Алiм СЕЛIМАЎ: «У Беларусi адчуваю сябе, як дома»П’едэстал Спорт часам нагадвае гульню ў латарэю. Згадаем хоць бы выпадак, якi адбыўся ў мiнулым годзе: Вячаславу Макаранку зрабiлi аперацыю на менiску i замест яго на чэмпiянат свету па грэка-рымскай барацьбе адправiўся не надта вядомы нават самым заўзятым аматарам спорту Алiм Селiмаў. На кантынентальным першынстве ён быў толькi 8-м, таму спадзявацца на перамогу ў Будапешце не прыходзiлася, а ён выйграў i такiм чынам асiлак родам з Дагестана падарыў сваёй радзiме i нашай краiне першае сусветнае «золата». Летась ён трапiў у дзесятку мацнейшых атлетаў года (сярод 71 спартсмена) i па колькасцi набраных ачкоў абагнаў нават Максiма Мiрнага i Аляксандра Глеба, чые iмёны даўно грымяць у свеце. Дарэчы, днямi Алiм бярэ ўдзел у Гран-пры ў Венгрыi, а ў канцы красавiка адправiцца на чэмпiянат Еўропы ў Расiю, дзе для сапернiкаў ён ужо не будзе цёмным конiкам.— Пасля перамогi на чэмпiянаце свету сябры сталi больш паважаць вас цi iх адносiны да вас нiяк не змянiлiся? — Канешне, ёсць людзi, якiя сапраўды радавалiся за мяне, былi i такiя, хто вiншаваў не ад чыстага сэрца. Я стаўлюся да гэтага спакойна i лiчу, што кожны чалавек сам вырашае свой лёс. Трэба толькi працаваць над сабою. Гэта нiкому не забаронена, таму раскрыцца ў жыццi можа кожны. — Вы родам з Дагестана, дзе да вашай перамогi чэмпiёнаў свету ў грэка-рымскай барацьбе не было. Аднак гэты тытул вы здабылi, выступаючы за Беларусь. Як да гэтага ставяцца на вашай радзiме? — У Дагестане такi народ, што заўжды сустракае мяне вельмi хораша, хоць я ўжо прадстаўляю iншую краiну. Пасля перамогi на чэмпiянаце свету, калi толькi прыляцеў дадому, у якасцi падарунка мне прэзентавалi канцэрт непасрэдна на трапе, калi выйшаў з самалёта. — У Беларусь вы пераехалi ў 1999-м. Як доўга звыкалiся з новым месцам жыхарства? — Зараз мне вельмi падабаецца жыць у Беларусi. Адчуваю сябе тут не як у гасцях, а бы дома, а тады, адразу пасля пераезду ў Мазыр, адаптавацца было складана. Непакоiў мой душэўны стан, у якiм я знаходзiўся дзесьцi 3-4 месяцы: блiзкiя засталiся ў Дагестане, мне споўнiлася толькi шаснаццаць гадоў, iснаваў шэраг праблем бытавога i фiнансавагага характару. Хацелася многага, а магчымасцяў не было. Доўга звыкаўся з насельнiцтвам: мясцовыя жыхары больш спакайнейшыя, чым у нас. Хоць я ўжо быў у Беларусi, але душою ўсё яшчэ заставаўся дома. Мне дасюль не хапае нацыянальных страў, але часу на iх прыгатаванне няма, бо пасля трэнiровак з’яўляецца толькi адно жаданне — адпачыць: хуценька нешта перакушу i спаць. — Вас можна назваць шанцавальнікам: летась трапiлi на чэмпiянат свету выпадкова i перамаглi... — Шанц выйграць ёсць заўжды. Здараецца, што не сыходзяцца зоркi. Наогул я мяркую, што чэмпiёнам становiцца той, хто падрыхтаваны лепш за астатнiх у дадзены момант. На першынстве свету я, канешне, ведаў: магу выступiць добра, аднак упэўненасцi ў тым, што апынуся сярод прызёраў, не было. Толькi калi выйграў выхад у фiнал, зразумеў: я нiчым не горшы i магу змагацца за «золата», хоць дагэтуль нiякiх значных вынiкаў я не паказваў. А наконт выпадковага пападання на чэмпiянат... Гэта сапраўды дапамагло: на мяне не давiў груз адказнасцi, таму выступаць было лёгка. Адчуваў сябе вольна: каманда не чакала ад мяне вялiкiх дасягненняў, ды i я таксама лiчыў, калi траплю ў пяцёрку, ужо прагрэс. Наколькi я шанцавальнік... За выхад у фiнал прыйшлося пераадолець прызёра Алiмпiйскiх гульняў, чэмпiёна свету, i гэта было зрабiць не так лёгка, але я змог сабрацца, выкарыстаў усе навыкi, якiмi авалодаў на працягу апошняга паўгода. Цяжкай атрымалася фiнальная схватка. — Якiя адносiны ў вас склалiся з Вячаславам Макаранкам, якога вы так блiскуча замянiлi на чэмпiянаце? Цi перамагалi бронзавага прызёра Алiмпiяды ў Афiнах? — Са Славам у нас добрыя таварыскiя адносiны. Мы кожны дзень трэнiруемся ў Гомелi. На спаборнiцтвах нiколi не змагалiся, а на трэнiроўках здаралася ўсяк: мог уступiць i я, i ён. — За сусветнае «золата» вам падарылi кватэру. Як новае жыллё? — Я вельмi ўдзячны за тое, што зараз у мяне ёсць свая кватэра. Ужо паглядзеў дом. Там зараз вядуцца ўнутраныя работы. Дарэчы, у гэтым доме будуць жыць толькi спартсмены i трэнеры. — Як бавiце вольны час? — Мне вельмi падабаецца бiльярд, але асноўны вольны час iмкнуся праводзiць са сваёй каханай дзяўчынай. — Дзякуй за гутарку! Размаўляла Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спорт часам нагадвае гульню ў латарэю. Згадаем хоць бы выпадак, якi адбыўся ў мiнулым годзе: Вячаславу Макаранку зрабiлi аперацыю на менiску i замест
|
|