21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сцеражыцеся аўтазладзеяў!

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкола ДЗЯБЁЛА

Будзьце пiльнымi!

Вясна — доўгачаканая пара не толькi для аўтааматараў, але i для ... зладзеяў, якiя спецыялiзуюцца на крадзяжах «жалезных коней». Тое, што менавiта вясной штогод пачынаецца новы сезон «палявання на аўтамабiлi», зусiм заканамерна.

Па-першае, вясной на гарадскiх вулiцах i ў дварах значна больш аўтамабiляў, бо прачынаюцца ад «зiмовай спячкi» так званыя «пралескi» — вадзiцелi, якiя не рызыкуюць выязджаць на заснежаныя дарогi. Па-другое, аўтазладзеi звычайна дзейнiчаюць iмгненна, для iх дарагая кожная секунда. А ў цёплую пару года рухавiк машыны запускаецца лягчэй i значна хутчэй. Паводле звестак праваахоўных органаў, напрыклад, у сёлетнiя зiмовыя маразы амаль не было фактаў крадзяжу транспартных сродкаў. Словам, уладальнiкам машын тэрмiнова неабхода прыняць меры бяспекi i быць пiльнымi. Аб тым як засцерагчы свой аўтамабiль ад зладзеяў, аглядальнiк «Звязды» папрасiў расказаць намеснiка начальнiка аддзела ўпраўлення крымiнальнага вышуку МУС Беларусi Сяргея ЛУК’ЯНОВIЧА.

— Сяргей Мiкалаевiч, год ад году прыватны аўтапарк у нашай краiне расце як на дражджах. А рызыка стаць ахвярай аўтамабiльных зладзеяў таксама павялiчваецца?

— Сапраўды, для беларусаў аўтамабiль ператварыўся з прадмета раскошы ў сродак перамяшчэння. Штогод колькасць прыватнага аўтатранспарту павялiчваецца ў сярэднiм на 200 тысяч адзiнак. Калi ў 1995 годзе ў асабiстым карыстаннi беларусаў было 935 тысяч 266 аўтамабiляў, то ў 2005 годзе — 1 мiльён 901 тысяча 916. Здавалася б, з павелiчэннем прыватнага аўтапарка павiнна была б узрасцi i спакуса ў зладзеяў. Аднак насамрэч, дзякуючы своечасова прынятым мерам з боку праваахоўных органаў, з кожным годам назiраецца змяншэнне крадзяжоў i ўгонаў аўтатранспарту. Калi ў 2000 годзе было зарэгiстравана 4144 такiх злачынстваў, то летась — 2848. За два месяцы гэтага года зафiксавана 117 крадзяжоў i 280 угонаў. Для параўнання, за аналагiчны перыяд года мiнулага было здзейснена адпаведна 193 i 406 такiх злачынстваў.

Адметна, што i вышук украдзенага аўтатранспарту ў нашай краiне вядзецца даволi паспяхова. Напрыклад, летась гэты паказчык склалаў 67,5 працэнта. Гэта значыць, што з кожных 100 украдзеных i ўгнаных аўто нам удалося вярнуць гаспадарам 67 машын. Мiж iншым, у суседнiх з намi краiнах аналагiчныя паказчыкi значна горшыя. У Польшчы, напрыклад, раскрываемасць аўтакрадзяжоў на ўзроўнi 5—6 працэнтаў, у Расii — каля 14.

Разам з тым, у згаданых дзяржавах колькасць выкраданняў i ўгонаў аўтатранспарту значна большая. Летась у Польшчы былі зафiксаваны 183 падобныя злачынствы ў разлiку на 100 тысяч насельнiцтва, у Расii — 86, а ў Беларусi — 28.

Безумоўна, i нам ёсць над чым працаваць. Бо, напрыклад, у мiнулым годзе не ўдалося знайсцi 853 украдзеныя аўтамабiлi, i для iх уладальнiкаў нашы, параўнальна лепшыя, чым у суседзяў, статыстычныя паказчыкi — слабае суцяшэнне.

— Цi варта такiм людзям, i ўвогуле ўсiм, хто стаў ахвярай аўтазладзеяў, звяртацца па дапамогу да крымiнальных «аўтарытэтаў»?

