21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

На хвалях рытму

25.08.2009 21:49 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

«Еўрабачанне-2006»

«Адчуй рытм!» У такой форме паўзагаду-паўзапрашэння гучыць дэвiз мiжнароднага конкурсу песнi «Еўрабачанне», што праходзiць сёлета ў Афiнах. У дзесятых чыслах мая ў Грэцыю пачалi прыбываць канкурсанты з розных краiн свету, каб узяць удзел у «Еўратыднi» — прэс-канферэнцыi, сустрэчы, вечарынкi i, натуральна, рэпетыцыi, рэпетыцыi, рэпетыцыi...

Беларусь: харэаграфiя i талiсман ад Ксюшы Сiтнiк

На сваёй першай рэпетыцыi 11 мая прадстаўнiца Беларусi Палiна Смолава выконвала конкурсную песню «Mum» настолькi актыўна, што нават згубiла мiкрафон. Сказалiся цi то стомленасць ад 8-гадзiннай затрымкi ў Чэхii падчас пералёту, цi то складаная харэаграфiя, пабудаваная на скачках. Зрэшты, кур’ёз не засмуцiў спявачку — яна адзначыла, што рэпетыцыяй задаволена, тэхнiкi сцэны працуюць прафесiйна i калi ўдасканалiць некаторыя моманты, да паўфiналу ўсё будзе выдатна. «Для таго, каб прайсцi ў фiнал, мне трэба спяваць ад усяго сэрца i з усёй любоўю. Аднак перш за ўсё я павiнна быць прафесiяналам. Хоць песня i называецца «Мама», яе сэнс у тым, што мы павiнны разглядаць бацькоў як сваiх сяброў. Гэта я i раблю», — адзначыла спявачка на прэс-канферэнцыi. Таксама яна расказала журналiстам, што атрымала ад сваёй малодшай «калегi», пераможцы дзiцячага «Еўрабачання» Ксюшы Сiтнiк талiсман на шчасце.

На сцэну ў паўфiнале наш «нумар 5» Палiна выйдзе ў кароткiх чырвоных шортах i чорна-чырвоным версе з глыбокiм дэкальтэ. Найбольш уражлiвымi момантамi выступлення назiральнiкi з розных краiн называюць уваход са скачкамi, падтрымку спявачкi танцорамi на руках, а таксама спецыяльны «псеўдаканец» песнi. Адзiнае, чаго раяць засцерагацца пастаноўшчыкам, — каб танец не здаваўся на тэлеэкранах мiльгаценнем i мiтуснёй. Галоўная крытыка ў тым, што варта было б спяваць па-беларуску, бо ў англамоўным варыянце нiхто з прысутных не разумее слоў песнi, акрамя прыпеву «Мама, мама, мама!». Палiна Смолава адказвае на гэта, што ў яе добрае англiйскае вымаўленне, але яшчэ ёсць час на ўдасканаленне, i слухачы абавязкова ўсё зразумеюць.

14 мая ў прэстыжным афiнскiм клубе «Тэхнаполiс» на 500 чалавек прайшла азнаямляльная «беларуская вечарынка» для гасцей i ўдзельнiкаў «Еўрабачання». Харэограф Сяргей Епiхаў, балет якога выступае з Палiнай на сцэне, падрыхтаваў спецыяльнае агнявое шоу; на сцэне выступалi Анжэлiка Агурбаш, Сяргей Сухамлiн, Вольга Змуршчык, у госцi да беларускай спявачкi прыйшлi ўкраiнская канкурсантка Цiна Кароль i прадстаўнiкi Польшчы... Зрэшты, гэта свята стала адным з нямногiх перапынкаў на адпачынак у напружаным рэпетыцыйным графiку Палiны Смолавай.

Вельмi адказна ставячыся да будучага выступлення, беларуская спявачка, тым не менш, не лiчыць яго самым галоўным у сваёй сцэнiчнай кар’еры: «Еўрабачанне — гэта толькi частка маёй дарогi. Пасля конкурсу я працягну рухацца наперад i буду спяваць i танчыць, спадзяюся, па ўсiм свеце». Словы спявачкi пацвярджае i яе канцэртны дырэктар Вiталь Прастата, якi яшчэ напярэдаднi адлёту ў Грэцыю расказаў карэспандэнту «Звязды», што Палiна Смолава атрымала выгадныя прапановы з Масквы. «Наша паездка ў Расiю была вельмi вынiковай i значна больш важнай за прома-тур. Прымалi на «ўра», зрабiлi некалькi сур’ёзных прапаноў. Напрыклад, на Дзень рэспублiкi ў Расii ў нас запланавана прэзентацыя альбома, запрошаны многiя замежныя палiтыкi i дыпламаты...», — у прыватнасцi, заўважыў Вiталь Прастата. Пакуль жа расiйская зацiкаўленасць у беларускай спявачкi выявiлася ў наступным: Фiлiп Кiркораў, якi прыбыў на конкурс, пажадаў Палiне ўдачы. Добрыя пажаданнi «па поўнай праграме» выказаў i расiйскi канкурсант Дзiма Бiлан — праўда, заўважыў, што не лiчыць беларуску сапернiцай.

