У ЧАКАННI...
Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ
Тэнiс. Кубак Дэвiса Спецыяльны карэспандэнт перадае з АўстралiiУчора ў аўстралiйскiм Мельбурне пачаў свой адлiк матч сусветнай групы 1/4 фiналу Кубка Дэвiса памiж зборнымi Аўстралii i Беларусi. За тры днi да пачатку сустрэчы прайшла першая прэс-канферэнцыя. Гэтай сустрэчы папярэднiчала трэнiроўка беларускiх тэнiсiстаў на знакамiтым корце Кайёнг, якi прымае тэнiсiстаў сусветнай элiты ўжо больш за сотню гадоў. Не дзiўна, што адзiн з iх — Максiм Мiрны — выглядаў вельмi свежа на пакрыццi «хард». Такая ўпэўненасць Максiма выклiкана нядаўняй перамогай нашай зоркi ў пары са шведам Б’ёркманам над братамi Браянамi на турнiры ў Маямi. Было бачна, што ў асяроддзi аўстралiйскiх журналiстаў, якiх акрэдытавана на гульню не менш за сотню, пануе пэўная насцярожанасць перад ужо аўтарытэтным сапернiкам (рэйтынг беларусам значна ўзнялi феерычныя перамогi над расiянамi, аргенцiнцамi i iспанцамi). Таму пытаннi да гасцей насiлi асцярожны характар кшталту таго, што будуць адчуваць сябе беларусы, калi перамогуць гаспадароў корта. Лiдар беларускай каманды Максiм Мiрны абагульнiў усе намёкi канкрэтным адказам — беларусы зусiм не супраць кiнуць сапернiку пальчатку i адправiцца з «Зялёнага кантынента» з вiкторыяй. Тым больш, падкрэслiў Макс, што ў мiнулую суботу ён паспяхова згуляў з цяперашнiм сапернiкам-аўстралiйцам у паўфiнале US Open у Амерыцы. Мельбурн знаходзiцца ў аднайменным штаце Вiкторыя, дзе пануе ўжо асеннi настрой. З гэтай нагоды нашым тэнiсiстам прыйшлося выкручвацца, каб адказаць на пытанне наконт месца правядзення матчу. Справа ў тым, што ўся шматлiкая беларуская дэлегацыя, сярод якiх журналiсты «Звязды» i Агульнанацыянальнага тэлебачання, а таксама прадстаўнiчы «дэсант» балельшчыкаў-аматараў, пражывае ў чатырохзоркавым гатэлi Гранд Хаят, дзе ўсяго толькi некалькi дзён таму пражывалi VIP-персоны, спартсмены i фанаты чарговага этапа Формулы-1. I побач з гэтым 33-павярховым «монстрам» знаходзiцца сетка кортаў, некаторыя з якiх з дахам, дзе праходзяць тэнiсныя турнiры серыi Australian Open. Мяркуючы па моцным ветры, што разганяў тэнiсныя мячы па Кайёнгу, тэнiсiстаў могуць чакаць сур’ёзныя сюрпрызы, у тым лiку i дождж. Лагiчна было б застрахавацца ад магчымых выбрыкаў надвор’я i не спадзявацца на нябесную канцылярыю, адкуль ужо ўчора ў другой палове дня пайшоў пралiўны дождж. I ўвогуле, па нашых мерках, тут у Мельбурне, зусiм не спякотна — 17—18 цяпла. У параўнаннi з Сiнгапурам, дзе частка беларускай дэлегацыi прабыла некалькi дзён, тут холадна. У горадзе-краiне, што ў сотнi кiламетрах ад экватара i на геаграфiчнай карце азначана кропкай, сярэднегадавая тэмпература вагаецца ў межах 30—35 градусаў вышэй нуля. Увогуле, пасля размовы з некаторымi прадстаўнiкамi нашай дэлегацыi аб знаходжаннi ў Мельбурне, аб спецыфiчных схiльнасцях аўстралiйцаў як арганiзатараў матчу 1/4 фiналу Кубка Дэвiса здзiўляцца не прыходзiцца: на ўчарашнюю трэнiроўку гароднiна для нашых атлетаў гаспадарамi так i не была пададзена, а журналiстам у прэс-цэнтры Iнтэрнэт-сувязь прапанавалi за астранамiчную суму ў эквiваленце ў некалькi соцень амерыканскiх долараў за суткi. Але ж гэта дробязь у параўнаннi з тымi падзеямi, якiя ўжо наступяць заўтра. Бананы былi куплены за свае грошы, а першы матэрыял у газету адпраўлены з блiжэйшага да «Грант Хаяна» Iнтэрнэт-кафэ за непараўнальна меншую суму. Сёння прыкладна ў 14.00 па мясцоваму часу — у Беларусi будзе толькi распачынацца новы дзень,— пройдзе жараб’ёўка. Паводле слоў капiтана беларускай каманды Дзмiтрыя Татура, увесь груз адказнасцi на корце Кайёнг ляжа на Максiма Мiрнага i Уладзiмiра Валчкова. А вось у аўстралiйцаў пакуль не зусiм зразумела, хто будзе абараняць гонар краiны. Iснуе вялiкая верагоднасць, што скрыжаваць ракеткi з Мiрным выйдзе лiдар гаспадароў Лейтан Х’юiт, якi зараз займае 16-ю пазiцыю ў сусветнай класiфiкацыi. Максiм Мiрны, характарызуючы Лейтана Х’юiта як сапернiка i калегу па вялiкаму тэнiсу, адзначыў, што шляхi-дарогi звялi iх ужо даўно, але турнiр Вялiкага шлема 2000 года яны выйгралi адначасова: у пары на US Open у 2000 годзе. «Я б не сказаў,— засяродзiў увагу журналiстаў Макс,— што Х’юiт мой блiзкi сябар — ён вельмi закрыты чалавек, нават у коле сваiх калег-аўстралiцаў ён нешматслоўны. Але ж з-за павагi да Лейтана,— заключыў Мiрны,— я звяртаюся да яго заўсёды прыветлiва». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт перадае з Аўстралii
|
|