21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Без Радзімы?

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

Простая мова

У вавёрак свае колы, у жанчын — свае: з вечара накруцiць будзiльнiк, лiчы тут жа — прачнуцца, дапаўзцi да кухнi, накармiць сямейнiкаў, iх жа апрануць i адправiць з хаты. Потым — прыбрацца самой, выйсцi з дому, сесцi ў тралейбус, калi пашчасцiць, — нахаду пачытаць...

Добра зараз — хоць прыпынак свой не праедзеш: побач з iм — шклатару сталi прымаць. Таму — на пад’ездзе — ну гэтакi звон... Нежывы пачуў бы...

Што цiкава — пасля свят i выхадных — людзей з бутэлькамi больш; на, скажам так, «прафесiйна» пiтушчых — падобны хiба адзiнкi, цягнуць — як правiла — па сумцы ў руках i (многiя) па рукзаку на спiнах...

I пры гэтым (што, магчыма, яшчэ цiкавей?!) мужчыны iдуць роўненька, нi на што не зважаючы, напрасткi да пункта прыёму, жанчыны — азiраюцца па баках у надзеi ўбачыць нешта яшчэ i падхапiць. Па дарозе...


Прыкмета часу

Прыяцель пасля аперацыi: пазваночнiк яму ледзь не балтамi скруцiлi. Доўга, бедны, ляжаў у бальнiцы, потым — дома. I ўстаць дазволiлi толькi ў карсеце.

...У палiклiнiку ў iм неяк ехаў. Толькi з месца ўстаў, каб з аўтобуса выйсцi, — нехта ў спiну пiхае i...

— Э, — пужаецца, — у цябе што там, мужык?

— Бронежылет...

Спадарожнiк паверыў. Больш таго — запаважаў.

Хто пытае, той «не блудзiць»?

Стары анекдот. Кот неяк мышку злавiў.

— Жыць, — пытаецца, — хочаш?

Яна ў адказ (i гуллiва ж...):

— А з кiм?

Ката, беднага, аж скаланула, — скрывiўся i кажа:

— Фу-у, такую — нават есцi не хочацца.

Як паралель — у рэдакцыю лiст нядаўна прыйшоў. Сямейка адна пытаецца (апроч iншага...), у якiх памерах можна зямлю прыватызаваць? Толькi свой участак, цi i чужы захапiць, «пакуль людзi дрэмлюць»...

Пытанне як пытанне. Магчыма, заканамернае нават. Па нашым часе.

А з адказам — спяшацца не хочацца.


За што змагалася...

Iнга спала i бачыла сябе актрысай. Не, не ў нейкiм там заняпалым тэатры, — у фiльмах Таркоўскага, Мiхалкова, Разанава...

Для мараў падставы былi: рэдкая знешнасць, прыгожы голас, акардыён, без пяцi хвiлiн медаль за школу...

Якую (пяццю гадамi раней) скончыў Ён — ужо майстар на адным з буйнейшых заводаў i студэнт-завочнiк.

Так прыемна было на ўроках, крадком, чытаць яго пiсьмы... Так радасна — адчуваць сябе дарослай... А ўжо адзiнай, каханай... Так карцела самай першай з iх класа выскачыць замуж... Ды гэтак, каб ахнулi — з рэстаранам, з кветкамi-пярсцёнкамi, з машынамi-гасцямi, з жывою музыкай, у найпрыгажэйшых строях...

Для яе, апроч гэтага, муж зрабiў на той час нечуванае — вясельнае падарожжа ў Чэхiю!

Пасля якога неяк i ў думках не было недзе ехаць, некуды паступаць.

Праз дзевяць месяцаў яна нарадзiла.

Дзiця было маленечкiм, кволым: на такiм — зрываць сваю злосць ад няспраўджаных мар мацi не магла. А на мужы — колькi заўгодна, ён зносiў. Зносiў папрокi, прыдзiркi, абвiнавачваннi. Ён — любiў i, яшчэ да вяселля, убачыўшы, якi рэдкi «камень» яму дастаецца, рашыў жыццё палажыць на «агранку»: на вартыя ўборы, машыну, кватэру, адпачынкi ля мораў...

Цяжка яны давалiся — працаваў па пятнаццаць гадзiн у суткi.

Яна ў гэты час — глядзела дзiця. А галоўнае — на сябе ва ўсiх чыста люстэрках. Мужыку (тады — яшчэ здароваму) есцi не зварыла, а ўжо як захварэў... Бога не баялася — усiм казала, што не жылец ён: «днi палiчаны», што другога знайсцi для яе не праблема — «цяжка гэтага пахаваць».

Ад непрыемных клопатаў ён яе вызвалiў: моўчкi сабраў адзежу i з’ехаў.

Як не шшалела тады (ЯЕ (?!) кiнулi. I хто?..). З гвалтам бегала ля прахадной, лезла бiцца да жанчын, што iшлi з iм побач, высочвала, дзе жыве, i ноччу хвастала вокны, пасварыла з амаль дарослай дачкой, гуляла...

Чаго дамаглася?

У яго цяпер — нiчога асаблiвага (?!) — здароўе i новая сямейка (жонка, маленькi сын). У яе — шыкоўная трохпакаёўка ў цэнтры, машына, гараж, золата з брыльянтамi i... анкалагiчна хворая дачка.


Ёсць пытанне

— Алё, рэдакцыя?

Голас у трубцы вельмi знаёмы... «Незнаёмыя» — словы:

— З вясной вас!.. Цёплага сонца, ветлых усмешак!

Гэта — Андрэй, карэнны расiянiн, у Беларусi жыве — тыдзень без году i мову, канешне ж, не ведае. А вось чым беларусак «купiць» — глядзі — здагадаўся.

Больш за тое — нам... вочы адкрыў.

Пра гiпермаркет неяк распытваў. Расказала, што Еўропа там пад вялiзазным дахам, што ад Беларусi — нi слоўца, ні абвестачкi, нi лiтаркi якой. А людзям жа тутэйшым крыўдна...

Ён вось тут — перапынiў. Сказаў:

— А ведаеце, у Мiнску гэта — у галаву не прыходзiць.

Што, напэўна, i праўда. На адным са шматлiкiх рэкламных шчытоў — хлопчык гадоў дзесяцi. За спiнай — школьная дошка з надпiсам: «Я гражданин... Моя Родина Беларусь...».

Ды што там хлопчык. Лiчы побач — дзядок: у вышыванцы, з самаробнай кадушачкай, бабуля ў хустачцы з карункамi-кветкамi. I...

Не, не нашы, не спаконвечныя гэта промыслы, а «самобытные».

...Думаю: калi нелагiчнасць рускiх слоў «не прыходзiць у галовы» тут i цяпер, то што будзе заўтра?

На гэтым пытальнiчку — хацела i спынiцца, — пошта верш «у тэму» прынесла:

Штодзённа мы чуем прызыўныя словы:

«За Беларусь!». Толькi...

з рускаю мовай.

Калi ж ты гаворыш па-свойму i чыста,

Умомант абвесцяць...

«нацы-налiстам».

Цi...

У метро, пачуўшы маю беларускую, падвыпiўшы мужчынка спытаў:

— Вы, мусiць, прыпадавацелем недзе работаiце?


Ад каго Бог...

Вёсачка тая ў нiзiнцы ляжыць. Дваццаць хат жывых некалi было, з кожнай па трое-чацвёра дзяцей у школу хадзiла. Нацянькi, праз балота...

Зрэшты, не — балота ўжо не было, асушылi. Назва, адно, засталася. I крынiчкi не было — высахла: шнурок хмызняку вiецца. Лесу таксама не стала — яго ў буру скрышыла... I людзей... Старыя памерлi, дзецi — параз’язджалiся...