— На мове спецыялiстаў гэта называецца «крымiнальнае вяртанне» ўкрадзеных аўтамабiляў. Пэўны час гэтая злачынная з’ява была найбольш распаўсюджана ў Гомельскай вобласцi. Злачынцы, якiя самi ж i выкрадалi машыну, патрабавалi за свае паслугi ад 30 да 50 працэнтаў яе кошту. Некаторыя грамадзяне плацiлi «выкуп», тым самым аказвалi мядзведжую паслугу iншым аўтааматарам i самiм сабе. Бо нiшто так не разбэшчвае парушальнiкаў закона, як беспакаранасць. А людзi, якiя iшлi на паклон да «аўтарытэтаў», праз некаторы час зноў станавiлiся ахвярамi аўтазладзеяў.

Iснуе таксама небяспека стаць ахвярай звычайных махляроў, якiя пакiнуць пацярпелага i без аўтамабiля, i без грошай.

Так што я параiў бы пацярпелым ад злодзеяў уладальнiкам аўтамабiляў адразу ж звяртацца ў мiлiцыю. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым больш будзе шанцаў знайсцi аўто.

— Якiя маркi аўтамабiляў зараз найбольш папулярныя ў зладзеяў i ўгоншчыкаў?

— Уганяюць звычайна старыя легкавушкi яшчэ савецкай вытворчасцi: «Жыгулi», «Масквiчы» i нават «Запарожцы». I ў гэтым немалая вiна iх уладальнiкаў. Гаспадары «непрэстыжных» аўтамабiляў кiдаюць iх без нагляду ў лёгка даступных для ўгоншчыкаў месцах, падчас нават не рупяцца замкнуць дзверцы, не кажучы пра ўстаноўку процiўгонных прыстасаванняў. Вось i становяцца такiя транспартныя сродкi лёгкай здабычай угоншчыкаў, якiм проста захацелася пакатацца з сябрамi цi не было на чым дабрацца дамоў.

А вось крадзяжы аўтатранспарту ў Беларусi маюць iншую заканамернасць. Тут «групу рызыкi» складаюць найперш нямецкiя iншамаркi: «Фольксваген» i «Аудзi». Летась было ўкрадзена адпаведна 405 i 271 аўто згаданых марак. А паколькi пераважная большасць iншамарак у Беларусi мае ўзрост ад 10 да 15 гадоў, то iснуе вялiкi попыт на запчасткi. Менавiта на запчасткi i разбiраюцца каля 80 працэнтаў украдзеных у Беларусi аўтамабiляў. У спецыялiзаваных крамах, як вядома, запчасткi даражэйшыя, чым на рынках. Да таго ж аўтакрамы звычайна гандлююць толькi новымi запчасткамi для новых аўтамабiляў, i знайсцi патрэбную дэталь для даўно сышоўшай з канвеера iншамаркi можна толькi на рынках. Легальна завозiць аўтамабiлi старэй за 10 гадоў нявыгадна — вельмi вялiкiя мытныя пошлiны. Словам, попыт на старыя запчасткi для патрыманых аўтамабiляў зараз вялiкi.

— Як выцiснуць злачынцаў з гэтай нiшы?

— Справа гэта даволi складаная, бо продажам былых у карыстаннi запчастак займаецца агромная колькасць людзей. Прычым не толькi на рынках, але i пры дапамозе рэкламных аб’яў. Для таго, каб узяць пад пiльны кантроль усiх гэтых гандляроў, а таксама збытчыкаў iншых крадзеных рэчаў, неабходна або ствараць спецыяльнае падраздзяленне ў структуры мiлiцыi, або навесцi належны парадак на рынку. Бо, на жаль, зараз у нашай краiне няма вялiкiх праблем нават з афармленнем крадзенага аўтамабiля. Гэта можа зрабiць кожны iндывiдуальны прадпрымальнiк. Нават пры ўсiм жаданнi сумленна аформiць здзелку гэты чалавек можа падставiць пакупнiка, бо не мае доступу да камп’ютарнай базы звестак украдзенага транспарту, не з’яўляецца спецыялiстам, якi можа правесцi квалiфiкаваны агляд аўтамабiля, вызначыць, цi не былi зменены нумары кузава i рухавiка. Самае крыўднае для падманутага пакупнiка аўтамабiля, што iндывiдуальны прадпрымальнiк, якi аформiў здзелку, фактычна нi за што не адказвае. Таму пры набыццi транспартнага сродку я раю запiсваць пашпартныя звесткi прадаўца, не купляць аўто па даверанасцi i пажадана афармляць здзелку ў камiсiйнай краме.

— Раней у Беларусi зладзеi кралi прэстыжныя iншамаркi «пад заказ». Наколькi распаўсюджана зараз такая злачынная з’ява?

