БЯСПЛАТНА НЕЛЬГА — ЗА ГРОШЫ МОЖНАСIТУАЦЫЯ У вёсцы Тальмiнавiчы, цэнтральнай сядзiбе аднайменнага сельскагаспадарча-вытворчага кааператыва, узнiкла праблема. Людзi хацелi б прыватызаваць 12 двухкватэрных дамоў, але аказалася, што зрабiць гэта даволi складана.— Балансавы кошт дамоў агульны — непадзелены. Таму неабходна аформiць дзяржакты на зямлю i тэхнiчныя пашпарты, — заявiў намеснiк старшынi Ляхавiцкага райвыканкама Уладзiмiр Кузьмiч, — каб людзi атрымалi кватэры ў сваю ўласнасць. — Для афармлення дакументаў неабходна прыкладна 18 млн рублёў, — удакладнiў сiтуацыю старшыня гаспадаркi Леанiд Кулiцкi, — а такiх грошай у гаспадаркi няма. Для нас лепш за ўсё было б перадаць дамы людзям — скiнуць клопат з сябе. Пазiцыя кiраўнiцтва ў цэлым ясная. Няхай людзi афармляюць неабходныя паперы i жывуць у сваiх кватэрах. А вось жыхары дамоў (iх прыйшло на сустрэчу каля пятнаццацi чалавек) пачалi сумнявацца, што пасля таго, як яны заплацяць за дакументы грошы, кватэры будуць iхнiмi. Бо высветлiлася, што напачатку дакументы неабходна аформiць на кааператыў, а затым ужо перааформiць на сябе. Але справа не толькi ў гэтым. Жыхары падзялiлiся на дзве групы. Да першай адносяцца тыя, хто непасрэдна працуе ў СВК, а да другой — настаўнiкi, работнiкi ФАПа, дзiцячага садка i iншыя. Вось апошнiя i сумняваюцца, што праўленне гаспадаркi, а яно будзе прымаць рашэнне, захоча iм бязвыплатна цi за сiмвалiчную суму аддаць кватэры. I трэба прызнаць, што iх хваляванне мае пад сабой аснову. — А як гэта iм аддаць за так? Калгас дамы будаваў на нашы грошы, а яны хоць капейку ў iх уклалi? — абуралiся пазней былыя калгаснiкi. I тут не ўсё адназначна, бо ў школе дзяцей калгаснiкаў вучылi тыя ж настаўнiкi, хоць юрыдычна адукацыя адносiцца да iншай «парафii». А калi муж працаваў у калгасе механiзатарам, то як пасля яго смерцi быць з удавой? У свой час, калi шырока праводзiлася прыватызацыя, вышэйзгаданыя дамы засталiся на балансе калгаса. Рабiлася гэта, каб утрымаць людзей, не даць магчымасцi прадаць жыллё. Але са слоў прысутных, тагачаснае кiраўнiцтва калгаса свае кватэры прыватызавала, i гэта асаблiва абурае жыхароў Тальмiнавiч. Але сiтуацыя не можа доўга знаходзiцца ў падвешаным стане. Людзi заяўляюць, што рамантаваць жыллё пачнуць толькi ў тым выпадку, калi яно будзе прыватызаванае, а гаспадарцы трымаць дамы ў парадку цяжка. Адна жанчына нават расплакалася, што ў доме неабходна рамантаваць дах, а няма каму. — Або рабiце рамонт дамоў самi, або аддайце нам, — кажуць людзi. А вось у Пятра Ясковiча iншая пазiцыя. — Я, напрыклад, сваiмi рукамi перакрыў дах, то i другiя маглi б адрамантаваць. I ўвогуле, я аддаў калгасу трыццаць гадоў i думаю, што праўленне павiнна ўзважана падысцi да перадачы жылля. Напэўна, трэба ўлiчваць стаж жыльца, яго ўклад, — сказаў ён. Пасля Тальмiнавiч прыйшлося зазiрнуць да юрыста райвыканкама, дзе высветлiлася цiкавая акалiчнасць. Аказваецца прыватызаваць жыллё... ужо нельга, бо жыллёвыя квоты налiчвалiся толькi да 1 лiпеня 1999 года. А паколькi ў сельсавет нiхто не звяртаўся, то i квоты нiкому ў Тальмiнавiчах не налiчвалiся. Такi адказ прыйшоў з аблвыканкама на скаргу некаторых жыхароў вёскi. Дык што рабiць людзям у гэтых абставiнах? Неабходна звярнуцца ў БТI (бюро тэхнiчнай iнвентарызацыi), каб быў устаноўлены балансавы кошт жылля. I затым, адштурхнуўшыся ад рынкавыя цi балансавай цаны кватэры, агульны сход або праўленне вырашаць, каму i па якой цане прадаць жыллё. Бясплатна аддаць кватэру гаспадарка як юрыдычная асоба не можа, таму што ёй нельга выступаць дарыльшчыкам, а вось прадаць па невысокай (сiмвалiчнай) цане можа. Гэта рашэнне — ўжо прэрагатыва агульнага сходу. Двухпавярховыя дамы ў Тальмiнавiчах маюць прыстойны выгляд i ў палове з iх жывуць пенсiянеры. Вядома ж, свае трох- i чатырохпакаёвыя кватэры яны хацелi б перадаць дзецям. I па-чалавечы гэта зразумела. Але ж людзi, якiя будавалi свае дамы цi кватэры, ведаюць, колькi грошай давялося ў iх укласцi. А ў Тальмiнавiчах людзi самi павiнны разабрацца ў сiтуацыi i набыць кватэры ва ўласнасць. Ад гэтага ўсе будуць у выйгрышы. Сымон СВIСТУНОВIЧ, Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Тальмiнавiчы, цэнтральнай сядзiбе аднайменнага сельскагаспадарча-вытворчага кааператыва, узнiкла праблема. Людзi хацелi б прыватызаваць 12 дву |
|