21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Урок музыкi для дарослых

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Трывожны лiст у рэдакцыю

Пад лiстом у рэдакцыю 34 подпiсы. Бацькi школьнiкаў скардзяцца на ўпраўленне адукацыi свайго раёна: парушаны правы iх дзяцей. Пакуль матэрыял рыхтаваўся ў друк, рашэнне, якое бацькоў задаволiла, было ўсё ж такi прынятае. Тым не менш, лiчу гiсторыю гэту не проста павучальнай, але заканамернай, якая можа ўзнiкнуць у тым цi iншым выглядзе зноў. Калi нiчога не будзе зроблена, каб выправiць прычыны, якiя яе нарадзiлi.

Школа № 190 была пабудавана ў 1990 годзе ў новым сталiчным мiкрараёне «Уручча». Згодна з павевам часу, яна адразу адкрылася як беларускамоўная. У 1993-м тут набралi ажно 9 першых класаў. У 1997-м у школе навучалася 1760 дзяцей. А потым.... бацькi не ўбачылi перспектывы для навучання сваiх дзяцей на беларускай мове. У Беларусi так i не з’явiлася наступнага адукацыйнага звяна ў гэтым ланцужку: нi вучылiшча, нi каледжа, нi ВНУ з выкладаннем на тытульнай мове краiны. У 2002-м вучыць на роднай мове ва ўсiм гэтым вялiзным раёне горада пажадалi бацькi толькi 8 (васьмярых) дзяцей! Падрыхтоўчы клас адкрыты не быў. I сёння ў школе няма нiводнага чацвёртакласнiка. А наступным годам не будзе нiводнага пяцiкласнiка...

Сёння ў школе навучаецца 414 дзяцей, гэта не больш за 30 працэнтаў ад яе напаўняльнасцi. Скарачэнне колькасцi дзяцей выклiкала ўзнiкненне новай праблемы.

Школа № 190 акрамя таго, што беларускамоўная, мае яшчэ музычна-эстэтычны накiрунак. Вось музычны цыкл i аказаўся пад пагрозай спынення з-за недахопу вучняў. Гэта азначала, што школа губляе адзiную сваю канкурэнтную перавагу, што магло ў далейшым прывесцi да яе закрыцця ўвогуле. Каб забяспечыць настаўнiкаў музыкi нагрузкай, i, па вялiкаму рахунку, выратаваць школу, адмiнiстрацыя дазволiла заняткi музыкай у сваiх сценах дзецям з iншых школ.

Кажуць, што першыя «чужыя» дзецi былi не проста з вулiцы. Што гэта былi дзецi супрацоўнiкаў упраўлення адукацыi, дзецi настаўнiкаў i ўрачоў, знаёмыя знаёмых. Але апошнiя два гады набор дзяцей на заняткi музыкай з iншых школ набыў масавы характар: на верасень гэтага навучальнага года такiх было 118 чалавек.

Такiм чынам дзецi на музычны цыкл былi набраныя, калектыў захаваны i ўсiм было добра. Пакуль напрыканцы восенi мiнулага года правяраючы выпадкова не спытаў дзiця ў калiдоры, хто ён i што тут робiць. Так высветлiлася, што ў школе навучаюцца музыцы дзецi, якiя з’яўляюцца вучнямi iншых школ (да таго ж нiякiм загадам у школу дзецi гэтыя не залiчаныя). Навучаюцца яны бясплатна, але настаўнiкi атрымлiваюць за iх заробак як за вучняў школы № 190. Што з’яўляецца парушэннем фiнансавай дысцыплiны i нямэтавым выкарыстаннем бюджэтных асiгнаванняў.

2 снежня бацькам дзяцей з iншых школ, якiя навучаюцца музыцы ў школе № 190, было заяўлена, што iх дзецi не могуць працягваць займацца на ранейшых умовах i павiнны быць пераведзены на платныя гуртковыя заняткi. Бацькi былi, мякка кажучы, ашаломленыя...

— Гуртковае навучанне — адзiнае, што на той момант Упраўленне адукацыi магло прапанаваць бацькам, бо бясплатна навучацца там могуць толькi вучнi школы № 190, — лiчыць начальнiк аддзела фiнансавання невытворчай сферы i сацыяльнай абароны насельнiцтва Гарадскога фiнансавага ўпраўлення Святлана Дабрыцкая. — Заробак, якi настаўнiкi музыкi атрымлiвалi за дзяцей з iншых школ, яны атрымлiвалi незаконна.