— Ёсць i цяпер такiя выпадкi. Але зараз зладзеям заказваюць канкрэтныя маркi аўтамабiляў тыя асобы, якiя ўшчэнт разбiлi сваю машыну. Паколькi такi транспартны сродак ужо не падлягае рамонту, то пад яго дакументы выкрадаецца аналагiчная iншамарка, у якую ад аварыйнага аўто прыладжваецца панэль кузава. Але такiя выпадкi бываюць вельмi рэдка. У беларускай Дзяржаўтаiнспекцыi створана даволi эфектыўная сiстэма кантролю пры рэгiстрацыi транспартных сродкаў. Таму ўкрадзеныя на тэрыторыi нашай краiны аўтамабiлi найчасцей разбiраюцца на запчасткi, а ў некаторых выпадках проста пераганяюцца ў Расiю, Казахстан цi iншыя дзяржавы СНД.

З’явiлiся, праўда, iншыя праблемы. Апошнiм часам у Беларусь спрабуюць перагнаць украдзеныя ў Расii шыкоўныя iншамаркi для iх легалiзацыi. Зафiксаваны таксама выпадкi страхавога махлярства. Гэтым вiдам злачыннасцi на тэрыторыi нашай краiны займаюцца грамадзяне Расii i прыбалтыйскiх дзяржаў. Схема вельмi простая. Гаспадар прыязджае ў Беларусь, прадае злодзеям за адносна невялiкi кошт свой аўтамабiль, а потым пiша заяву, што транспартны сродак укралi i патрабуе выплацiць страхоўку. Нам удавалася лавiць за руку такiх «iлжэ-пацярпелых» з лiку грамадзян прыбалтыйскiх краiн. У такiх выпадках яны неслi вялiкiя страты, бо страхавыя кампанii, атрымаўшы нашы паведамленнi, не выплачвалi кампенсацыi.

— Парайце аўтааматарам, як засцерагчы сваiх «жалезных коней» ад зладзеяў.

— Галоўнае, каб гаспадары самi клапацiлiся пра бяспеку сваiх аўтамабiляў: абсталявалi процiўгоннымi сродкамi (лепш электрычнымi i механiчнымi адначасова), не пакiдалi машыны без нагляду ў дварах. Паколькi найчасцей крадзяжы адбываюцца ў цёмны час сутак, то больш надзейна, калi машына начуе на ахоўваемай стаянцы цi ў гаражы.

— Але ж, наколькi мне вядома, i гараж не заўсёды выратоўвае ад аўтазлодзея.

— Так, гаражы, асаблiва неахоўваемыя, не з’яўляюцца сапраўднай «крэпасцю» для аўтамабiляў. Наадварот, у некаторых выпадках злодзею лягчэй адключыць процiўгонныя сродкi менавiта ў бязлюдным гаражным масiве, а не ў двары, дзе шумная сiгналiзацыя прыцягне ўвагу жыхароў дома.

А яшчэ я параiў бы нанесцi дадатковую маркiроўку на дэталi i вузлы аўтамабiля. Гэтая паслуга не такая ўжо дарагая — каля 70 тысяч рублёў. Затое прамаркiраваны аўтамабiль зладзеi абыходзяць бокам. Мяркуйце самi, маркiроўкай дэталяў i вузлоў ААТ «Тэхналiтэкс» займаецца ў Беларусi з лiстапада 2003 года, i за гэты час «пазначана» больш за 6,5 тысячы аўтамабiляў, з якiх нiводны прыватны ўладальнiк не стаў ахвярай аўтазладзеяў. Усяго ж у Беларусi было ўкрадзена 6 прамаркiраваных машын, з якiх 3 ужо знойдзены дзякуючы маркiроўцы: два аўтамабiлi выявiлi на тэрыторыi Расii, адзiн шыкоўны «Мерседэс» злачынцы кiнулi самi. Зладзеi зразумелi, што прамаркiраваны аўтамабiль немагчыма прадаць нi цалкам, нi па запчастках. Гэтае аўто адразу ж выявяць супрацоўнiкi праваахоўных органаў не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i за мяжой. А знiшчыць маркiроўку без нанясення ўрону дэталям i вузлам аўтамабiля таксама нельга. Словам, маркiроўка — сапраўдны знак бяды для аўтамабiльнага злодзея.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясна — доўгачаканая пара не толькi для аўтааматараў, але i для ... зладзеяў, якiя спецыялiзуюцца на крадзяжах «жалезных коней». Тое, што менавiта вя
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика