Ставяць на Расiю, «хварэюць» за нашых
Iрына ПРЫМАК
Калi я атрымала заданне правесцi апытанне сярод балельшчыкаў наконт выступлення нашай зборнай на сусветным першынстве ў Латвii, спачатку вырашыла патэлефанаваць вядомым спартсменам. Аднак мой званок баксёру Вiктару Зуеву змянiў такi намер: сярэбраны прызёр Алiмпiяды ў Афiнах сказаў, што наогул не цiкавiцца хакеем. Ды i адрываць атлетаў ад трэнiровак, збораў i спаборнiцтваў не варта. Спявак i адначасова спарстмен Вячаслаў Харанэка аказаўся сапраўды заўзятым аматарам гульнi для сапраўдных мужчын. Ён з упэўненасцю паведамiў: «Нашы выйдуць у чвэрцьфiнал. Я iм гэтага жадаю i веру ў нашых». I ўсё ж такi я вырашыла звязацца з чалавекам, якi з’яўляецца сапраўдным хакейным спецыялiстам. Сяргей Бярвенскi не толькi балельшчык, але i суддзя Адкрытага чэмпiянату Беларусi.
— Якiя высновы наконт судзейства вы зрабiлi для сябе, гледзячы на працу арбiтраў на чэмпiянаце ў Рызе? Як ставiцеся да вялiкай колькасцi выдаленняў iгракоў? Няўжо гэта тэндэнцыя сённяшняга хакея? — Тэндэнцыi ўсё тыя ж. Сiлавая барацьба дазваляецца ў рамках правiлаў. Мiжнародная федэрацыя ўзяла правiльны накiрунак. А наконт выдаленняў... Канешне, iгракi не могуць адразу звыкнуцца з такiм, але, на мой погляд, зараз хакей стаў чысцейшым i сапраўды нагадвае гульню, а не барацьбу. Такое судзейства iдзе нам на карысць, бо асаблiва спрыяе тэхнiчным хакеiстам. Гэта значыць, што ў iх узнiкае больш магчымасцяў закiнуць шайбу, у чым i заключаецца галоўная мэта гульнi. Узгадайце хоць бы матч супраць украiнцаў — 9:1. Цудоўна глядзець! — Каго асабiста вылучыце ў нашых? — Канешне ж, Андрэя Мезiна. Звычайна кажуць, што 50 працэнтаў перамогi залежыць ад варатара, а ў нашай камандзе ажно 80—90 працэнтаў. Узяць хоць бы матч са шведамi: у першым перыядзе прапусцiлi, але пасля перапынку Мезiн сабраўся i згуляў на нуль. Таксама адзначыў бы Сяргея Задзялёнава. Добра выступае i Мiхаiл Грабоўскi. Яго б я наогул назваў бы лепшым беларускiм iграком. — Цi зможам справiцца са швейцарцамi сёння? — Мы амаль у васьмёрцы мацнейшых, што шмат значыць i вельмi ганарова для нашай рэспублiкi, бо ў нас не настолькi даўнiя традыцыi, як у тых жа славакаў, але мы ж змаглi iх пераадолець. Чаму нельга справiцца са швейцарцамi? Канешне, яны раней амаладзiлi свой састаў, але мы iм нi ў чым не ўступаем. — Як лiчыце: беларускi хакей выйграў ад таго, што нашу зборную ўзначальвае Глен Хэнлан? — З яго прыходам атмасфера ў камандзе стала цёплай, бо Хэнлан добры псiхолаг. Акрамя гэтага ў яго НХЛаўскi погляд на гульню, ён граматна выпускае iгракоў на лёд: Кукушкiн гуляе ў меншасцi, а ў большасцi выходзiць пяць нападаючых, i гэта прыносiць вынiк. Аднак на пляцоўцы ўсё роўна не Хэнлан, а выхаванцы нашага хакея. Настаўнiк рэдка прыязджае ў Беларусь, майстэрства iгракоў павышаюць i нашы спецыялiсты, таму нельга казаць, што поспехi каманды звязаны менавiта з канадцам. Узгадаем хоць бы чацвёртае месца ў Солт-Лэйк-Сiцi. — Вы «хварэеце» толькi за нашу зборную? — Яшчэ i за Уладзiмiра Крыкунова. — Значыць, за Расiю? — Хутчэй за трэнера, бо ведаю яго вельмi добра ды i наогул гэты чалавек шмат зрабiў для нашага хакея: мiнскага «Дынама» яшчэ ў савецкi час i нацыянальнай каманды таксама. Ён мае дачыненне да чацвёртага месца на Алiмпiядзе ў Солт-Лэйк-Сiцi. Нягледзячы на фiнансавую сiтуацыю, якая склалася ў маскоўскiм «Дынама» (зарплату там не плацiлi паўгода), Крыкуноў знайшоў волю працаваць далей. У нашай краiне, калi казаць шчыра, адносiны да хакея, у тым лiку i з боку кiраўнiка дзяржавы, лепшыя, чым у Расii. — Можаце сказаць, якая зборная стане сёлета чэмпiёнам свету? — Цяжка сказаць... Вельмi моцна выступае Расiя. Мне падабаецца i гульня шведаў. Нельга скiдваць з рахункаў канадцаў i фiнаў, але хакей — настолькi непрадказальная рэч. Хто, напрыклад, напярэдаднi першынства мог сказаць, што славакi будуць пад пагрозай не выйсцi ў плэй-оф, але пасля перамогi над шведамi яны яшчэ маюць шанцы стаць чвэрцьфiналiстамi? У хакеi ўсё вырашае iмгненне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi я атрымала заданне правесцi апытанне сярод балельшчыкаў наконт выступлення нашай зборнай на сусветным першынстве ў Латвii, спачатку вырашыла патэ
|
|