Падручнiк па кiтайскай мове — для беларускiх першакласнiкаў
Надзея НIКАЛАЕВА
Больш за 1000 найменняў падручнiкаў i дапаможнiкаў, створаных беларускiмi аўтарамi для агульнаадукацыйнай, прафесiйнай i вышэйшай школы, можна было ўбачыць на рэспублiканскай выставе-семiнары «Нацыянальны падручнiк», што прайшла ў апошнi дзень вясны на базе Мiнскага гарадскога iнстытута павышэння квалiфікацыi i перападрыхтоўкi кадраў.
Варта нагадаць, што ў пачатку 90-х гадоў суверэннай Беларусi давялося тэрмiнова ствараць уласную школу вучэбнай лiтаратуры. Так, першае пакаленне айчыннай лiтаратуры для агульнаадукацыйнай школы выйшла ў свет у 1993 годзе i было прадстаўлена вучэбнымi дапаможнiкамi па гiсторыi i геаграфii, а сёння ў вучэбным працэсе агульнаадукацыйных устаноў выкарыстоўваюцца ўжо больш за 1200 найменняў нацыянальных вучэбных выданняў. Беларускiя падручнiкi ствараюцца не толькi з улiкам нашых вучэбных планаў i праграм, але i з улiкам дзяржаўных iнтарэсаў i дзяржаўнай iдэалогii. Да 2006/2007 навучальнага года ў Беларусi плануецца выдаць 228 найменняў падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў, 116 праграм i 60 найменняў вучэбна-метадычнай лiтаратуры. Да таго ж упершыню будзе выдадзены вучэбны дапаможнiк для навучання першакласнiкаў кiтайскай мове. Намеснiк прэм’ер-мiнiстра Беларусi Аляксандр Косiнец, якi наведаў выставу, падкрэслiў, што экспарт адукацыйных паслуг аб’яўлены адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палiтыкi: «Сёння вышэйшую адукацыю ў Беларусi атрымлiваюць 2,5 тысячы замежных студэнтаў, але ў блiжэйшыя 10 гадоў пастаўлена задача павялiчыць iх колькасць да 25 тысяч». Вiцэ-прэм’ер прывёў у якасцi прыкладу ЗША, дзе колькасць замежных студэнтаў дасягае 357 тысяч чалавек. Непасрэдны даход ад экспарту адукацыйных паслуг дасягае ў Злучаных Штатах 12 мiльярдаў долараў i 8 мiльярдаў складае ўскосны даход. — Мы павiнны стварыць уласную канкурэнтаздольную сiстэму вышэйшай школы, — падкрэслiў Аляксандр Косiнец. — Добры, якасны i прадуманы да дробязяў падручнiк не заменяць нi лекцыi, нi семiнары, нi практычныя заняткi. Але пры гэтым ён павiнен адпавядаць усiм патрабаванням XXI стагоддзя. Падручнiк новага пакалення павiнен уключаць тэарэтычную частку, заданнi, скiраваныя на фармiраванне практычных навыкаў i ўменняў, сiтуацыйныя задачы i тэставы кантроль. Неабходна, каб да стварэння падручнiкаў прыцягвалiся практыкi i людзi, якiя працуюць на вытворчасцi. Ацэнку яму павiнны даваць i выкладчыкi, i студэнты, i выпускнiкi, якiя праз некалькi гадоў пасля заканчэння ВНУ ўжо могуць аб’ектыўна ацанiць якасць, сiстэмнасць i эфектыўнасць атрыманых ведаў. Яшчэ адна задача — стварэнне электронных копiй падручнiкаў i перавод падручнiкаў i вучэбных комплексаў на англiйскую i iншыя замежныя мовы. Аляксандр Косiнец звярнуў увагу кiраўнiкоў навучальных устаноў на неабходнасць правядзення iнвентарызацыi бiблiятэчных фондаў: «У бiблiятэках павiнны застацца толькi запатрабаваныя выкладчыкамi i студэнтамi падручнiкi. I яшчэ: судносiны — адзiн падручнiк на пяць студэнтаў — трэба тэрмiнова мяняць...» Праблему дэфiцыту друкаванай вучэбнай лiтаратуры дапамагло б вырашыць стварэнне электронных бiблiятэк. Плануецца, што Нацыянальная бiблiятэка аб’яднае ў агульную iнфармацыйную сетку ўсе электронныя рэсурсы навучальных устаноў Беларусi i iх бiблiятэк. З дапамогай гэтай сеткi любы навучэнец, студэнт цi выкладчык зможа азнаёмiцца з навейшымi распрацоўкамi не толькi беларускiх, але i замежных спецыялiстаў... Дарэчы, Аляксандр Косiнец паведамiў вельмi прыемную навiну: сёння ва ўрадзе пераглядаюцца ў бок павелiчэння памеры аўтарскiх ганарараў за вучэбную лiтаратуру.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 1000 найменняў падручнiкаў i дапаможнiкаў, створаных беларускiмi аўтарамi для агульнаадукацыйнай, прафесiйнай i вышэйшай школы, можна было ўб |
|