У вiнаробаў ёсць нагода падняць тост...
Надзея НIКАЛАЕВА
...малдаўскае i грузiнскае вiно ў Беларусi цалкам «рэабiлiтаванае»
Можна не сумнявацца, што скандал, якi разгарэўся ў Расii вакол малдаўскiх i грузiнскiх вiнаў, яшчэ доўгi час будзе прадметам палiтычных спекуляцый i абвiнавачанняў. Аднак факт застаецца фактам: з 15 сакавiка па 15 красавiка 13 403 партыi алкагольнай прадукцыi былi прызнаныя тэрытарыяльнымi органамi Федэральнай службы па нагляду ў сферы абароны правоў спажыўца i дабрабыту чалавека не адпавядаючымi ўстаноўленым патрабаванням. 74 працэнты няякаснай i небяспечнай для здароўя прадукцыi мелi малдаўскае паходжанне i 21 працэнт прыпаў на долю грузiнскай прадукцыi. Асаблiвую трывогу выклiкала ў санiтарнай службы прысутнасць у значнай колькасцi даследаваных узораў пестыцыдаў (ДДТ, алдрыну, гептахлору i гексахлорцыклагексану), прымяненне якiх забаронена Стакгольмскай канвенцыяй па прычыне iх здольнасцi назапашвацца ў арганiзме чалавека, парушаць яго рэпрадуктыўную i гарманальную сiстэмы, прыводзiць да генетычных мутацый i прыроджаных дэфектаў. Услед за небяспечнай вiннай прадукцыяй пад забарону трапiлi грузiнскiя мiнеральныя воды «Баржомi» i «Набеглавi»: на гэты раз падставай для прыняцця жорсткага рашэння стала неадпаведнасць агульнай мiнералiзацыi, iоннага складу i жорсткасцi гэтых мiнеральных водаў заяўленым на этыкетках паказчыкам. Прыкмячальна, што беларусы сустрэлi весткi з суседняй краiны, так бы мовiць, з алiмпiйскiм спакоем. Калi яшчэ ў Расii толькi разгараўся вiнны скандал, мы звярнулiся за каментарыям да Галоўнага дзяржаўнага санiтарнага ўрача Рэспублiкi Беларусь Мiхаiла РЫМЖЫ, якi выказаў меркаванне, што ў Расii размова iдзе, хутчэй, аб фальсiфiкатах i патлумачыў, што ў нашай краiне створана надзейная сiстэма па абароне ад пранiкнення на рынак нядабраякаснай прадукцыi. Уся алкагольная, у тым лiку i вiнаробная, прадукцыя, падлягае абавязковай дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыi i рэгламентацыi. Тым не менш трывогу расiйскiх спецыялiстаў было вырашана не iгнараваць, таму Галоўны дзяржаўны санiтарны ўрач падпiсаў Распараджэнне «Аб узмацненнi дзяржаўнага нагляду за абаротам алкагольнай прадукцыi». Як толькi праверкi былi завершаны, Мiхаiл Рымжа пагадзiўся сустрэцца з карэспандэнтам «Звязды», каб даць поўную справаздачу аб сiтуацыi на вiнным рынку нашай краiны. — У ходзе рэйдаў перад нашымi супрацоўнiкамi стаяла некалькi задач, — паведамiў нам кiраўнiк рэспублiканскай санэпiдслужбы. — Па-першае, яны правяралi наяўнасць дакументаў, якiя сведчаць аб якасцi i бяспечнасцi рэалiзуемай i вырабляемай прадукцыi, а таксама наяўнасць на прадпрыемствах-вытворцах праграм вытворчага кантролю i захаванне аб’ёмаў i перыядычнасцi правядзення лабараторных даследаванняў. Па-другое, ажыццяўляўся адбор узораў вiнаў i вiнаматэрыялаў для правядзення лабараторных даследаванняў на наяўнасць у iх таксiчных элементаў (мыш’яку, свiнцу, ртуцi, кадмiю, жалеза), сiнтэтычных фарбавальнiкаў i пестыцыдаў. Плюс паралельна працавалi i работнiкi Дзяржстандарта. Адразу зазначу, што нiякiх фактаў, якiя б маглi пацягнуць за сабой карныя меры да прадукцыi малдаўскiх i грузiнскiх вiнаробаў, мы не знайшлi. Прывяду толькi некалькi прыкладаў: у вiне «Мядзведжая кроў» вытворчасцi Рэспублiкi Малдова сума знойдзеных iзамераў гексахлорцыклагексану (ГХЦГ) склала ўсяго 0,00005 мг/дм, а сума iзамераў ДДТ — 0,00006 мг/дм. У «Кагоры», вырабленым на вiнаматэрыяле з Малдовы, сума iзамераў ГХЦГ — 0,00004 мг/дм i сума iзамераў ДДТ — 0,00003 мг/дм. Для таго, каб чытачы зразумелi, наколькi выяўленыя ўзроўнi ГХЦГ i ДДТ мiнiмальныя, прывяду нарматывы для сокаў дзiцячага харчавання, якiя дапускаюць утрыманне ў дзiцячых соках ГХЦГ у аб’ёмах 0,001 мг/дм i ДДТ — у аб’ёмах 0,005 мг/дм. А вось прысутнасць такiх пестыцыдаў, як алдрын i гептахлор, не дапускаецца ва ўсiх вiдах сыравiны i харчовых прадуктаў, i мы iх у даследаваных узорах не знайшлi. Прызнаюся, што раней пестыцыды нас асаблiва не цiкавiлi, паколькi пры захаваннi тэхналогii прыгатавання натуральных вiнаградных вiнаў пестыцыды ў працэсе бражэння застаюцца ў мязге. А вось калi адцiскаецца сок, то ў яго трапляе значна больш рэшткавых пестыцыдаў. Аднак цяпер мы разам з Дзяржстандартам уносiм дапаўненнi ў «Гiгiенiчныя патрабаваннi да якасцi i бяспечнасцi харчовай сыравiны i харчовых прадуктаў» у плане вызначэння паказчыкаў дапушчальных узроўняў рэшткавых пестыцыдаў у вiнах i вiнаматэрыялах, а таксама ў Парадак сертыфiкацыi харчовых прадуктаў i харчовай сыравiны. Беражонага, як кажуць, i Бог беражэ. Тым больш што прэцэдэнт ужо створаны. Паводле слоў Мiхаiла Рымжы, на працягу 2005—2006 гадоў дзяржаўную гiгiенiчную рэгiстрацыю прайшлi ў Беларусi 2943 партыі малдаўскiх i 250 партый грузiнскiх вiнаў. Адхiлена ад рэгiстрацыi была толькi адна партыя грузiнскага вiна па прычыне завяршэння ўстаноўленага тэрмiну годнасцi. Акрамя таго рэгулярна праводзiлiся рэйдавыя праверкi ў гандлi — нiякiх парушэнняў знойдзена не было. У той жа час органамi па сертыфiкацыi прадукцыi на працягу 2005 года i I квартала гэтага года было адмоўлена ў выдачы сертыфiкатаў адпаведнасцi i не дапушчана да рэалiзацыi на тэрыторыi краiны 200 тысяч лiтраў вiнаматэрыялаў i вiнаў вытворчасцi Рэспублiкi Малдова i Рэспублiкi Грузiя з-за наяўнасцi ў iх сiнтэтычных фарбавальнiкаў. — Дзяржстандарт знайшоў у вiнах сiнтэтычны фарбавальнiк азарубiн. Справа ў тым, што сам па сабе азарубiн не ўяўляе пагрозы для здароўя. На харчовых прадпрыемствах ён дабаўляецца вытворцамi ў марожанае, напiткi i кандытарскiя вырабы. Такiм чынам па крытэрыях бяспечнасцi гэта прадукцыя прайшла праз наш кантроль, — патлумачыў Мiхаiл Рымжа. — Аднак у натуральным вiнаградным вiне азарубiн прысутнiчаць не павiнен. Таму Дзяржстандарт такое вiно на наш рынак не прапусцiў, а вытворцы атрымалi сур’ёзнае папярэджанне... Трэба зазначыць, што для недапушчэння на рынак Беларусi фальсiфiкаванай алкагольнай прадукцыi, Дзяржстандарт заключыў летась з Аграпрамысловым агенцтвам «Малдова-вiн» пагадненне «Аб супрацоўнцтве ў галiне папярэджвання паставак фальсiфiкаванай алкагольнай прадукцыi з Рэспублiкi Малдова ў Рэспублiку Беларусь». Быў распрацаваны таксама i цэлы комплекс мерапрыемстваў па рэалiзацыi гэтага пагаднення. Так, з 1 жнiўня 2005 года ўсе пастаўляемыя ў Беларусь партыi вiнаў i вiнаматэрыялаў суправаджаюцца копiямi пратаколаў выпрабаванняў Нацыянальнага iнстытута па Вiнаградарству i Вiнаробству Рэспублiкi Малдова аб сапраўднасцi прадукцыi i адсутнасцi ў ёй сiнтэтычных фарбавальнiкаў i араматызатараў. Пры правядзеннi працэдуры прызнання сертыфiкатаў адпаведнасцi Рэспублiкi Малдова беларускiя органы па сертыфiкацыi маюць права выбарачна праводзiць свае выпрабаванi вiнаробнай прадукцыi, у тым лiку i вiнаматэрыялаў на iх сапраўднасць. Пастановай Дзяржстандарта ад 8 лiпеня 2005 года ў восем дзеючых стандартаў былi ўнесены змяненнi, якiя выключаюць прымяненне штучных i сiнтэтычных фарбавальнiкаў у вiнаградных i пладовых вiнах i вiнаматэрыялах, у «Савецкiм шампанскiм», пенiстых вiнах, у спiртах каньячных i каньяках, а таксама выкарыстанне араматызатараў (за выключэннем экстрактаў, настояў раслiн i дыстылятаў). I ўсё ж такi нельга сказаць, каб усё было абсалютна гладка. Так, падчас праведзеных Дзяржстандартам у красавiку гэтага года праверак якасцi малдаўскiх i грузiнскiх вiнаў у асобных гандлёвых арганiзацыях усё ж такi былi ўстаноўлены парушэннi дзеючых стандартаў па знешняму выгляду вiна. Напрыклад, у малдаўскiм вiне «Мускат-жамчужына», якое рэалiзоўвалася ў сталiчным магазiне № 3 «Штопар», былi знойдзены староннiя ўключэннi ў выглядзе дробных цвёрдых крупiнак. У iншых гандлёвых арганiзацыях з продажу здымалася малдаўская i грузiнская вiнная прадукцыя з уключэннямi ў выглядзе белых шматкоў, крышталiкаў 2—3 мм, дробных узважаных крупiнак, чорных кропак i варсiнак. Галоўная прычына — парушэнне тэмпературных рэжымаў захавання алкагольнай прадукцыi ў падсобных памяшканнях i гандлёвых залах. На кiраўнiкоў гэтых арганiзацый складалiся пратаколы аб адмiнiстрацыйных парушэннях i накладалiся штрафы. Цяпер у Беларусi пад пiльную ўвагу санэпiдслужбы i Дзяржстандарта трапiла грузiнская мiнеральная вада «Баржомi». Для правядзення лабараторных даследаванняў ад кожнай партыi будуць адабраныя па некалькi бутэлек. На час правядзення праверкi рэалiзацыя «Баржомi» прыпыняцца не будзе. Цi здолее славутая грузiнская мiнералка захаваць свой паважаны статус — спецыялiсты абяцаюць, што адказ на гэтае пытанне мы атрымаем у самы блiжэйшы час...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...малдаўскае i грузiнскае вiно ў Беларусi цалкам «рэабiлiтаванае» |
|