Спорт як «страхоўка» ад бяды
Сяргей ГРЫБ, Бялынiцкi раён
Адрасы вопыту Як сведчыць статыстыка, зараз не мае нiякiх захворванняў толькi кожны дзесяты беларускi школьнiк. Пры гэтым адной з прычын праблем са здароўем з’яўляецца нiзкая фiзiчная нагрузка. Тым часам спецыялiсты адзначаюць: «стандартны» ўрок фiзкультуры здольны «кампенсаваць» рухомую актыўнасць дзiцяцi ўсяго на 11—13, два ўрокi — прыкладна на 22, а тры — на 33 працэнты. Надалей утвараецца «прабел». I, як паказвае практыка, складаней за ўсё лiквiдаваць яго за межамi буйных гарадоў — там, дзе традыцыйна адчуваецца недахоп спартыўнай iнфраструктуры.Калi не унiкальны, то вельмi цiкавы для невялiкiх, тыпова сельскагаспадарчых раёнаў факт. Вось ужо больш чым дзесяцiгоддзе Бялынiччына мае свайго прадстаўнiка ў вышэйшай лiзе чэмпiянату Беларусi — жаночы гандбольны клуб «Друць-Белпак-Унiверсiтэт». За гэты час каманда неаднойчы станавiлася сярэбраным i бронзавым прызёрам нацыянальнага першынства, i што не менш адметна — удзельнiцай еўракубкаў. Зрэшты, больш важна iншае. Бялынiчы захавалi ўласную дзiцяча-юнацкую спартыўную школу. Сёння ў ёй займаецца каля 450 школьнiкаў, сярод якiх амаль трэць пражывае ў вёсках. — Безумоўна, асноўнай мэтай быў i застанецца так званы «спорт высокiх дасягненняў», — кажа дырэктар Бялынiцкай дзiцяча-юнацкай спартыўнай школы Вiталь Кулiк. — Таму наша першая задача — пошук талентаў для вучылiшчаў алiмпiйскага рэзерву. Пры гэтым тут можна казаць аб някепскiх вынiках. Школа вядзе падрыхтоўку iгракоў для гандбольнай каманды, нашы навучэнцы ўваходзiлi ў тройку пераможцаў абласных i рэспублiканскiх спартакiяд ДЮСШ i алiмпiйскiх гульняў моладзi, занялi другое месца па бегу на 10 тыс. метраў на мiнулым першынстве Еўропы сярод юнiёраў. Але цi не галоўнае, што толькi за апошнiя гады па сваiх узростах у нацыянальныя зборныя Беларусi адсюль былi накiраваны 3 легкаатлеты i 2 бiятланiсты. Даводзiцца канстатаваць, што цiкавасць да спорту пакрысе змяншаецца — шмат хто з дзяцей аддае перавагу тэлевiзару цi камп’ютару. Змяншаецца (зноў- такi агульная дэмаграфiчная праблема) i колькасць самiх вучняў. Тым не менш ДЮСШ захавала папулярнасць. Змянiлiся хiба што прынцыпы адбору. Раней перш-наперш ён рабiўся па ўзроўню спартыўнай падрыхтоўкi. Зараз жа найбольш «важкая» ўмова для пачатку заняткаў — адпаведная даведка медыкаў. А ў астатнiм ўсё будзе залежыць выключна ад жадання. — Сёння спорт — гэта не проста вялiкая праца, але i не менш вялiкiя сродкi, — працягвае Вiталь Кулiк. — Варта падкрэслiць, што ў будучым з iм змогуць звязаць свой лёс адзiнкi. Аднак казаць, што для ўсiх астатнiх трэнiроўкi пройдуць дарэмна, таксама нельга. Дзiцяча-юнацкая спартыўная школа фактычна становiцца «стартавай пляцоўкай» для многiх настаўнiкаў фiзкультуры, работнiкаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў. У рэшце рэшт, тут займаюцца проста «для сябе» — у любой прафесii здароўе лiшнiм не бывае. Цi не самае складанае пытанне — грошы. Фiнансаванне ДЮСШ не спынялася нiколi. Праўда, мякка кажучы, яго памеры былi недастатковымi. Становiшча змянiлася толькi летась. Мясцовыя ўлады выдаткавалi грошы на набыццё iнвентару i экiпiроўкi для ўдзельнiкаў спаборнiцтваў. Вядома, было б зусiм нялiшнiм, каб па завядзёнцы «савецкiх» часоў школа магла забяспечваць тымi ж красоўкамi, шыпоўкамi, кедамi, формай i касцюмамi лiтаральна кожнага — прынамсi, пры пераходзе з групы пачатковай падрыхтоўкi ў навучальна-трэнiровачную групу. Аднак Бялынiччына — раён датацыйны. I якiя-небудзь дадатковыя тлумачэннi тут будуць залiшнiмi. — Прыемна ўжо тое, што сёння лепшыя выхаванцы могуць практычна без перашкод выязджаць на разнастайныя абласныя i рэспублiканскiя турнiры за межы раёна, — працягвае Вiталь Кулiк. — А падобная акалiчнасць — адчувальны стымул для заняткаў. Да таго ж нельга не заўважыць, што палепшылася сама матэрыяльная база, ад якой, не сакрэт, напрамую залежыць колькасць навучэнцаў любой ДЮСШ. На гэтым укладаннi ў спорт не спыняцца. У Бялынiчах запланавана адкрыццё фiзкультурна-аздараўленчага комплексу — з вялiкай гульнявой залай i басей- нам. Як чакаецца, будаўнiцтва комплексу пачнецца сёлета ўвосень, а закончыцца прыкладна ў 2008 годзе. I падобны праект не адзiны. Паралельна ёсць намер павялiчыць колькасць аддзяленняў раённай ДЮСШ непасрэдна ў вёсках. Такiя фiлiялы працуюць пры Iскраўскай базавай, а таксама Вiшоўскай, Лебядзянкаўскай, Цiхцiнскай i Свяцiлавiцкай сярэднiх школах. А з 1 верасня тут будзе папаўненне — школа ў Машчанiцы. — Калi-нiкалi можна пачуць, што, маўляў, вясковыя дзецi шмат дапамагаюць па хатнiх справах i для iх спорт не з’яўляецца надта важным, — зазначае трэнер Вiшоўскага фiлiяла ДЮСШ Аляксей Чудакоў. — Аднак гэта меркаванне ўжо састарэла. У вёсках становяцца меншымi памеры гаспадарак, ствараюцца аграгарадкi, з’яўляюцца камунальныя выгоды — манера жыцця па-сутнасцi наблiжаецца да гарадской. Адпаведна, усё больш «гарадской» становiцца i агульная сiтуацыя з фiзiчнымi нагрузкамi. У Вiшоўскiм аддзяленнi займаецца каля 30 хлопчыкаў i дзяўчынак ва ўзроце ад 9 гадоў i вышэй. Для некаторых з iх гэта найбольш даступны шлях да спорту. Зайдзiце ў любую краму: простая клюшка ў ёй каштуе 20—25 тыс., канькi — каля 100 тыс., i прыкладна столькi ж — лыжы. Што да добрай экiпiроўкi, то яна абыдзецца мiнiмум у 500 долараў. Словам, з улiкам рэальных заробкаў вяскоўцаў сумы атрымлiваюцца значныя. А для сем’яў, дзе выхоўваецца па трое i больш дзяцей, — часам i ўвогуле «непад’ёмныя». — Усе трэнiроўкi ў нас праводзяцца цалкам бясплатна, — адзначае Аляксей Чудакоў. — I я лiчу, што такi ж падыход трэба захаваць i надалей — выдаткi на дзiцячую фiзкультуру павiнны мець 100-працэнтнае фiнансаванне з бюджэту. Прычым шкадаваць грошы на гэта нi ў якiм разе нельга. Не будзем забываць, што ў дадзеным выпадку iдзе гаворка аб здароўi, змаганнi з алкаголем i тытунём. А яшчэ — аб папярэджаннi падлеткавай злачыннасцi. Да прыкладу, вядома, што «цяжкiя» школьнiкi могуць быць лепшымi спартсменамi. I наша задача — не пазбаўляць iх магчымасцi рэалiзаваць свае спартыўныя здольнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як сведчыць статыстыка, зараз не мае нiякiх захворванняў толькi кожны дзесяты беларускi школьнiк. Пры гэтым адной з прычын праблем са здароўем з’яўляе |
|