Паветранаму парушальнiку падрэзалi крылы
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Лiтоўскаму лётчыку не ўдалося паўтарыць подзвiг Руста
Пазаўчора ўвечары дзяжурныя сiлы войскаў процiпаветранай абароны (ППА) нашай краiны заўважылi малахуткасны лятаючы аб’ект. Паводле звестак прэс-службы Мiнiстэрства абароны нашай краiны самалёт перасёк лiтоўска-беларускую мяжу на нiзкай вышынi. Беларускiя вайскоўцы прынялi ўсе меры для вызначэння прыналежнасцi лятаючага апарата. Па iнфармацыi 570 цэнтра арганiзацыi паветранага руху гэты самалёт не быў заяўлены для пралёта над тэрыторыяй Беларусi. Кiраўнiк палётаў 206 штурмавой авiябазы неаднаразова спрабаваў выйсцi на сувязь з пiлотам на аварыйнай частаце. Але нiякага адказу беларускiя вайскоўцы не атрымалi. Таму ўу паветра па трывозе быў падняты самалёт дзяжурнага звяна СУ-25, якi прымусiў парушальнiка зрабiць пасадку на ваенным аэрадроме «Лiда». Высветлiлася, што самалёт зарэгiстраваны ў Каунаскiм аэраклубе. Несанкцыянаваны пералёт здзейснiў грамадзянiн Лiтвы. Разам з iм на борце была 23-гадовая пасажырка. Нiякiх дакументаў нi пiлот, нi пасажыр пры сабе не мелi. Па звестках «Звязды» прозвiшча пiлота Тадас Блажавiчус. Паводле слоў пiлота, ён не наўмысна парушыў паветраную мяжу Беларусi, а проста заблудзiўся, згубiў арыентацыю i страцiў сувязь, таму i не мог адказаць на запыты беларускiх вайскоўцаў. Зараз усе гэтыя звесткi правяраюць беларускiя кампетэнтныя органы. Дарэчы, гэта не першы выпадак незаконнага пералёту з Лiтвы ў Беларусь. У лiстападзе 2003 года прыкладна за 10 кiламетраў ад беларуска-лiтоўскай мяжы ў лесе паблiзу вёскi Азёры Гродзенскага раёна мясцовы паляўнiчы выпадкова натрапiў на разбiты самалёт Vilga-35. На месцы трагедыi былi знойдзены астанкi двух чалавек. I хоць спартыўны самалёт не меў апазнавальных знакаў, следчым Беларускай транспартнай пракуратуры ўдалося ўстанавiць асобу чалавека, якому фармальна належаў лятаючы апарат. Таксама было высветлена, што самалётам кiраваў пiлот-аматар, жыхар лiтоўскага горада Прэнай. Для пералёту праз мяжу ён выкарыстаў тактыку знакамiтага Руста, якi ў сярэдзiне 80-х здолеў на вельмi нiзкай вышынi, незаўважна для войскаў процiпаветранай абароны, перасячы гранiцу СССР i прызямлiцца на сваiм самалёце прама на Краснай плошчы. У адрозненне ад Руста, лiтоўскi пiлот (па адной з версiй следства, ён займаўся перапраўкай паветраным шляхам праз беларуска-лiтоўскую мяжу нелегальных мiгрантаў) мякка прызямлiцца не змог. Праўда, i сiлы ППА тады не здолелi «зафiксаваць» парушальнiка. А вось на гэты раз беларускiя вартавыя паветранай мяжы не толькi своечасова выявiлi «нашчадка Руста», але i затрымалi яго.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiтоўскаму лётчыку не ўдалося паўтарыць подзвiг Руста
|
|