Адзiнаццаць метраў да чвэрцьфiналуФутбол. Чэмпiянат свету «жоўта-блакiтныя» дэбютанты пераадолелi без падтрымкi трэнераУкраiнцы больш як дзесяць гадоў iшлi да свайго першага топ-турнiру i, апынуўшыся на мундзiялi ў Германii, адразу ўзялi быка за рогi. Нашы паўднёвыя суседзi ўжо ў васьмёрцы мацнейшых каманд планеты. За перамогу над швейцарцамi «жоўта-блакiтным» паабяцалi прэмiю ў памеры 4,5 мiльёна еўра. Вiншуем з вiкторыяй i радуемся таму, што ў серыi пасляматчавых пенальцi ўкраiнцам дапамог выхаванец мiнскай футбольнай школы «Змена» Арцём Мiлеўскi: ён змог першым забiць гол пасля «прастрэлу» Шаўчэнкi. У «футбольнай латарэi» асаблiва праявiў сябе ўкраiнскi галкiпер Аляксандр Шаўкоўскi, якi не прапусцiў нiводнага мяча. Калi балельшчыкi з задавальненнем сачылi за выкананнем адзiнаццацiметровых, сведкамi якiх на гэтым турнiры сталi ўпершыню, то галоўны трэнер украiнскай зборнай Алег Блахiн пасля заканчэння дадатковага часу адразу пайшоў у раздзявальню. «120 хвiлiн аказалiся занадта цяжкiмi для маiх нерваў, — растлумачыў настаўнiк. — Я нават сказаў iгракам, каб яны самi вырашалi, каму бiць». Наконт наступнай гульнi Блахiн заўважыў, што i там не абыдзецца без «вайны нерваў», бо Iталiя мае добрую абарону i вельмi небяспечная ў контратаках. Безумоўна, трэнер мае рацыю. Што ж датычыцца выхаду iтальянцаў у 1/4 фiналу, то ў гэтым наўрад цi хто сумняваўся, але не такiм шляхам, непрыемны «прысмак» ад матча з аўстралiйцамi застаўся. Прыгадаю, што iспанскi арбiтр Луiс Медзiна Марыо назначыў на пятай дадатковай хвiлiне даволi спрэчны пенальцi. Франчэска Тоцi, якi замянiў Алясандра Дэль П’ера, зразумела, выкарыстаў такi «падарунак» рэферы. Каманда «зялёнага» кантынента не столькi прайграла, колькi iтальянцам дазволiлi выйграць. Канешне, фаварытам у гэтай пары з’яўлялiся менавiта падначаленыя Марчэла Лiпi i, хутчэй за ўсё, i без сумнiўнага пенальцi яны б здолелi выйграць у Аўстралii, але ж... Вынiкi матчаў 1/8 фiналу: Швейцарыя — Украiна — 0:0(0:3) (Мiлеўскi, Раброў, Гусеў — пен.), Iталiя — Аўстралiя — 1:0 (Тоцi, 90+5, пен.). Матч 1/4 фiналу Iталiя — Украiна адбудзецца 30.06 а 22-й гадзiне. ВЕСТКI З МУНДЗIЯЛЯ Выступленне нападаючага кiеўскага «Дынама» Арцёма Мiлеўскага зацiкавiла шэраг клубаў, сярод якiх i «Порту». Японскi бiзнэсмен набыў залаты футбольны мяч, што быў выстаўлены на ЧС-2006 на продаж, за 20,06 мiльёна йен (звыш 172,7 тысячы долараў). За матчамi сочаць 80 працэнтаў кiтайскiх жанчын, а сярод мужчынскага насельнiцтва гэты паказчык не перавышае 60 працэнтаў. Больш за ўсё i тыя, i другiя «хварэюць» за Бразiлiю. Падрыхтавала Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«жоўта-блакiтныя» дэбютанты пераадолелi без падтрымкi трэнера |
|