«Аблой» — знаходка для злодзея
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Будзьце пiльнымi! У Мiнску затрымана група злачынцаў, якая здзейснiла больш за 30 кватэрных крадзяжоў.Лета — «залатая пара» для кватэрных зладзеяў. Многiя гарадскiя жыхары, пакiнуўшы без нагляду сваё жыллё, выехалi на дачы цi ўвогуле за межы краiны. Гэтую бестурботнасць i спрабуюць скарыстаць «дамушнiкi». Як паведамiў начальнiк аддзела iнфармацыi i грамадскiх сувязяў ГУУС Мiнгарвыканкама Алег Слепчанка, толькi за апошнi месяц сталiчнымi аператыўнiкамi былi выяўлены i абясшкоджаны 3 арганiзаваныя злачынныя групы кватэрных зладзеяў. На рахунку адной з такiх груп больш за 30 крадзяжоў з пранiкненнем у чужое жыллё. Адметна, што злачынцы самi жылi ў Барысаве, а ў Мiнск прыязджалi, так бы мовiць, на «паляванне». Прычым зладзеi аблюбавалi чамусьцi Першамайскi i Савецкi раёны сталiцы i спецыялiзавалiся на «раструшчваннi» кнопкавых замкоў сiстэмы «Аблой». Для зладзеяў такiя замкi былi самымi лёгкадаступнымi. Яшчэ 2 групы «дамушнiкаў» самым банальным чынам выбiвалi ўваходныя дзверы. Такiм чынам яны здзейснiлi больш за паўсотню крадзяжоў, пакуль не трапiлi ў рукi сталiчных сышчыкаў. Увогуле ж, мiнскай мiлiцыяй сёлета раскрыта 712 кватэрных крадзяжоў i 76 аналагiчных злачынстваў мiнулых гадоў. Адметна, што больш за палову кватэрных крадзяжоў учынена шляхам... свабоднага доступу. Многiя мiнчане не праяўляюць пiльнасцi i пускаюць у свае кватэры незнаёмых людзей, а з некаторымi нават распiваюць спiртныя напоi. У вынiку такiх «гасцiнных паводзiнаў» гаспадары жылля i пазбаўляюцца грошай i каштоўных рэчаў. Таму сталiчная мiлiцыя заклiкае мiнчан быць пiльнымi i нагадвае, што кватэрных крадзяжоў можна ўвогуле пазбегнуць, абсталяваўшы сваё жыллё ахоўнай сiгналiзацыяй. За апошнiя гады крадзяжоў з такiх кватэр увогуле не дапушчана.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мiнску затрымана група злачынцаў, якая здзейснiла больш за 30 кватэрных крадзяжоў |
|