СЯРГЕЙ КУДЗЯН: «Мы вырабляем абсталяванне для перапрацоўкi адходаў»
Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Прадстаўляем суразмоўцу Сярэднюю школу закончыў у Оршы, а вышэйшую адукацыю атрымаў на машынабудаўнiчым факультэце Гомельскага фiлiяла Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута. Працоўная бiяграфiя звязана з СКТБ «Металапалiмер»: майстар цэха, галоўны механiк, камерцыйны дырэктар, галоўны iнжынер i з 1 чэрвеня мiнулага года — дырэктар прадпрыемства. З’яўляецца членам-карэспандэнтам Беларускай iнжынернай акадэмii. — Спачатку скажу, што нашаму прадпрыемству 38 гадоў, i сёння яно налiчвае каля 150 супрацоўнiкаў, сярод якiх 35—38 канструктараў, гэта наш мазгавы цэнтр, 90 чалавек — высокаквалiфiкаваныя рабочыя: слесары, механаапрацоўшчыкi, лiцейшчыкi палiмераў, тэхнолагi. Маецца i так званая дапаможная, але вельмi важная на самай справе служба, без якой, трапна гаворачы, нi туды i нi сюды. Не хачу хвалiцца, але скажу, што калектыў наш склаўся, ён творчы, дружны, працавiты, i я як дырэктар прадпрыемства шчыра ўдзячны яму за добрасумленную працу. — А зараз, Сяргей Георгiевiч, пра профiль СКТБ. — У прадпрыемства тры асноўныя напрамкi работ. Найбольш буйны з iх — стварэнне тэхналогiй i абсталявання перапрацоўкi другасных палiмераў, цвёрдабытавых адходаў. Гэтым мы займаемся каля васьмi гадоў, i летась, калi стварылi станцыi сарцiроўкi ўказаных адходаў (а iх, станцый, на Гомельшчыне ўжо 17), мы як бы завяршылi цыкл i комплекс абсталявання. — Гэта трэба разумець, што на вашых станцыях адходы сарцiруюцца па прызначэнню, а на абсталяваннi, якое вы распрацавалi, можна ўжо атрымлiваць гатовы прадукт. Цi не так? — Менавiта так. Што таксама азначае: на аснове нашага абсталявання створаны новыя рабочыя месцы, новая вытворчасць. Маю на ўвазе завод «Белэкасiстэма» ў Мiнску i прадпрыемства «Экапластсэрвiс» у Гомелi. Апошняе — гэта новая арганiзацыя, якая працуе ўсяго некалькi гадоў. Гэта па сутнасцi справы завод, аснашчаны толькi нашым абсталяваннем, якi займаецца перапрацоўкай другасных палiмераў i ПЭТ-бутэлькай. За месяц у абарот пускаецца зараз каля 45 тон гэтай сыравiны. — Цiкава было б даведацца, а як усё пачыналася? — Тут належнае трэба аддаць Аляксандру Серафiмавiчу Якабсону, якi зараз узначальвае Гомельскi абласны выканаўчы камiтэт. Раней жа, калi ён працаваў намеснiкам старшынi аблвыканкама, з’явiўся першы дакумент па рабоце ва ўказаным напрамку i даведзены канкрэтныя заданнi да прадпрыемстваў, абласных i гарадскiх службаў, мясцовай вертыкалi. Займаючы пасаду старшынi Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Серафiмавiч i кантраляваў i зараз кантралюе ўказаную тэму. Другое дыханне, як кажуць, яна набыла, калi Гомельскi абласны камiтэт прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя ўзначалiў Алег Рыгоравiч Акушка, з якiм мы знайшлi поўнае ўзаемаразуменне i пастаянна працуем з камiтэтам па стварэнню новага абсталявання. — А хто займаецца зборам памянёных вышэй адходаў? — У Гомелi, напрыклад, у большай ступенi спецыяльныя службы жыллёва-камунальнай гаспадаркi, камунальнае унiтарнае прадпрыемства «Спецкамунтранс», у меншай — насельнiцтва. А ў Мiнску завод «Белэкасiстэма» вырашыў не iсцi па шляху супрацоўнiцтва з камунальнымi службамi, а стварыў сваю сiстэму збору пластмасавых адходаў. Там, наколькi мне вядома, устаноўлена амаль тысяча кантэйнераў для збору ПЭТ-бутэлькi i з дапамогай мiнiстэрства закуплена некалькi спецыяльных аўтамабiляў для перавозкi гэтай сыравiны згодна з распрацаванымi графiкамi. Дырэктар прадпрыемства расказваў мне, што, калi тыя графiкi парушаюцца, жыхары тэлефануюць: забярыце ПЭТ-бутэлькi, бо не выкiдваць жа iх на сметнiкi. Лiчу таксама, што ў некаторых невялiкiх