Расiя: вакал i танцы на раялi

Самому Дзiму, здаецца, баяцца няма чаго, нягледзячы нават на паўфiнальны стартавы нумар 13. Паводле даных букмекерскiх кантор, расiйскi канкурсант лiчыцца адным з фаварытаў «Еўрабачання». I справа не толькi ў прафесiйным вакале, якi выпускнiк Гнесiнкi з задавальненнем дэманструе, даказваючы, што паўсюль i заўжды спявае жыўцом. Надзвычай цiкавым абяцае быць шоу. Пакуль што ў пастаноўцы на кампазiцыю «Never Let You Go», акрамя Дзiмы Бiлана, удзельнiчаюць дзве балерыны, бэк-вакалiстка i... раяль, з якога па ходу песнi з’яўляецца яшчэ адна дзяўчына. Але ў перспектыве дабавяцца адмысловае святло i касцюмы, а таксама нейкi спецнумар, звязаны з грэчаскай мiфалогiяй.

Украiна: казакi i сюрпрыз ад Коперфiльда

Прадстаўнiца Украiны канкурсантка Цiна Кароль, вымушаная з-за правалу мiнулагоднiх удзельнiкаў пачынаць шлях з паўфiналу, зрабiла са свайго нумара сiнтэз грэчаскай i ўкраiнскай культур. Спявачка прадставiць на «Еўрабачаннi» кампазiцыю «Show Me Your Love» (тэкст песнi, дарэчы, быў перапiсаны з часу нацыянальнага адбору) у суправаджэннi танцораў-казакаў. Акрамя таго, паводле слоў прэс-агентаў Цiны Кароль, «рыхтуецца вялiкi сюрпрыз пад кiраўнiцтвам Дэвiда Коперфiльда».

I зноў Беларусь: арганiзацыйныя моманты

У паўфiнале, якi адбудзецца 18 мая (тэлетрансляцыя на БТ пачнецца а 22-й гадзiне), бяруць удзел 24 краiны: Албанiя, Андора, Арменiя, Беларусь, Бельгiя, Боснiя i Герцагавiна, Балгарыя, Кiпр, Эстонiя, Фiнляндыя, Македонiя, Iсландыя, Iрландыя, Лiтва, Манака, Нiдэрланды, Польшча, Партугалiя, Расiя, Славенiя, Швецыя, Турцыя, Украiна. На працягу 10 хвiлiн пасля выступлення ўсiх удзельнiкаў будзе iсцi глядацкае галасаванне. Паводле ўмоў конкурсу, галасаваць за сваю ўдзельнiцу мы не зможам, але за каго iншага — хоць сто порцый. Пажадаеце галасаваць па тэлефону — набiрайце нумар 8-810-101-03-ХХ (ХХ — нумар выканаўцы), калi вырашыце адправiць SMS — дасылайце нумар удзельнiка на 7708. Кошт першага спосабу 1100 беларускiх рублёў, другога — 1300.

Вынiковыя балы ад Беларусi будзе абвяшчаць спявачка Corriana. У выпадку збояў у тэлефонным галасаваннi свае адзнакi выставiць рэзервовае журы, якое будзе прысутнiчаць у студыi Белтэлерадыёкампанii. Дзесяць лепшых краiн трапяць у фiнал «Еўрабачання-2006». Калi Беларусь увойдзе ў iх лiк — наступным «днём хваробы» для нас стане 20 мая. Зрэшты, пакуль яшчэ рана загадваць i прадказваць...

Рэйтынгi: жадаем знаць, што будзе

На лепшым рускамоўным сайце, прысвечаным конкурсу, «Еўрабачанне—Казахстан», першае месца ў рэйтынгу слухачоў трымае Расiя (11 працэнтаў ад агульнай колькасцi галасоў). Таксама ў лiдарах Арменiя i Украiна (па 7 працэнтаў). Беларусi аддадзена толькi 25-е месца.

Блогi AKOE стопрацэнтнымi фiналiстамi называюць Боснiю, Швецыю i Турцыю; у наступнай групе Расiя, Фiнляндыя, Македонiя i Iрландыя. Беларусь, па меркаванню аўтараў, не выйдзе за межы паўфiналу.

Сайт «Статыстыка Еўрабачання» www.escstats.com прадракае першыя тры месцы Румынii, Грэцыi i Бельгii, а Расiю ставiць на 7-е. Рэсурс www.eurovisionmadrid.com прагназуе тыя ж самыя вынiкi, але Расii дае 5-е месца. Сайт ОГАЕ ў Германii выводзiць у тройку лiдараў Румынiю, Грэцыю i... Германiю. Карацей, кожны кулiк хвалiць сваё балота. А мы хiтра маўчым.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Адчуй рытм!» У такой форме паўзагаду-паўзапрашэння гучыць дэвiз мiжнароднага конкурсу песнi «Еўрабачанне», што праходзiць сёлета ў Афiнах
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика