Гавораць удзельнiкi трэцяга Усебеларускага народнага сходу:
Барыс ПРАКОПЧЫК. Алена КАЗЛОВА.
Адам КАВАЛЬКА, старшыня Астравецкага райвыканкама:
— Самае галоўнае — на сходзе будзе вызначана далейшая перспектыва развiцця краiны. Ужо на даволi сур’ёзны ўзровень паднялi вялiкiя гарады, буйныя прадпрыемствы. Цяпер жа, мяркую, больш пiльная ўвага будзе звернута на глыбiнку. Тут i пытаннi зарплаты, якая яшчэ не ва ўсiх галiнах дасягнула дастойнай велiчынi, i праблемы матэрыяльна-тэхнiчнай базы невялiкiх прадпрыемстваў, асаблiва прамысловых. Хоць i вельмi многае робiцца, але, думаю, яшчэ больш увагi трэба звярнуць на пенсiянераў, на нашу сельскую iнтэлiгенцыю — настаўнiкаў, медыкаў. Мы цяпер у раёне працуем не над тым, каб фармiраваць нейкiя паказчыкi, таму што яны ў параўнаннi з iншымi рэгiёнамi нармальныя (па вынiках мiнулага года занялi трэцяе месца ў рэспублiцы па прывагах буйной рагатай жывёлы i свiней, выйшлi на ўзровень больш чым 4-тысячных надояў ад каровы), а робiм стаўку на тое, каб скарацiць выдаткi вытворчасцi i атрымаць прыбытак. Каб людзi адчулi, што яны могуць нечым распараджацца i фармiраваць уласны дабрабыт за кошт сваёй працы. Трэба iмкнуцца да таго, каб эканомiка сельскагаспадарчага прадпрыемства дазваляла яму мець абаротныя сродкi для закупкi мiнеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслiн, гаруча-змазачных матэрыялаў, выплаты заробкаў. А пытаннi будаўнiцтва, закупкi сельскагаспадарчай тэхнiкi — вырашаць за кошт доўгатэрмiновых крэдытаў пры дапамозе банкаў, урада, дзяржавы. Усё iдзе планамерна i, лiчу, пры такой дзяржаўнай палiтыцы ўсе галiны сацыяльна-эканамiчнага жыцця атрымаюць належнае развiццё i ў далейшым. Таццяна ВАЛАТОЎСКАЯ, загадчыца палiклiнiкi №1 г. Бабруйска: — Я еду на Усебеларускi сход з апытымiстычным настроем. Я чакаю справаздачы за прайшоўшую пяцiгодку i вызначэння прыярытэтаў на перспектыву. Хоць планаванне i ўзята з савецкiх часоў, але ж не ўсё тады было дрэннае, i рабiць планы — гэта якраз добра i правiльна. Як сям’я плануе нешта на месяц ды на год, так i краiна дасягае пэўных рубяжоў i ставiць перад сабой новыя задачы. А што датычыцца актуальных пытанняў у той сферы, дзе я працую, то я ўсё ж такi засяродзiла б увагу на заробках медыкаў. Так, ёсць рост заробкаў i гэта нядрэнна, але прыстойныя грошы ўрач можа атрымаць, як жартуюць, за працу 36 гадзiн у суткi — за кошт сумяшчальнiцтва. Так што тут ёсць над чым падумаць. Таксама мне б хацелася, каб у медыцыне больш укаранялiся новыя высокiя тэхналогii. I яшчэ я прапанавала б ўпарадкаваць iльготнае забеспячэнне медыкаментамi. Мне падаецца, што сiстэма льготных рэцэптаў несправядлiвая ў дачыненнi да вясковых жыхароў, якiя не заўсёды маюць магчымасць прыехаць у лячэбную ўстанову i атрымаць той рэцэпт. Таму мяркую, што тут патрэбна адрасная дапамога iнвалiдам, ветэранам i тым, хто мае ў ёй патрэбу. Марыя ГЛУШАКОВА, дырэктар УКСП «Саўгас Макеевiчы» Клiмавiцкага раёна: — Беларусь добра развiваецца. Я лiчу, што наша краiна апошнiм часам сапраўды стала «маленькай Швейцарыяй». Жывецца нам нядрэнна: у нашай гаспадарцы сярэднi заробак 265 тысяч рублёў, што для сельскай мясцовасцi вельмi нядрэнна. Паводле паказчыкаў, «Макеевiчы» перамаглi ў раённым спаборнiцтве. I я рада, што ў нас мiр, што мы спiм спакойна, што няма карупцыi. Вось за такую Беларусь я i скажу «Так!» на Усебеларускiм сходзе. Але ёсць i праблемы, якiя мяне хвалююць як сельскага кiраўнiка. Перш за ўсё — гэта стаўленне дзяржавы да шматдзетных i малазабяспечаных сем’яў. Так, ёсць сапраўдныя сем’i, якiм патрэбна дапамога. Але навошта падтрымлiваць выпiвох, якiя не хочуць працаваць i iснуюць за кошт дапамогi на дзяцей? Я ўвогуле не разумею, як на вёсцы можна жыць бедна? Акрамя заробку ў гаспадарцы, трымай карову i парася, апрацоўвай агарод — i жывi добра! А ў нас тут ёсць такiя, якiя здаюць дзяцей у iнтэрнаты. Трэба прымусiць iх працаваць i аддаваць дзяржаве частку заробку на ўтрыманне дзяцей. Карацей, да кожнай сям’i трэба падыходзiць асобна, а не дапамагаць усiм агулам. I яшчэ даць мiлiцыянерам больш правоў у барацьбе з тымi, хто злоўжывае спiртным. Такое маё меркаванне. А астатняе — усё добра. Тэхнiку гаспадарцы даюць па лiзiнгу, Макеевiчы сёлета стануць аграгарадком. Толькi працуй! I скажу вам, што працы на сяле — па самую, як кажуць, «макаўку»... Валерый ЯРКОВIЧ, старшыня Круглянскага сельскага Савета: — Я першы раз паеду на Усебеларускi сход. Хачу сказаць, што мне падабаюцца цвёрдыя прыярытэты ў знешняй палiтыцы Беларусi. Падабаецца, што яны не мяняюцца ва ўгодлiвасць iншым палiтыкам i абставiнам. Я лiчу, што так i трэба: абраць свой шлях i, калi народ табе давярае, iсцi па iм, не збочваць. Што датычыцца сацыяльна-эканамiчнага развiцця, то мне падаецца, што задзел зроблены. Сённяшнюю сiтуацыю не параўнаць з мiнулымi часамi: наша грашовая адзiнка ўмацавалася, i мы больш не баiмся, што заўтра долар скокне i нашы грошы зноў абясцэняцца. Аднак мне хацелася б закрануць i праблему занятасцi людзей у такiх невялiкiх гарадах, як наш раённы цэнтр Круглае. За кошт iнтэнсiфiкацыi вытворчасцяў вызваляецца частка людзей, якiх няма куды задзейнiчаць, i яны вымушаны з’язджаць у вялiкiя гарады або шукаць працу ў суседняй Расii. I шкада, што едуць туды не самыя, як кажуць, апошнiя людзi, якiя маглi б прынесцi карысць тут. Таму хацелася б, каб у будучым удзялялася большая ўвага малым гарадам, каб у iх развiвалася прамысловасць. Трэба даць людзям працу i заробак, каб яны працавалi на карысць сваёй краiны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам КАВАЛЬКА, старшыня Астравецкага райвыканкама |
|