Усё цячэ...
Валянцiна ДОЎНАР
Простая мова ...Хрышчонiк, калi быў малы, зваў гэту машыну «ёёёпец».Тады ж, каб купiць яго (як, дарэчы, i любую iншую) не адну пяцiгодку трэба было ў чарзе адстаяць, альбо блат мець. I нават — не малы. Зараз... На слупе аршыннымi лiтарамi «Прадаецца аўтамабiль «Запарожац». У добрым стане. На хаду. 100 у.е. Торг». Знаёмая — пазванiла, патаргавалася, купiла... Ну, вельмi задаволена. Кажа: «40 хвiлiн ганьбы i мы — на дачы». Адкуль...
Шчаслiвыя гадзiн не назiраюць. Захопленыя — таксама. Пад пахай — цiкавая кнiга, наперадзе — хвiлiн 20 дарогi: можна ж пачытаць? Дзе там! Насупраць, у тралейбусе, маладзiчка села. Некаму, па мабiльнiку (заадно — паўсалона чула) стала расказваць, што ў ЦУМе — сумачку бачыла: светлую, невялiкую, з дзвюмя ручкамi, на маланках... I далей — у падрабязнасцях — пра кiшэнькi зверху, пра шоўк унутры, пра строчку на канцiках, пра адценнi колеру, пра кожненькую з засцежак... Аповед (прычым, толькi пра сумачку!), перасыпаны кароткiм «Тебе б понравилась», доўжыўся ўсю дарогу... Недзе на сярэдзiне мужчына, што сеў побач, не вытрымаў, закацiў вочы, — закруцiў галавой, сказаў: — Каб вось гэтак — мая... Забiў бы! Устаў. I з тралейбуса выйшаў.
Вечар. Прыцемак. Дождж. Парасон — у «патоку» iншых — iмклiва «бяжыць» да метро. Там, ля ўваходу — хуценька складаецца i... чапляецца за сустрэчны. — Вай, каго я бачу? — распявае з-пад яго даўнейшы калега. — Колькi ж летаў i зiм? Шмат... Ён, як высвятляецца, ужо на пенсii — з зiмы адпачывае. Пытаюся — як? Цi навучыўся, цi падабаецца? Адказвае — акурат, як некалi пiсаў — падрабязна, шматслоўна. Да таго ж — гучна, эмацыянальна. На голас азiраюцца людзi. Ды i стаiм мы, лiчы, на праходзе — не лепшае месца. Вiдаць, таму калега «закругляецца», завярае: — Ну, добра, убачымся! Ты толькi не думай: я ў страi, я не страцiў самае галоўнае — здольнасць пiсаць! ...«Шчаслiвы, — думала аб iм, едучы ў метро. — Нiчым, вiдаць, не хварэў... Не хварэе — нi сам, нi сям’я? Спакойны за дзяцей, за краiну. Забяспечаны ўсiм, уладкаваны... Цi... Ёсць, кажуць, катэгорыi людзей, здольных нешта рабiць, гаварыць... Нават тады, калi мозг — адпачывае.
Тое, што ў дачкi нехта ёсць — прычым, усур’ёз — бацькi спачатку адчулi, потым — пачулi i, нарэшце, убачылi. Прысуд быў цяжкiм: не спадабаўся абранец — непрыгожы, небагаты, неперспектыўны (без адукацыi), сiрата... Карацей, касцьмi рашылi легчы, ад бяды дзiця ўратаваць. Яно, аднак, думала iначай. I было з характарам: на ўгаворы не паддалося, на пагрозы — таксама. Сталi дзейнiчаць радыкальна: спешна аформiлi дакументы i ўсёй сям’ёй з’ехалi — за тысячы вёрст, у iншую зусiм краiну. Спазнiлiся... Ужо там дазналiся, што дачка — цяжарная, пяты месяц. Але i гэта нiкога не спалохала, не спынiла. «Выгадуем», — рашылi. ...Гадуюць. Пятнаццаты год. Сiратой — пры бацьку жывым. Ён галоўнае, па-ранейшаму не жанаты, тут. Дачка — не замужам, там. Пiша яму, тэлефануе i, калi вельмi пашчасцiць, раз у год прылятае. ...Без каментарыяў.
Ранiчка, субота. Выхадны, а мы (планiда, мусiць, такая?) усё-роўна спяшаемся. На гэты раз — на дачу. Туды ж прыяцельку бяром. Сазванiлiся... З сёмага паверха зараз спусцiцца i... Стаiм (дакладней, канешне, сядзiм... У машыне), чакаем. Бачым, як ад сметнiка з сякерай i нейкiмi брускамi пад пахай клыпае старая, як потым, i ледзь трымаючы тую сякеру, з таго, што несла, спрабуе зрабiць калкi. — Сусед во, — скардзiцца, — хацеў, каб прыгажэй было, ля пад’езда кустоў насадзiў, а сам — памёр зiмою. Растуць цяпер, на лес гледзячы, як непатрэбныя... Грэх. Падпёрцi трэба. Святая справа... I з калкамi мы неяк спраўляемся. — А забiць, падвязаць, — суцяшае бабуля, — ужо не бяда, не хвалюйцеся. Дом жа вялiкi. Можа, з мужчын хто зараз падключыцца. Ды i зямля тут мяккая. Крыху пастукаў... Мы ад’язджалi ўжо, калi бабуля стукнула і адзiн з мужчын «падключыўся»: з форткi на першым паверсе высунулася кудлатая, распухшая ад п’янкi галава, зараўла (мякка кажучы. — Аўт.): — Хто?.. Якога ражна...?! На шум падцягнуўся народ (галава ў фортцы знiкла). Сякеру ў бабулi забралi... Так што блiжэй да вечара мы ўбачылi: кусты — у парадку, падгароджаны. Хораша. Можна сказаць, па-майстэрску. I зусiм не тымi калкамi. Значыць, мужчыны — сапраўдныя — побач усё-такi ёсць? ...Хто пытае, той не блудзiць. Хто шукае — знойдзе. Галоўнае — не трацiць надзею.
Каця захварэла. Гадоў з дзесяць назад. I невылечна, здаецца... Чым? Толькi не смейцеся — норкавым футрам. На знаёмай адной убачыла. Тая нават — памераць дала: адчуць, якое ж пяшчотнае, а ўжо цёплае, лёгкае. Усё, рашыла (скiдаючы) — кроў з носа — куплю. Такое ж.... Ну, няхай не за пяць тысяч!.. А што? Дзецi амаль дарослыя. Яны з мужыком — не зломкi. З адукацыяй абое, працуюць... Яна, вунь, дзве мовы чужыя ведае... Менавiта гэтым, летась i скарысталася — з’ехала за мяжу, у атэлi пакаёўкай была. Амаль тры месяцы. Яшчэ б столькi i... Не лёс! Не збылося! З дому трывожныя весткi касякамi пайшлi. Мужык яе толькi месяц патрымаўся — з тэлевiзарам пажыў. Потым стаў сяброў дадому прыводзiць. А дзе сябры — там сяброўкi... Рашыла: халера з iмi з тымi заробкамi, з гэным футрам, мужык даражэй. Кiнула ўсё. I вярнулася. ...Вярнуўшыся, «хварэе» далей.
Не ўсiм так пашчасцiць — Таiса, дзесяцiгоддзямi, мужыка свайго «з языка не спускала». Ледзь што — «Мой Барсук сказаў», «Мой Барсук прывёз», «... зрабiў», «...рашыў». Як па расказах меркаваць, ён i праўда вельмi рэдкi «звер» быў: добра зарабляў, усё чыста купляў-даставаў, гатаваў, падлогi мыў, у рот чаркi не браў, не курыў. А ўжо з дзецьмi... Таiса траiх яму нарадзiла — двух сыноў i дачку. Кожнага, да месяца, толькi кармiць падыходзiла. Усё астатняе на мужы было — ён спецыяльна адпачынак браў. Ды i потым — як зрэнку вока глядзеў... Нiхто слова не скажа — вырасцiў, выхаваў. Меншы яго — першакурснiк пакуль, а двое старэйшых — вывучылiся, пажанiлiся. Бацьку б цяпер — толькi цешыцца: унукаў гадаваць, ганарыцца, а ён... Не, ушчэнт «сапсаваўся», п’е. Можа, грэх на душу, але i не пiць... Жыве ён (лiчыце. — Аўт.) — разам з жонкай, малодшым сынам, старэйшым, нявесткай, дваiмi iх архараўцамi, сярэдняй дачкой, зяцем, iх дзiцем — у ранейшай, пры камунiстах яшчэ, атрыманай кватэры. Чатыры пакойчыкi ў ёй, 7 метраў кухнi. I раз’ехацца ( хутка, прынамсi,) перспектыў — нiякiх. (Да слова. У нас лiчыцца камфортным жыллё, дзе на чалавека прыходзiцца больш за 20 «квадратаў». У Германii — больш за 50).
Нядзелька. Ранак i рынак. Дзяўчо — а ўжо ёмкае, вясёлае, круглатварае — прадае памiдоры... Акурат такiя ж — крэпкiя, чырвоныя, блiскучыя — першыя беларускiя. — Калi ласачка, выбiрайце, — ветла прапануе ўсiм, хто iдзе мiж радоў. Хлапец запыняецца, акiдвае вокам тавар, кажа: — Давай. З кiлаграм мне выберы. — Я? А як не спадабаюцца? Можа, усё-такi вы? — Не. Сам я — жонку ўжо выбраў, хапiла... Апёкшыся на малацэ, вiдаць, i праўда дзьмуць будзеш? На ўсё, што заўгодна.
Дрэнна плакаць у дзяцiнстве, не дай Бог — у старасцi, — казала Макараўна i ведала што, бо, бедная, за сямёх гаравала. Спачатку мужык пiў, потым — дачка. Галоўнае — вывучылася, замуж пайшла, абое работу нядрэнную мелi, а дзiця нарадзiлася i, як з ланцуга: хай хто хоча гадуе. Гадавала, нiдзе не дзелася. Яшчэ i iх абмывала, кармiла, як мела, чым. Памерла рана. Дачка якраз дома была. Спалохалася, на ўвесь пад’езд крычала: — Мама, даруй!.. Мама, не памiрай! Як жа мы жыць тады будзем? Шапнула: — Не пiце. ...Клялася дачка. Ёй i ўсёй раднi на вячэры. Назаўтра — снеданне было. А гора якое! Прыгубiла. Потым — дзевяць дзён, сорак дзён... і клятва забылася... Старая байка. На зямлi чалавек жыў — маленькi. I справу меў — акурат такую ж, «па росту»: на адным i тым жа месцы, дзень пры днi, чысцiў людзям абутак. Чысцiў сумленна, старанна. I бачыў — не толькi яго. Бачыў — неба, горад, людзей. Бачыў, прынамсi, як вяртаецца з працы прыгожая i (на твары напiсана) вельмi адзiнокая жанчына. Як з другога боку i хвiлiн праз пяць гэтакi ж — прыгожы i зусiм адзiнокi — iдзе мужчына. «О-от, каб яны сустрэлiся! От каб разам пайшлi! Якое шчасце было б!» — думаў чысцiльшчык. Але... Мiльгалi днi, за iмi — тыднi, праходзiлi нават гады, а цуду ўсё не было. Пакуль аднойчы... Пакуль аднойчы не здарылася тое, што здараецца з кожным, хто прыйшоў на гэту зямлю — памёр той маленькi чалавек, чысцiльшчык абутку. Прычым, раптоўна. На рабочым месцы. — Якое гора! Якi чалавек быў..., — гаманiлi, сабраўшыся, людзi. Натоўп iх рос... Прыстала ля яго тая маладзiчка. А праз пяць хвiлiн побач з ёю спынiўся мужчына. Яны ўбачылi адзiн аднаго i далей — па жыццi — пайшлi разам. ...Ёсць, ёсць на свеце многае, што чалавек не можа змянiць уласным жыццём. Калi не можа i смерцю...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Хрышчонiк, калi быў малы, зваў гэту машыну «ёёёпец»
|
|