Парламент адобрыў праграму дзейнасцi ўрада
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
На ўчарашнiм пасяджэннi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу аднагалосна адобрылi («за» прагала-савалі 104 парламентарыі, «супраць» ніхто не галасаваў) праграму дзейнасцi ўрада Беларусi на 2006—2010 гады. З гэтай праграмай парламентарыяў знаёмiў прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi.
Прыярытэт — iнвестыцыi Паводле слоў Сяргея Сiдорскага, галоўнай мэтай сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця насельнiцтва. «Сёння гэта магчыма толькi пры ўмове стабiльнай i эфектыўнай працы рэальнага сектара эканомiкi». Для яе забеспячэння галоўную ўвагу ў блiжэйшыя пяць гадоў плануецца ўдзялiць прыцягненню iнвестыцый у галiны рэальнага сектара i ўкараненню iнавацыйных тэхналогiй. «Ва ўмовах жорсткай мiжнароднай канкурэнцыi эканамiчнае развiццё краiны вызначаецца яе навуковымi i тэхналагiчнымi перавагамi. На жаль, яшчэ значная частка тэхналагiчнага абсталявання ў нашай прамысловасцi застаецца не на перадавым узроўнi. Iснуюць i вялiкiя рэзервы ў эфектыўным выкарыстаннi энергii», — сказаў прэм’ер-мiнiстр. Да 2010 года ўрад «плануе павялiчыць аб’ём iнвестыцый у краiне ў два разы». А рэалiзацыя сумесных з Нацыянальнай акадэмiяй навук планаў па мадэрнiзацыi навуковай сферы «прынясе рэальны вынiк i дасць айчыннай эканомiцы эфектыўныя навуковыя распрацоўкi». Сяргей Сiдорскi дадаў таксама, што базавым элементам iнавацыйнага шляху развiцця эканомiкi з’яўляецца адукацыя. «Неабходна ў першую чаргу падтрымаць тыя навучальныя ўстановы, якiя рэалiзуюць iнавацыйныя праграмы. Неабходна навучыць (а ў многiм i прымусiць) працаваць галiновую навуку на рэальны сектар эканомiкi. У тым лiку праз набыццё для ВНУ найноўшых айчынных i замежных узораў абсталявання...» Надзвычай вялiкую ўвагу ўлады краiны плануюць надаваць лёсу таленавiтых выпускнiкоў беларускiх навучальных устаноў. «Мы будзем адсочваць iх прасоўванне па службовай лесвiцы i ў неабходных выпадках аказваць iм садзейнiчанне. Асаблiвая ўвага будзе ўдзяляцца падрыхтоўцы спецыялiстаў у сферы прасоўвання айчыннай прадукцыi на знешнiх рынках. Сёння навучанне спецыялiстаў у гэтай сферы недастаткова эфектыўнае». Паводле слоў Сяргея Сiдорскага, «пытанням якасцi трэба ўдзяляць першачарговую ўвагу... Праграмай урада прадугледжаны вялiкi комплекс мерапрыемстваў па ўкараненню сучасных эфектыўных метадаў кiравання якасцю, павышэнню канкурэнтаздольнасцi i экспартных магчымасцяў беларускiх таваравытворцаў». Таксама прэм’ер-мiнiстр заявiў, што асаблiвае развiццё ў блiжэйшыя пяць гадоў атрымаюць работы па павышэнню якасцi паслуг, якiя аказваюцца насельнiцтву. Да 2010 года знос асноўных фондаў у беларускай энергасiстэме павiнен быць зменшаны да 45 працэнтаў. Сёння ж гэты паказчык складае 60 працэнтаў. Таксама будуць прыкладацца намаганнi па максiмальнаму выкарыстанню мясцовых вiдаў палiва. Так, на працягу пяцi гадоў у краiне мяркуецца пабудаваць больш за 50 ТЭЦ, якiя будуць працаваць на мясцовых рэсурсах... У АПК — стварэнне канкурэнтаздольнай вытворчасцi Галоўная задача ў аграпрамысловым комплексе краiны — «стварэнне канкурэнтаздольнай вытворчасцi i эфектыўнай перапрацоўкi сельскагаспадарчай прадукцыi». «Механiзм вырашэння гэтай задачы вызначаны Праграмай развiцця i адраджэння вёскi. Яго аснова — стварэнне аграгарадкоў, якiя маюць неабходную вытворчую i сацыяльную iнфраструктуру». Сёння, паводле слоў Сяргея Сiдорскага, ужо функцыянуе 164 аграгарадкi, якiя прайшлi неабходную сертыфiкацыю. За пяцiгоддзе павiнна быць створана яшчэ 1317 аграгарадкоў. Прэм’ер-мiнiстр заявiў, што за блiжэйшыя пяць гадоў «неабходна сур’ёзна мадэрнiзаваць будаўнiчую галiну рэспублiкi». На думку ўрада, для гэтага спатрэбiцца каля 3 трлн рублёў. Дадзеныя сродкi