Матч з Карэяй — апошнi для Зiдана?Футбол. Чэмпiянат свету У 2002-м французы не проста не выйшлi з групавога турнiру, але ў трох матчах не забiлi нiводнага мяча. Сёлета пакуль усё не так песiмiстычна, аднак выступленне чэмпiёнаў свету-1998 усё роўна не радуе.Цьеры Анры, нарэшце, пашчасiла паразiць вароты на сусветным першынстве, чаго нападаючым Францыi не ўдавалася зрабiць у такiм турнiры з 1998 года. Гол ў матчы з Паўднёвай Карэяй новаспечаны бацька прысвяцiў свайму сыну. Аднак у цэлым выступленне каманды Раймона Даменека пакуль можна расцанiць, як правал. У французаў лiнiя атакi дасюль застаецца праблематычнай. Доказ таму — самы дрэнны паказчык забiтых мячоў сярод еўрапейскiх дружын у час квалiфiкацыi на турнiр. Калi так пойдзе далей, то ў чарговы раз «трохколерным» трэба збiраць чамаданы. Зiнэдзiн Зiдан нават заявiў: «Нам па сiлах змагацца за чэмпiёнства. На жаль, я не змагу дапамагчы ў матчы з афрыканцамi, але, мяркую, i без мяне ўсе справяцца». Што ж, паглядзiм... Як i трэба было чакаць, выхад у 1/8 фiналу загадзя сабе забяспечылi футбольныя гранды — Аргенцiна i Галандыя. Акрамя iх, далей праходзяць Партугалiя i Бразiлiя. Асаблiва вызначылiся аргенцiнцы: вынiк гульнi з Сербiяй i Чарнагорыяй (6:0) — пакуль самы буйны на першынстве. Не дзiва, што галоўны настаўнiк пакрыўджаных такiм паражэннем Iлiя Петкавiч прызнаўся: «У мяне шок, бо матч з Аргенцiнай стаў самым дрэнным выступленнем нашай каманды». Сустрэча амерыканцаў i iтальянцаў запомнiлася колькасцю выдаленняў: раней тры iгракi пакiдалi поле на чэмпiянатах свету у 1938-м, 1954-м i 1998-м гадах. Сапраўдны сюрпрыз паднеслi дэбютанты з Ганы: яны не толькi сталi аўтарамi самага хуткага гола на турнiры, але засмуцiлi вопытных чэхаў. Лiк мог бы быць i яшчэ большым, калi б у другiм тайме Г’ян рэалiзаваў пенальцi, таму ганцаў без сумненняў можна назваць адкрыццём чэмпiянату. Праўда, гэты поспех можа паўплываць на чарговую гульню з ЗША. Коўч зборнай Ганы Ратамiр Дуйкавiч нават адзначыў, што зараз для яго галоўнае — супакоiць сваiх падначаленых, якiя «могуць знаходзiцца ў экстазе не адзiн дзень». Дарэчы, у тым, што iтальянцы згулялi з амерыканцамi ўнiчыю, Марчэла Лiпi абвiнавацiў менавiта футбалiстаў Ганы: «Мы не змаглi цалкам аднавiцца пасля той гульнi, таму, калi ў сапернiкаў выдалiлi двух iгракоў, не выкарысталi гэта. Я раззлаваны i расчараваны». Калi вярстаўся нумар. Зборная Швейцарыi абыграла каманду Тога з лiкам 2:0. Тагалезцы правядуць з французамi свой апошнi матч на турнiры, такi ж лёс можа напаткаць i каманду Зiдана. Група «С»: Аргенцiна — Сербiя i Чарнагорыя — 6:0 (Радрыгес, 6, 41, Камб’яса, 31, Крэспа, 78, Тэвес, 84, Месi, 88), Галандыя — Кот-Д’Iвуар — 2:1 (ван Персi, 23, ван Нiстэлрой, 27; Канэ, 38). Група «D»: Мексiка — Ангола — 0:0, Партугалiя — Iран — 2:0 (Дэку, 63, Раналду, 80—пен.). Група «Е»: Iталiя — ЗША — 1:1 (Джылардзiна, 22, Дзакарда, 27—аўт.), Чэхiя — Гана — 0:2 (Г’ян, 2, Мунтары, 82). Група «F»: Бразiлiя — Аўстралiя — 2:0 (Адрыана, 49, Фрэд, 89), Японiя — Харватыя — 0:0. Група «G»: Францыя — Паўднёвая Карэя — 1:1 (Анры, 9; Пак Чжы Сун, 81). ВЕСТКI З МУНДЗIЯЛЯ Брытанскiя балельшчыкi палiчылi абразай учынак аднаго з аргенцiнскiх iгракоў: справа ў тым, што Лiанэль Месi гуляе ў бутсах з надпiсам «Рука Бога-86». Узгадаем, што менавiта на турнiры-1986 Дзiега Марадона забiў мяч рукой у англiйскiя вароты. Чэхi настолькi моцна верылi ў поспех сваёй зборнай, што стаўкi на матч з Ганай дасягалi мiльёна долараў. Як ведаем, дарма. Берлiнскiм палiцэйскiм прад’яўлена абвiнавачванне ў перавышэннi сваiх паўнамоцтваў. Так, у нядзелю 21-гадовы балельшчык быў дастаўлены ў бальнiцу пасля шматлiкiх удараў нагамi. Iсламiсты, што два тыднi таму захапiлi ўладу ў сталiцы Самалi Магадзiшу, дазволiлi жыхарам глядзець матчы. Прыгадаем: сачыць за спаборнiцтвамi забаранялася з-за iх неадпаведнасцi рэлiгiйным традыцыям народа. Падрыхтавала Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2002-м французы не проста не выйшлi з групавога турнiру, але ў трох матчах не забiлi нiводнага мяча
|
|