Аднак бацькi адмаўлялiся разумець логiку папер. Раптоўны, сярод навучальнага года, перавод дзяцей з музычнай, як яны лiчылi, школы на платныя гуртковыя заняткi, якiя маюць на ўвазе зусiм iншы узровень ведаў i навыкаў, якiя не прадугледжваюць кантролю ведаў i выдачу дакумента аб заканчэннi курса, iх не проста не задавальняў, а наводзiў на думку, што такiм чынам упраўленне адукацыi вырашыла за iх кошт папоўнiць свой бюджэт. «Нават калi нехта вiнаваты ў нейкiм парушэннi, чаму павiнны несцi пакаранне дзецi?» — гэта было другой думкай усхваляваных бацькоў. Нарэшце, як патлумачыць дзецям, чаму адны (вучнi школы № 190) могуць навучацца музыцы на ранейшых умовах, а iншыя не?

Процiстаянне чыноўнiкаў i бацькоў расцягнулася на тры з паловай месяцы i наблiзiлася да завяршэння толькi зараз, калi пiшуцца гэтыя радкi. Пазней да бацькоў далучылiся настаўнiкi, зрэшты, яны з самага пачатку не маглi захоўваць нейтралiтэт. Таму ёсць тлумачэнне. Першае, настаўнiкi гублялi свае заробкi: за вядзенне гуртка зусiм iншая сiстэма аплаты. Другое (а можа гэта першае) — настаўнiк музыкi ў сiлу спецыфiкi работы зрадняецца з вучнем i яго бацькамi. Сумеснае i цеснае супрацоўнiцтва бацькоў i педагогаў — адна з галоўных умоў поспеху ў навучаннi музыцы. Таму звычайна настаўнiкi музыкi настолькi добра ведаюць сваiх маленькiх «маэстра», iх псiхiку, асаблiвасцi характару, што з’яўляюцца ледзь не членамi сям’i, своеасаблiвымi хатнiмi псiхолагамi. Гэта, можа, толькi трохi перабольшана, бо адпавядае iдэалу, але па сутнасцi праўдзiва. Настаўнiкi агульнаадукацыйных школ могуць тут толькi пазайздросцiць сваiм калегам. Таму не дзiўна, што ў прадстаўнiка адмiнiстрацыi раёна вырвалася раздражнёнае: «Настаўнiкi з бацькамi ў змове». Ды не ў змове. Яны проста прывыклi разам перажываць адзiн за аднаго. Да таго ж, тут таксама ўступалi ў спрэчку дзве логiкi: чалавечая i «папяровая»

— Нам кажуць, што мы незаконна атрымлiвалi заробак, але ж мы навучалi музыцы дзяцей, мы адпрацоўвалi гэтыя грошы, i якая, па вялiкаму рахунку, рознiца, вучнi якой яны школы? — усклiкаюць настаўнiкi, якiя сапраўды нiводнага рубля не атрымалi задарма.

Важна i тое, што бацькоў тых дзяцей, якiх, як высветлiлася, навучалi музыцы «незаконна», цалкам гэтае навучанне задавальняла. I не толькi таму, што яно было бясплатнае, хоць, безумоўна, гэта мела таксама не маленькае значэнне. Але яшчэ i таму, што сюды было зручна дабiрацца, часта гэта быў лiтаральна суседнi будынак з домам або са школай. Акрамя таго, бацькоў задавальнялi настаўнiкi i сама сiстэма навучання. Праграма тут не такая напружаная, як у музычнай школе, разам з тым яна забяспечвае гарманiчнае развiццё дзiцяцi.

I на гэта варта звярнуць асаблiвую ўвагу. Музычны цыкл гэтай школы заняў пустую i запатрабаваную нiшу, ён стаў той залатой сярэдзiнай памiж гуртком i музычнай школай, якую з задавальненнем абралi бацькi i дзецi. Таму канфлiкт разгарэўся з такой сiлай: бацькам было за што змагацца. Было б надзвычай карысна, калi б пра гэта задумалiся, зрабiлi патрэбныя вывады (не толькi ў сэнсе закручвання гаек i навядзення парадку) з усёй гэтай гiсторыi людзi, якiя адказваюць за выхаванне i адукацыю дзяцей. Выпадак са 190-й школай прадэманстраваў, наколькi дзецям патрэбна такое прамежкавае звяно: каб не так цяжка, як у музычнай, i не так дорага i несур’ёзна, як на гуртку.

Амаль тры з паловай месяцы процiстаянне бацькоў i чыноўнiкаў нагадвала размову сляпога з глухiм. Кiраўнiцтва школы прапаноўвала бацькам то падпiсаць дагаворы аб прадастаўленнi платных паслуг (дагаворы не задавальнялi бацькоў, яны прапаноўвалi свае варыянты, якiя пакiдалiся без увагi), то раздавала квiтанцыi i прасiла тэрмiнова аплацiць (што бацькi і рабiлi), то папярэджвала, што дзецi будуць адлiчаны (калi дагаворы не будуць падпiсаны), то няпэўна абяцала, што ўсё застаецца па-ранейшаму, але да якога часу — невядома. Яснасцi тут вельмi не хапала ўсiм. Бацькi ў сваю чаргу патрабавалi тлумачэнняў, сустрэч, гарантый, пiсалi скаргi i звароты.

25 студзеня была звольнена прадстаўнiк адмiнiстрацыi школы «ў адпаведнасцi з артыкулам Працоўнага кодэкса...» (фiнансавае парушэнне). Многiя лiчаць такое пакаранне вельмi жорсткiм, тым больш што чалавек гэты аддаў школе ўсё жыццё, да пенсii заставаўся год. Ды i крыўдна. Тое, што названа парушэннем, нiякай асабiстай карысцi нiкому з адмiнiстрацыi школы не прынесла, гэтыя людзi толькi ратавалi школу, ратавалi музычны цыкл, клапацiлiся пра нагрузку сваiх настаўнiкаў. Што iх прымусiла хадзiць па садках i агiтаваць бацькоў аддаваць дзяцей на заняткi музыкай? Незапатрабаванасць беларускай мовы ў грамадстве. Бо калi б сваiх дзяцей у школе было дастаткова, не было б праблем з нагрузкай.

Шляхоў выпраўлення парушэння было, на думку чыноўнiкаў, два: або бацькi пераводзяць дзяцей у школу № 190, або яны пераходзяць на платнае навучанне музыцы (бо не вучнi гэтай школы). Але нiводны з гэтых шляхоў бацькоў не задавальняў. Бацькi жадалi, каб дзецi, застаўшыся ў сваiх школах, не толькi мелi магчымасць працягнуць i закончыць атрыманне музычнай адукацыi па той праграме, якую яны абралi, з атрыманнем адпаведнага дакумента, але яшчэ i захавалi сваiх настаўнiкаў. Толькi пры такiх умовах, лiчаць бацькi, правы iх дзяцей не парушаюцца. I аказалася, што гэта магчыма. Шкада толькi, што, каб зразумець гэта, спатрэбiлася столькi часу, нерваў i ахвяр.

16 сакавiка настаўнiкам музычнага цыклу было аб’яўлена тое, што яны павiнны давесцi да сваiх вучняў i iх бацькоў. На гэту дату ў школе засталося 88 дзяцей з iншых школ, якiя навучаюцца тут музыцы, з iх — 8 выпускнiкоў. Вырашана, што выпускнiкi разам са сваiмi настаўнiкамi ўжо з наступнага тыдня будуць пераведзены ў блiжэйшую музычную школу. Настаўнiкi — па сумяшчальнiцтву. Такiм чынам гэтыя дзецi змогуць закончыць свой курс навучання i атрымаць пасведчанне аб заканчэннi музычнай школы. Астатнiя 80 дзяцей будуць залiчаны ў музычную школу пасля праслухоўвання з верасня (да канца мая будуць займацца ў школе № 190 на ранейшых умовах — бясплатна). Яны таксама, па жаданню, змогуць прадоўжыць заняткi ў сваiх настаўнiкаў. Усё гэта стала магчымым пасля дамоўленасцi памiж двума ведамствамi — камiтэтам па адукацыi i ўпраўленнем культуры Мiнгарвыканкама. I пасля таго, як упраўленне адукацыi рашылася ў парадку выключэння захаваць папярэднiя ўмовы навучання дзяцей да канца гэтага навучальнага года. Такое рашэнне сведчыць, што, нарэшце, iнтарэсам дзяцей была аддадзена перавага перад «фiнансавай дысцыплiнай». Гэта нармальна i ў вышэйшай ступенi лагiчна. I дай Бог, каб логiка тут не адмовiла i ў далейшым, бо шмат яшчэ застаецца i ўзнiкае новых пытанняў, дробных i не вельмi, вырашыць якiя, безумоўна, можна, калi мець жаданне выслухаць адзiн аднаго i зразумець. I калi не забываць пра тое, што дух закона вышэй за лiтару iнструкцыi.

Сiтуацыя з музыкай у школе № 190 больш-менш вырашана. Але праблема з наборам дзяцей у беларускамоўныя класы застаецца. Як амаль паўсюдна. I калi вось зараз, да канца лета, не набярэцца сама меней 20 малых, бацькоў якiх не спужае «адсутнасць перспектывы», то напружанасць зноў вернецца ў гэтыя сцены. Даўно надышоў час лячыць хваробу, а не знiмаць толькi яе сiмптомы.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пад лiстом у рэдакцыю 34 подпiсы. Бацькi школьнiкаў скардзяцца на ўпраўленне адукацыi свайго раёна: парушаны правы iх дзяцей. Пакуль матэрыял рыхтаваў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика