21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Назавi мяне па iменi

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Настасся ЦЕЛЕШАВА

Погляд

Сама па сабе звестка пра тое, што ў клас прыйдзе новенькая, нас — другаклашак — мала ўразiла. Iншая справа — казачнае iмя дзяўчынкi... Якой толькi мы не ўяўлялi Васiлiсу — даўжэзная каса, шчочкi-яблычкi, ясныя блакiтныя вочкi, цудоўны строй. У тую хвiлiну, калi малая павiнна была ўвайсцi, нашы погляды сканцэнтравалiся на дзвярах, i тут... Натуральна, такой неадпаведнасцi маленькай спадарынi свайму iменi мы не чакалi. Новенькая была ну вылiтая Алiса Селязнёва: кiрпаносенькая, з кароценькай стрыжачкай i чорцiкамi ў карых вачах. Адным словам — не Васiлiса...

Час змянiўся: зараз, безумоўна, Васiлiсай, як i Арынай, Мацвеем цi Данiлам не здзiвiш — рамантычны, казачны флёр зляцеў i надоўга... Сёння погляд прыцягвае не пяць Сафiек, якiя лепяць кулiчы ў пясочнiцы, а хутчэй банальная для пакалення васьмiдзесятых Марыля цi Сяргей. Таму i здаецца — iмя ўтрымлiвае ў сабе спiс нейкiх характарыстык толькi да таго моманту, як было растыражыравана, разбеглася па тысячах пасведчанняў аб нараджэннi.

Мудрыя гавораць: iмя кiруе лёсам. Цi так гэта? Цi трэба за формай шукаць змест? Чым кiравацца пры няпростым выбары? Адны бацькi называюць сына цi дачку ў гонар любiмага дзядулi цi цётачкi, другiя тыднямi праседжваюць над мудрагелiстымi кнiгамi цi ля камп’ютара ў пошуку неверагодна прыгожага, падыходзячага iмя, трэцiм дастаткова проста ўбачыць тыя вочкi — i адразу зразумець: то ж Аленка! I так хочацца пры гэтым не памылiцца, каб дзiця праз гады не сказала: ну i назвалi вы мяне, ну i долю «прапiсалi»... Праўда, не зусiм зразумела, якi лёс могуць убачыць тлумачальнiкi iмёнаў за савецкiмi ноу-хау Кукуцаполь (Кукуруза — царица полей) цi Лунио (Ленин умер, но идеи остались).

На пачатку было iмя...

Традыцыя называць малых па царкоўнаму календару сышла на не амаль сто гадоў таму. Але ўсё роўна пры хрышчэннi свяшчэннiк дае немаўляцi праваслаўнае iмя (звычайна — з яўрэскiмi, грэчаскiмi, лацiнскiмi цi славянскiмi каранямi), якое ёсць у Святцах. Цiкава, што тых жа папулярных Алiны цi Артура там няма. Безумоўна, здараецца, iмя ў дакументах не супадае з атрыманым пры хрышчэннi, у такiх выпадках у царкве веруючы называе сябе iмем, якi яму даў свяшчэннiк. Праваслаўнаму трэба ведаць, у гонар якога святога ён названы, каб адзначаць iмянiны. Робiцца гэта раз у год звычайна ў дзень, якi блiжэй за iншыя стаiць да дня нараджэння хрышчонага. Iвану, напрыклад, прыйдзецца выбiраць з 212 мучанiкаў Iаанаў, каб знайсцi свайго заступнiка.

— Лёс Гасподзь стварае разам з чалавекам, а iмя — толькi частка жыцця, — кажа святар Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора Вiталiй Харытановiч. — Яно ў некаторых выпадках можа ўплываць на рысы характару, але не на маральны выбар. Канешне, не вельмi добра, калi немаўля называюць, скажам, Рэвалюцыяй, цi толькi дзеля мiлагучнасцi — Алесяй. Што датычыцца малiтоўнага заступнiцтва, то на яго, безумоўна, можна разлiчваць.

У сваю чаргу, настаяцель Салезiянскай Супольнасцi ў Мiнску, ксёндз Аляксандр Яшэўскi разважае так: «Для каталiкоў iмя — абраз чалавека, яно вечнае i таму свяшчэннае, патрабуе павагi ў знак годнасцi таго, хто яго носiць. Бог клiча кожнага па iменi яго, таму гэты выбар мае вялiкае значэнне. Пры хрышчэннi хрысцiянiн атрымлiвае iмя святога, якi пражыў сваё жыццё сведчачы аб Богу i можа сапраўды называцца вучнем Хрыстовым. За кожным iмем — свой заступнiк, звычайна пры хрышчэннi малога называюць у адпаведнасцi з тым святым, чыё iмя прыпадае на дзень нараджэння альбо хросту. Калi немаўля ўжо завецца не па-хрысцiянску, напрыклад, Мiлана, то падчас сакрамэнту яму даецца яшчэ адно iмя, якое нельга мяняць. А вось спiс iмёнаў святых можна знайсцi ў спецыяльнай кнiзе «Святыя на кожны дзень».

У Аляксандра Розенберга, выканаўчага дырэктара Iудзейскага рэлiгiйнага аб’яднання Беларусi, свой погляд на праблему: «Безумоўна, iмя чалавека нясе своеасаблiвае прароцтва, у хлопчыкаў працэдура называння праходзiць на восьмыя пасля нараджэння суткi пасля абраду абразання, у дзяўчынак — у блiжэйшы пасля нараджэння дзень чытання свяшчэннай кнiгi Торы. У большасцi выпадкаў iмя даецца ў гонар сваякоў, памерлых у свой тэрмiн цi згодна з iмёнамi праведнiкаў, якiя згадваюцца ў Торы (звычайна — у раздзеле, які чытаецца ў сiнагозе ў гэты тыдзень). У некаторых выпадках немаўля можа атрымаць два iменi, напрыклад, калi маленькi хварэе, яго «дадаткова» могуць назваць Хаiм, што значыць жыццё. Цiкава, што ў вучэннi Кабалы асаблiвы сэнс маюць не толькi словы, але i лiтары, якiя звязваюць уладальнiка iмя з вышэйшымi сiламi.

На гучанне аднаго i таго ж па паходжанню iмя можа ўплываць... геаграфiя: у многiх краiнах яўрэйскiх хлопчыкаў называюць Якаў, у той час як у Беларусi можна пачуць Янкель. Мiж iншым, у Расii закон, якi забараняў яўрэям браць неяўрэйскiя iмёны, быў адменены толькi ў 1917 годзе. Адсюль — Лейбы, якiя раптоўна сталi Львамi. Канешне, у большасцi веруючых iудзеяў, народжаных у часы Савецкага Саюза, пашпартныя даныя адрознiваюцца ад рэлiгiйных. Па дакументах чалавека могуць зваць Вадзiм, у той час як равiн даў яму iмя Ёсэф».

У мусульман iмя малому выбiраюць бацькi i ўзгадняюць яго з мулой. Фармальнага спiса мусульманскiх iмёнаў няма: рашэнне, наколькi яно адпавядае iсламу, прымае зноў-такi служыцель культу. Самыя ганаровыя iмёны супадаюць з 99 эпiтэтамi Усявышняга, сярод iх i Рахман (лiтасцiвы). Асобае месца на Усходзе аддаецца iмёнам жонак i дачок прарока Мухамеда, напрыклад, Аiшы i Зейнаб. Называюць малога ў мячэцi. Немаўля кладуць галавой у бок Мекi, потым мула вымаўляе заклiк да малiтвы i саму малiтву. Пасля чаго свяшчэннаслужыцель шэптам гаворыць спачатку ў правае, потым у левае вуха хлопчыка цi дзяўчынкi яго iмя i ўрачыста аб’яўляе яго. На думку мусульман, iмя на лёс не ўплывае, бацькi, называючы сына цi дачку, толькi жадаюць надаць яму нейкiя якасцi, а як складзецца яго жыццё, залежыць толькi ад самога чалавека.

Iвета, Жаржэта...

Насiць экзатычнае iмя (як, дарэчы, i вельмi простае) справа нялёгкая. Мая аднакласнiца Васiлiса толькi праз гады зразумела, якi падарунак падчас нараджэння далi ёй бацькi. А ў дзяцiнстве далёка не адзiн раз прасiла родных змянiць яго.

Начальнiк аддзела ЗАГС Цэнтральнага раёна Мiнска Лiлiя Яўсеенка гаворыць, што справа гэта не вельмi цяжкая. Калi вы дасягнулi шаснаццацi гадоў i жадаеце звацца, скажам, не Пятром, а Раманам, то вам трэба проста пайсцi ў ЗАГС па месцы жыхарства, прынесцi неабходныя пасведчаннi i паперы, напiсаць заяву i патлумачыць, чаму да вас прыйшла думка змянiць iмя. Як сведчыць Лiлiя Яўгенаўна, па заканадаўству людзi могуць зрабiць гэта, калi хочуць звацца па iменi, якое атрымалi пры хрышчэннi, цi... абнародаваць псеўданiм. Напрыклад, Аўрора Дзюпэн магла б лёгка стаць Жорж Санд. Але ўсё ж такi ў большасцi выпадкаў прычыны, якiя падштурхоўваюць людзей на новыя пашпартныя даныя, сярод афiцыйных не значацца i з’яўляюцца выключэннямi. Такiх заяў за год звычайна набiраецца не больш як дзесяць.

Нядаўна, напрыклад, Ларыса стала Лаурай: жанчына часцяком ездзiць у замежныя камандзiроўкi, i з такiм (больш заходнiм) iмем ёй прасцей. Здараецца, прадстаўнiцы слабага полу думаюць, што, напрыклад, Стэфанiям у асабiстым жыццi шанцуе ну ў разы больш, чым Валянцiнам. Натуральна, iмёны мяняюць i дзецям (робiцца гэта са згоды бацькоў, калi малы носiць iмя, якое адрознiваецца ад запiсанага ў пасведчаннi), не так даўно ў Цэнтральным ЗАГСе Ганну «ператварылi» ў Аю. Бо Аяй дзяўчынка была нават у класным журнале. Увогуле супрацоўнiкi дзяржаўных органаў да працэдуры змены iмя ставяцца спакойна, гавораць, што галоўнае, каб чалавеку добра было. Згаджаюцца з гэтай думкай i псiхолагi. Цiкава, што ў гiсторыi Цэнтральнага ЗАГСа быў выпадак, калi жанчына адно за адным змянiла iмя, прозвiшча i прозвiшча па бацьку.

Каб не стаць iзгоем

А вось спявачка Iскуi Абалян нiколi не хацела змянiць сваё даволi незвычайнае нават для Арменii iмя i сцвярджае, што яно (у перакладзе «iскуi» — iсцiнная) стала нават пазiцыяй. «Так, iмя ўздзейнiчае на лёс, напрыклад, я па жыццю — барацьбiт за справядлiвасць, — каментуе праблему поп-зорка. — Я ведаю людзей, якiя пасля таго, як змянiлi нядобрае на iх думку iмя, сталi шчаслiвымi. А пра незвычайныя выпадкi са сваiм iмем я магла б напiсаць кнiгу. Адна з такiх гiсторый адбылася без майго ўдзелу: два гады таму недзе пад Пiнскам у адзiн багаты дом падкiнулi маленькую дзяўчынку, якая нарадзiлася, як i я, 23 снежня, а яшчэ ў яе былi такiя радзiмкi на твары, як у мяне. Калi тая сям’я даведалася, што ў немаўляцi цячэ i армянская кроў, назвалi яе Iскуi. Зусiм не выключана, што калi-небудзь я пазнаёмлюся з цёзкай».

Не дзiўна, што ў гастролях Абалян заўжды з цiкавасцю разглядвае свае афiшы, шукае памылкi, i, на жаль, знаходзiць iх. У Кемераве беларускую спявачку неяк «адцiснулi» як Iзгуi Аболян, пасля адзiн з калег усё жартаваў: «Iзгой ты наш». А вось у школьныя гады ў палiклiнiцы картачку Iскуi паклалi ў «хлапчуковы» стосiк, бо не зразумелi, што гэта — жаночае iмя.

Дарэчы, пра адрозненнi па полу. У майго суседа па дачы дзядзькi Толi дзве дзяўчынкi. I што другiм малым у сям’i будзе зноў дачка, Анатоль Iванавiч нiяк не чакаў, ён нi хвiлiначкi не сумняваўся — народзiцца сын, а на свет з’явiлася Вольга. Што, у рэшце рэшт, не перашкодзiла ўпартаму тату выхаваць у ёй лепшыя мужчынскiя якасцi i, мiж iншым, называць красуню... Юрачкай. Уявiце нашы твары, калi на крык: «Юрачка, ну дзе ж ты?», — выбегла даўганогая Волечка, якую ўслед за бацькам так клiчуць усе знаёмыя. Таму i не дзiўна, што мы не раз чулi ад дзяўчыны, што калi б тата зваў Сашкам, то iмя на Аляксандру змянiла б адназначна.

I напрыканцы... Вось ужо якi год запар маё ўласнае iмя лiдзiруе сярод маленькiх мiнчанак. I калi раней я з сарамлiвай цiкавасцю чытала артыкулы пра значэнне «Настассi», i нават знаходзiла неверагодныя супадзеннi ў апiсваемых рысах характару, скрыжаваннях лёсу, то зараз... Беларуская зямля, як сведчыць статыстыка, i сапраўды не ведала столькi Настассяў, i наўрад цi сярод iх можна знайсцi хоць бы двух падобных. Яшчэ ў дзяцiнстве я (цэлыя тры гады адзiная Настачка ў двары), пазнаёмiўшыся з цёзкай, на пытанне: як цябе клiчуць? пачала ўпэўнена адказваць: «Пятровiч». Нiяк не магла згадзiцца з думкай, што яшчэ хтосьцi можа насiць маё iмя, вырашыла быць Пятровiчам, адзiным у свеце.

Менавiта адзiным на ўсёй планеце мы жадаем быць i для самых блiзкiх. Таму, безумоўна, iмя — адзiн з галоўных атрыбутаў чалавека. Нездарма няма большай крыўды для жанчыны, калi каханы пераблытвае яго. А ўвогуле я ведаю абсалютна дакладна — з iмем Вiктар вы ўправе спадзявацца на падораныя нябёсамi перамогi. I ўжо дакладна можаце стаць чыiмсьцi Верай, Надзеяй, Любоўю.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сама па сабе звестка пра тое, што ў клас прыйдзе новенькая, нас — другаклашак — мала ўразiла. Iншая справа — казачнае iмя дзяўчынкi... Якой толькi мы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика