 949 — за А. Мiлiнкевiча. У Вiцебскай вобласцi найбольшую колькасць несапраўдных подпiсаў выявiлi ў А. Мiлiнкевiча: з 26 505 подпiсаў сапраўднымi прызналi 24 645. За С. Гайдукевiча, паводле вынiкаў Вiцебскай тэрытарыяльнай выбарчай камiсii, падпiсалася 15 980 чалавек, за А. Лукашэнку — 242 957, за А. Казулiна — 19 824. Прыкладна такiя ж вынiкi дала праверка подпiсаў i ў астатнiх рэгiёнах Беларусi. Адзначым толькi, што ў Гомельскай вобласцi найбольшая колькасць несапраўдных подпiсаў была выяўлена ў падтрымку С. Гайдукевiча, у Гродзенскай — А. Мiлiнкевiча, Мiнскай — С. Гайдукевiча i А. Казулiна, Магiлёўскай — А. Казулiна, у Мiнску — А. Казулiна i А. Мiлiнкевiча. Вынiкi ж праверкi сапраўднасцi подпiсаў выявiлi, што неабходную колькасць подпiсаў у 100 тысяч змаглi сабраць 4 з 8 iнiцыятыўных груп. Нагадаем, што iнiцыятыўныя групы Аляксандра Вайтовiча i Сяргея Скрабца ўвогуле не здавалi подпiсы, а iнiцыятыўная група Зянона Пазняка здала толькi iх вельмi нязначную колькасць, астатнiя сам прэтэндэнт вырашыў проста не здаваць. Сабраныя подпiсы, акрамя цяпер ужо чатырох кандыдатаў у прэзiдэнты, здавала i iнiцыятыўная група Валерыя Фралова. Аднак у яго подпiсаў было сабрана недастаткова: сапраўднымi былi прызнаны толькi 36 833 подпiсы. Сярод зарэгiстраваных кандыдатаў найменшую суму подпiсаў сабраў А. Казулiн — 143 382, амаль столькi ж — 144 663 — С. Гайдукевiч. Далей iдзе А. Мiлiнкевiч — 183 179 подпiсаў у падтрымку. Найбольш жа подпiсаў сабраў дзеючы прэзiдэнт А. Лукашэнка — 1 903 069. Праўда, толькi ста тысяч подпiсаў для рэгiстрацыi было недастаткова. Неабходна было праверыць яшчэ сапраўднасць пададзеных дэкларацый аб даходах i маёмасцi. Па сутнасцi, праблемы з дэкларацыяй маглi ўзнiкнуць толькi ў А. Мiлiнкевiча. Справа ў тым, што жонка палiтыка спачатку не ўказала ў сваёй дэкларацыi даходу ад продажу аўтамабiля ў памеры 900 тысяч рублёў. Пры гэтым увесь яе гадавы даход складаў нават меншую суму — 349 тысяч рублёў. Тым не менш, жонка А. Мiлiнкевiча паведамiла ў Цэнтрвыбаркам аб тым, што забылася спачатку ўказаць у дэкларацыi гэты вiд даходу. У вынiку, як адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мiкалай Лазавiк, гэту недарэчнасць палiчылi «не маючай iстотнага характару». Хоць, як адзначыла старшыня Цэнтральнай камiсii Лiдзiя Ярмошына, падчас парламенцкiх выбараў падобныя падставы былi дастатковымi для адмовы прэтэндэнту ў рэгiстрацыi кандыдатам. Цяпер жа пад увагу была ўзята «вялiкая каштоўнасць парушэння» i тое, што за А. Мiлiнкевiча было сабрана амаль 200 тысяч подпiсаў. Дарэчы, падчас рэгiстрацыi А. Мiлiнкевiча кандыдатам у прэзiдэнты М. Лазавiк таксама звярнуў увагу на тое, што члены яго iнiцыятыўнай групы дапускалi падчас збору подпiсаў парушэннi выбарчага заканадаўства, у прыватнасцi, раздавалi друкаваныя матэрыялы агiтацыйнага характару. Праўда, паводле слоў М. Лазавiка, пасля вынясення пiсьмовага папярэджання iнiцыятыўная група «зрабiла высновы». У двух кандыдатаў — А. Гайдукевiча i А. Лукашэнкi — недакладнасцяў у пададзеных дэкларацыях выяўлена не было. А вось А. Казулiн, наадварот, падаў нават не патрэбныя звесткi: аб даходах i маёмасцi сваёй былой жонкi i яе бацькоў. Пасля ўручэння пасведчанняў кандыдатаў у прэзiдэнты кожны з прэтэндэнтаў атрымаў магчымасць пяцiхвiлiннага выступлення. А. Мiлiнкевiч (яго зарэгiстравалi першым) звярнуў увагу на тое, што яго рашэнне прыняць удзел у выбарах было нялёгкiм «з-за палiтычных умоў у Беларусi». Тым не менш, ён вырашыў «iсцi да людзей», «несцi iнфармацыю» аб сапраўдным становiшчы ў грамадстве... Ён таксама назваў тры каштоўнасцi сваёй перадвыбарнай праграмы: свабода, праўда, справядлiвасць. Менавiта гэтыя каштоўнасцi, адзначыў А. Мiлiнкевiч, называлi самi выбаршчыкi падчас сустрэч. А. Казулiн у сваiм выступленнi звярнуў увагу на тое, што за гады, якiя прайшлi, быў пазiтыў: была стабiлiзавана сацыяльна-эканамiчная сiтуацыя, узмацнiўся суверэнiтэт. На думку А. Казулiна, беларусам неабходна большая «ўнутраная i знешняя свабода». Падчас жа выбараў кандыдаты павiнны «схiлiць галаву перад выбарам народа...». С. Гайдукевiч, якога зарэгiстравалi трэцiм, падзякаваў беларускаму народу за падтрымку, сваiм прыхiльнiкам за працу, расiйскiм дэпутатам за сяброўскае стаўленне да Беларусi. Паводле яго слоў, «у мяне адна задача, мэта — каб была стабiльнасць, парадак». Пенсiянеры, лiчыць С. Гайдукевiч, павiнны своечасова атрымлiваць пенсii, рабочыя — заробкi. Моладзь жа павiнна з упэўненасцю глядзець у будучыню, па-сапраўднаму ганарыцца сваёй краiнай. Калi будзе парадак у краiне, лiчыць кандыдат, тады будзе i дастатак у доме. Апошнiм пасведчанне кандыдата ў прэзiдэнты атрымаў А. Лукашэнка. Паводле яго слоў, выбарчы працэс праходзiў у краiне ў строгай адпаведнасцi з заканадаўствам, што выгадна адрознiвае Беларусь ад iншых краiн, дзе выбары прыводзiлi да крызiсных сiтуацый. А. Лукашэнка выказаў упэўненасць, што «прэзiдэнцкiя выбары будуць чарговым крокам на шляху далейшага ўмацавання беларускай дзяржаўнасцi». Таксама А. Лукашэнка папярэдзiў усiх, хто зацiкаўлены ў правядзеннi выбараў: «толькi беларускi народ будзе выбiраць свайго прэзiдэнта, самастойна, без усякага знешняга цiску, у адпаведнасцi з нашай Канстытуцыяй. Як дзеючы кiраўнiк дзяржавы я гэта гарантую». «Я ўпэўнены, што 19 сакавiка Беларусь у чарговы раз прадэманструе сусветнаму грамадству паслядоўнасць i адкрытасць сваёй палiтыкi», — адзначыў ён. Пры гэтым галоўным арыенцiрам ён назваў «спакой, дабрабыт i працвiтанне нашай Айчыны». А. Лукашэнка павiншаваў усiх зарэгiстраваных кандыдатаў e прэзiдэнты i павiтаў унутраных i замежных назiральнiкаў, для эфектыўнай працы якiх будуць створаны ўсе ўмовы. Асаблiвую ўдзячнасць ён выказаў беларускiм грамадзянам, якiя аказалi давер дзеючаму кiраўнiку дзяржавы i паставiлi подпiсы ў яго падтрымку. Учора ў другой палове дня ў сценах парламента прайшла другая частка пасяджэння Цэнтрвыбаркама. У прыватнасцi, кандыдаты ў дэпутаты праз жэрабя падзялiлi эфiрны час. Такiм чынам, пачуць С. Гайдукевiча можна будзе па тэлебачанню 21 лютага ў 18.00 i 1 сакавiка ў 18.30, па радыё — 24 лютага ў 8.00 i 3 сакавiка ў 8.30; А. Казулiна — па тэлебачанню 22 лютага ў 18.30 i 2 сакавiка ў 18.00, па радыё — 27 лютага ў 8.00 i 6 сакавiка ў 8.30; А. Лукашэнку — па тэлебачанню 21 лютага ў 18.30 i 1 сакавiка ў 18.00, па радыё — 24 лютага ў 8.30 i 3 сакавiка ў 8.00; А. Мiлiнкевiча — па тэлебачанню 22 лютага ў 18.00 i 2 сакавiка ў 18.30, па радыё 27 лютага ў 8.30 i 6 сакавiка ў 8.00. Кожнае выступленне можа працягвацца да 30 хвiлiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Палацы Рэспублiкi Цэнтральная камiсiя па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў зарэгiстравала кандыдатаў у прэзiдэнты. 19 сакавiк |
|