У Беларусi — пластыкавы бум, а ў Еўропе — мода на беражлiвае стаўленне да экалогii...
Надзея НIКАЛАЕВА
Экалогiя Прызнаюся, што мяне заўсёды цiкавiла: куды знiкае тое «мора» пластыкавых бутэлек, пластыкавай тары i полiэтыленавых пакетаў, якое мы штодня адпраўляем у сметнiцы i смеццеправоды. Ды i ўвогуе, цi многа вы бачылi ў сталiцы кантэйнераў для асобнага збору пластыку i шкла? Вядома, што ў заходнееўрапейскiх краiнах ужо даўно лiчыцца прыкметай дрэннага тону набываць тавары ў экалагiчна небяспечнай упакоўцы.— Гэта сапраўды так, менавiта на Захадзе нарадзiлася канцэпцыя «зялёнага спажывання», — расказвае старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша. — Больш таго, усе еўрапейскiя спажывецкiя арганiзацыi маюць экалагiчныя каранi. I ў Еўропе сёння на шчыт узнiмаюцца не толькi правы спажыўцоў, але i iх абавязкi. Зялёнае спажыванне — гэта канцэпцыя спажывання прадуктаў, вытворчасць якiх наносiць найменшую шкоду навакольнаму асяроддзю, прадуктаў, так бы мовiць, «сяброўскiх да навакольнага асяроддзя». Такiя прадукты павiнны змяшчаць мiнiмальную колькасць шкодных для чалавека рэчываў, а вытворчасць i утылiзацыя прадуктаў i iх упакоўкi павiнны быць як мага больш бясшкодныя. Спажывец, якi набывае той цi iншы тавар, павiнен усведамляць, што ён не проста купляе, а тым самым падтрымлiвае тэхналогiю вытворчасцi гэтага тавару i вызначае ступень уздзеяння на сваё здароўе i на навакольнае асяроддзе, у тым лiку ўплывае на захаванне прыродных багаццяў, знiкненне пэўных вiдаў жывёл i раслiн. — Сумняваюся, што хто-небудзь з беларускiх спажыўцоў задумваўся над такiмi глабальнымi паняццямi... — А трэба, каб задумвалiся, менавiта таму мы i збiраемся прапагандаваць у Беларусi канцэпцыю зялёнага спажывання. Зразумела, кожны чалавек самастойна вырашае, якiя рэчы яму набываць, якое адзенне насiць, якiмi прадуктамi харчавацца. Тым не менш незаўважна для самiх спажыўцоў на iх уплываюць рэклама, мода, час, традыцыi i звычкi. А вось гэтым працэсам можна кiраваць. У Еўропе, напрыклад, «зялёныя» маюць вельмi ўстойлiвыя пазiцыi i моцны ўплыў на грамадскую свядомасць. Там сёння не проста актуальна, а нават модна клапацiцца пра экалогiю. Прывяду толькi адзiн прыклад. У Швецыi ў 1990 годзе былi прынятыя экалагiчныя крытэрыi па дапушчальнаму ўтрыманню шкодных рэчываў у мыйных сродках. Першапачаткова такiм патрабаванням адпавядаў толькi адзiн працэнт усiх мыйных сродкаў. Цяпер жа колькасць бяспечных мыйных сродкаў павялiчылася там ужо да 90 працэнтаў i працягвае расцi. У краiнах Еўрасаюза аб экалагiчнай бясшкоднасцi тавару можна меркаваць па наяўнасцi на ўпакоўцы знака «зялёны пункт», якi сведчыць аб тым, што вытворца заплацiў за перапрацоўку ўпакоўкi тавару цi за перапрацоўку самога тавару, калi той адслужыць свой тэрмiн i пераўтворыцца ў звычайнае смецце. Над стварэннем спецыяльных эказнакаў шчыруюць таксама фiрмы i прадпрыемствы, якiя жадаюць унесцi свой уклад у ахову навакольнага асяроддзя i адначасова прыцягнуць увагу да сваiх тавараў спажыўцоў. Экамаркiроўка стымулюе пакупнiкоў i адначасова стварае канкурэнтнае асяроддзе. — А цi заўсёды прысутнасць эказнака на ўпакоўцы з’яўляецца гарантам таго, што пакупнiку прапануецца экалагiчна чысты тавар? — На жаль, для некаторых вытворцаў гэта, так бы мовiць, рэкламны трук, галоўная мэта якога — павялiчыць аб’ёмы продажу вырабляемага тавару. Нават калi тавар не ўтрымлiвае шкодных рэчываў i ў яго састаў уваходзяць толькi натуральныя iнгрэдыенты, гэта яшчэ не азначае аўтаматычна, што ён з’яўляецца «экалагiчна чыстым». У яго вытворчасцi могуць выкарыстоўвацца састарэлыя тэхналогii, якiя цягнуць за сабой выкiды ў атмасферу цэлага спектра небяспечных i атрутных рэчываў, могуць забруджваюць водныя рэсуры. Так званы «экалагiчна чысты» тавар можа мець хлоразмяшчальную ўпакоўку, пры спальваннi якой у паветра выдзяляецца група высокатаксiчных рэчываў — дыяксiнаў, што валодаюць моцным канцэрагенным уздзеяннем i спрыяюць узнiкненню i развiццю ў чалавека ракавых