Беларусы папаўняюць «засекi» золатам
Iгар ШЧУЧЭНКА
Агульная вага купленых насельнiцтвам мерных злiткаў перавалiла за тону
Першы квартал гэтага года можна назваць рэкордным у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам па аб’ёму купленых беларусамi залатых мерных злiткаў: насельнiцтву краiны прададзена каля 272 кiлаграмаў каштоўнага металу (7823 злiткi), што ў 3,5 раза больш, чым за студзень-сакавiк 2005 года. Паводле слоў прэс-сакратара Нацыянальнага банка Беларусi Мiхаiла Журавовiча, сапраўды ажыятажны попыт людзей на высакародны метал эксперты тлумачаць наяўнасцю свабодных грошай у грамадзян. Таксама немалы ўплыў на апошнiя падзеi аказваюць i тэндэцыi па росту цэн на золата, кошт якога, напрыклад, толькi за мiнулы тыдзень падняўся на сусветным рынку больш як на 20 долараў ЗША i на таргах у Нью-Йорку дасягнуў на пачатку гэтага тыдня 592,4 долара за унцыю. Такiм чынам, эксперты, якiя казалi летась, што сярэдняя сусветная цана золата ў першым паўгоддзi 2006 года будзе «загнана» на адзнаку прыкладна ў 521 долар за унцыю, былi вельмi сцiплымi ў сваiх прагнозах. Некаторыя беларускiя аналiтыкi адзначаюць, што падобнага працяглага росту цэн на золата на сусветных рынках не назiралася з 1968 года. Больш таго, яны ўпэўнены, што так будзе i ў блiжэйшай перспектыве. Прывабнасць каштоўнага металу як сродку найбольш надзейнага захавання капiталу будзе толькi павышацца з-за вялiкай нестабiльнасцi сусветнага фондавага рынку, хiстання вядучых валют, а таксама пастаяннай напружанасцi ў Iраку i пагрозы пастаўкi нафты з гэтага рэгiёна ў ЗША i Заходнюю Еўропу, што захоўваецца. Што таксама немалаважна, цяперашнюю сiтуацыю могуць падагрэць i цэнтрабанкi шэрагу краiн. Так, паводле iнфармацыi некаторых экспертаў, на сусветным рынку актыўна абмяркоўваюцца чуткi, што шэраг цэнтральных банкаў азiяцкiх дзяржаў плануюць павялiчыць долю золата ў золатавалютных рэзервах. Што далёка хадзiць: у тым жа Цэнтрабанку Расii разглядаецца пытанне аб падваеннi долi золата ў золатавалютных рэзервах з 5 да 10 працэнтаў. Як вядома, Беларусь таксама нарошчвае свой залаты запас... Аднак, вяртаючыся да сiтуацыi ў нашай краiне, адзначым, што агульная вага купленых беларусамi залатых мерных злiткаў перавалiла за тону: насельнiцтву прададзена 1047 кiлаграмаў гэтага каштоўнага металу з золата найвышэйшай пробы — 999. Як i раней, найбольшы попыт у людзей — на 10-грамовыя злiткi, якiх у першым квартале было прададзена амаль трэць цi 2109 штук. Другую i трэцюю пазiцыi трымаюць мерныя злiткi вагой па 5 i 20 грамаў, якiх было куплена 1423 i 1349 штук адпаведна. Знайшлiся ў нас i больш багатыя пакупнiкi, якiя не разменьвалiся на дробязi: за тры месяцы гэтага года ўжо прададзена 38 злiткаў па паўкiло i 37 злiткаў — па 1 кiлаграму. Карцiна будзе не поўнай, калi не ўзгадаць аб тым, як iшла рэалiзацыя ў рэспублiцы злiткаў з плацiны i серабра. Нагадаем, што iх продаж быў пачаты Нацбанкам у сярэдзiне красавiка мiнулага года. Дык вось, з таго часу насельнiцтва набыло 6,9 кiлаграма мерных злiткаў з плацiны i каля 234 кiлаграмаў — з серабра. За студзень—сакавiк гэтага года фiзiчныя асобы купiлi 112 плацiнавых злiткаў агульным аб’ёмам больш як 1,7 кiлаграма i 1403 сярэбраных вагой 103,8 кiлаграма. За тры з паловай месяцы, з пачатку рэалiзацыi насельнiцтву каштоўных камянёў, Нацбанкам прададзена 134 брыльянты агульнай вагой 33,23 карата. Выручка ад прададзеных брыльянтаў склала 164 мiльёны рублёў, або 77 тысяч долараў ЗША.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Агульная вага купленых насельнiцтвам мерных злiткаў перавалiла за тону |
|