«Beatles» — 20 мая i назаўжды
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
ФЕСТЫВАЛIМ! Мiжнародны музычны фестываль «Бiтлз — назаўжды!» пройдзе 20 мая пад Мiнскам, на адкрытай пляцоўцы спартыўна-аздараўленчага комплексу «Лагойск». Свята, на якiм музыканты з розных краiн жыўцом выконваюць песнi легендарнай лiверпульскай чацвёркi, адбудзецца ў Беларусi ў трэцi раз.Першы падобны фэст прайшоў 15 мая 2004 года ў цэнтры сталiцы, на праспекце Машэрава. Шасцiгадзiнны музычны марафон сабраў больш як 3 тысячы гледачоў. Праз год фестываль «перапрапiсаўся» ў САК «Лагойск», доўжыўся 8 гадзiн i зацiкавiў амаль 5 тысяч наведвальнiкаў, цалкам лагiчна прыдбаўшы славу «Беларускага Вудстоку». Сёлета, як расказаў адзiн з арганiзатараў фестывалю, дырэктар мiнскага «The Beatles Cafe» Вiктар Маразевiч, праграма фестывалю «Бiтлз — назаўжды!» разлiчана амаль на 9 гадзiн жывой музыкi. Сярод удзельнiкаў мегаканцэрта — дуэт Уладзiмiра Ткачэнкi i Вiктара Малчанава (сола-гiтарыст «Песняроў»), праект Вольгi Алiпавай, Валерыя Дайнекi i Анатоля Кашапарава (экс-удзельнiк «Песняроў» спецыяльна прыляцiць з Амерыкi), мiнскi гурт «Яблычны чай» i малады дзявочы калектыў з Сергiева Пасада «Квiнт-Ю», а таксама гурт «Новы Арыэль», баянна-акардэонны дуэт з Санкт-Пецярбурга i г.д. У якасцi спецыяльнага госця ўпершыню ў Беларусi выступiць гурт «The Beatles Experience» (Ноцiнгем, Вялiкабрытанiя). Кожнаму з удзельнiкаў даецца па 45 хвiлiн на выкананне песень «Бiтлз», i калi некаторыя кампазiцыi будуць паўтарацца, гэта толькi на карысць публiцы: цiкава ж, як музыканты розных стыляў i пакаленняў усведамляюць i асэнсоўваюць творчасць культавых «Бiтлоў»... Генеральны спонсар фестывалю — пiва «Баброў». (Пад яго эгiдай, дарэчы, у гэты ж дзень пад Бабруйскам пройдзе традыцыйны фестываль «Рок за Баброў».) Афiцыйнымi спонсарамi выступаюць таксама кампанii «B&B Insuranse», «Ahmad Tea London», «Coca-Cola» i «The Beatles Сafe». Такая разнастайнасць не толькi задаволiла розныя густы (што датычыцца напояў), але i дазволiла зрабiць мерапрыемства цалкам некамерцыйным. Уваход на фестываль «Бiтлз — назаўжды!», такiм чынам, вольны. Дабрацца да Лагойска можна будзе ад Маскоўскага аўтавакзала на траспарце, якi прадаставiць «Мiнскаўтатранс» за сiмвалiчную плату. А кампанiя «Белiнтурыст» забяспечыць прыбыццё арганiзаваных груп з абласных гарадоў. Гэтаксама на фэст прыбудуць 25 чалавек з маскоўскага клуба «Бiтлз.Ру», 18 чалавек з Санкт-Пецярбурга, прадстаўнiкi Бiтлз-асацыяцыi з Самары, прыхльнiкi з Лiтвы, Латвii, Вялiкабрытанii. Мiж iншым, штогод у апошнi тыдзень жнiўня у Лiверпулi праходзiць так званы «Beatles Week» — традыцыйны зборны фестываль, прысвечаны памяцi легендарнага гурту i яго творчасцi. Беларускi музычны марафон пакуль што больш сцiплы, аднак i ён паступова заваёўвае статус мiжнароднага — магчыма, праз некалькi гадоў праграма «Бiтлз — назаўжды!» расцягнецца на пару дзён i збярэ выканаўцаў з дзесяткаў краiн свету. Толькi месца правядзення, сцвярджаюць арганiзатары, застанецца ранейшым: Беларусь, Мiнская вобласць, САК «Лагойск». Сёлета пэўную частку фэсту можна будзе ўбачыць у трансляцыi Першага музычнага тэлеканала, аднак лепш усё ж адзiн раз убачыць... Пазiтыўная энергетыка, добрая атмасфера, смачнае пiва i новыя цiкавыя знаёмствы гарантаваныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiжнародны музычны фестываль «Бiтлз — назаўжды!» пройдзе 20 мая пад Мiнскам, на адкрытай пляцоўцы спартыўна-аздараўленчага комплексу «Лагойск»
|
|