захворванняў. Сёння сур’ёзнай праблемай з’яўляецца распрацоўка крытэрыяў, якiя б дазволiлi ацанiць, наколькi тавары адпавядаюць дапушчальным канцэнтрацыям тых цi iншых шкодных рэчываў, i цi можна наносiць на iх знак экалагiчнай маркiроўкi. Галоўная складанасць заключаецца ў правядзеннi незалежнай экспертызы тавараў. — Ганна Уладзiмiраўна, а як, цiкава, вы збiраецеся ўкараняць «зялёную канцэпцыю» спажывання на беларускай глебе? — У самы блiжэйшы час мы плануем правесцi манiторынг нашага рынку i сацыялагiчнае апытанне. Нас цiкавiць, цi зразумелы для спажыўцоў тэрмiн «экалагiчна чысты тавар», цi гатовыя яны плацiць даражэй за садавiну i гароднiну, вырашчаныя цалкам без выкарыстання хiмiчных угнаенняў i ядахiмiкатаў, i наколькi даражэй, на якiя характарыстыкi прадуктаў яны звяртаюць увагу ў першую чаргу (на наяўнасць кансервантаў, фарбавальнiкаў, кiм адобрана вытворчасць i г.д.), цi трэба змяшчаць на ўпакоўцы больш дэталёвую iнфармацыю аб выкарыстаннi хiмiчных угнаенняў i ядахiмiкатаў, прымяненнi хiмiчных рэчываў, якiя паляпшаюць таварны выгляд прадукту, iнфармацыю аб уплыве вытворчасцi на навакольнае асяроддзе, на здароўе чалавека i гэтак далей. Зразумела, нас цiкавiць, цi можа паўплываць на выбар пакупнiка iнфармацыя аб тым, што вытворчасць гэтага прадукту негатыўна ўплывае на азонавы слой атмасферы, на якасць пiтной вады, можа нашкодзiць жывёлам, занесеным у Чырвоную кнiгу, пагоршыць здароўе людзей, якiя жывуць побач з прадпрыемствам. А, магчыма, каму-небудзь з iх будзе неабыякавы лёс лясных угоддзяў не ў сваёй, а ў суседняй краiне?.. Збiраемся пацiкавiцца таксама меркаваннем кiраўнiкоў гандлёвых арганiзацый. Для прыкладу, цi маюць яны ўяўленне аб «зялёным спажываннi» i цi гатовыя адпускаць пакупнiкам тавары толькi ў экалагiчна чыстай i бясшкоднай упакоўцы? Наша задача — знайсцi магазiн, якi дасць згоду працаваць толькi са шкляной тарай, толькi з папяровай упакоўкай, папяровымi пакетамi, пакетамi, пашытымi з натуральных тканiн i кардоннымi каробкамi. З чагосьцi трэба пачынаць... Напрыканцы верасня ў беларускай сталiцы пройдзе традыцыйная штогадовая выстава «Свет упакоўкi». Мы збiраемся арганiзаваць там свой стэнд, дзе будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя вiды ўпакоўкi. У жнiўнi пры пасрэднiцтве зацiкаўленых бакоў (а гэта Рэспублiканскi цэнтр краязнаўства i турызму, рэспублiканская пiянерская арганiзацыя i экалагiчныя арганiзацыi) будзе арганiзаваны профiльны лагер «Твае спажывецкiя правы», куды з’едуцца школьнiкi-пераможцы гарадскiх i раённых конкурсаў «Асновы спажывецкiх ведаў». Адзiн дзень лагернай змены будзе цалкам прысвечаны канцэпцыi зялёнага спажывання. Мы даўно заўважылi, што прасцей за ўсё ўздзейнiчаць на дарослых праз iх дзяцей. У гэтым мы пераканалiся, калi пачалi выкладаць школьнiкам факультатыўны курс «Асновы спажывецкiх ведаў». Дзецi не проста хутчэй ўспрымаюць любую iнфармацыю, але яны заўсёды адкрытыя для новых перадавых iдэй, гатовыя ўдзельнiчаць у новых праектах i, як правiла, уцягваюць бацькоў у сферу сваiх iнтарэсаў. Прынцыпы «зялёнага спажывання»: Не набывайце тавары, у якiх няма вострай неабходнасцi. Празмернае спажыванне тавараў спрыяе перавытворчасцi прадукцыi i наносiць дадатковую шкоду навакольнаму асяроддзю. Па магчымасцi набывайце тавары мясцовай вытворчасцi, паколькi транспарцiроўка тавараў на вялiкiя адлегласцi таксама спрыяе пагаршэнню экалогii. Аддавайце перавагу бiялагiчна раскладаемай упакоўцы (паперы, кардону, натуральным тканiнам) i таварам ў тары, якая вырабляецца з другаснай сыравiны (шкляным бутэлькам, слоiкам i г.д.) Старайцеся спажываць прадукты, якiя змяшчаюць менш фарбавальнiкаў, кансервантаў i ўсялякiх штучных дабавак. Падзялiцеся са сваiмi сябрамi i знаёмымi iнфармацыяй аб важнасцi экалагiчнай складовай тавара, якi яны збiраюцца набыць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прызнаюся, што мяне заўсёды цiкавiла: куды знiкае тое «мора» пластыкавых бутэлек, пластыкавай тары i полiэтыленавых пакетаў |
|