У самелье я пайшоў бы...
Настасся ЦЕЛЕШАВА
Думаю, многiя памятаюць, як кiношны Iван Васiльевiч лiтаральна ў хвiлiнку ператварыўся з домакiраўнiка ў цара. Такiя выпадкi, згадзiцеся, здараюцца толькi ў фантастычных апавяданнях, тым не менш, па даных сацыялагiчнага апытання, якое правёў дзяржаўны аддзел статыстыкi занятасцi ЗША, амаль 70 працэнтаў амерыканцаў хацелi б змянiць прафесiю.
Колькi беларусаў жадае таго ж, дакладна сказаць цяжка. Але амаль у кожнага ёсць знаёмы, якi раптам вырашыў пайсцi з «застарэлага», але стабiльнага месца. Далёка за прыкладам хадзiць не трэба: сусед па дачы, зараз афiцэр запасу, калi выйшаў на пенсiю, адпусцiў доўгiя валасы i апошнiя пяць гадоў з’яўляецца ўладальнiкам палаткi з «нефармальнай» атрыбутыкай. Цётчын муж, якi адпрацаваў амаль чвэрць стагоддзя iнжынерам, стаў машынiстам метро, гаворыць, што мара дзяцiнства здзейснiлася. Сяброўка, якая закончыла тэхналагiчны тэхнiкум i пяць гадоў звярала па лякалах у атэлье, сядзiць у абменнiку. Абставiны, якiя вынудзiлi Iну пайсцi на такi крок, праўда, трэба ўдакладнiць: зрабiла яна гэта з-за банальнай пагрозы беспрацоўя. Воляй лёсу ў пачатку дзевяностых многiя грамадзяне былога СССР вымушаны былi пераквалiфiкавацца. I амаль масава, але ненадоўга — у незабыўныя «чаўнакi». Але ад былой прафесii адмаўляюцца не толькi з-за скарачэння месцаў: мала-памалу новыя спецыяльнасцi старэюць. Згадзiцеся, пятнаццаць гадоў таму аб iмiджмэйкерах, сеткавых адмiнiстратарах, не кажучы пра самелье (кансультант па вiнах), мала хто чуў. Мiж iншым, прыкладаў таго, як людзi, якiя раптам пайшлi з прафесii, але ўвайшлi ў гiсторыю, хапае. Адразу на памяць прыходзяць урачы Чэхаў i Булгакаў, Даль, якi закончыў марскi кадэцкi корпус, акцёры Рональд Рэйган i Арнольд Шварцэнэгер, мастак Поль Гаген, якi спачатку прысвяцiў сябе гандлю нерухомасцю. Сярод айчынных зорак такiх выпадкаў таксама шмат. Шоўмэн Сяргей Кухто, напрыклад, услед за бацькам закончыў Лепельскi гiдрамелiяратыўны тэхнiкум. У яго працоўнай кнiжцы значыцца шмат спецыяльнасцяў, сярод якiх — прараб, трактарыст, кiнамеханiк, мiлiцыянер i, у рэшце рэшт, акцёр. А вось спявак Аляксандр Саладуха ў свой час паспеў пабываць урачом «хуткай дапамогi» i iнспектарам рыбнагляду. Вядучы телеканала АНТ Аляксандр Аверкаў закончыў тэатральнае вучылiшча, яго калега Наталля Радзiна па адукацыi — настаўнiк рускай мовы i лiтаратуры, Вольга Палякова — урач-гамеапат. Спявачка Ларыса Грыбалёва i тэлевядучы Яўген Лашкоўскi — выпускнiкi унiверсiтэта культуры. Акцёр Уладзiмiр Гасцюхiн вучыўся ў радыётэхнiкуме i паралельна працаваў электрыкам на стыдыёне. У тэатры ён пачынаў мэбельшчыкам-рэквiзiтарам. — Думкi спецыялiстаў пра тое, як адбiваецца i што значыць змена прафесii, адрознiваюцца, — гаворыць псiхолаг Вольга Канавалава. — Адны лiчаць, што людзi, якiя перыядычна робяць гэта, нестабiльныя, нiяк не могуць вызначыцца ў сваiх жаданнях i магчымасцях. Iншыя не сумняваюцца: раз у сем-дзесяць гадоў шукаць новае месца нават карысна. Згадзiцеся, спецыяльнасць адбiваецца на чалавеку: таго ж настаўнiка мы часта пазнаём па ментарскаму тону, а гэта нядобра. З другога боку, многае залежыць ад таго, цi не вычарпалi вы сябе, цi не стамiлiся, цi не расчаравалiся, цi гатовы да новых выпрабаванняў? Чалавек, якi вырашыў змянiць месца працы, не баiцца новага, не пужаецца вучыцца, часцяком настойлiвы i амбiцыйны. У сваю чаргу намеснiк дырэктара кадравага цэнтра «Калекцыя адкрыццяў» Людмiла Снегiрова ўпеўнена, што чалавек змяняе прафесiю ў першую чаргу па прычыне незадаволенасцi фiнансавым становiшчам. На яе думку, спецыялiст, якi сапраўды любiць сваю працу, заўжды знойдзе спосаб пазбегнуць суму i аднастайнасцi, iншая справа — грошы. I яшчэ адзiн момант — тыя ж педагогi нярэдка выбiраюць прафесiю, калi знаходзяцца ў юнацкай эйфарыi, а потым, ужо ў сталым узросце, разумеюць, што не могуць знайсцi кантакт з дзецьмi i ўвогуле выкладаць. Вось i пачынаюцца ваганнi. Таму няблага было б, калi б ВНУ набiралi студэнтаў не толькi па конкурсу адзнак, але i псiхалагiчнай прыхiльнасцi да сваёй будучай спецыяльнасцi. Канешне, у такiм традыцыйным несупадзеннi мары i рэальнасцi можна абвiнавачваць першапачаткова няправiльную прафарыентацыю. Малады чалавек звычайна выбiрае будучую спецыяльнасць у 15—17 гадоў, пры гэтым у большасцi выпадкаў рашэнне прымаецца пад уздзеяннем родных i блiзкiх, якiя практычна заўжды ведаюць, як яно лепш. I як паказвае практыка, потым толькi адзiнкi выпраўляюць памылкi юнацтва.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Думаю, многiя памятаюць, як кiношны Iван Васiльевiч лiтаральна ў хвiлiнку ператварыўся з домакiраўнiка ў цара. Такiя выпадкi, згадзiцеся, здараюцца то |
|