21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Святло iх вачэй...

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Учора ехала па сталiчнаму праспекту Пераможцаў i звярнула ўвагу на аўтамабiль у люстэркi задняга вiду. За рулём таксама сядзела жанчына. Спачатку падумала, што гэта маладая дзяўчына з сяброўкамi: бландзiнiстыя валасы яе развявалiся i яна нешта некаму гаварыла, перадавала нешта сваiм пасажырам. На наступным святлафоры я зразумела, што гэта мацi, а на заднiм сядзеннi сядзяць дзве яе дачкi, гэтакiя ж бландзiнiстыя i прыгожыя. Самая маленькая, гадоў чатырох, цягнулася за бутэлькай з вадой. Нечаканы камяк падступiў мне да горла. Стала так радасна за iх, да слёз. Не ведаю, чаму. Мо таму, што гэта i ёсць — нешта сапраўднае ў нашым жыццi. Зносiны, сардэчныя, добразычлiвыя, — са сваiмi дзецьмi.

Дзецi патрэбныя гэтаму свету, каб выратаваць яго. Ёсць вялiкая мудрасць у бездапаможнасцi, поўнай залежнасцi ад нас, дарослых, гэтых маленькiх анёлаў — чыстых сэрцам нашчадкаў Нябёс. Дзецi мяняюць нас, кардынальна, яны вучаць любiць бескарыслiва, такiмi, якiя яны ёсць. I любiць па-сапраўднаму: самаахвярна, усё даруючы...

Дзецi выратоўваюць гэты свет. Нават калi мы iм здраджваем. Тады яны выратоўваюць сваiм болем i слязамi. На старонках «Звязды» штрыхамi, на працягу вось ужо 13 гадоў, адлюстраваны лёс адной сям’i. Сям’i, у якой дзецi трапiлi ў бяду. Упершыню здымак гэтых дзяцей з’явiўся ў газеце летам 1993 года. Тады старэйшаму з iх было 14 гадоў, а малодшаму — 6 месяцаў. Тым летам яны, усяго шасцёра, засталiся без бацькоў. Iх размеркавалi па iнтэрнатах i дзiцячых дамах: у чатыры розныя ўстановы. Гэта дзiўная i напоўненая болем гiсторыя. Дзiўная, бо па ўсiх законах логiкi дзецi павiнны былi прапасцi. Але гэтага пакуль не здарылася. Не здарылася, бо кожнаму з iх дасталася па маленькай крупiнцы любовi, хай i ад чужых быццам бы людзей.

Старэйшага пакахала дзяўчына з добрай сям’i. I гэтая сям’я прыняла яго, нягледзячы на тое, што ён — сiрата, што нiчога не мае, акрамя рабочай спецыяльнасцi, што пра спадчыннасць яго ўвогуле лепей не задумвацца... Яго дачцэ, прыгожанькай i разумненькай, цяпер ужо шэсць гадоў. Мiнуў час iлюзiй, i рознае ў гэтай сям’i было. Але пакуль у ягонай дачкi ёсць бацька, а значыць, усё добра.

Далей па ўзросту iдзе сястра. Пра яе ў газеце было некалькi артыкулаў, бо яе лёс не мог не натхнiць, не штурхнуць на развагi. У некаторых яе iмя не называлася, у некаторых было змененае. Але зараз ужо можна сустрэць матэрыялы, падпiсаныя ёй самой. Гэтая дзяўчынка — не звычайны чалавечак. У 2002 годзе яна выйграла конкурс «Абiтурыент журфака» i паступiла на факультэт журналiстыкi. Што яе выратоўвае? Адразу не адкажаш. Перш за ўсё яе таксама выратоўвалi дзецi. Яе малодшыя браты, якiх яна няньчыла, пакуль яны жылi разам, якiх наведвала потым у дзiцячых дамах, якiх забiрала на канiкулы з iнтэрнатаў, калi атрымала жыллё пасля вучылiшча. Гэта значыць, у сэрцы яе жыла любоў ужо тады, калi яна сама была дзiцем. I гэта зрабiла яе сэрца глыбокiм, а душу моцнай.

