Старшыня Капыльскага райвыканкама Мiхаiл БОДА:
Анатоль МЯСНIКОЎ
«ЗАДАЧЫ НА ПЯЦIГОДКУ ВЫЗНАЧАНЫ. IХ ВЫКАНАННЕ — ЗАКОН!»
Перапынкаў — хоць бы на момант — народнагаспадарчы комплекс не ведаў i не ведае нiколi. Заканчваецца адзiн год, пачынаецца другi... Падводзяцца вынiкi адной пяцiгодкi i тут жа вызначаюцца рубяжы на наступную... Такi ўжо няпiсаны закон жыцця: без прыпынку — у заўтрашнi дзень! Вынiкамi вытворчай дзейнасцi прамысловых прадпрыемстваў i сельскагаспадарчых кааператываў за 2005 год i апошнюю пяцiгодку ў цэлым кiраўнiк капыльскай «вертыкалi» Мiхаiл Бода ўвогуле задаволены. У параўнаннi з 2000 годам адбыўся значны рост па ўсiх без выключэння паказчыках. Вытворчасць прамысловай прадукцыi, напрыклад, вырасла на 35,7 працэнта, спажывецкiх тавараў — на 60, сельскагаспадарчай — на 31 працэнт. Амаль на чатыры пятых павялiчылiся iнвестыцыi, у 3,6 раза вырас экспарт прадукцыi, у два разы вырасла заработная плата. Толькi сельскагаспадарчая вытворчасць раёна дала прыбытку на суму 9 мiльярдаў рублёў! — Аднак супакойвацца, спачываць, што называецца, на лаўрах, мы не маем анiякага права, — перакананы Мiхаiл Тарасавiч. — Па-першае, мы выразна бачым рэзервы i нявыкарыстаныя магчымасцi, якiя павiнны быць прыведзены ў дзеянне ў самы блiжэйшы час. Па-другое, пяцiгодка, якая iмклiва набiрае ўжо разбег, павiнна стаць пяцiгодкай росту якасных паказчыкаў ва ўсiх галiнах жыццядзейнасцi Капыльшчыны. Перад усiмi без выключэння вытворчымi калектывамi пастаўлена канкрэтная i адназначная задача: праз эканомiку палепшыць жыццё людзей... Прамысловы патэнцыял раёна не вельмi вялiкi: з больш-менш значных прадпрыемстваў тут ёсць толькi масласырзавод. Затое якi: вядомы сваёй прадукцыяй не толькi на Мiншчыне i ў рэспублiцы, але i далёка за яе межамi. Капыльскiя сыры i йагурты, ацыдафiлiн i масла — наогул большасць з 60 найменняў прадукцыi — iдуць, што называецца, нарасхват. Яшчэ ў снежнi 2004 года прадпрыемства атрымала мiжнародны сертыфiкат якасцi, пачаўшы выпускаць прадукцыю пад гандлёвай маркай «Сузор’е смаку». Здавалася б, поспехi вiдавочныя, аднак кiраўнiцтва завода на чале з дырэктарам Ганнай Аляксандраўнай Хама на дасягнутым не спыняецца. У цяперашнi час тут пачата рэалiзацыя праграмы тэхнiчнага пераўзбраення сыраробчага цэха, у вытворчасць будуць укладзены вялiкiя сродкi, якiя, аднак, упэўнены на прадпрыемстве, будуць акуплены ў самыя сцiслыя тэрмiны. «Бо тут, — перакананы М. Бода, — ёсць галоўнае: таленавiтыя i здольныя працаўнiкi...». Галоўны ж вытворча-эканамiчны «фронт» Капыльскага раёна — сельская гаспадарка. Менавiта сюды iдуць асноўныя фiнансавыя ўкладаннi, скiраваны галоўныя сiлы i намаганнi, менавiта ад яе i чакаюць росту i аддачы... — Калi за папярэднiя пяць гадоў рост аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасцi склаў 31,З працэнта, то ўжо да 2010 года гэты паказчык павiнен вырасцi яшчэ на 53 працэнты, — упэўнены старшыня райвыканкама. — Шмат? Так. Але гэта рэальна. 72 тысячы тон малака, 14 тысяч тон мяса — такiя штогадовыя рубяжы нам па сiлах. Як i валавы збор 230 тысяч тон цукровых буракоў, 250 тысяч тон збожжа, 5 тысяч кiлаграмаў малака ад кожнай каровы! Наша блiжэйшая задача: рэалiзоўваць штогод прадукцыi сельскай гаспадаркi на 100 мiльярдаў рублёў. Тады i стане галiна самафiнансуемай... Так, фiнансавае становiшча сельскай гаспадаркi сёння далёка не задавальняе нi самiх працаўнiкоў вёскi, нi кiраўнiкоў уладных структур. Не задавальняе перш за ўсё таму, што i першыя, i другiя з iх увачавiдкi бачаць i разумеюць: сельскагаспадарчая вытворчасць дае яшчэ далёка не поўную аддачу. «Рэнтабельнасць збожжавых культур складае зараз 42 працэнты, рапсу — 70, а малака — 25 працэнтаў, — разважае М. Бода, — што, вядома ж, не можа нас задаволiць. Таму i ставiцца задача знiзiць выдаткi на вытворчасць асноўных вiдаў прадукцыi ўжо сёлета!». Каб паскорыць паляпшэнне гэтых паказчыкаў, практычна ва ўсiх гаспадарках распачалi тэхнiчнае пераўзбраенне вытворчасцi. Толькi летась набылi 43 новыя збожжаўборачныя камбайны, у тым лiку 10 — iмпартных, 25 замежных камбiнаваных агрэгатаў, 16 сучасных плугоў. Толькi ад выкарыстання гэтай тэхнiкi эфект чакаецца адметны: да 7 цэнтнераў прыбаўкi ва ўраджайнасцi на кожным гектары. Ажыццёўлена рэканструкцыя дзвюх малочна-таварных фермаў з даiльнымi заламi, аснашчанымi сучасным тэхналагiчным абсталяваннем. — Акрамя гэтага пачалi ў раёне так бы мовiць адраджэнне забытай галiны — птушкагадоўлi, — працягвае мой суразмоўца. — Ужо ў 2005 годзе паставiлi спажыўцам 341 тону высакаякаснага дыетычнага мяса. Сёлета ставiцца заданне давесцi гэты паказчык да 700 тон. ... За кожнай з гэтых лiчбаў, за кожным фактам росту сацыяльна-эканамiчных паказчыкаў — вытворчыя калектывы, канкрэтныя людзi, якiя штодзённа шчыруюць на прамысловых, будаўнiчых, сельскагаспадарчых, сацыяльных прадпрыемствах, ва ўстановах i арганiзацыях раёна. Сярод сельскагаспадарчых калектываў тон задаюць (чытай: вызначаюць сённяшнюю сiтуацыю) такiя вытворцы прадукцыi, як СВК «Цiмiразеўскi» i ЗАТ «Капыльскае». I першы з iх, i другi добра вядомыя сваiмi набыткамi. Расказвае старшыня кааператыва «Цiмiразеўскi» Анатоль Уласевiч: — Роўна год таму наша гаспадарка афiцыйна стала эксперыментальнай па вытворчасцi i рэалiзацыi элiтнага насення збожжавых, зернебабовых, рапсу, бульбы i траў. Як бачыце, накiрункаў шмат: усяго мы вырошчваем каля 70 сартоў гэтых культур. А яшчэ ж нiхто не здымае з нас i развiццё мясной i малочнай жывёлагадоўлi, вырошчванне цукровых буракоў... Тым не менш, на шматпрофiльнасць мы, што называецца, не наракаем, а штодзённа iмкнёмся да павышэння эфектыўнасцi i аддачы ад кожнага з гэтых накiрункаў вытворча-гаспадарчай дзейнасцi. Колькi ведаю Анатоля Васiльевiча, ён — прагматычны i рэальна думаючы гаспадарнiк. Усе разлiкi — як на сённяшнi дзень, так i на недалёкую i нават аддаленную перспектыву — робiць аргументавана i разважлiва. «Было б у нас больш зямлi, — кожны раз сцвярджае ён, — хоць 10 тысяч гектараў, i мы зусiм рэальна мелi б да 17 тысяч тон збожжа, 40 тысяч — цукровых буракоў, 5 тысяч тон бульбы, звыш 1 тысячы — рапсу, да 10 тысяч тон малака. Бо ўжо ў самы блiжэйшы час мы будзем атрымлiваць з кожнага гектара да 60 цэнтнераў збожжавых, 600 — цукровых буракоў, да 500 цэнтнераў бульбы, 6 тысяч кiлаграмаў малака ад каровы...». Дарэчы, летась уклад «Цiмiразеўскага» ў агульны валавы аб’ём сельгаспрадукцыi, пастаўленай раёнам у цэлым, склаў па асобных паказчыках ад 25 да 30 працэнтаў. Вось вам i «ўсяго толькi» адна гаспадарка! Адным з лiдараў на Мiншчыне з’яўляецца i закрытае акцыянернае таварыства «Капыльскае», якое спецыялiзуецца на вытворчасцi свiнiны. Сёння яно трывала займае месца ў тройцы самых буйных жывёлагадоўчых комплексаў сталiчнай вобласцi. Вось толькi некалькi лiчбаў, што сведчаць аб гэтым. Штогод «Капыльскае» рэалiзоўвае дзяржаве прадукцыi прыкладна на 15 мiльярдаў рублёў. Цяпер тут утрымлiваецца каля 30 тысяч свiней, а штосутачнае прыбаўленне iх у вазе на адкорме складае амаль 600 грамаў. — Спецыялiзацыя i iнтэнсiфiкацыя сельскагаспадарчай вытворчасцi, якая даволi добра зарэкамендавала сябе ў свой час, сёння аднаўляюцца i вяртаюцца ў строй, — вобразна падвёў вынiкi нашай гутаркi старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камiтэта Мiхаiл Бода. — Бо вiдавочна: без гэтага зараз нельга. Толькi за буйнымi сельскагаспадарчымi кааператывамi i аб’яднаннямi i будучыня вёскi. Праграма адраджэння, якая шырока ажыццяўляецца зараз, — адзiны шлях для выратавання сельскагаспадарчай вытворчасцi ўвогуле... I з Мiхаiлам Тарасавiчам нельга не пагадзiцца... Капыльскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«ЗАДАЧЫ НА ПЯЦIГОДКУ ВЫЗНАЧАНЫ. IХ ВЫКАНАННЕ — ЗАКОН!» |
|