гарадах збор адходаў наладжаны арганiзавана. У якасцi прыкладу прывяду Мар’iну Горку Пухавiцкага раёна, дзе ўсё насельнiцтва ахоплена раздзельным зборам другаснай сыравiны. Дарэчы, там, на базе нашага абсталявання, створаны ўчастак па раздзельнаму яе збору i далейшай перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў. — А якi другi напрамак дзейнасцi вашага калектыву? — Выраб абсталявання парашковых ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў. Зараз ва ўсiм свеце ў многiм адыходзяць ад нанясення вадкiх лакафарбавых пакрыццяў i пераходзяць на палiмернае. Дык вось, мы ствараем поўны комплекс такога абсталявання, пачынаючы з сiстэмы напылення i заканчваючы сiстэмай палiмерызацыi дадзенага пакрыцця, сiстэмы ачысткi вады i паветра пры падрыхтоўцы паверхнi. I ў першым, i ў другiм выпадку гэта абсталяванне з’яўляецца iмпартазамяняльным. Акрамя нас у рэспублiцы на законнай падставе яго нiхто не вырабляе. — Я ведаю, Сяргей Георгiевiч, што ваша СКТБ на створаным калектывам абсталяваннi наладзiла выраб iншай прадукцыi, перапрацаванай з другаснай сыравiны. — Правiльна. З выкарыстанай полiэтыленавай плёнкi, тарных скрынь, розных упаковачных матэрыялаў, здрабняючы ўсё гэта, мыючы, гранулiруючы i г.д., мы вырабляем полiэтыленавыя трубы тэхнiчнага прызначэння дыяметрам 25, 32 i 90 мiлiметраў, якiя прымяняюцца для пракладкi розных кабеляў сувязi, камунiкацый, транспарцiроўкi тэхнiчнай вадкасцi. Акрамя таго наладзiлi вытворчасць вырабаў з валакнiстапорыстых матэрыялаў. Гэта аэрыруючыя элементы для бiялагiчнай ачысткi сцёкавых вод, сарбенты для збору з паверхняў вод нафтапрадуктаў. Вырабляем таксама фiльтры для ачысткi лаку, нанесенага на медны дрот, фiльтры для тонкай ачысткi масла на цеплавозах i фiльтры для ачысткi вады, якая забiраецца з падземных свiдравiн. Як бачна, кола прымянення гэтых i iншых тавараў даволi шырокае. — Ходзяць чуткi, што вы займаецеся пытаннем перапрацоўкi будаўнiчых адходаў. Наколькi яны адпавядаюць рэчаiснасцi? — Гэта праўда. Мы займаемся дадзеным пытаннем па даручэнню Гомельскага аблвыканкама i абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Зараз вядуцца пэўныя работы ў гэтым напрамку. «Сэрцам» устаноўкi будзе абсталяванне завода «Дробмаш» горада Выксы Нiжагародскай вобласцi, а ўсё астатняе вырабiм самi, выкарыстаўшы распрацоўкi беларускiх канструктараў. Гэта, па нашых разлiках, працэнтаў на сорак зменшыць расходы. — Ваша СКТБ, Сяргей Георгiевiч, з’яўляецца правадзейным членам Беларускай гандлёвапрамысловай палаты, узнагароджана дыпломам Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя за распрацоўку тэхналогii перапрацоўкi адходаў пластмас на другiм рэспублiканскiм форуме. Мы жадаем вашаму калектыву далейшых поспехаў у працы. — Дзякую. У СКТБ «Металапалiмер» заказчык можа атрымаць кансультацыi па арганiзацыi ўчасткаў па перапрацоўцы адходаў палiмерных матэрыялаў у другасную сыравiну i гатовыя вырабы i кансультацыi па арганiзацыi афарбовачных участкаў i набыць абсталяванне для парашковай афарбоўкi. Нашы спецыялiсты дапамогуць вам зрабiць выбар канкрэтнага набору абсталявання для вашых вытворчых задач. Для гэтага мы маем усё: высокаквалiфiкаваныя кадры, сучаснае абсталяванне i жаданне працаваць для вас. Спадзяёмся, што наша супрацоўнiцтва будзе працяглым i ўзаемавыгадным. РУП СКТБ «Металапалiмер» 246007 г. Гомель, вул. Фядзюнiнскага, 4 Прыёмная +10-375-232 566-476 Аддзел маркетынгу +10-375-232 566-485, 572-292 Факс +10-375-232 571-418 E-mail: mpolimer@yandex.ru, sktb@sktb.by Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У СКТБ «Металапалiмер» заказчык можа атрымаць кансультацыi па арганiзацыi ўчасткаў па перапрацоўцы адходаў палiмерных матэрыялаў у другасную сыравiну |
|