Адно, што ўперад было, ёсць цяпер i, мо, будзе да скону — камень: вялiзазны, уросшы ў зямлю. Форма ў яго цiкавая: быццам нехта сядзеў (агромiсты!), як на беразе, на пяску, а потым устаў...

Бог, верылi продкi i вельмi ганарылiся.

Iх нашчадкi цяпер маўчаць, бо спачатку проста заўважылi, а потым — пераканалiся: калi Бог i сядзеў на тым каменi, то... гледзячы на лес — спiнай да вёскi.


Цяжкi выпадак

Былi часы — iмя яго на ўвесь свет грымела, за сотні вёрст людзi ехалi, бо чараўнiк ды i толькi! Здымаў нагаворы i псоту, варажыў, лёгка караў зламыснiкаў, лячыў усе чыста хваробы...

Адно — яму самому тады не шчасцiла: ладу ў сям’i не было. З жонкай сваёй разыходзiўся i нiяк разысцiся не мог. Мала таго, што яна сына сабе забiрала — «з канцамi» (муж — каб нават не бачыў), дык хацела i астатняе ўсё загрэбцi: кватэру, машыну, гараж, грошы... Толькi ён не патрэбен быў.

Спрабаваў упрошваць, угаворваць, пераконваць, судзiцца i бездапаможна разводзiў рукамi: «Шалею, — казаў, — ад яе нахабства».

I потым дадаваў, што з такiмi — магiя бяссiльна. Ратунак адзiн — цаглiну ў валёнак...


У вас свае падснежнiкi, у нас — свае

«...Снег у нас яшчэ не сышоў, гразка. Але кучкi белых званочкаў, парассыпаныя сям-там, ужо «зазвiнелi» — цвiтуць пралескi!»

Пра гэта з тыдзень назад нам пiсалi з Палесся. Шчаслiвейшыя там, мусiць, людзi — вясна, прынамсi, да iх прыходзiць раней.

Але што гэта? I ў нас, на зямлi, пад вокнамi суседняга дома, белая аблачынка. Гурбачка снегу? Цi нешта ўсё ж расцвiло?

Не, як высветлiлася: на чорнай гразкай зямлi бялелi... бычкi. Нехта, вiдаць, ля акна ўсю зiмку смалiў, — недакуркi ад папярос скiдваў унiз. А снег як растаў...

Чытай — у вас свае падснежнiкi, у нас — свае; да некага — вясна прыходзiць з кветкамi, да некага — з «пластамi» смецця, да пары прыхаванага снегам.


Двое

У вёсцы сваёй ён «хлапец», мо, i не першы, але што ў дзесятцы — факт: дужы, каржакаваты, файна апрануты... У горадзе

— Э... У цябе талончык ё? — пытае ў кагосьцi, заходзячы ў тралейбус.

— Да тише ты... Есть.

Дачка (на твары «напiсана») прабiвае талон, змушана становiцца побач.

— Грошы не забылася? — ужо цiшэй пытае ў яе бацька.

— Не, — круцiць галавою дзяўчо.

— А перакусiць пасля лекцыi цi ўзяла? А то глядзi... Глядзi, каб не хадзiла тут, духi падцягнуўшы. Мацi ж перадала табе i паляндвiчкi, i...

— Хватит, па..., — чырванее дачка i адступае трохi ўбок: усё, маўляў, нiякiх размоў.

А бацьку што, ён не супраць. I не злуе. Ён сабе разглядвае горад, людзей, пра нешта думае.

А пагаварыць...

Пагаварыць яны, можа, яшчэ i паспеюць. Ён жа не стары, дасць Бог, прычакае, калi дачка — не толькi вырасце, але i паразумнее.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вавёрак свае колы, у жанчын — свае: з вечара накруцiць будзiльнiк, лiчы тут жа — прачнуцца, дапаўзцi да кухнi, накармiць сямейнiкаў, iх жа апрануць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика