У накiрунку да песень
Ларыса ЦIМОШЫК
Фестывалi Этнамузыка летам iмкнецца на паветра. Там яе больш натуральна i спяваць, i слухаць. Таму абсалютна зразумела, чаму першы фестываль этнiчнай музыкi назвалi «Вольнае паветра». I ўсе iншыя пытаннi да арганiзатараў знойдуць цалкам абгрунтаваныя адказы.Што гэта будзе за фэст, прасцей за ўсё патлумачыць, пералiчыўшы яго ўдзельнiкаў. Гэта «монстры» беларускай этнiчнай музыкi «Тройца» ды «Палац». Гэта гурт «Гуды» i дуэт «Яр», гэта фольк-праект гiтарыста колiшняга «Крывi» Пiта Паўлава, якi называецца вельмi проста «Pit Paff». Дарэчы, Пiту Паўлаву належыць iдэя гэтага фестывалю. I тлумачыць яе з’яўленне музыкант так: «Уласна для мяне этнiчная музыка з’яўляецца камертонам, па якому я наладжваю сваю музычную iндывiдуальнасць. У сучасным свеце, дзе камп’ютар замянiў большасць звыклых, традыцыйных сродкаў камунiкацыi, гуказапiсу, а для шматлiкiх музыкантаў нават i музычныя iнструменты, я раю пiльна прыслухоўвацца да таго, як гучала музыка раней. I гэта дазваляе ў любы момант адчуваць грунт пад нагамi, заўсёды разумець як еднасць з сусветнымi музыкамi, так i сваю унiкальную беларускасць». Ёсць людзi, якiя любяць сапраўдную музыку. Напэўна, яны будуць рады паслухаць яе там, адкуль яе звычайна прывозяць фалькларысты, — у глыбiнцы. Дзе «Вольнага паветра» больш? Канешне, калi рухацца ў напрамку да родных краявiдаў, як мага далей ад вялiкага горада, дзе летам надта спякотна i дыхаецца даволi цяжка. Зусiм iншая справа — на беразе ракi Бобр, у старажытным беларускiм гарадку Крупкi. Калi вы гатовыя туды паехаць, то збiрацца трэба з розумам. Такая музыка найбольш рамантычна гучыць ад заходу да свiтання. Канцэрт пачнецца ў восем гадзiн вечара 15 лiпеня i скончыцца а трэцяй гадзiне ранiцы. Сустрэць новы дзень прыемна ў добрай кампанii пад родную музыку. Асаблiва калi яна падаецца добрым гукам i з лепшым сцэнiчным асвятленнем, як абяцаюць арганiзатары. А яшчэ яны абяцаюць, што на гэтым усё не скончыцца i фестываль этнiчнай музыкi будзе адбывацца штогод, прычым кожны раз у новым месцы. I не трэба палохацца тых Крупак ноччу. Электрычкi на Оршу ходзяць даволi часта. Ад прыпынку «Новае жыццё» iсцi да пляцоўкi метраў 800 i ўвесь шлях будзе пазначаны, заблудзiць будзе цяжка. Ды i што там шукаць? З урочыша «Ластаўчыны гнёзды», дзе ўсё будзе праходзiць, хутчэй за ўсё будуць даносiцца беларускiя песнi. У накiрунку да iх i трэба рухацца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Этнамузыка летам iмкнецца на паветра. Там яе больш натуральна i спяваць, i слухаць. Таму абсалютна зразумела, чаму першы фестываль этнiчнай музыкi наз |
|