будуць накiраваны ў асноўным на абнаўленне асноўных фондаў арганiзацый, якiя працуюць у будаўнiчай галiне. Мадэрнiзацыя будаўнiчай галiны павiнна забяспечыць павелiчэнне ўводу жылля ў краiне да 2010 года да 6,2 млн квадратных метраў. Асаблiвая ўвага пры гэтым будзе ўдзяляцца павелiчэнню аб’ёмаў будаўнiцтва жылля для грамадзян, якiя стаяць на ўлiку як маючыя патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, а таксама падтрымцы шматдзетных маладых сем’яў. Змяншэнне падатковага цяжару Асноўныя плануемыя крокi ўрада ў фiнансавай i грашова-крэдытнай палiтыцы — «спрашчэнне падатковай сiстэмы, рэальнае змяншэнне падатковага цяжару». У прыватнасцi, прадугледжваецца змяншэнне колькасцi i памераў мясцовых падаткаў i збораў. Што датычыцца памеру iнфляцыi, то ў 2010 годзе яе плануецца ўтрымлiваць на ўзроўнi не больш за 5 працэнтаў. «Гэта, у сваю чаргу, дазволiць знiзiць кошт крэдытных рэсурсаў банкаў для прадпрыемстваў i насельнiцтва». Прыярытэтам у сацыяльнай палiтыцы, паводле слоў Сяргея Сiдорскага, будзе рост рэальных грашовых даходаў насельнiцтва. Так, сярэдняя заработная плата да 2010 года павiнна дасягнуць у краiне сумы, эквiвалентнай 500 доларам ЗША. «Аднак даходы насельнiцтва будуць напрамую залежаць ад работы рэальнага сектара эканомiкi. Iншымi словамi, гэтыя грошы мы павiнны зарабiць у нашай эканомiцы, нiхто iх нам проста так не дасць...» Спрашчэнне заканадаўства па прадпрымальнiцтву Як адзначыў прэм’ер-мiнiстр, урад «робiць вялiкую стаўку на ўклад малога i сярэдняга бiзнэсу ў развiццё эканомiкi краiны». Мяркуецца, што да канца 2010 года колькасць занятых у гэтай сферы дасягне 23—25 працэнтаў ад агульнай колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцтва. «Гэта вельмi высокi паказчык. Малы бiзнэс рэальна стане сур’ёзным дадатковым фактарам нашага эканамiчнага развiцця. Патэнцыял прадпрымальнiцтва будзе цалкам раскрыты i задзейнiчаны ў вырашэннi ўсiх нашых прыярытэтаў, вызначаных кiраўнiком дзяржавы на гэтае пяцiгоддзе...» Плануецца iстотна спрасцiць заканадаўства, якое рэгулюе пытаннi стварэння, дзейнасцi, лiквiдацыi суб’ектаў прадпрымальнiцтва, а таксама лiцэнзавання асобных вiдаў дзейнасцi. Прадпрымальнiкi могуць разлiчваць «на значнае знiжэнне падаткаў». Гэта будзе датычыцца тых, хто «працуе ў такiх важных для дзяржавы сферах, як iнавацыi, энергазберажэнне, iмпартазамяшчэнне, аказанне сацыяльна значных паслуг». Асаблiвыя падатковыя льготы плануецца даць малому i сярэдняму бiзнэсу пры стварэннi iм новых працоўных месцаў у рэгiёнах краiны, якiя маюць значныя працоўныя рэсурсы. Перамовы па газу праходзяць «у канструктыўнай форме» Адказваючы на пытаннi дэпутатаў, Сяргей Сiдорскi пракаментаваў намер расiйскай кампанii «Газпрам» з наступнага года значна падняць кошт прыроднага газу для Беларусi. Паводле слоў прэм’ер-мiнiстра, 1 чэрвеня скончыўся чарговы раунд перамоў беларускай дэлегацыi з прадстаўнiкамi кампанii «Газпрам». Беларускi бок «задаволены ходам перамоў», якiя праходзяць «у канструктыўнай форме». Што датычыцца кошту газу, то Сяргей Сiдорскi не стаў называць якiх-небудзь лiчбаў, заявiўшы толькi, што зараз беларускi бок «шукае эканамiчныя падыходы, эканамiчныя рычагi, якiя маглi б уплываць на цану на газ для нашай краiны». Пры гэтым ён дадаў, што падчас перамоў абмяркоўваюцца такiя моманты, як здабыча газу Беларуссю сумесна з Расiяй, транспарцiроўка беларускага газу па газатранспартнай сiстэме «Газпрама», транспарцiроўка расiйскага газу па газатранспартнай сiстэме «Белтрансгаза», выкарыстанне «Газпрамам» беларускiх сховiшчаў, а таксама iх развiццё i г.д.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ўчарашнiм пасяджэннi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу аднагалосна адобрылi («за» прагала-савалі 104 парламентарыі, «супраць» ніхто |
|