Яшчэ ў яе жыццi быў месяц у iтальянскай сям’i. I праз год яшчэ адзiн гэтакi ж месяц. Больш iтальянцы не маглi яе запрасiць, бо яна вырасла, ёй споўнiлася 14 гадоў. Але яны яе не забылi, на кожнае свята пасылалi пасылкi, хай i невялiкiя, з шампунем i сшыткамi або з адзеннем сваёй дачкi, якое не заўсёды падыходзiла. Але гэтага аказалася дастаткова. Дзецям так мала трэба, каб мець шанц утрымацца потым у цяжкiм дарослым жыццi. Проста веданне, што iх таксама нехта палюбiў. Што яны некаму дарагiя, што пра iх нехта памятае, думае, жадае парадаваць, жадае, каб у iх усё склалася добра. Дзяўчо, якое засталося без бацькоў, дзякуючы гэтым iтальянцам трымалася, iх нячастыя пасылкi дапамагалi, хутчэй псiхалагiчна, чым матэрыяльна, ва ўсiх яе крызiсных сiтуацыях. Калi яна рабiла памылкi, спатыкалася, ёй у першую чаргу было сорамна перад гэтымi далёкiмi i чужымi людзьмi. Ёй хацелася выправiцца перад iх уяўным позiркам. Ёй не важна, што яна можа нiколi iх не ўбачыць. Але яна ведае, што яны рады за яе, i ёй гэтага дастаткова, каб перамагаць у жыццi далей. Перамагаць не толькi абставiны, надзвычай жорсткiя, але i саму сябе, што значна цяжэй.

Нам трэба памятаць пра гэта. I ў адносiнах да сваiх дзяцей, i ў адносiнах да чужых. Бо цi заўсёды ўпэўненыя нашы ўласныя дзецi, што мы iх любiм усякiмi, i не разлюбiм, што б яны нi нарабiлi? Цi то разбiлi кубачак, цi то атрымалi нiзкую адзнаку ў школе, цi то не паступiлi ва унiверсiтэт...

I толькi падумайце, як шмат значыць для дзяцей, якiя аказалiся без бацькоў, наша неабыякавасць, наша, хай невялiкая, па магчымасцi, але сардэчная, шчырая ўвага. Цi гэта так цяжка — узяць у сваю сям’ю падчас водпуску малое з iнтэрната цi дзiцячага дома? Нiчога не абяцаючы, нiчога не чакаючы, i, канешне, не дзеля выпраўлення нейкiх iнтэрнацкiх заган, а проста дзеля таго, каб гэтае дзiця адчула, што яно мае каштоўнасць, што яно унiкальнае, непаўторнае. Што яму аддадзена самае вялiкае на свеце — кавалачак сэрца iншага чалавека.

Так нехта сустрэўся i проста звярнуў увагу, прысвяцiў зусiм няшмат свайго часу кожнаму з дзяцей гэтай вялiкай сям’i. I iх здольнасць цвёрда стаяць на нагах, па меры сталення, прама прапарцыянальная атрыманаму кожным з iх цяплу ад iншых. Iх шанцы не загiнуць напрамую залежаць ад iх вопыту любовi.

Гэты вопыт дзецям можам даць толькi мы, дарослыя. Дзень абароны дзяцей — напамiн пра малых, якiя рызыкуюць зусiм не атрымаць такi вопыт. Гэта заклiк да дарослых апамятацца, заўважыць у мiтуснi дзён самае галоўнае, сапраўднае... Мы адказныя за iх. Бо кiнуўшы iх, мы i самi загiнем. Заблудзiмся ў цемры без святла, якое льецца з дзiцячых вачэй.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ехала па сталiчнаму праспекту Пераможцаў i звярнула ўвагу на аўтамабiль у люстэркi задняга вiду. За рулём таксама сядзела жанчына
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика